Сапраўднае свята чакала самых актыўных акцябрат і піянераў 7 красавіка — у Сусветны дзень здароўя. Больш за 400 хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх абласцей краіны з’ехаліся ў Гомель, каб прыняць удзел у рэспубліканскім спартыўна-патрыятычным марафоне “Будзь здаровы!”, фінал якога праходзіў у горадзе над Сожам. Напярэдадні юныя спартсмены вытрымалі спаборніцтвы ў рэгіянальных адборачных турах “Гуляй і выйгравай!” і “Піянерскія іскры”.
Ужо з самай раніцы ў Гомельскім абласным цэнтры алімпійскага рэзерву па гульнявых відах спорту было шумна і мнагалюдна: адна за другой прыбывалі каманды, удзельнікі пераапраналіся і спяшаліся ў спартыўныя залы, каб крышачку патрэніравацца. Наперадзе іх чакалі гарачыя спаборніцтвы на дзвюх пляцоўках: у конкурсе каманд падтрымкі і турніры па піянерболе.
За паўгадзіны да ўрачыстага адкрыцця спартыўнага свята прайшоў брыфінг са сродкамі масавай інфармацыі, на якім арганізатары — старшыня Цэнтральнага савета БРПА Вікторыя Мяннанава і генеральны сакратар Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь Анатоль Котаў — расказалі аб супрацоўніцтве і адказалі на пытанні журналістаў. Удзел у брыфінгу прымалі таксама юныя журналісты — піянеры Савецкага раёна Гомеля, якія назіралі за спарборніцтвамі і асвятлялі падзеі, выкладваючы блокі навін у сацыяльныя сеткі. Каб справіцца з задачай, юныя журналісты прайшлі навучанне і наведалі рэдакцыі мясцовых газет і тэлебачання.
— Нашы алімпійскія зоркі загараюцца з маленькіх зорачак, — сказаў Анатоль Котаў. — Так, Алімпійскія гульні — гэта старт для дарослых спартсменаў, але мы павінны закладваць цікавасць да здаровага ладу жыцця з самага ранняга ўзросту.
Ва ўрачыстым адкрыцці марафону прынялі ўдзел прадстаўнікі мясцовых органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў, а таксама вядомыя спартсмены.
— Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя падпісала пагадненне з Нацыянальным алімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь, у аснове якога ляжыць фарміраванне ў навучэнцаў здаровага ладу жыцця, — адзначыла падчас адкрыцця марафону Вікторыя Мяннанава. — Разам мы праводзім нямала сумесных мерапрыемстваў. Што тычыцца сённяшняга марафону, у ім аб’яднаны два важныя для піянерыі спартыўныя праекты: конкурс каманд падтрымкі і турнір па піянерболе.
У гэтым годзе абавязковай умовай для ўдзелу ў конкурсе каманд падтрымкі стала наяўнасць патрыятычнай праграмы, а таму галоўны арыенцір юных чырлідараў і іх кіраўнікоў быў на нацыянальную культуру беларускага народа. На працягу некалькіх гадзін яны здзіўлялі гледачоў і журы сваім майстэр-ствам. Варта адзначыць, што ў судзейскую калегію марафону ўвайшлі толькі прафесіяналы: прадстаўнікі Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, суддзі міжнароднай катэгорыі Федэрацыі спартыўнага танца Усходняй Еўропы, Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь, майстры спорту па спартыўнай гімнастыцы. Канкурсантам прыйшлося выкласціся на поўную. Ацэньваўся як непасрэдна нумар, так і касцюмы, дэвіз.
Па выніках у конкурсе каманд падтрымкі ў намінацыі “Зорачкі” (спаборніцтвы сярод акцябрат) 1-е месца — у каманды з Мінска, 2-е месца заваявала каманда Гомельскай вобласці, а на 3-м — каманда з Магілёўскай вобласці. У намінацыі “Іскрынкі” (спаборніцтвы сярод піянераў) 1-е месца таксама ў мінчан, 2-е і 3-е — у каманд Гродзенскай і Магілёўскай абласцей.
З азартам праходзіў і турнір па піянерболе на прызы газеты “Переходный возраст”. Любімая многімі пакаленнямі папулярная піянерская спартыўная гульня з мячом цікавая і сучаснай моладзі. На пляцоўцы з самага пачатку было горача, і з кожным разам градус нарастаў. Напрыканцы, калі перамогу разыгрывалі паміж сабой каманды Мінскай і Гомельскай абласцей, балельшчыкі не толькі выкрыквалі падбадзёрлівыя словы гульцам, але ў хваляванні загіналі пальцы і тупалі нагамі. З невялікім адрывам — 27:25 — лепшай у турніры па піянерболе стала каманда з Мінскай вобласці, Гомельшчына — на 2-м месцы, а “бронзу” забралі гульцы з Гродзенскай вобласці.
Пасля спартыўных спаборніцтваў юных спартсменаў чакала культурна-адукацыйная праграма “Гомель гістарычны”, хлопчыкі і дзяўчынкі наведалі Гомельскі абласны музей ваеннай славы і Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.