Калі ногі наліваюцца цяжарам, а дыханне перахапіла, “стрэльбішча” падаецца пачынаючаму біятланісту магчымасцю зрабіць удых. Аднак не час думаць пра дыханне, бо трэнер на “агнявым рубяжы” з самым сур’ёзным выглядам патрабуе адказаць на пытанне, хто напісаў казку пра Пінокіа… Асноўная “зброя”, якая выкарыстоўваецца ў інтэлектуальным біятлоне, — эрудыцыя і ўменне сканцэнтравацца, нягледзячы ні на што.
Дзіцячы аздараўленчы лагер “Спадарожнік”, які месціцца ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці, ужо каторы раз збірае аматараў інтэлектуальных гульняў з ўсёй Беларусі. Шмат гадоў яго пастаянным удзельнікам і натхняльнікам з’яўляецца Павел Забаўскі, старшыня камісіі па рабоце з дзецьмі і моладдзю Міжнароднай асацыяцыі клубаў “Што? Дзе? Калі?” і лепшы трэнер свету-2012.
— Рэспубліканскі лагер арганізоўваецца Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і Беларускай лігай інтэлектуальных каманд з 1998 года. Ужо сямнаццаты сезон менавіта ў жніўні ён збірае юных гульцоў.
Сёння толькі падчас адбору на чэмпіянат Беларусі ў нас гуляе каля 5 тысяч дзяцей. Усяго беларускі юнацкі інтэлектуальны рух налічвае прыкладна 10 тысяч удзельнікаў. Магчымасць трапіць у лагер звычайна маюць 200 найлепшых. Аднак сёлета мы змаглі прыняць толькі 160 чалавек, а гэта значыць, што канкурэнцыя была надзвычай вялікая. У выніку ў лагер трапілі старэйшыя падлеткі, бадай, усе тыя, хто прабіўся на ўзровень чэмпіянату Беларусі.
— Павел, летні адпачынак інтэлектуалаў адрозніваецца ад традыцыйнай арганізацыі адпачынку ў лагеры?
— Шчыра кажучы, адрозніваецца. Напрыклад, з раніцы і да абеду мы праводзім час за інтэлектуальнымі гульнямі. Форм правядзення вельмі шмат: “Брэйн-рынг”, “Што? Дзе? Калі?”, “Свая гульня”, шмат аўтарскіх гульняў. Пасля абеду — спартыўны блок. Хто сказаў, што інтэлектуалы не спартыўныя? Дзеці гуляюць у валейбол, футбол, настольны тэніс, шахматы, той жа інтэлектуальны біятлон.
Дарэчы, вельмі няпроста спалучаць высокую фізічную актыўнасць з разумовай дзейнасцю. Нават нягледзячы на тое, што мы рыхтуем дастаткова лёгкія пытанні, падлеткі не заўсёды могуць выканаць, скажам, арыфметычнае дзеянне, якое пад сілу вучню 3—4 класа. Натуральна, калі ты прабег 400 метраў у хуткім тэмпе, на інтэлектуальным “стрэльбішчы” канцэнтрацыя ўвагі падае, памяць не спяшаецца адшукаць у сваіх архівах патрэбную інфармацыю.
Вечары, як і ў кожным лагеры, мы прысвячаем культурна-масавым мерапрыемствам. Напрыклад, вялікай папулярнасцю ў нас карыстаецца тэатральная дзейнасць.
— Па якім прынцыпе адбіраюцца педагогі для работы ў “Спадарожніку”?
— У нас працуюць як прафесійныя трэнеры, якія шмат гадоў у інтэлектуальным руху, так і студэнты, якія таксама маюць да яго непасрэднае дачыненне. Канкурэнцыя за працоўныя месцы ў лагеры вар’яцкая. Такім чынам мы атрымліваем спецыялістаў, якія сапраўды могуць і хочуць нечаму навучыць.
— Як вядома, сярод інтэлектуалаў цэніцца ўменне не толькі адказваць на пытанні, але і ствараць іх. Як навучыцца гэтаму і ці ёсць сярод дзіцячых пытанняў пытанні-хіты?
