Фалькларыста, ганаровага грамадзяніна Турава, стваральніка школьных фальклорных і танцавальных калектываў, вядучага папулярных у нядаўнім мінулым тэлеперадач “Запрашаем на вячоркі” і “Спявай, душа!”, вялікага аптыміста, а таксама пазаштатнага аўтара “Настаўніцкай газеты” Міколу Конанавіча Котава ведаюць у многіх куточках краіны. Вулічны музыка, майстар сцэнічных пастановак, сапраўдны паляшук, педагог ад Бога… Па-рознаму характарызуюць нашага героя яго шматлікія сябры і вучні. Дакладнымі будуць і такія словы: гэта чалавек, у якога на душы заўсёды вясна.
Чалавек-свята
Чалавек, які стварае свята, чалавек, які дорыць свята, чалавек, які радуецца жыццю і вучыць гэтай нялёгкай навуцы кожнага, з кім зводзіць лёс. Карацей, калі Мікола Конанавіч заходзіць у наш рэдакцыйны кабінет і яшчэ ў дзвярах гаворыць сваё радасна-працяжнае “До-о-обры дзе-е-ень!”, а пасля адорвае сваёй ласкавай усмешкай, адразу забываеш і пра сваю быццам бы сур’ёзнасць і быццам бы даросласць, забываеш на імгненне, што ў цябе працоўныя будні, хочацца адкласці ўбок клавіятуру, скруціць камп’ютарную мышку і кінуцца ў скокі. Вядома! Перад табой чалавек, які ў свае 74 гады з лёгкасцю сядае на шпагат, які круціў “Лявоніху” і вадзіў карагоды з настаўнікамі і вучнямі ў многіх вёсках Жыткавіцкага, Столінскага, Лельчыцкага, Мазырскага, Рэчыцкага раёнаў. Падчас размовы з Міколам Котавым неяк самі па сабе ўзнікаюць словы: дзе Котаў ходзіць — там добры настрой родзіць, дзе Котаў нагой — там аптымізм гарой!
— Людзі часта пытаюцца, калі спускаюся са сцэны пасля чарговага шпагату, колькі мне гадоў. Адказваю шчыра: хутка будзе 75, а потым абавязкова дадаю: у 90 гадоў я яшчэ сяду на шпагат, а далей ужо — як Бог дасць, — жартуе Мікола Конанавіч.Сакрэт падтрымання цудоўнай формы ў нашага героя вельмі просты: трэба танцаваць, танцаваць і яшчэ раз танцаваць, а таксама часцей усміхацца. Прычым танцаваць кожны дзень і кожны дзень сядаць на шпагат. Добры настрой — аснова не толькі душэўнай маладосці, але і паспяховай работы педагога. “З дзецьмі па-іншаму нельга, асабліва педагогу-выхавальніку. Калі ты прыйдзеш у клас пануры і скажаш, апусціўшы галаву: “А сёння, дарагія дзеці, мы з вамі будзем рыхтавацца да Масленіцы”, то выглядаць гэта будзе даволі дзіўна. У сапраўднага педагога ў душы ўсё павінна гарэць, ён павінен знаходзіцца ў пастаянным пошуку, жыць новымі ідэямі і абавязкова гэтыя ідэі рэалізоўваць. Тады і дзеці за ім пацягнуцца, тады будзе і поспех. Асабліва нельга быць сумным падчас абрадавага дзеяння. Абрад — гэта жыццё, гэта маладосць. Калі старэйшыя глядзяць на дзяцей, з якімі мы на сцэне паказваем абрады, яны таксама маладзеюць душой, ім здаецца, што яны толькі ўчора скончылі школу”, — дзеліцца Мікола Котаў.
