Невычарпальныя рэсурсы

Менавіта такімі, як адлюстравана на гэтых фотаздымках, уяўляюцца для большасці педагогаў рэсурсныя цэнтры: спецыяльнае памяшканне з багатай калекцыяй метадычных матэрыялаў і камп’ютарнай тэхнікай. Аднак сучасны рэсурсны цэнтр — гэта больш шырокае паняцце.

Згодна з Канцэпцыяй рэсурснага цэнтра ўстановы адукацыі, узгодненай на калегіі Міністэрства адукацыі 26 верасня 2012 года, рэсурсным цэнтрам з’яўляецца адасобленае і структурнае падраздзяленне ўстановы адукацыі, у якім створаны ўмовы для якаснага засваення навучэнцамі вучэбных праграм вытворчага навучання, практыкі, набыцця практычных навыкаў работы на сучасным абсталяванні пры засваенні адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі, дадатковай адукацыі дарослых. Адна з галоўных задач рэсурснага цэнтра — акумуліраванне і папулярызацыя перадавога педагагічнага вопыту (па вучэбных прадметах, а таксама па выхаваўчай рабоце). У розных рэгіёнах краіны ствараюцца рэсурсныя цэнтры, напрыклад, па музейнай педагогіцы, краязнаўстве, грамадзянска-патрыятычным, эстэтычным выхаванні. Першымі, хто актыўна далучыўся да гэтай справы, сталі сталічныя школы і гімназіі. Так, сёлета ў сярэдняй школе № 24 Мінска адкрыўся гарадскі рэсурсны цэнтр па выхаваўчай рабоце “Школа — сучасны цэнтр вольнага часу”. Тут паспяхова дзейнічаюць студыя гуказапісу і фотавідэастудыя, гурткі па вакале і харэаграфіі. Эстэтычны напрамак з’яўляецца дамінуючым і ў дзейнасці рэсурснага цэнтра сярэдняй школы № 136 “Рэалізацыя духоўна-маральнага выхавання ва ўстанове адукацыі сродкамі тэатра”. Сярод кірункаў дзейнасці рэсурсных цэнтраў даволі рэдкім з’яўляецца тэхнічны, таму, думаем, нашым чытачам будзе цікава азнаёміцца з дзейнасцю раённага рэсурснага цэнтра, які працуе на базе Мазырскага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі. Названая канцэпцыя вылучае чалавечыя, кадравыя, матэрыяльныя, фінансавыя, тэхналагічныя, інфармацыйныя, інфраструктурныя рэсурсы. Якія з іх актыўна выкарыстоўваліся ў школьнай краязнаўчай рабоце ў мінулыя эпохі? Наколькі ў савецкія часы былі папулярныя своеасаблівыя рэсурсы заахвочвання — бліскучыя, яркія, прыгожыя металічныя значкі? Пра ўсё гэта, пра невычарпальныя выхаваўчыя рэсурсы і сучасныя рэсурсныя цэнтры па выхаваўчай рабоце чытайце ў выхаваўчым дадатку “Шосты дзень”.

Аддзел праблем выхавання.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.