— Так, з часам у любым юнацкім клубе фарміруецца кола дзяцей, якія пішуць пытанні самастойна. У лагеры мы праводзім майстар-класы, дзе расказваем, як эфектыўна працаваць з крыніцамі інфармацыі. Назначаем куратара з ліку дарослых. Канечне, пісаць пытанні пачынаюць усе, але потым застаюцца адзінкі. Самае галоўнае, гэтыя адзінкі не страціць.
Важна не толькі знайсці інфармацыю, але і цікава сфармуляваць, зашыфраваць яе. Дарэчы, складаць пытанні цяжэй, чым на іх адказваць.
Што датычыцца хітоў, то яны з’яўляюцца кожны год. Вось адзін з іх: “Многія дагэтуль кажуць яму: “Вы ўкралі ў мяне столькі часу!” Сам ён успамінае, як “спальваў” рад за радам, таму доўга не мог завяршыць работу па стварэнні… Чаго?”
Ці такі прыклад: “Назавіце псеўданім чалавека, у якім, па словах Юрыя Нікуліна, самым незвычайным чынам спалучаюцца цвёрдасць і мяккасць характару”.
У першым выпадку маецца на ўвазе гульня “Тэтрыс”. Як вядома, яе стваральнік Аляксей Пажытнаў доўгі час не мог завяршыць работу, бо бясконца пераключаўся на гульню і забываўся пра галоўную мэту. У другім — псеўданім вядомага савецкага клоўна Міхаіла Румянцава — Карандаш. Юрый Нікулін нейкі час выступаў разам з ім. Карандашы, як вядома, бываюць цвёрдыя, мяккія і цвёрда-мяккія.
— Наколькі складана для трэнера аб’яднаць розных людзей у адну каманду? Знаходжанне ў лагеры спрыяе гэтаму?
— Інтэлектуальны рух аб’ядноўвае людзей розных як па складзе розуму, так і па інтарэсах: адны захапляюцца дыджэйскай справай, а другія пішуць сур’ёзныя навуковыя работы. У чым феномен інтэлектуальнага клуба? Прыходзяць бацькі запісаць дзіця ў клуб і, бывае, пытаюцца: “Цяпер вы яго прымусіце кніжкі чытаць?” Мы можам толькі зацікавіць. Усё астатняе — выбар самога чалавека!
Я не кажу, што кніжкі чытаць не важна, але ў рамках клуба мы адпрацоўваем, на мой погляд, больш важныя рэчы, і ўменне працаваць у камандзе — адна з іх. Гэта тое, што больш за ўсё дапамагае чалавеку ў жыцці, — уменне хутка і граматна рэагаваць, адказваць на пытанні, уменне знайсці агульную мову з калектывам. Я ўпэўнены: не бывае людзей псіхалагічна не сумяшчальных, бывае няправільны падыход да ўзаемадзеяння.
Памятаю, як Леанід Клімовіч, вядомы знаток і трэнер, які стаяў ля вытокаў інтэлектуальнага руху, прапагандаваў такі дэвіз: “Нам патрэбны не разумныя, нам патрэбны кемлівыя!” Гэта сапраўды так. У любым клубе вы знойдзеце як выдатнікаў, так і тых, хто не зусім спраўляецца ў школе. І тыя, і другія могуць быць аднолькава паспяховымі. Натуральна, мы стымулюем самаадукацыю дзяцей. Напрыклад, я ніколі падчас заняткаў не адказваю на пытанні, мая задача — зрабіць так, каб дзеці самі знайшлі адказ. Бачылі б вы, як гараць іх вочы, калі яны не проста адкрываюць для сябе нешта новае, а маюць магчымасць адкрыць гэта для іншых.
— Павел, вы ў інтэлектуальным руху ўжо доўгі час. Ці адрозніваюцца сённяшнія юныя інтэлектуалы ад тых, што былі яшчэ некалькі гадоў назад?
— Апошнім часам мы назіраем такую тэндэнцыю: нашы дзеці вельмі баяцца памыліцца. Мяркую, гэта праблема, якая ідзе са школы. На жаль, сёння школа ў меншай ступені, чым раней, вучыць дзяцей вучыцца, яна матэнакіравана рыхтуе школьнікаў да тэставых заданняў. Як мы працуем з тэстамі? Калі не ведаеш дакладнага адказу, лепш прапусціць пытанне, вярнуцца да яго пазней ці ўвогуле не адказваць. Я часта бачу, як навучэнцы 7—8 класаў падчас абмеркавання ў камандзе, спрабуючы выказаць сваю версію, спыняюцца на палове. Яны адчуваюць няўпэўненасць і замаўкаюць. Адкуль бярэцца гэты страх?
