Новы час дыктуе новыя ўмовы працы. Сёння добры турыст — гэта не толькі фізічна падрыхтаваны чалавек, які здольны здзейсніць паход высокай катэгорыі складанасці або пераадолець турыстычную паласу перашкод. Сучасны турыст — гэта і добры эканаміст. Асабліва гэтая якасць патрэбна кіраўніку ўстановы дадатковай адукацыі. Менавіта ад арганізатарскіх і эканамічных здольнасцей дырэктара залежыць паспяховае функцыянаванне цэнтра ў сучасных рэаліях, калі з парадку дня яшчэ не знята пытанне аптымізацыі і актывізацыі работы па зараблянні пазабюджэтных сродкаў.
Актуальныя пытанні
Педагагічны марафон “Мінск — Бранск” (калі афіцыйна, то выязны семінар па праграме прафесійнай мабільнасці “Сістэма дадатковай адукацыі дзяцей турыстычна-краязнаўчага профілю: перспектывы, развіццё, прафесіяналізм”), які праводзіўся з 13 па 15 сакавіка і з першым этапам якога можна было азнаёміцца на старонках сакавіцкага “Шостага дня”, — гэта не толькі падарожжа беларускіх педагогаў па адметных мясцінах Бранскага краю. Асноўная мэта сустрэчы з расійскімі калегамі — абмеркаванне актуальных пытанняў развіцця сістэмы дадатковай адукацыі навучэнскай моладзі турыстычна-краязнаўчага профілю.
Усе пытанні, што ўзнімаліся падчас марафону, можна ўмоўна раздзяліць на некалькі блокаў: фінансава-эканамічная і адукацыйная дзейнасць цэнтраў турызму і краязнаўства ва ўмовах аптымізацыі; аказанне платных экскурсійных паслуг і распрацоўка маршрутаў з нагоды 70-годдзя Вялікай Перамогі; вопыт работы аднаго з лепшых цэнтраў турыстычна-краязнаўчага профілю Расійскай Федэрацыі — Цэнтра турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Бранска; фарміраванне станоўчага іміджу ўстановы дадатковай адукацыі праз стварэнне яе сайта.
Паходы і танцы
Па кожным з гэтых блокаў было што сказаць не толькі расійскім, але і беларускім педагогам. І ўсё ж мы больш слухалі, задавалі дадатковыя пытанні, бо ў нашых усходніх суседзяў назапашаны значна багацейшы вопыт работы ў сістэме дадатковай адукацыі. Узяць, напрыклад, аптымізацыю. Ператварэнне цэнтраў у асобныя аддзелы, скарачэнне колькасці гурткоў, клубаў — гэта не толькі беларускія рэаліі. Падчас семінара дырэктар Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Алена Уладзіміраўна Ануфровіч выказала слушную думку: перад тым як, умоўна кажучы, адрэзаць (аптымізаваць), трэба сем разоў адмераць, каб пры аптымізацыі не “адразаліся” вопытныя педагогі, самае галоўнае, каб не “адразаліся” дзеці. Пры прыняцці рашэння трэба абавязкова раіцца са спецыялістамі і кіраўнікамі цэнтраў. З двух ліх, як вядома, выбіраюць меншае. Найбольш аптымальны варыянт аптымізацыі — далучыць да больш моцнага ў фінансавым плане цэнтра больш слабы. Менавіта па такім шляху пайшлі ў Клімавіцкім раёне, ствараючы Клімавіцкі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
— Нашы мясцовыя ўлады вырашылі, што Клімавіцкі цэнтр турызму, краязнаўства і экскурсій дзяцей і моладзі моцны, і 15 жніўня да нас далучылі Клімавіцкі цэнтр творчасці. Таму, акрамя турыстычна-краязнаўчай дзейнасці, цяпер мы займаемся і экалогіяй, і спяваем, і танцуем. Для маіх калег і асабіста для мяне гэтае аб’яднанне было нечаканасцю. Трэба было ўнікаць у мастацкую творчасць, экалогію, танцы. Уявіце: цяпер на працягу года мы павінны курыраваць 50 раённых мерапрыемстваў. Асноўная наша крыніца паступлення пазабюджэтных сродкаў, акрамя дзейнасці турбазы на 62 месцы, — гэта аказанне платных экскурсійных паслуг. У сувязі з апошнімі падзеямі ва Украіне адзначаецца зніжэнне прыбытку, бо закрыты маршруты да нашых паўднёвых суседзяў. Каб не змяншаць агульныя паказчыкі зарабляння пазабюджэтных сродкаў, на базе цэнтра мы, напрыклад, адкрылі школу ранняга развіцця, — гаворыць дырэктар Рэгіна Яўгенаўна Аляксеенка.