Арыгінальная методыка
Назваць дакладную лічбу выхаванцаў Міколы Конанавіча, з якім яны разам ставілі Каляды, Масленіцу, Дажынкі, даволі цяжка. Адно вядома: хлопчыкаў і дзяўчынак не адна сотня. Не ўсе сталі прафесійнымі танцорамі, акцёрамі, фалькларыстамі, педагогамі, але ўсе палюбілі народную творчасць. Што і гаварыць, калі нават афіцэры, ураджэнцы Турава, а ў школьным дзяцінстве вядучыя артысты фальклорнага калектыву 1-й тураўскай школы, не забываюць пра родную зямлю і кожны год прыязджаюць на свята горада, прывозяць дзяцей, унукаў, і абавязкова замест ваеннай формы апранаюць на святочныя ўрачыстасці вышываныя кашулі. Да Тураўшчыны, суседняй Століншчыны, Лельчыц, Мазыршчыны ў Міколы Конанавіча асаблівая любоў. Фалькларыст (ураджэнец Рэчыцы Гомельскай вобласці) лічыць гэтыя куточкі Палесся найбагацейшай скарбонкай этнаграфіі, вуснай народнай творчасці. І багацця гэтага, калі правільна ім распараджацца, хопіць яшчэ не на адно пакаленне. Пачалася гэтая любоў да Прыпяцкага Палесся больш за паўстагоддзя назад, у 1964 годзе, калі пасля заканчэння курсаў кіраўнікоў мастацкіх калектываў пры Гомельскім абласным цэнтры народнай творчасці Мікола Конанавіч прыехаў у Тураў ствараць фальклорны калектыў. Куды пайсці? Дзе шукаць таленты? На гэтыя пытанні, якія паўсталі перад маладым спецыялістам, правільным быў адзін адказ: “Канечне, у школах!”Выбар вучняў для фальклорнага калектыву вёўся па даволі арыгінальнай методыцы. Мікола Конанавіч прыходзіў у сярэднюю школу № 1 Турава падчас перапынкаў і ўважліва назіраў за вучнямі, якія бегалі па калідоры. Той, хто праяўляў найбольшую актыўнасць, станавіўся кандыдатам на ролю артыста. Такая методыка ніколі не давала збою. “У першы ж год мы з настаўнікамі і вучнямі стварылі танцавальны калектыў, у якога не было ні кашулі, ні паўбота. Дзесьці раздабылі неабходнае адзенне і дзякуючы дапамозе абласнога начальства адправіліся з гастролямі ў Маскву. Сказаць, што гэта было незабыўнае падарожжа — нічога не сказаць. Многія юныя тураўчане нават ніколі цягніка не бачылі, не гаворачы ўжо пра шматпавярховыя дамы. Мы танцавалі ў ВДНГ, у калоннай зале Дома саюзаў на вечары в’етнамскай салідарнасці, паказвалі там “Лявоніху” і мясцовы танец “Кука”, выступалі ў гарадку касманаўтаў. Калі мы разміналіся ў двары гасцініцы, масквічы спыняліся і апладзіравалі нам на рэпетыцыі. Яны ж гэта не нам апладзіравалі, а нашай палескай, беларускай фальклорнай спадчыне”, — расказвае Мікола Конанавіч.
Танец і праца
Гэта цяпер практычна ў кожнай установе адукацыі шырока адзначаюцца народныя святы, а ў 60-я гады, калі Мікола Конанавіч пачынаў фальклорна-педагагічную дзейнасць, такога не было, святы і абрады жылі ў народзе. Таму было крыху дзіўнаватым для Тураўшчыны (багатым на фальклорную спадчыну краі), калі малады артыст прапанаваў стварыць вучнёўскі фальклорны калектыў. Першае пытанне настаўнікаў — “Навошта?”. Сапраўды, навошта, калі ў кожнай вёсцы мясцовыя жыхары шырока адзначаюць і Каляды, і Масленіцу, і Зажынкі, і Дажынкі, і Ваджэнне куста? Аднак ужо тады было зразумела, што ўрбанізацыя, якая толькі-толькі набірала абароты, будзе негатыўна ўплываць на спрадвечны лад жыцця беларусаў. Людзі не вечныя, старэйшае пакаленне сыходзіць, не заўсёды яго прадстаўнікі перадаюць дзецям і ўнукам пэўныя веды, песні, абрады.
— Сёння моладзь імкнецца ў вялікія гарады, усе хочуць больш камфортнага жыцця. Аднак важна, каб моладзь не забывала пра сваю родную зямлю, якая корміць, апранае, усё табе дае, толькі ты будзь да зямлі з ласкаю, будзеш тады і з хлебам, і з каўбаскаю. Аднак больш шчаслівы той, хто застаецца жыць на зямлі, дзе прайшло дзяцінства. А жыццё на сваёй зямлі — гэта праца. А да працы трэба прывучаць, у тым ліку праз веданне народных традыцый. І галоўная роля тут належыць школе. Калі настаўнік — напрыклад, беларускай мовы і літаратуры — перад пачаткам кожнага ўрока хаця б хвілінку раскажа дзецям, якое сёння народнае свята, то будзе вынік. Яшчэ, лічу, настаўнік павінен не проста выкладаць матэматыку, фізіку, мову або літаратуру, але і выкладаць жыццёвую пазіцыю чалавека, на любым уроку, любым выхаваўчым мерапрыемстве прывучаць вучня да працы, да руху, жыць па-чалавечы, — дзеліцца Мікола Конанавіч.
