Прывітанне з фронту

Даўно пажаўцелыя, апаленыя вайной і часам, але такія дарагія роднаму сэрцу некалькі радкоў з фронту, старанна складзеныя ў трохвугольнік, можна сустрэць яшчэ ў многіх дамах. Франтавыя лісты, дзённікі, вершы, малюнкі з вайны захоўваюць як рэліквію, як памяць, як боль аб родным чалавеку, які змагаўся на франтах Вялікай Айчыннай. Дакрануцца да трагічнага, але гераічнага мінулага сёння спрабуюць і дзеці. Даследаванні, удзел у адпаведных конкурсах і мерапрыемствах робіць іх крыху бліжэй да гісторыі жыцця прадзедаў, гісторыі, якую можна адчуць сэрцам ужо толькі па франтавых радках.

Трохвугольнае, доўгачаканае…

Конкурсаў, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне, сёння вельмі многа. Акрамя таго, ветэраны сустракаюцца з дзецьмі, праводзяць урокі мужнасці, а школьнікі ў сваю чаргу лістамі-трохвугольнікамі віншуюць з Днём Перамогі ветэранаў. Здаецца, гэта прыемныя традыцыі. Аднак як дакрануцца да сэрца маленькіх, як зрабіць так, каб яны хоць на хвіліну адчулі сябе на месцы юных салдат? Цікавы літаратурны конкурс па напісанні лістоў-трохвугольнікаў “Франтавыя лісты” правёў напярэдадні Дня Перамогі Цэнтр тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска “Зорка”. Ідэя сапраўды захапляльная: школьнікам прапанавалі вярнуцца больш чым на 70 гадоў назад, уявіць сябе салдатамі Чырвонай Арміі, адчуць, што такое вайна, і напісаць ліст ад імя ўдзельніка ваенных падзей сваім родным і блізкім.

— Пісаць лісты для нашых выхаванцаў — справа ўжо традыцыйная. Звычайна мы пішам іх ветэранам, афармляем як віншавальныя паштоўкі, да таго ж пішам невялікія лісты на тэму “Што я ведаю аб вайне”. А сёлета вырашылі пайсці ў іншым напрамку — аб’явілі ўнутраны конкурс сярод наведвальнікаў аб’яднанняў па інтарэсах, ідэя якога спела ўжо даўно, — расказвае метадыст аддзела метадычнай і інфармацыйна-аналітычнай дзейнасці куратар конкурсу Галіна Мікалаеўна Якшук.

Па словах Галіны Мікалаеўны, кіраўніка краязнаўчага аб’яднання па інтарэсах “Вытокі”, перш чым удзельнічаць у конкурсе, дзеці глядзелі мастацкія фільмы і відэаролікі пра франтавыя лісты, мацалі, чыталі і разглядалі ваенныя лісты ў музеі цэнтра, вучыліся правільна складваць трохвугольнікі — словам, павінны былі прасякнуцца гэтым перыядам як мага лепш. А калі прыйшоў час пісаць, Галіна Мікалаеўна для поўнай гістарычнасці прынесла школьнікам аркушы сапраўднай ваеннай паперы са сшытка сваёй маці.

— Калі дзецям расказваеш пра вайну, усе ўяўляюць сябе на полі бою — у партызанскім атрадзе, танкістам, лётчыкам, медыцынскім работнікам, уяўляюць, як бы яны ваявалі з немцамі. Мы ім прадаставілі такую магчымасць — выбраць, кім быць на вайне, ці ўявіць, што проста знаходзішся ў акупаваным горадзе, і напісаць блізкаму чалавеку ліст, або, наадварот, уявіць, што чакаеш ліст з фронту. Ты не ведаеш, дзе родныя людзі — твой сын ці дачка, муж, бацькі… Трэба сказаць, што гэта ў дзяцей атрымалася выдатна. Асабліва кранальна для іх было пісаць на аркушах паперы, якія перажылі вайну. Вы не ўяўляеце, як яны стараліся, аж рукі трэсліся! Да таго ж трэба было пісаць чорным алоўкам, як часта рабілі салдаты. Я ім расказвала, як беражліва яны захоўвалі ў гімнасцёрцы маленькія агрызкі алоўка. Трэба сказаць, дзеці поўнасцю ўвайшлі ў вобраз!
Трохвугольнікі складваліся звычайна з двайнога аркуша паперы, вырванага з сярэдзіны сшытка. Канверт-трохвугольнік спачатку загіналі справа налева, потым злева направа. Палоска паперы, якая заставалася, устаўлялася ўнутр трохвугольніка (як правільна скласці трохвугольнік, бачна на фота). Такія трохвугольнікі салдатам зручна было захоўваць у гімнасцёрцы, а ваеннай цэнзуры — разгортваць. Яны былі без марак, з пячаткай палявой пошты, адрас пісаўся на знешнім баку аркуша. Удзельнікі конкурсу “Франтавыя лісты” таксама павінны былі правільна напісаць адрас і скласці аркуш паперы, бо тэхніка складання ацэньвалася членамі журы не менш, чым змест напісанага і правільнае афармленне.

