Адкрываючы зялёны сезон

Для многіх настаўнікаў і вучняў вясна не нагода для перадышкі: заканчваецца навучальны год, але ж пачынаецца экалагічны. Таму мала паспець падцягнуць гадавыя адзнакі. Для Уцеўскай сярэдняй школы Добрушскага раёна Гомельскай вобласці своечасовы і ўдалы пачатак зялёнага сезона — залог багатага школьнага стала на цэлы год і шанс чарговы раз здзівіць вядучых беларускіх эколагаў і вучоных, зноў трапіць на экалагічны п’едэстал, прымушаючы здаць вядучыя пазіцыі нават буйныя экалагічныя цэнтры.

Кветкавыя эксперыменты

На першы погляд гэта звычайная школа, але калі знаёмішся з яе настаўнікамі і навучэнцамі, то разумееш, што якраз яны незвычайныя. А яшчэ працавітыя, няўрымслівыя і дбайныя. Школьныя кветкаводы, з першых вясновых дзён высяваючы ў скрынях сотні відаў кветак на расаду, забяспечваюць квітнеючы выгляд і прышкольнай тэрыторыі, і пляцоўкам дзіцячага садка, і амбулаторыі, і аграгарадку ўвогуле, і нават суседнім вёскам. Каб хутчэй застракацелі клумбы і рабаткі, ужо цяпер дзеці высаджаюць у гаршкі гейхеру і гладыёлусы, каны і вяргіні, якія чакалі свайго часу ў сховішчы ўсю зіму. Як толькі пацяплее, кветкі перакачуюць у цёплую глебу і зацвітуць на пару тыдняў раней — тлумачыць такі эксперымент настаўніца біялогіі і геаграфіі Ірына Міхайлаўна Ярцава. Не змаглі дачакацца вясны і самыя малодшыя кветкаводы — іх эксперымент па выганцы цюльпанаў забяспечыў ахапкамі кветак усе святы — дзень закаханых, Дзень абаронцаў Айчыны і Міжнародны жаночы дзень.

Агародныя стратэгіі

У цэнтры ўвагі навучэнцаў і іх педагогаў — агарод амаль на 50 сотак. Агародніны, вырашчанай тут, хапае на цэлы год і для саміх школьнікаў (што робіць кошт харчавання ў сталовай сімвалічным), і для дзіцячых садкоў раёна, і для ААТ “Уцеўскае”. Менавіта тут з ранняй вясны разгортваюцца агародныя стратэгічныя баталіі: чарцяжы з папяровых карт, якія складаліся зімой, перакачоўваюць на сам участак. У ролі галоўных стратэгаў выступаюць актывісты школьнай бізнес-кампаніі “Гаспадар”. Дзякуючы ім і іх педагогам, апошнія гады школа з’яўляецца апорнай пляцоўкай па экалагічным выхаванні для навучальных устаноў раёна. Яны падлічваюць, колькі і якіх раслін трэба вырасціць у расадніку, як іх пасадзіць, вызначаюць, якія папярэднікі для іх падыдуць, з якімі раслінамі іх лепш рассадзіць. Акрамя агарода, у іх гаспадарцы — участкі, засеяныя жытам, ячменем, ільном, грэчкай, і калекцыйны аддзел з дэкаратыўным просам, сояй, ячменем, аўсом і інш. На фітагарбату дзеці вырошчваюць мяту, дзівасіл, шалфей, мелісу, мацярдушку і інш. Усё лета школьнікі папаўняюць запас вітамінаў у сваім садзе, дзе ласуюцца яблыкамі, слівамі, вішнямі, парэчкамі, малінай.
Дарэчы, за свае клопаты юныя гаспадары атрымліваюць не толькі экалагічна чыстую прадукцыю, але і важкі заробак. Летам гэта ад 800 тысяч да 2,5 млн рублёў.
“Другасная занятасць у нашай школе арганізавана менавіта ў галіне экалогіі, — расказвае дырэктар школы Ганна Мікалаеўна Станкевіч. — У прыватнасці, мы рэалізоўваем праекты па азеляненні, цесна супрацоўнічаем з Гомельскім экалагічным цэнтрам, закупляем шматгадовыя дэкаратыўныя расліны, размнажаем іх і высаджваем на тэрыторыі школы і аграгарадка, узялі пад шэфства тэрыторыю таварыства “Уцеўскае”, амбулаторыі і іншых устаноў Уці і нават дзелімся кветкамі з суседнімі вёскамі і школамі. Акрамя таго, у нас ёсць атрад швачак “Кантакт”: дзеці шыюць шторы для школы, канцэртныя касцюмы для сябе і для дашкольнікаў, пасцельную бялізну для дзіцячых садкоў раёна, форму для каманды ратавальнікаў-пажарных. Мы ствараем такія ўмовы, каб не прыходзілася прасіць, а можна было зарабіць. Нашы дзеці дапамаглі летась на зернятоку, на добраўпарадкаванні тэрыторыі сельгаспрадпрыемства, у выніку чаго старшыня набыў мэблю для школьнай сталовай. Удзел у конкурсах для школы — гэта таксама магчымасць зарабіць грошы. Напрыклад, дыплом за 2-е месца на абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы прынёс у нашу скарбонку 36 млн рублёў. Дзеці змаглі купіць музычную апаратуру, каляровы прынтар, перфабіндар, ламінатар, швейную машынку. Перамога ў конкурсе па энегразберажэнні дапамагла замяніць вокны ва ўсёй школе. Свае бонусы атрымалі і за 2 месца ў вобласці як лепшая апорная школа па арганізацыі другаснай занятасці”.
Трэба сказаць, што быць гаспадарамі дзеці тут вучацца змалку: адначасова з табліцай множання дзеці засвойваюць, што цыбулю і моркву лепш садзіць побач — цыбульную муху адпуджвае морква, а маркоўную муху — цыбуля; што базілік абароніць бабовыя ад зерняеда, а вось суседства з цыбуляй і часнаком для бабовых карысці не прынясе; што смак капусты палепшыць яе суседства з сельдэрэем і кропам, а на смак таматаў паўплывае меліса і базілік.

