Надзея Васільеўна ВАСІЛЬЧАНКА — асоба вядомая ў сістэме адукацыі не толькі як дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Ужо шмат гадоў яна нязменны старшыня Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі, чалавек, які ведае пра арганізацыю вольнага часу дзяцей усё і… нават больш. Напярэдадні калегіі карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” сустрэлася з Надзеяй Васільеўнай, каб акрэсліць самыя праблемныя моманты дадатковай адукацыі і знайсці адказы на пытанні, якія дыктуе час.
— Надзея Васільеўна, пачнём з кадраў. Мяркуючы па апошняй сустрэчы савета дырэктараў, пытанне па-ранейшаму застаецца больш чым актуальным.
— Сапраўды, яно не страціла сваёй значнасці. Калі для сферы тэхнічнай творчасці ў сістэме адукацыі яшчэ рыхтуюцца хоць нейкія спецыялісты, то для мастацкай творчасці спецыялістаў няма. Мы запрашаем іх са сферы культуры і натыкаемся на няведанне асноў педагогікі і псіхалогіі. Калі ўзяць сённяшняга выпускніка педагагічнай УВА, то ці будзе адпавядаць нашым патрабаванням яго прафесійны ўзровень? Хацелася б, каб ва ўстановах, якія рыхтуюць педагогаў, звярнулі на гэта ўвагу.
Напрыклад, у Расіі адкрылі спецыяльныя факультэты дадатковай адукацыі. Чаму б нам не падумаць пра нешта падобнае? Сістэма не малая, і калі сёння яна не атрымае прытоку свежых кваліфікаваных кадраў, праз дзесяць гадоў праблема, якую мы адчуваем сёння, будзе стаяць вельмі востра.
— Што тычыцца павышэння прафесійнага ўзроўню тых спецыялістаў, якія ўжо працуюць у сістэме, наколькі яно адпавядае часу? Напрыклад, харэаграфія — адзін з самых папулярных і масавых кірункаў дзейнасці, між тым складваецца ўражанне, што педагогі-харэографы застаюцца па-за ўвагай.
— Згодная з тым, што праблема існуе. Мы арганізоўваем заняткі для педагогаў на базе цэнтра, у тым ліку і ў міжкурсавы перыяд, пры гэтым стараемся максімальна наблізіць сваю работу да рэальнай практычнай дзейнасці. Аднак, нават пры тым, што ладзім семінары па харэаграфіі штогод, усё роўна не можам ахапіць усе кірункі, паколькі палітра танца прадстаўлена ў Беларусі амаль у той жа разнастайнасці, у якой яна існуе ў свеце. Кожны год мы набіраем групу 30 чалавек. А цяпер уявіце колькасць харэографаў у нашай сістэме… Канечне, мы не задавальняем усе патрэбы.
У прынцыпе мы маглі б працаваць па замове. І гэта, здаецца, найлепшы варыянт: дакладна сфармуляваныя пажаданні і арганізаваны згодна з імі семінар. На жаль, нашы педагогі пакуль не гатовы да гэтага. Людзі не прыходзяць да нас самі з просьбамі і прапановамі.
Між тым прафесійныя сустрэчы сёння неабходны, бо мяне непакоіць і другі бок сучаснай харэаграфіі. Я не буду зараз называць калектывы, дзейнасць якіх выклікае трывогу. Павінна заўважыць, што размова ідзе не толькі пра сістэму дадатковай адукацыі, а пра дзіцячую харэаграфію ў краіне ў цэлым. Мяне абурае, калі на сцэну выходзяць дзеці з двухсэнсоўнымі рухамі. Педагогі не павінны з гэтым мірыцца, паколькі мы разглядаем сваю работу ў першую чаргу як выхаваўчую.
Як вядома, у краіне пастаянна праводзіцца маніторынг дзейнасці устаноў дадатковай адукацыі. На жаль, дзейнасць прыватных школ і студый, якіх з’яўляецца ўсё больш, нікім не кантралюецца. Упэўнена, усё, што тычыцца дзяцей, павінна быць адкрытым.