Калі для айчынных цэнтраў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю адкрыццё падобных школ з’яўляецца яшчэ адносна новай з’явай, то расійскімі педагогамі, у прыватнасці бранскімі, тут напрацаваны добры вопыт.
— Наш цэнтр не тыповая ўстанова, бо, акрамя гурткоў турыстычна-краязнаўчага кірунку, у нас працуюць спартыўныя і мастацкія гурткі. Заняткі праводзяцца ў 119 дзіцячых аб’яднаннях па 5 кірунках (турыстычна-краязнаўчым, мастацкім, фізкультурна-спартыўным, сацыяльна-педагагічным, прыродазнаўчанавуковым), у якіх займаецца каля 2000 навучэнцаў, з іх 600 — на базе нашага цэнтра. Толькі турыстычна-краязнаўчых гурткоў налічваецца 58. Наш цэнтр рэалізоўвае паслугі для насельніцтва ў залежнасці ад патрэбнасці, якая існуе ў нашым мікрараёне. У нас ёсць і вакальныя гурткі, і народны калектыў, хаця мы Цэнтр турызму. На працягу трох гадоў мы рэалізоўваем інавацыйны праект “Школа поўнага дня”. Па яго праграме займаецца больш за 300 навучэнцаў сярэдніх школ, якія знаходзяцца побач з цэнтрам. Праграма ўключае ў сябе не толькі заняткі па турызме, спартыўным арыентаванні, але і ўрокі харэаграфіі, рытмікі, мастацкай прыкладной творчасці. Цяпер у Расіі асаблівую папулярнасць набываюць творчыя сямейныя майстэрні, куды дзеці могуць прыходзіць разам з бацькамі. Наша майстэрня выконвае яшчэ і функцыю пакоя “Маці і дзіця”, куды мамы могуць прывесці сваё дзіця ад 2 гадоў, пакінуць на пэўны час, а з дзецьмі будуць займацца педагогі. Гэты кірунак у мікрараёне запатрабаваны, паколькі тут няма асобнага цэнтра творчасці, — гаворыць загадчык інфармацыйна-масавага аддзела Галіна Барысаўна Паніна.
На працягу года цэнтр праводзіць больш за 90 мерапрыемстваў. У сярэднім за год у гэтых мерапрыемствах удзельнічае каля 25 тысяч навучэнцаў. Сёлета акцэнт робіцца на святкаванні 70-годдзя Перамогі. Бранскімі педагогамі-турыстамі праводзіцца шмат усерасійскіх, міжрэгіянальных і міжнародных мерапрыемстваў (Усерасійскія спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, Міжнародныя спаборніцтвы памяці бранскіх партызан па турыстычным мнагаборстве, Усерасійскі семінар дырэктараў турыстычна-краязнаўчых цэнтраў, у 2009 і 2012 гадах турыстычны злёт навучэнцаў Саюзнай дзяржавы).
