Сем разоў прадумай, адзін раз здымі

Чалавек ідзе, сняжынкі падаюць, птушкі лётаюць — усё рухаецца, жыццё віруе. Аднак на гэты штодзённы рух мы часцей за ўсё не звяртаем увагі. Чалавек ідзе? Ну і няхай сабе ідзе. Ці мала хто ходзіць па вуліцы, у кожнага свае справы. Сняжынкі падаюць? Што ж тут дзіўнага — на календары ўсё ж такі студзень. Птушкі лётаюць? Не поўзаць жа тым, хто народжаны жыць у небе? Ці можна заўважыць у гэтым звычайным руху нешта незвычайнае? Канечне, можна, асабліва калі паглядзець на чалавека, які ідзе, на сняжынкі, якія падаюць, і на птушак, якія лётаюць, праз аб’ектыў відэакамеры.

Надакучылі штодзённыя клопаты, аднатыпны лад жыцця, хочацца нечага творчага, узвышанага, ад чаго душа спачатку б разгарнулася, а потым на доўгі час засталася ў такім творча-разгорнутым стане? Вазьміце ў рукі відэакамеру (можна фотаапарат або смартфон з функцыяй відэазапісу) і паспрабуйце стварыць маленькія відэашэдэўры. Аднак перад тым, як “націснуць на кнопку”, абавязкова азнаёмцеся з асновамі аператарскага і рэжысёрскага майстэрства, відэамантажу. З гэтымі асновамі, дарэчы, не перашкаджала б азнаёміцца і некаторым удзельнікам конкурсу відэафільмаў “Мая чароўная Беларусь” акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Пра вынікі конкурсу наша выданне ўжо паведамляла ў адным з нядаўніх нумароў. Цяпер жа паспрабуем прааналізаваць работы, засяродзіць увагу на некаторых памылках, даведацца пра прычыны іх узнікнення, знайсці шляхі выпраўлення. Разам з прафесіяналамі абмяркуем і сучасныя тэндэнцыі, кірункі развіцця відэаграфіі.

К.Я.Нетылёў: “Цяпер шмат увагі ўдзяляецца развіццю робататэхнікі, усё больш шырока выкарыстоўваюцца беспілотнікі, прычым не толькі квадракоптары, але і аўтамабілі, танкі, падводныя лодкі, нарэшце, робаты, якія ходзяць. Думаю, у найбліжэйшы час абавязкова з’явіцца намінацыя, дзе будуць прадстаўлены відэаролікі, знятыя з дапамогай беспілотнікаў”.

— Імклівае развіццё камп’ютарных тэхналогій, масавая даступнасць гаджэтаў з функцыямі відэазапісу павінны спрыяць павелічэнню колькасці якасных відэаработ, аднак у рэальнасці назіраецца адваротная тэндэнцыя. Павелічэнне колькасці смартфонаў не пераходзіць у павелічэнне якасці знятага імі відэаматэрыялу. З’яўляецца шмат аднатыпнага, без арыгінальнага сюжэта, цікавых ракурсаў. Мядзведжую паслугу тут аказвае інтэрнэт, сэлфаманія. Мы прывыклі, што ў сусветнай павуціне ёсць усё, аднак чамусьці канкурсанты бяруць прыклад не з лепшых узораў. Класічным старым добрым фільмам, якія здымаліся няспешна, дзе кожны кадр вывераны, дзе на высокім узроўні і святло, і кампазіцыя, удзяляецца меншая ўвага, — дзеліцца загадчык кабінета мультымедыйных тэхналогій Рэспубліканскага цэнтра інавацыйнай і тэхнічнай творчасці Канстанцін Яўгенавіч Нетылёў.

І.Л.Беладубенка, член журы конкурсу “Мая чароўная Беларусь”: “Сучасная моладзь, безумоўна, таленавітая, яна хутка асвойвае любую тэхніку. Аднак праблема ў тым, што навучэнцы знаёмяцца з сакрэтамі відэаграфіі часцей за ўсё самастойна, з дапамогай інтэрнэту, у юных відэографаў недастаткова практыкі”.

Поспех у відэаграфіі складаецца з двух момантаў: якаснай аператарскай работы і арыгінальнага, прадуманага сцэнарыя, сюжэта. У першую чаргу гэта тычыцца ігравога фільма. Якраз у аднайменнай намінацыі конкурсу “Мая чароўная Беларусь” былі прадстаўлены найбольш слабыя работы. Прычына гэтага заключаецца ў элементарным неразуменні канкурсантамі сутнасці ігравога фільма. “Былі і такія работы, калі на экране адчыняюцца дзверы спартыўнай залы, настаўнік кідае дзецям мяч і яны на працягу некалькі хвілін гуляюць у баскетбол. Завяршаецца відэаролік тым, што вучні заканчваюць гульню, разыходзяцца і дзверы спартыўнай залы зачыняюцца. Так аўтары зразумелі сутнасць ігравога фільма. У гэтай намінацыі мы з членамі журы вырашылі не прысуджаць прызавых месцаў”, — гаворыць загадчык аддзела тэхнічнага мадэлявання РЦІіТТ Наталля Васільеўна Бурая.