Навуковыя баталіі

Усе намаганні юных эколагаў накіраваны на тое, каб прымножыць ураджай агуркоў, буракоў, цыбулі, фасолі, морквы, капусты, кабачкоў, перцаў, памідораў і іншых культур без зніжэння якасці. У пагоні за ўраджаем тут ніхто не паддасца спакусе выкарыстаць “хімію”. А вось як дысцыпліну хімію, наадварот, тут паважаюць. Без яе не пройдзе ні адно даследаванне па экалогіі.
На рахунку навучэнцаў — дзясяткі перамог і прызавых месцаў на абласным, рэспубліканскім і міжнародным узроўні ў конкурсах па экалогіі. Гэта конкурсы “Блакітныя хвалі Нарачы”, навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў “ТэхнаІнтэлект”, навуковых біёлага-экалагічных работ “Моладзь і экалагічныя праблемы сучаснасці”, экалагічны інтэрнэт-конкурс навучэнцаў і інш. Апошнія даследаванні тычыліся забруджвання хімічнымі ўгнаеннямі тэрыторый раёна, якасці пітной вады, экалагічных праблем ракі Уці і лясоў Церахоўскага лясніцтва, маніторынгу паветранага забруджвання, пошуку альтэрнатыўных крыніц цяпла і нават асаблівасцей функцыянавання слыхавога апарату Уцеўскіх школьнікаў. На працягу трох гадоў навучэнцы школы даследавалі якасць вады ў рацэ Уці, якая катастрафічна пагоршылася з-за таго, што вадзіцелі мыюць свае аўтамабілі у рацэ — летам рака зацягваецца масляністай плеўкай. Каб вырашыць гэтую праблему, старшакласнікі Вольга Савянок і Вячаслаў Бярбека стварылі магнітную вадкасць: дастаткова крыху пырснуць на масленыя плямы гэтай вадкасці і апусціць магніты, як увесь бруд прыцягваецца да іх. Гэтыя ж вучні распрацавалі цудоўную альтэрнатыву дарожнай сумесі — з соку буракоў — і з поспехам яе прымянялі гэтай зімой на дарожках вакол школы. Сёлетняя распрацоўка Вольгі — біяраскладальная плёнка на аснове крухмалу, якая, трапляючы ў навакольнае асяроддзе, не прыносіць шкоды. У адной толькі Вольгі Савянок з 5 па 11 клас ажно 19 перамог і прызавых месцаў. Дзяўчына ўжо двойчы была ўдастоена прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў за высокія вынікі ў інтэлектуальнай і грамадскай дзейнасці. Такая ж прэмія была ўручана і яе паплечніку ў экалагічным кірунку дзевяцікласніку Вячаславу Бярбеку. Не так даўно Вячаслаў як адзін з таленавітых навучэнцаў Беларусі меў магчымасць 2 тыдні адпачыць у Кітаі і падзяліцца сваім вопытам у галіне даследаванняў па экалогіі са сваімі равеснікамі.
Традыцыйна школа адзначаецца як адна з лепшых устаноў у рэгіёне па добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі. У 2014 годзе на абласным экалагічным фестывалі “Кожны адказвае за жыццё на планеце” школа стала лепшай у намінацыях “Лепшая ўстанова па арганізацыі вучэбна-метадычнай работы эколага-біялагічнага кірунку”, “Захаваем і прымножым”, а яе педагогі перамагаюць у шматлікіх конкурсах педагагічнага майстэрства. Напрыклад, настаўніца Настасся Сяргееўна Бугакава стала лепшым педагогам у вобласці, які вядзе эфектыўную работу па экалагічнай адукацыі навучэнцаў, настаўніца Ірына Міхайлаўна Ярцава — пераможца абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання” ў намінацыі “Практычны ўрок “Захаваем клімат з дапамогай простых энергетычных рашэнняў”.
“Мяне натхняе тое, як актыўна дзеці ўключаюцца ў работу, — гаворыць Ірына Міхайлаўна. — Сённяшніх дзяцей складана нечым зацікавіць, тым больш даследчай дзейнасцю, а тут штодзень яны застаюцца, працуюць, вывучаюць, звяраюць, аналізуюць. У гэтым асаблівасць дзяцей з сельскай мясцовасці: яны бачаць праблемы і імкнуцца не чакаць дапамогі ад улад, а дзейнічаць самастойна. Ды і чыноўнікі да іх пачынаюць прыслухоўвацца. Напрыклад, дзеці высветлілі, што ўтрыманне жалеза ў пітной вадзе перавысіла нормы ў 16 разоў — цяпер у нас новая свідравіна і чыстая вада”.