— У бізнесе, пабудаваным на паслугах для дзяцей, увогуле нямала цікавага. Адзін з фактаў — недахоп хлопчыкаў у парных танцах. Як вы адносіцеся да таго, што іншым разам бацькі дзяўчынак плацяць за выступленне партнёраў?
— Безумоўна, гэта не самае лепшае, што магло б быць. Па нейкай прычыне ў апошнія гады хлопчыкаў у харэаграфіі стала менш. Думаецца, і прэса тут адыграла не апошнюю ролю: многае залежыць ад фарміравання іміджу дзейнасці ў грамадстве. Калі мы зробім акцэнт на тым, што мужчынская харэаграфія — гэта мужна, прыгожа, значна большая колькасць бацькоў будзе развіваць сваіх сыноў у гэтым кірунку.
Яшчэ я зразумела для сябе, што харэаграфію для хлопцаў павінен выкладаць мужчына. У ідэале ў любым калектыве павінен быць гендарны падыход. Толькі мужчына можа дэманстраваць мужчынскую пластыку.
— Калі вярнуцца да апошняй сустрэчы Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі, то падчас яе прагучала інфармацыя, што нашы калектывы актыўна запрашаюць выступаць, прымаць удзел у конкурсах і фестывалях за мяжой. Наколькі годна мы выглядаем на еўрапейскім і міжнародным узроўнях?
— Фестываляў і конкурсаў у Еўропе і свеце праводзіцца нямала, і нашы калектывы сапраўды прымаюць у іх самы актыўны ўдзел. Мы не проста годна выглядаем, пра што сведчыць значная колькасць дыпломаў, нас там ведаюць.
У свеце ўсё арганізавана крыху па-іншаму: харэаграфічную падрыхтоўку бяруць на сябе школы танцаў. Нас адрознівае яшчэ адно: мы вельмі строгія да сваіх дзяцей. Прывыклі, што калі нашы выхаванцы выходзяць на сцэну, то яны павінны дэманстраваць ледзь не ўзровень прафесійных артыстаў. Разам з тым я адзначаю, як у тых жа самых еўрапейскіх краінах на сцэну выходзяць дзеці, якія толькі зрабілі першыя крокі. Ім апладзіруюць, імі ўражаны, яны малайцы ўжо таму, што нечым займаюцца. Людзям важны момант занятасці дзіцяці, рэалізаванасці яго захапленняў, момант творчай радасці, у той час як мы накіраваны на вынік.
— Праводзячы такі параўнальны аналіз, давайце звернем увагу і на тыя формы работы, якія ва ўсім свеце паступова трансфармуюцца. Скажам, выставы дзіцячай творчасці ўжо даўно адышлі ад простага разглядвання экспанатаў, прапануючы сваім наведвальнікам актыўнае ўключэнне ў творчы працэс. Мы ж з фанатычнай настойлівасцю працягваем ладзіць традыцыйныя выставы.
— У свой час мы прыдумалі дзіцячыя персанальныя выставы, і гэты вопыт быў падхоплены і распаўсюджаны па ўсёй краіне. Дзеці вельмі ганарацца, калі ім удаецца быць аўтарамі такой выставы. Разам з тым мне вельмі падабаюцца і нестандартныя калектыўныя выставы, як, напрыклад, педагога Вольгі Кашкурэвіч. Дзеці выконвалі партрэты выбраных імі гістарычных асоб. Вельмі цікавыя выставы ладзіць народная арт-студыя “Востраў”.
Канечне, выставачная дзейнасць не можа заставацца на тым узроўні, на якім яна была дзесяць гадоў назад. Калі гаварыць пра выставы традыцыйныя, то што дрэннага ў тым, што мы падкрэсліваем адданасць традыцыям? Паралельна мы стараемся ўнесці нешта адпаведнае часу. Напрыклад, ладзячы “Калядную зорку” прапанавалі педагогам конкурс навагодняй цацкі. І я хачу сказаць, што работы не адрозніваліся той разнастайнасцю, якую мы чакалі атрымаць.
— Педагогі не гатовы нешта мяняць?
— Так. Дзеці гатовы заўсёды, а вось педагогаў трэба заахвочваць, прапаноўваць больш навацый, новых тэхнік… Ёсць і яшчэ адзін фактар: мы абмежаваны ў матэрыялах.