Н.В.Бурая: “Канкурсанты проста не разумеюць, што такое ігравы фільм. Ігравы фільм — гэта кіна-, відэаспектакль, які ўздымае пэўнае актуальнае пытанне, падказвае шляхі яго вырашэння. Напрыклад, пытанні аховы прыроднай і архітэктурнай спадчыны, сучасныя праблемы грамадства. Абавязкова павінна быць ідэя, развіццё ідэі, нейкая барацьба, складанасці — тады ігравы фільм можна лічыць удалым, нават пры наяўнасці тэхнічных памылак”.

Відэаграфія_2(Сайт)Яскравым прыкладам добрага ігравога фільма, дасланага на папярэдні конкурс, стала работа з Лепельскага раёна Віцебскай вобласці. Сюжэт наступны: дзеці ідуць па вуліцы пад Новы год і раптоўна на сметніцы каля аддзялення сувязі заўважаюць пісьмы Дзеду Марозу, якія былі выкінуты з прычыны таго, што на іх не пазначана месца пражывання адрасата. Хлопчыкі і дзяўчынкі прачыталі жаданні дзяцей (нехта прасіў у Дзеда Мароза мячык, нехта — ляльку). Па зваротным адрасе даведаліся, хто чакае навагоднія падарункі. Вучні вырашылі выканаць ролю Дзеда Мароза: зрабілі сувеніры, прадалі іх на школьным кірмашы, а за атрыманыя грошы купілі мячык і ляльку і адправілі іх адрасантам. “Тэхнічна там было не ўсё ідэальна, аднак тэма цікавая, яна выклікала ў душы дзяцей пэўны рэзананс”, — адзначыла Наталля Васільеўна.
Паглядзець незвычайна на звычныя рэчы можна праз незвычайныя ракурсы, выдатную аператарскую работу. Так, сакрэт удалай аператарскай работы, па словах Канстанціна Яўгенавіча, заключаецца ў наступным: перад тым, як націснуць кнопку запісу, трэба дасканала прадумаць у галаве план здымкаў. На жаль, часцей за ўсё спачатку націскаецца кнопка, а потым пачынаецца працэс пошуку кадраў. Трэба загадзя адрэпеціраваць, як будзе рухацца камера, на якія аб’екты будзе накіраваны фокус, часцей выкарыстоўваць агульны, сярэдні, буйны план, засяроджваць увагу на дэталях, акцэнтаваць увагу, напрыклад, на асаблівасцях вышыўкі старадаўняга ручніка або на колеры насякомага. Няшмат з’яўляецца і арыгінальных ракурсаў. Часцей за ўсё выкарыстоўваецца шырокавугольная оптыка, якой здымаецца агульны план, карцінка, як цяпер модна, насычаецца сінім колерам. Нешта арыгінальнае, адметнае ў работах прасочваецца рэдка. Пераможцы і прызёры з’яўляюцца, канечне, выключэннем. У іх работах выкарыстоўваецца чаргаванне нядаўна адзнятага відэарада з фрагментамі гістарычных фільмаў, у ролік манціруюцца выявы гістарычных карт, фотаздымкаў. Новай фішкай з’яўляецца выкарыстанне квадракоптара, што дазваляе паглядзець на звычайныя мясціны па-новаму, з вышыні птушынага палёту. Хоць тэхнічная якасць такіх ролікаў і не самая лепшая, аднак галоўнае, што ў навучэнцаў ёсць жаданне здымаць, прычым здымаць арыгінальна. І ўсё ж аднаго жадання недастаткова — патрэбна практыка, а яна ў большасці канкурсантаў адсутнічае. Яны глядзяць відэаролікі ў інтэрнэце, потым спрабуюць зманціраваць на іх прыкладзе свае работы. Аднак, каб атрымалася нешта сваё, каб парушаць правілы і законы пабудовы кампазіцыі, гэтыя правілы і законы трэба ведаць.
— Работы спрашчаюцца, і мы паступова вяртаемся да таго, што было шмат гадоў назад, у пачатку кінематографа, калі карціны здымаліся толькі агульным планам. Нават калі смартфон, на які здымаецца відэаролік, не мае магчымасці пераходзіць з агульнага плана на буйны без выкарыстання мантажу, трэба выкарыстоўваць больш прафесійныя відэакамеры, фотаапараты са спецыяльнай оптыкай, у рэшце рэшт у відэографа ёсць ногі, на якіх можна падысці да аб’екта, а не так, што правёў тэлефонам вакол — і ўсё гатова, можна хуценька манціраваць ролік і адпраўляць яго на конкурс. З мантажом таксама не ўсё ідэальна, канкурсанты не ведаюць прынцыпы міжкадравага і ўнутрыкадравага мантажу. Тое ж самае і з гукам, асвятленнем, — дзеліцца Канстанцін Яўгенавіч.