Свой сайт
Апошнім часам вялікая ўвага ўдзяляецца папулярызацыі цэнтрамі дадатковай адукацыі сваёй дзейнасці. Адным з найбольш правільных крокаў у гэтым кірунку з’яўляецца актыўнае асваенне інтэрнэт-прасторы, распрацоўка і напаўненне сайта ўстановы. Канечне, ідэальнага нічога не бывае, аднак сайт Цэнтра турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Бранска можна назваць як мінімум выдатным прыкладам. Кожны супрацоўнік цэнтра адказвае за напаўненне той ці іншай старонкі і раздзела. Яны пастаянна абнаўляюцца, усе тэмы развіваюцца, ідзе жывы дыялог з інтэрнэт-карыстальнікамі. Адзін толькі факт: з кожнага мерапрыемства, якое праводзіцца цэнтрам, вывешваецца ад 50 да 100 фотаздымкаў. Пра тое, што актыўна развіваецца супрацоўніцтва з іншымі цэнтрамі турыстычна-краязнаўчага профілю, у тым ліку і з Беларусі, сведчаць адпаведныя спасылкі на сайты сяброў.
— Самым каштоўным раздзелам, якім мы ганарымся, з’яўляецца “Метадычная скарбонка”. Тут можна не проста азнаёміцца з анонсам той ці іншай праграмы, а спампаваць праграму цалкам. У спецыяльным падраздзеле прадстаўлены метадычныя рэкамендацыі па спартыўным турызме і спартыўным арыентаванні, краязнаўстве, музеязнаўстве, арганізацыі адукацыйнага працэсу і адпачынкавай дзейнасці, прадстаўлена “рабочая папка” педагога дадатковай адукацыі. Вам трэба, напрыклад, заключыць дамову з бацькамі, скласці вучэбна-тэматычны план або вас цікавіць слоўнік музейных тэрмінаў — калі ласка, заходзьце на наш сайт, знаёмцеся. Мы заўсёды дзелімся сваёй інтэлектуальнай працай. Метадычныя рэкамендацыі распрацоўваюць не толькі метадысты, але і педагогі. Дарэчы, у кабінеце аддзела метадычнай работы прадстаўлена больш за тысячу экзэмпляраў літаратуры па турыстычна-краязнаўчым кірунку. Гэта і аўтарскія распрацоўкі, і адукацыйныя праграмы. Найбольш арыгінальныя праграмы можна знайсці ў зборніку канспектаў па праграме “Юны турыст”, які заняў першае месца на Усерасійскім конкурсе метадычных матэрыялаў. Выпускаецца супрацоўнікамі цэнтра інфармацыйна-метадычны часопіс “Компас”, з матэрыяламі якога можна таксама азнаёміцца на нашым сайце, — гаворыць Галіна Барысаўна.
Сярод найбольш важных і раздзел “Экскурсіі і падарожжы”. Супрацоўнікі цэнтра прапаноўваюць экскурсійныя праграмы як выхаванцам дзіцячых садкоў, школьнікам, так і студэнтам. Штогод экскурсіямі і падарожжамі ахопліваецца каля 5 тысяч чалавек. Вялікім блокам прадстаўлены экскурсіі па Беларусі. На старонцы “Краязнаўства і музеязнаўства” адлюстроўваецца інфармацыя пра работу школьных музеяў. Праўду кажуць: лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць. Адным словам, кожнаму беларускаму педагогу-турысту, краязнаўцу, музеязнаўцу варта азнаёміцца з сайтам бранскіх калег.