Ці можна прывучыць да працы праз танец? Ці можна праз абрад праводзіць з навучэнцамі прафарыентацыйную работу? Канечне, можна, асабліва калі за гэтую справу бярэцца неардынарная асоба. “Неяк з тураўскімі першакласнікамі мы вырашылі інсцэніраваць вядомую песню пра наша нацыянальнае багацце “Ох і сеяла Ульяніца лянок”, — расказвае фалькларыст. — Як я ні паказваў дзецям, як правільна трэба рабіць рух рукамі, імітуючы працэс вырывання лёну, нічога не атрымлівалася. Тады гавару, што заўтра раніцай ідзём вырываць лён на калгаснае поле. Дзяцей гэта настолькі зацікавіла, што нават адна дзяўчынка, якую бацькі забылі пабудзіць і замкнулі ў хаце, вылезла праз акно і прыбегла на поле. Наведваліся мы са школьным калектывам і на малочнатаварную ферму, дзе ставілі інсцэніроўкі для яе работнікаў, пры гэтым мне важна было пачуць меркаванне даярак наконт таго, ці правільна дзеці носяць вёдры, ці правільна інсцэніруюць працэс догляду свойскай жывёлы”.
Незагойная рана
Здаецца, што ў такога жыццярадаснага чалавека і жыццё павінна быць бясхмарным. Канечне, гэта не так. Знаходзіцца ў ім месца і для смутку, і для журбы. Незагойнай ранай на душы Міколы Конанавіча з’яўляецца лёс бацькі, які загінуў у першыя месяцы Вялікай Айчыннай вайны. Хлопцу не пашчасціла ўбачыць бацьку, бо нарадзіўся ён праз 4 месяцы пасля таго, як Конан Фёдаравіч пайшоў на фронт. Сям’і паведамілі, што бацька прапаў без вестак, аднак увесь час жыла спадзяваннем, што ён вернецца. І вось аднойчы ў юнацкія гады ў Гомельскай абласной бальніцы Мікола Котаў пачуў ад аднаго дзядзькі, які служыў з Конанам Фёдаравічам, што той памёр ад тыфу ў Баранавічах у перасыльным пункце для ваеннапалонных.
Мікола Конанавіч прыязджае на месца брацкай магілы, дзе ўстаноўлены помнік. З Баранавічамі яго нярэдка зводзіць лёс: то школы запрашаюць арганізаваць якое-небудзь фальклорнае свята, то тэатр фальклору “Матуліна хата” тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна сталіцы, якім кіруе наш герой, выязджае на гастролі ў гэты горад. Адным словам, з бацькам у сына не губляецца сувязь. “Ах вайна ты, вайна, — ліхалецце людское. // Нам з табой, тата мой, не сустрэцца ніколі…” Свае словы, пакладзеныя на музыку, Мікола Конанавіч часта спявае на канцэртах. Гэтыя радкі верша нібыта водгалас дзіцячых гадоў, калі яго маці разам з такімі ж удовамі збіралася на вячоркі-складчыну і доўгімі зімовымі вечарамі спявала пра сваё няпростае жыццё. “Я тады быў малы і часта задумваўся, як гэта можна спяваць і плакаць. Цяпер ведаю, што гэта ў жанчын плакала душа”, — адзначае Мікола Конанавіч.
Аптымізм гарой!
Дзякуючы неабыякавасці Міколы Котава да захавання народнай спадчыны, яго тэарэтычнай і практычнай дапамозе многія ўстановы адукацыі Прыпяцкага Палесся дасягнулі поспехаў у справе даследавання і папулярызацыі мясцовага фальклору і этнаграфіі. Рамельская сярэдняя школа Столінскага раёна, сярэднія школы № 1 і № 2 Турава, а таксама школа вёскі Верасніцы Жыткавіцкага раёна — гэта далёка не поўны спіс. Сюды можна дадаць яшчэ Рэчыцкую раённую гімназію, Уваравіцкую сярэднюю школу Буда-Кашалёўскага раёна, гімназію № 17 Мінска, Осаўскую базавую школу Асіповіцкага раёна. Куды б ні завітаў Мікола Конанавіч, там абавязкова свята, там абавязкова будуць гучаць народныя песні, ставіцца народныя абрады. Сапраўды, дзе Котаў ходзіць — там добры настрой родзіць, а дзе Котаў нагой — там аптымізм гарой!
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Яўгена БУРДУКОВА
і Аляксандра КУЛІКОВА.