К.Я.Нетылёў: “Для атрымання высокай ацэнкі журы конкурсныя работы, акрамя задумы, ідэі, творчага зерня, мастацкай непаўторнасці, індывідуальнасці, павінны быць і тэхнічна якаснымі. На жаль, канкурсанты за рэдкім выключэннем чамусьці не карыстаюцца такім элементарным прадметам, як штатыў. Калі падчас работы з фотаапаратам без штатыва можна абысціся, то ў відэаграфіі выкарыстанне штатыва — гэта аснова асноў”.

Для стварэння якаснага гуку можна набыць недарагі вынасны мікрафон, можна зняць проста відэа, а потым яго агучыць. Выкарыстанне ж убудаванага мікрафона — гэта стапрацэнтны тэхнічны брак. Канкурсанты амаль не працуюць са святлом. Напрыклад, здымкі вядуцца ў сонечнае надвор’е, палова твару героя засветлена, а палова цёмная. Можна выкарыстаць недарагія накамерныя святлодыёдныя лямпы. Ёсць яшчэ больш простыя рэчы — святлоадбівальнікі. Дастаткова проста ўзяць кавалачак фольгі, прымацаваць яго да кардонкі — і калі ласка, твар раўнамерна асветлены. Акрамя таго, у многіх работах брак з гукам. Тыповая памылка: дзяўчына-актрыса прыгожа чытае вершы, у яе добрыя акцёрскія здольнасці, аднак ад відэакамеры яна знаходзіцца на адлегласці ў некалькі метраў. Чытанне верша перабіваецца пабочнымі гукамі аўтамабіляў, людзей, жывёл. Усё радзей выкарыстоўваюцца творчыя прыёмы, і прычына тут не ў ляноце канкурсантаў, а ў элементарным няведанні асноў. Людзей трэба проста вучыць — і ў першую чаргу не дзяцей, а педагогаў.
Адным са шляхоў паляпшэння якасці конкурсных работ з’яўляецца правядзенне тэматычных семінараў, трэнінгаў, майстар-класаў, на якіх спецыялісты могуць даваць прафесійныя адказы на самыя розныя пытанні, раскрываць таямніцы рэжысёрскай, аператарскай, акцёрскай справы. Выдатны прыклад — правядзенне падобных майстар-класаў супрацоўнікамі РЦІіТТ у “Зубраняці” падчас тэматычнай змены “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”. Можна выдаваць спецыяльныя дапаможнікі, вучэбныя праграмы, якія, безумоўна, дапамогуць узняць якасць конкурсных работ на новы ўзровень. Помніце словы з папулярнай тэлеперадачы: “Я заўсёды з сабой бяру відэакамеру”. Гэта ж пра ўсіх нас. Відэакамеру, няхай і ўбудаваную ў самы звычайны смартфон, мы заўсёды носім з сабой. У кожную хвіліну можам націснуць на кнопку або правесці пальцам па экране — і пачнецца працэс відэазапісу. Звычайны рух, які суправаджае нашу штодзённасць, стане раптам незвычайным. Чалавек, які ідзе, аказваецца, не проста ідзе, а ідзе з нейкай мэтай. Нам стане цікава даведацца, хто гэты чалавек, якія ў яго думкі, дзе ён працуе, чым захапляецца. Сняжынкі, аказваецца, не проста падаюць, яны карагодзяць. Калі ўважліва прыгледзецца да гэтага незвычайнага карагода, зняць яго “на стужку”, то атрымаецца чароўны рытуал. Птушкі таксама, аказваецца, лётаюць не проста так, ды і самі яны не проста птушкі, а нашы крылатыя сябры з адметным палётам, адметнай афарбоўкай пер’я. Усё рухаецца, жыццё віруе. Рух — гэта жыццё, а заўважыць у гэтым руху нешта незвычайнае, падзяліцца гэтым незвычайным з роднымі, сябрамі, педагогамі якраз і дазваляе відэаграфія. Аднак, каб падзяліцца нечым арыгінальным, адметным, трэба сем разоў прадумаць і толькі адзін раз зняць.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА 
і з архіва пераможцаў конкурсу.