Новыя рэаліі
Актывізацыя работы ўстаноў дадатковай адукацыі па далучэнні пазабюджэтных сродкаў, — адна з задач, якія стаяць перад установамі адукацыі краіны. Пра гэта неаднаразова гаварылася на дзяржаўным узроўні, рэгулярна гэтае пытанне ўзнімаецца і на ўзроўні асобных навучальных устаноў. У кожнай установы дадатковай адукацыі ў залежнасці ад яе профілю — свае кірункі адпаведнай дзейнасці. Для цэнтраў турызму і краязнаўства галоўным з’яўляецца аказанне платных экскурсійных паслуг для насельніцтва і выкарыстанне турыстычнай базы. Гэта самая прыбытковая крыніца паступлення пазабюджэтных сродкаў. Экскурсія дазваляе не толькі непасрэдным чынам знаёміцца з помнікамі гісторыі, архітэктуры, прыроды, наведваць месцы воінскай славы, музеі, тэатры, экскурсійная дзейнасць дазваляе ўстановам дадатковай адукацыі падтрымаць сябе фінансава. Аднак можа складвацца дзіўная сітуацыя: чым больш зарабляеш грошай, тым больш ад цябе патрабуюць. Па словах дырэктара Цэнтра турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Бранска Барыса Уладзіміравіча Бялова, ён з калегамі трапіў у своеасаблівую пастку. Чым больш цэнтр зарабляе грошай, тым менш яму выдзяляецца дзяржаўных сродкаў.
— Гэта шосты па ліку будынак нашага цэнтра, які нам перадалі ў 2000 годзе. Мы цалкам перабудавалі яго пад патрэбы Цэнтра турызму і экскурсій. На працягу больш чым 15 гадоў мы ўкладваем свае сродкі ў абнаўленне, рэканструкцыю будынка, у адукацыйную дзейнасць. Нават дзяржаўных сродкаў на зарплату супрацоўнікам цэнтра ў мінулым годзе нам выдалі толькі на 10 месяцаў, астатнія 2 месяцы мы павінны былі аплачваць самі. У гэтым годзе павінны шукаць сродкі на выдачу зарплаты ўжо за 3 месяцы. Пачалі мы самі аплачваць і электрычнасць. Некаторыя рэчы, якія для вас здаюцца незразумелымі, няправільнымі, для нас сталі звычайнай з’явай. Гэта гадоў 5—7 назад мы працавалі выключна на сябе. Паходы, спаборніцтвы, злёты — мы займаліся толькі тым, што радавала душу турыста. Тыя часы мінулі, цяпер мы круцімся як вавёрка ў коле, — звярнуўся да беларускіх калег Барыс Уладзіміравіч.
У мінулым годзе на семінары дырэктараў цэнтраў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю Беларусі і Расіі выказвалася прапанова стварыць пры Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства савет па развіцці дзіцяча-юнацкага турызму, уключыць у савет па два чалавекі ад вобласці (з абласных і раённых цэнтраў дадатковай адукацыі), якія б сустракаліся як мінімум раз у квартал. У Расіі падобны каардынацыйны савет ужо створаны. Па словах Барыса Уладзіміравіча, 4 лістапада 2014 года прэм’ер-міністрам была падпісана пастанова ўрада, у адпаведнасці з якой кожны суб’ект Расійскай Федэрацыі павінен стварыць падобныя каардынацыйныя саветы.
Аднак у гэтай добрай справе, па словах расійскіх педагогаў, была дапушчана стратэгічная памылка: савет стварылі не пры Міністэрстве адукацыі, а пры Міністэрстве культуры, якому ўстановы дадатковай адукацыі не падпарадкоўваюцца. Адмоўна гэта адбілася і на магчымасцях цэнтраў арганізоўваць экскурсіі ў адпаведнасці са сваімі інтарэсамі. Наогул, папулярны цяпер выраз “развіццё турызму” мае адносіны толькі да камерцыйнага экскурсійнага турызму. Цэнтры павінны займацца экскурсійнай дзейнасцю, аднак рэнтабельнасць, эканамічная абгрунтаванасць мерапрыемства не павінна стаяць выключна на першым месцы, школьны турызм з яго паходамі і спаборніцтвамі не павінен забывацца, павінен развівацца.
