Пагосцкі дзіцячы сад — базавая школа лічыцца неперспектыўным: тут усяго толькі 27 вучняў і 13 настаўнікаў. Але гэта не перашкаджае ўстанове быць базавай па экалагічным выхаванні ў Вілейскім раёне, рэсурсным цэнтрам па экалагічнай адукацыі, надзейным партнёрам грамадскіх арганізацый “Ахова птушак Бацькаўшчыны”, “Грынпіс”, паспяхова ўдзельнічаць у рэспубліканскіх і міжнародных экалагічных праектах. А апошнія тры гады школьнікі вучацца ад сваёй экалагічнай дзейнасці атрымліваць не толькі задавальненне, але і фінансавую ўзнагароду, арганізаваўшы школьную бізнес-кампанію “Парастак”.
Навучэнцы 7—9 класаў з’яўляюцца членамі школьнага лясніцтва. Яны дапамагаюць работнікам лясніцтва на лесапасадках, даглядаюць лес, з’яўляюцца ініцыятарамі акцый “Выратуем бярозу”, “Жыві, крыніца!”, “Выратаванне жаб і малькоў” і інш. Вучні прымаюць удзел у сумесным праекце Еўрапейскага Саюза і ПРААН “Павышэнне экалагічнай інфармаванасці моладзі праз заснаванне і развіццё зялёных школ у Беларусі”, у Міжнароднай адукацыйнай праграме для школьнікаў SPARE, удзельнічаюць у праекце “Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз асвету грамадскасці і спецыялістаў”, у рамках праекта прымаюць удзел у міжнародных праграмах “Назіранне за рэкамі”, “Калодзеж без нітратаў”, “Спынім фосфар”. Ва ўстанове адукацыі праводзіцца шэраг мерапрыемстваў, акцый, дэсантаў экалагічнай накіраванасці. Каб лепш разумець законы прыроды, у прыбярэжнай зоне ракі Віліі і ў лесе ў 1996 годзе стварылі экалагічную сцежку працягласцю 5 кіламетраў. Яна дапамагае дзецям ажыццяўляць навукова-даследчую дзейнасць, дае паглыбленыя веды па экалогіі, ахове прыроды.
Практычныя навыкі навучэнцы адпрацоўваюць на вучэбна-доследным участку, які падзелены на аддзелы: аддзел дашкалят, пачатковых класаў, гадавальнік, парнік, калекцыйныя участкі агароднінных, палявых, кветкава-дэкаратыўных, рэзкаводарных і лекавых раслін.
Попыт выклікае прапанаванне
Галоўная гордасць школьнікаў — іх агарод. Менавіта ён стаў тэрыторыяй для вядзення школьнага бізнесу. Тут дзеці вырошчваюць расаду кветкавых культур, агародніны, саджанцаў дэкаратыўных і пакаёвых раслін на продаж.
Касцяк кампаніі — усе 9-класнікі: менеджар вытворчасці Яўген Баброў, менеджар па продажы Дзмітрый Вяль, фінансавы менеджар Караліна Крупская, менеджар па рэкламе Настасся Ляшковіч. У верасні яны пяройдуць у 10 клас агульнаадукацыйнай школы, што ў суседнім Далгінаве, а іх пасады зоймуць тры цяперашнія васьмікласнікі, якія цэлы год былі іх памочнікамі.
“Зялёны” бізнес у вёсцы — справа рызыкоўная. Галоўная рызыка ў тым, што ў кожнага жыхара ёсць агарод, таму школьная агародніна можа быць незапатрабаванай. У сувязі з гэтым школьнікі зрабілі стаўку на вырошчванне расады самых папулярных культур — таматаў, перцаў, капусты, а з гэтага года і баклажанаў. На іх вырошчванне расады далёка не кожны знаходзіць час і жаданне — прасцей купіць на рынку. А цяпер нават і на кірмаш ехаць не трэба — расаду можна купіць у школе. Ды і цэны тут ніжэйшыя. Іх устанаўлівае Караліна Крупская: “У пік попыту — у пачатку мая — прадаём крыху па ніжэйшай цане, чым на рынку, калі попыт спадае — спадае і цана, але мы не павінны выходзіць за рэнтабельны кошт. Сёлета першая расада прадавалася па 3—5 тысяч за каліва ў залежнасці ад сорту (на рынку была цана 5—7 тысяч за каліва). Апошнія ўжо былі па 1 тысячы, — прыадкрывае сакрэты сваёй справы фінансавы менеджар.