Думаецца, што вялікая колькасць сацыяльных сетак і актыўныя зносіны ў інтэрнэце таксама маюць дачыненне да праблемы. Дзеці патанулі ў гаджэтах. А падчас інтэлектуальнай гульні трэба супрацоўнічаць, як кажуць, у рэжыме анлайн, вочы ў вочы.
На шчасце, у нашым лагеры няма мабільнай сувязі, а значыць, і інтэрнэту. Раней лагер размяшчаўся непадалёк Мінска, і гэта было сапраўдным выпрабаваннем. Вечарам дзеці сядзелі з камп’ютарамі і мабільнымі тэлефонамі. Цяпер жа хлопцы і дзяўчаты не ведаюць, што рабіць з гэтымі бессэнсоўнымі штукамі. Мы нават надпісы на майках зрабілі “Без інтэрнэту можна жыць”.
— Так ці інакш у сваёй рабоце вы абапіраецеся на школьныя веды. Тут ёсць пэўныя змяненні?
— Мы абапіраемся на школьныя веды, а школы — усё часцей на нашы методыкі. Напрыклад, у нас ёсць аўтарская гульня “Медыяазбука”. У ёй пры дапамозе карцінак можна зашыфраваць самыя розныя заданні. Гульня дазваляе дабаўляць музыку, відэа. Сёння многія педагогі разумеюць, што такія рэчы больш эфектыўныя, чым сухая інфармацыя. Крок за крокам методыкі, якія зарэкамендавалі сябе, набываюць папулярнасць.
Калі аналізаваць школьную падрыхтоўку дзяцей, то я магу сказаць, што навучэнцы страчваюць агульныя веды. Думаю, сям’я павінна стымуляваць жаданне чалавека даведацца пра рэчы, якія не ўваходзяць у школьную праграму. Цяпер, на вялікі жаль, усё замыкаецца на прадметах і ўсё тых жа тэстах, якія патрэбна здаць.
Раней дзяцей, якія цікавіліся літаратурай, мастацтвам было значна больш. Сітуацыя пакуль не катастрафічная, але маладое пакаленне значна менш чытае. Відавочныя праблемы з класікай, прычым не толькі літаратурнай, але і класікай кінематографа, нягледзячы на тое, што ў цэлым ён дастаткова папулярны ў нашай краіне.
Школьная праграма становіцца цяжэйшай. Я ў здзіўленні ад таго, што многія дзеці займаюцца з рэпетытарам ужо з 7 класа. У іх не застаецца часу ні на кнігі, ні на спорт, бо хочацца ж яшчэ быць дасведчаным у тым, што адбываецца ў сацыяльных сетках. Тую зусім малую колькасць вольнага часу, які застаецца, яны выдзяляюць менавіта на гэта, бо там сябры.
Я расказваю сваім выхаванцам такую рэч. Калі ты кожны дзень паўгадзіны будзеш траціць на канкрэтную справу, то праз нейкі час убачыш вынік. Ён будзе, як бы цяжка табе справа ні давалася. Англійская мова паўгадзіны ў дзень — праз 5 гадоў ты будзеш гаварыць. Спорт паўгадзіны ў дзень — ты значна палепшыш сваю форму. Паўгадзіны ў інтэрнэце, калі яны бессэнсоўныя, проста з’ядаюць каштоўны час! А часцей за ўсё падлетак у інтэрнэце не мае мэты.
— Якая галоўная мэта інтэлектуальнага лагера?
— Самае галоўнае, чаго нам хацелася б дасягнуць, — гэта каб нашы дзеці разумелі, што ў іх заўсёды ёсць выбар. Выбар, чым ты хочаш займацца, кім хочаш быць… Гуляючы за сталом, яны ўвесь час выбіраюць з мноства варыянтаў. Уменне вылучаць галоўнае варта дарагога.
Наталля АЛЁХІНА.