Скажам, у Нідэрландах прапануюць набор матэрыялаў — і ўжо праз пяць хвілін у любога гатова віншавальная паштоўка ці сувенір. Але хіба гэта творчасць? Не! Просты шаблон! Нашы ж работы заўсёды індывідуальныя. Педагогі ведаюць, калі ў рабоце ёсць запазычаныя ідэі, яна ніколі не зойме на выставе прызавое месца.
Што тычыцца цікавага афармлення, падачы выстаў, то тут многае залежыць ад фінансаў. Можна прыдумаць шмат цікавых рэчаў, якія па прычыне кошту немагчыма будзе рэалізаваць.
— Сёння можна гаварыць пра такую новую тэндэнцыю ў сістэме адукацыі, як актыўнае пашырэнне яе межаў. Адзін з запланаваных шляхоў — выхад у шырокія колы з цікавымі тэлевізійнымі праектамі. Ці гатова да гэтага сістэма дадатковай адукацыі?
— Нам ёсць што прапанаваць. Напрыклад, пасля гала-канцэрта Рэспубліканскага конкурсу “Прывітанне, свет” многія гледачы, выходзячы з залы, гаварылі: гэта тое, што трэба паказваць у тэлевізійным эфіры. На нашых каналах сёння недастаткова дзіцячых, юнацкіх перадач. І гэта не толькі маё меркаванне. На жаль, з боку тэлебачання няма ніякага руху насустрач. Зразумела, што яно стараецца адпавядаць патрабаванням сваёй мэтавай аўдыторыі, але патрэбна неяк фарміраваць цікавасць гледачоў.
Некалі на тэлебачанні была перадача, дзе вобласці дэманстравалі свае дасягненні ў галіне дзіцячай творчасці. Думаю, такая ідэя была б запатрабаванай і сёння. З’явіліся, напрыклад, на СТБ “Спяваючыя гарады”, і я бачу, што людзі ў рэгіёнах з цікавасцю сочаць за падзеямі. Мы маглі б таксама зрабіць праект з элементам спаборніцтваў. Гэта чапляе людзей, яны абмяркоўваюць кожны выпуск, маўляў, як там нашы…
Не хочацца крытыкаваць перадачы, якія нагналі аскому, але на каналах сёння ёсць праекты, эфірны час якіх лёгка замяніць больш якасным і цікавым прадуктам. Для нас тэлебачанне — тая сфера, якая фарміруе грамадскую думку.
— Ужо, бадай, нават не телебачанне, а інтэрнэт. Сярод вашай мэтавай аўдыторыі асабліва папулярны сацыяльныя сеткі. Наколькі актыўныя ўстановы дадатковай адукацыі, і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці ў прыватнасці, у гэтай сферы?
— Мы карыстаемся гэтым інструментам, але не так шырока, як можна было б. Запускалі ў сацыяльныя сеткі інфармацыю адносна “Арт-вакацый”, “Млына моды”. Для астатняга пакуль не хапае рэсурсаў. Разам з тым мы павінны лічыцца з часам. Важным крокам для нас стала стварэнне новага сайта ўстановы. Стары ўжо даўно не апраўдваў сябе па многіх характарыстыках. Асабліва прыемна, што адна з вядомых сталічных кампаній прапанавала нам распрацаваць яго на правах рэкламы. Значыць, наш брэнд карыстаецца павагай у грамадстве!
— Хочацца зразумець, ці ёсць у педагогаў сістэмы разуменне, што ў інфармацыйным плане прыйшоў час змагацца за месца пад сонцам?
— Яно павінна быць у кожнага кіраўніка кожнай рэспубліканскай, абласной, раённай установы. У многіх раёнах ёсць дадаткі да мясцовых газет, дзе транслюецца вопыт педагогаў, на рэгіянальным тэлебачанні ёсць эфірны час, якім карыстаецца наша сістэма, ёсць старонкі ў сацыяльных сетках, дзе людзі прадстаўляюць сваю творчасць. Разуменне ёсць, да дзеянняў мы прыйдзем.
Гутарыла Наталля АЛЁХІНА.