Дарэчы, журы выбрала трох пераможцаў, узнагароды якім уручыў старшыня ветэранскай арганізацыі Фрунзенскага раёна Мінска Мікалай Рыгоравіч Гушэль. Трэцім у конкурсе стаў выхаванец краязнаўчага гуртка “Вытокі” Анатоль Шарапаў, другое месца заняў ліст Марыі Астапенка, таксама з гуртка “Вытокі”.
А вось, дарэчы, і ліст-пераможца. Яго аўтар — 10-гадовая Кацярына Скачок, якая займаецца ў гуртку сучаснага танца А.M.D:
“Привет, мои дорогие! Пишу вам с линии фронта. У меня всё хорошо, я жива и здорова. Повсюду стреляют. Простите, долго писать не могу, надо спасать наших ребят. Надеюсь, это всё скоро закончится, верю, что мы встретимся. Жду от вас хороших новостей. Ваша боевая сестра Катя”.
Сапраўды, франтавыя лісты былі такімі — простымі, шчырымі і кароткімі. Франтавікі пісалі іх у хвіліны зацішша паміж баямі, расказваючы блізкім аб сваім жыцці — аб болі і радасці, каханні і нянавісці, аб горы і шчасці, проста аб франтавым побыце. Лісты з фронту былі падобныя адзін да аднаго, аднак кожны з іх — асаблівы, доўгачаканы і непаўторны. Людзі верылі ў перамогу, у сваіх родных, у сілу народа, таму ў асноўным франтавыя лісты былі вельмі цёплымі і напоўненымі аптымізмам. Аднак часта бывала, што пасля толькі што атрыманай пахаванкі прыходзіў трохвугольнік, у якім салдат яшчэ жывы і здаровы — такое вось запозненае прывітанне з фронту. Напэўна, гэта было складаней за ўсё, бо хацелася верыць, што пахаванка прыйшла памылкова, а гэты ліст — ён жа сапраўдны, з такім родным почыркам!

“Чатыры радкі з 43-га”

Зусім нядаўна, напрыканцы красавіка, пераможцы рэспубліканскіх конкурсаў і акцый прынялі ўдзел ва Усерасійскім конкурсе даследчых краязнаўчых работ “Айчына”, які прайшоў у Маскве. Вярнуліся, трэба сказаць, не з адной узнагародай. Даследчыя работы беларускіх школьнікаў былі высока адзначаны членамі журы. Адной з такіх работ-пераможцаў стала даследаванне навучэнца 11 класа гімназіі № 25 Генадзя Павіча “Чатыры радкі з 43-га”, які атрымаў дыплом ІІІ ступені ў намінацыі “Літаратурнае краязнаўства”.
— У нашай гімназіі ёсць краязнаўчы музей “Невычэрпная крыніца гісторыі”, дзе я з’яўляюсяэкскурсаводам на кірунку “Патрыёты Бацькаўшчыны”. Аднойчы настаўніца матэматыкі Тамара Аляксандраўна Кажэра прынесла ў музей стары сшытак. Гэты сшытак яна знайшла ў асабістых рэчах свайго бацькі, таленавітага краязнаўца і журналіста Алеся Жалкоўскага. Аказалася, што пры жыцці ён працаваў над праектам пра невядомага салдата-пісьменніка Пятра Калбыку, якому і належаў гэты сшытак. Там было шмат вершаў на беларускай і польскай мове, у сшытак укладзены старыя лісты, якія прыйшлі Пятру. 18-гадовы юнак таксама пісаў лісты сваёй сям’і, часцей за ўсё маці. У іх паведамлялася пра цяжкія баі, звесткі з фронту. Але Пётр ніколі не пісаў панурых лістоў, ён заўсёды падтрымліваў маці, пісаў, што ўсё будзе добра, што ён вернецца дадому жывы і здаровы, — адзначае адзінаццацікласнік.
Генадзь высветліў, што ў гады фашысцкай акупацыі Пётр Калбыка вучыўся ў Шчучынскай настаўніцкай семінарыі і ўжо ў той час пачаў пісаць вершы. Пётр трымаў з партызанамі цесную сувязь, а потым папрасіўся да іх у атрад. Уступіў у дыверсійную групу капітана Таранава, дзе знаходзіўся да прыходу Чырвонай Арміі. Малады паэт заўсёды ўдзельнічаў у самых цяжкіх аперацыях, а ў кароткія часы адпачынку любіў спяваць песні, чытаў сябрам свае вершы. Летам 1944 года ён быў ужо ў радах Савецкай Арміі, з ёй прайшоў Усходнюю Прусію, вызваляў Польшчу. Мара стаць настаўнікам, на жаль, не спраўдзілася — Пётр Калбыка атрымаў цяжкае раненне і памёр у шпіталі ў лютым 1945 года, зусім крыху недачакаўшыся Вялікай Перамогі. Так ён і не даведаўся, што прадстаўлены да медаля “За адвагу”. У кішэні яго гімнасцёркі знайшлі дакументы, лісты і вершы, напісаныя на беларускай мове.