Асартымент, колькасць і любімыя сарты агароднікі з усёй вёскі заказваюць у школьных бізнесменаў яшчэ зімой. У ранг пастаянных кліентаў пераходзяць і дачнікі, да якіх дзеці ходзяць са стосам фотаздымкаў агародніны і кветак, каб прарэкламаваць сваю прадукцыю. Акрамя насельніцтва, заяўкі падаюць суседнія школы, сельскі савет, магазін, пошта. Пастаянным пакупніком з’яўляецца і раённы аддзел адукацыі, спорту і турызму.
“Нават я купляю таматы і перцы ў нашых дзяцей, — гаворыць дырэктар школы Іна Аляксандраўна Кабановіч. — І справа не толькі ў жаданні падтрымаць бізнес-кампанію. Каб такую расаду вырасціць, патрэбны ўменні і шмат часу, якога ў мяне часта не хапае”.
“Мы вырошчваем расаду некалькіх сартоў таматаў, але традыцыйна попытам карыстаюцца раннія і нізкарослыя — яны даюць добры ўраджай, прычым без цяпліц. Для цяпліц мы вырошчваем толькі баклажаны, — гаворыць Караліна Крупская. — Калі расада правільна вырашчана, каранастая, не выцягнутая, шмат яе садзіць не трэба, інакш можна і не выкарыстаць потым увесь ураджай. Сёлета мы рэалізавалі больш як 500 каліваў памідораў і столькі ж капусты, перцаў і баклажанаў — крыху менш. А кветак у нас заказваюць яшчэ больш. Мы загадзя ведаем, якія кветкі хто купіць. Напрыклад, пошта, тэрыторыя якой знаходзіцца ў паўцені, у штаце толькі адзін супрацоўнік, набывае самыя непатрабавальныя — аксаміткі. Супрацоўнікі магазіна звычайна высаджваюць шматгадовыя кветкі. Для клумбаў каля будынка сельскага савета і для вуліц вёскі падыходзяць міксбордары, якія цвітуць з вясны і да замаразкаў. Традыцыйна попытам карыстаюцца сальвініі, цыніі, аксаміткі, аднагадовыя вяргіні, агератум, астры. Мы можам пахваліцца сотнямі відаў пакаёвых раслін — нам ужо і кабінетаў у школе не хапае, каб іх размясціць. Тым больш што ў якасці падзякі многія людзі часта даюць нам чаранкі ці насенне новых кветак. Увесь кветкавы асартымент таксама папулярны ў нашых пакупнікоў”.
Школьнікі рэалізоўваюць і дэкаратыўныя кусты — айву, барбарыс, ядловец. Ёсць і саджанцы дуба — чырвонага і звычайнага. У школе пры падтрымцы “Грынпіс” праходзіла акцыя “Захаваем дубраву”: супрацоўнікі арганізацыі прывезлі ў школу жалуды дубоў, і гадавальнік дубкоў ужо прымае пакупнікоў. У наступным годзе школа плануе пачаць супрацоўніцтва з гадавальнікам Куранецкага лясніцтва, якое забяспечыць бізнес-кампанію насеннем і чаранкамі хваёвых. Школьнікі будуць іх размнажаць і рэалізоўваць. Месца для закладкі гадавальніка хваёвых ужо падрыхтавана.
Экафарбы школьнага лагера
Дзеці рэалізоўваюць не толькі расаду, але і агародніну, вырашчаную на ўчастку. Клапоцяцца пра гэта школьнікі і іх настаўнікі. У чэрвені амаль усе (!) школьнікі наведваюць прышкольны лагер. Яны паліваюць і полюць капусту, моркву, буракі, фасолю, агуркі, кабачкі, перцы. На школьным агародзе не вырошчваюцца, бадай, толькі таматы і баклажаны.
“Таматы часта пашкоджваюцца фітафтарозам, а баклажаны вельмі любяць каларадскія жукі, і, каб абараніць іх ад гэтай напасці, без хімічных прэпаратаў не абысціся. А мы імкнёмся вырошчваць экалагічна чыстую прадукцыю”, — тлумачыць настаўніца біялогіі Ганна Вікенцьеўна Ляшковіч.
“Сёлета на рахунку бізнес-кампаніі чакаецца сума, не меншая за 5,5 мільёна, — гаворыць дырэктар школы. — За гэтыя сродкі мы робім рамонт у школе, набываем посуд, цацкі і г.д. — іншага шляху папаўнення спецрахунку ў нас няма”.