— Нядаўна ў Казані сабраліся 85 прадстаўнікоў сферы турызму суб’ектаў Расійскай Федэрацыі і ўпершыню за доўгі час сустрэліся з дырэктарамі ўстаноў дадатковай адукацыі, мы ўбачылі, нарэшце, адно аднаго. Там былі чыноўнікі і ад Міністэрства культуры, і ад Міністэрства адукацыі. Я адзінае папрасіў: давайце жыць дружна, давайце паважаць адно аднаго і працаваць разам, — адзначыў дырэктар Федэральнага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства Міхаіл Міхайлавіч Бастанджогла.
Браць ці не браць?
Прафесійныя якасці (фізічныя і эканамічныя) сучаснага педагога-турыста праяўляюцца не толькі ў паспяховым аказанні платных экскурсійных паслуг, але і ва ўтрыманні дадатковай структуры, такой як, напрыклад, дзіцячы аздараўленчы лагер.
— 11 гадоў назад, калі мы адкрывалі лагер “Іскрынка”, мы былі аднымі з першых у Расіі, хто заняўся такой справай. Цяпер гэта распаўсюджаная з’ява. Прыкладна 30 працэнтаў цэнтраў дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю Расіі маюць на балансе падобныя лагеры. Як кіраўнік цэнтра не раіў бы беларускім калегам браць на баланс падобны лагер. Па магчымасці не рабіце гэтага. Калі ж у вас шмат энергіі, ёсць юнацкі запал, то гэта іншая справа. Гэта зусім іншы кірунак дзейнасці ў адрозненне ад дадатковай адукацыі. Іншая нарматыўная база, іншыя суперспецыфічныя праблемы. Чаго варта толькі ўтрыманне трансфарматарнай падстанцыі! У летні перыяд, каб тут усё квітнела, спявала і танцавала, патрэбен блок аховы, належнае медабслугоўванне, а патрабаванні да ўтрымання ўрача і медыцынскай сястры кожны год становяцца больш жорсткімі, як і патрабаванні да адкрыцця лагера. Калі ў мінулым годзе на адно дзіця бацькам неабходна было выдзеліць 600 расійскіх рублёў за суткі знаходжання, то лагер быў пастаянна напоўнены, быў вялікі грашовы абарот. Калі стала амаль 1000 рублёў за суткі, мы страцілі працэнтаў 60 дзяцей. Нашы даходы адразу зменшыліся. Калі б мне зноў прапанавалі ўзяць на баланс цэнтра дзіцячы аздараўленчы лагер, то я, хутчэй за ўсё, на гэта не згадзіўся б, — адзначыў Барыс Уладзіміравіч Бялоў.
І ўсё ж дарогу адольвае той, хто ідзе. Для супрацоўнікаў Цэнтра турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Бранска гэты шлях быў няпростым, звілістым, пакручастым. Аднак, нягледзячы на розныя складанасці, дружны, згуртаваны калектыў здолеў стварыць адзін з лепшых дзіцячых аздараўленчых лагераў вобласці, прычым лагер з турыстычнай накіраванасцю. Амаль ва ўсе мерапрыемствы лагерных змен уносяцца фарбы турызму, краязнаўства, сяброўства. Чаго толькі варты вяровачны гарадок, пакарыць які нам прапанавалі ў заключны дзень педагагічнага марафону, або гульня “Цудоўная каманда”, якая налічвае 35 этапаў і праходзіць па прынцыпе ажыятажу. Удзельнікам даюцца карткі, на якіх нанесены назвы этапаў, агучваецца колькасць балаў за выкананне этапаў і час іх праходжання.
Кропкі над “і”
Педагагічны марафон “Мінск — Бранск”, з якім мы знаёмілі вас, паважаныя чытачы, на старонках сакавіцкага і красавіцкага “Шостага дня”, атрымаўся не толькі выдатным насычаным адпачынкам, але і канструктыўнай прафесійнай размовай. І ўсё ж вызначыць прыярытэтныя кірункі, далейшыя шляхі развіцця сістэмы дадатковай адукацыі турыстычна-краязнаўчага профілю, расставіць усе кропкі над “і” ў словазлучэнні “турызм і краязнаўства” павінна міністэрская калегія.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.