Энергетычная барацьба

Акрамя экалогіі, школа вельмі актыўна працуе ў кірунку энергазберажэння. Так, установа адукацыі стала пераможцай конкурсу школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання”.
Па словах дырэктара, як і ў любой справе, поспех забяспечыў калектыўны інтарэс. Ідэю арганізаваць у школе сумесную работу па выхаванні культуры энергазберажэння прапанавалі настаўнікі малодшых класаў, а падхапілі яе ўсе калегі. Агульнымі намаганнямі быў створаны практычны цэнтр па энергазберажэнні. Цяпер гэта багатая падборка метадычных дапаможнікаў і матэрыялаў па 5 кірунках для малодшай школы: урокі Вадзяшы, Экошы, Электрошы, Энергошы і Цяплошы. Шмат тут распрацовак для факультатываў, класных і інфармацыйных гадзін, педагагічных саветаў, канферэнцый, бацькоўскіх сходаў і, канечне, даследчых работ. Пастаянна мяняецца экспазіцыя ў музейнай частцы цэнтра. Гэта рэчы, якія адносна нядаўна сталі электрычнымі, — ранейшыя лямпы і ліхтары, прасы і самавары, папярэднікі міксераў і блэндараў і г.д.
Пацвярджэннем пастаяннай сур’ёзнай работы цэнтра стала тое, што нядаўна ён быў прызнаны лепшым у краіне. Ды і ў Міжнародным конкурсе школьных праектаў па энергаэфектыўнасці “Энергія і асяроддзе пражывання” ў намінацыі “Лепшы праект практычных мерапрыемстваў па энергазберажэнні сярод навучэнцаў устаноў адукацыі” вучаніца тады яшчэ 10 класа (цяпер 11-га) Ірына Салаўёва была ўзнагароджана дыпломам І ступені.
Часта дзеці настолькі ўваходзяць у тэму, што пасля заканчэння школы працягваюць займацца ёй ужо прафесійна. Біёлагі, медыкі, аграномы і іншыя сельгаспрафесіі выбіраюць выпускнікі ў першую чаргу. 80 працэнтаў спецыялістаў у пасялковай гаспадарцы — выпускнікі школы: аграномы, эканамісты, бухгалтары, ветурачы, інжынеры. Вячаслаў Бярбека будзе паступаць у Гомельскі абласны ліцэй на хіміка-біялагічны факультэт, а ў будучыні марыць стаць урачом.
“Не важна, якую выбераш прафесію, карысныя навыкі застануцца з табой: не задумваючыся, аўтаматычна сартуеш смецце, эканоміш электраэнергію, кампастуеш арганіку, адмаўляешся ад “хіміі” і ад усяго таго, што наносіць шкоду экалогіі, — гаворыць дзевяцікласнік Вячаслаў Бярбека. — Калі ты звязаны з экалогіяй у школе, гэта ўжо становіцца стылем жыцця”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.