— Дзякуючы гэтым лістам, звесткам, пра якія згадваў Алесь Жалкоўскі ў сваім праекце, фотаздымкам, знойдзеным у сшытку, і, зразумела, вершам, якія захаваліся, я і напісаў гэтую работу, — расказвае Генадзь Павіч. — Пятру Калбыку ў гэтым годзе ўжо б споўнілася 90 гадоў. Але мёртвыя не сталеюць, таму для мяне ён мой аднагодак, які, магчыма, мог бы быць маім сябрам.

Падчас даследавання школьніку давялося выявіць шмат новых фактаў аб жыцці Пятра Калбыкі, а вынікі работы былі выкарыстаны на ўроках гісторыі, беларускай літаратуры і на факультатыўных занятках, а ў музеі гімназіі створана экспазіцыя “Загубленыя ў полымі саракавых”.

Пра асабістае. З гонарам

Шчыра кажучы, у маёй сям’і таксама ёсць падобная рэліквія. Аднойчы, праглядаючы татавы кніжкі, я знайшла карычневы сшытак. Бацька старанна захоўваў яго, а пакуль мы з братам былі маленькія, хаваў ад дзіцячых вачэй. Гэта быў дзедаў сшытак, у якім на патрапаных аркушах чарнільнай ручкай былі напісаны вершы і адно няскончанае апавяданне пра вайну. Аказваецца, дзед умеў пісаць, ды так захапляльна і цікава! Усё гэта складалася ім і ў ваенныя часы, і адразу пасля вайны.
Мой дзядуля памёр, калі я вучылася ў 3 класе. На той момант я толькі ведала, што ён быў паважаным урачом у нашым горадзе. Тое, што ўдзельнічаў у вайне, было зразумела само сабой. Памятаю, як дзед Коля расказваў пра асколкі, якія “гуляюць” у яго назе. Адкуль яны там з’явіліся, не ўдакладняў, толькі ўсміхаўся: “Бандыцкая куля!” І толькі калі я знайшла гэты сшытак, бацька расказаў мне, што дзед быў прызваны на фронт падчас вучобы ў медуніверсітэце, а на вайне быў лётчыкам, служыў у штурмавой авіяцыйнай Чырванасцяжнай дывізіі 1-га Беларускага фронту.

Ён зрабіў шмат баявых вылетаў, у тым ліку ў прарыве абароны праціўніка і прарыве на Берлін, удзельнічаў у паветраных баях і адбіў шмат атак знішчальнікаў праціўніка. У апошнім баі, у красавіку 45-га яго самалёт быў збіты, а дзядуля цяжка паранены, але жывы! Ён змог пасадзіць падбіты Іл-2, не выпускаючы шасі, літаральна на “пуза”. У маі 45-га, мой дзед, Мікалай Цярэнцьевіч Гурскі, атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі. Тое, што я ім ганаруся, думаю, ужо зразумела. Але ці ведала б я гэта, не патрымаўшы ў руках яго дзённік з вершамі і апавяданнямі, ці адчула б тую атмасферу, у якой пісаў дзед, не пагартаўшы пажаўцелыя старонкі?!

Ёсць справы, якія можна назваць святымі — гэта памяць і гонар. Гонар за тое, што выстаялі, за тое, што перамаглі, за тое, што сёння жывём. А ваенныя лісты, пажаўцелыя франтавыя дзённікі, малюнкі, фотаздымкі, ды і ўвогуле любыя прывітанні з фронту заўсёды будуць важнай гістарычнай крыніцай. Крыніцай нашай памяці.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.