Але, па словах саміх школьнікаў, уменне зарабіць грошы не галоўнае. “Вырошчваючы агародніну для іншых, мы больш адказна падыходзім да справы, стараемся не падвесці ні каманду, ні пакупніка, — гаворыць Караліна. — Тут важна і правільна пасадзіць расліны, і дагледзець іх, угнаіць экалагічна бяспечнай падкормкай, сабраць ураджай. Унясенне ўгнаенняў увогуле цэлая навука. Трэба да дробязей ведаць, якой расліне якое рэчыва і ў якой дазіроўцы неабходна ўнесці, ведаць, як зрабіць так, каб ураджай павялічваўся, а ўтрыманне нітратаў і іншых шкодных рэчываў у ім змяншалася. Усё гэта мы вывучаем і ў летнім лагеры. Прыемна потым гэтымі тонкасцямі і сакрэтамі дзяліцца з дарослымі — сваімі роднымі, суседзямі”.
Камусьці можа здацца, што агародніцтва аднімае шмат часу ў школьнікаў, але, па іх жа словах, калі гэта робіцца гуртам і з задавальненнем, то гэта лічаныя хвіліны ў дзень. Ды і праграма лагера настолькі насычаная, што калі прамарудзіш з лейкай, то рызыкуеш шмат прапусціць.
Большасць мерапрыемстваў экалагера “Рамонак” мае “здаровы” кірунак. Гэта і экалагічныя турніры, “кветкавыя” віктарыны і віктарыны на веданне раслін з Чырвонай кнігі, і гульні, святы, конкурсныя праграмы на тэму здаровага ладу жыцця, бяспечных паводзін на дарогах, правільнага харчавання, а таксама спартыўныя спаборніцтвы, заплывы ў басейне фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Сатурн” у Вілейцы, штодзённыя рухавыя гульні на свежым паветры. Кожны дзень мае сваю накіраванасць: дзень дарожных навук, дзень у руху, дзень навакольнага асяроддзя, дзень сяброў, новых сустрэч, пажарнай бяспекі, падводнага свету, кветак, космасу, казак, мультфільмаў і г.д.
Дзеці на хвілінках здароўя ў гульнявой форме ўспамінаюць пра важнасць рэжыму дня, правільныя суадносіны росту і вагі, даведваюцца, якія лекі растуць на градцы, падарожнічаюць у краіну Вітамінію, вучацца клапаціцца пра вочы, зубы, спазнаюць, якія наступствы могуць мець укусы змей, насякомых і як дапамагчы ў такіх выпадках, вучацца правільнаму дыханню, даведваюцца, як важна мець добры настрой, і вучацца яго ўзнімаць. Шмат увагі ўдзяляецца прафілактыцы і нават ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Напрыклад, у дзень бяспекі на водах работнікі выратавальнай станцыі расказалі пра першую дапамогу пры сонечных апёках, была праведзена спартландыя з элементамі выратавальнага спорту. Конкурсную праграму “Іскру тушым ад пажару, бяду адводзім ад удару”, трэнінг “Бяспека ў быце” ў лагеры правялі ў дзень пажарнай бяспекі работнікі пажарна-аварыйнага выратавальнага паста суседняга аграгарадка Далгінава. Дзеці навучыліся тушыць пажар пажарным ствалом, даведаліся, як сябе паводзіць пры громе і маланцы. Сваё бачанне прафесіі ратавальніка дзеці выказвалі творча — каляровай крэйдай на асфальце, фарбамі, алоўкамі.
Дарога ў прафесію праз… лес і агарод
Што тычыцца прафарыентацыі — адной з галоўных задач школы, то тут яна вельмі выніковая. Хоць дзеці знаёмяцца з самымі рознымі прафесіямі, выбіраюць яны найчасцей тыя, што так ці інакш звязаны з кірункам школы. За апошнія 10 гадоў большасць выпускнікоў выбралі прафесіі, асновы якіх атрымалі ў сваёй школе. Сярод іх — эколагі, настаўнікі біялогіі, хіміі, урачы, медыцынскія сёстры, ветэрынары, фармацэўты, агароднікі, ратавальнікі. Сёлета біялогія і экалогія таксама будуць неабходны для ўсіх выпускнікоў. Так, Караліна будзе паступаць у медыцынскі ўніверсітэт, Насця плануе звязаць жыццё з аховай прыроды, Яўген будзе паступаць у Полацкі дзяржаўны лясны каледж, які рыхтуе тэхнікаў лясной гаспадаркі, а Дзмітрый марыць займацца апрацоўкай драўніны.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва школы.