Германія адной з першых прапанавала сваю дапамогу пацярпеламу ад катастрофы на ЧАЭС беларускаму народу. У гэтай краіне склалася шырокая сетка арганізацый, фондаў, ініцыятыў, якія ажыццяўляюць гуманітарнае супрацоўніцтва з Беларуссю. Адна з актыўных — дабрачынная арганізацыя “Бланкенбург дапамагае Чарнобылю”. Заснаваная ў 1993 годзе, арганізацыя вядзе актыўную шматгадовую дзейнасць па аздараўленні беларускіх дзяцей, знаёміць іх з культурнымі традыцыямі і звычаямі Германіі.
Займаюцца дабрачыннасцю добрасардэчныя людзі, якія з радасцю дзеляцца сваім часам і клопатам. Простыя нямецкія грамадзяне штогод запрашаюць беларускіх дзяцей у свае сем’і на канікулы. Некаторыя нават у Беларусі наведваюць “сваіх дзяцей”. За больш чым 20-гадовае супрацоўніцтва ў нямецкім Бланкенбургу і яго ваколіцах адпачыла 510 беларускіх навучэнцаў. Ездзілі і дзеці з мнагадзетных, няпоўных і апякунскіх сем’яў. Сёлета на летніх канікулах у Германіі пабывалі 35 дзяцей ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў са Стружскай сярэдняй школы і сярэдняй школы № 3 Рэчыцы Столінскага раёна і 4 выхавальнікі, якія іх суправаджалі. Спадзяюся, расказ аб праведзеным у Германіі часе дазволіць чытачам пазнаёміцца з асаблівасцямі летняга адпачынку нямецкіх сем’яў.
Для пражывання і адпачынку нашых дзяцей былі створаны найлепшыя ўмовы. Беларускія дзеці хутка пасябравалі з нямецкімі равеснікамі. Кожныя выхадныя нямецкія сем’і бавілі час разам з беларусамі ў забаўляльных парках, дзе шмат атракцыёнаў. Таксама нашы хлопчыкі і дзяўчынкі пабывалі ў гімназіі Бланкенбурга, у якой вучацца іх нямецкія сябры. Экскурсію па вучэбных кабінетах правялі самі дзеці. Вельмі цікава прайшлі спартыўныя спаборніцтвы, арганізаваныя нямецкімі дзецьмі. Традыцыйным стала святкаванне дзён нараджэння нашых дзяцей. Для імянінніка нямецкія сем’і наладжвалі маляўнічыя забаўляльныя святы з пачастункамі і з запрашэннем сяброў. Вялікую дапамогу ў адносінах аказвала перакладчыца Ніна Усцінаўна Тарчыла. Дзякуючы ёй, хутчэй наладзілася ўзаемаразуменне нашых выхавальнікаў у адносінах з кожнай нямецкай сям’ёй.
Дзеці жылі ў мястэчку Гарц. Клімат у Германіі мяккі, і акліматызацыя прайшла лёгка. Старажытны Гарц — вароты ў нямецкую казку. У сэрцы Германіі размясціўся маляўнічы і чароўны рэгіён, горны масіў. Прагулкі па прыгожых старажытных вулачках Гарца ствараюць незабыўную атмасферу дэкарацый казачнага фільма. Найпрыгажэйшая некранутая прырода, багацце ландшафтаў, мноства культурных помнікаў і гістарычных аб’ектаў. Тут можна аздаравіцца целам і душой. Сярод славутасцей Гарца выдзяляюцца старыя шахты, пячоры сталактытаў, вузкакалейная чыгунка для паравозаў, палацы і казачнай прыгажосці замкі. У які б горад мы ні прыехалі, дзесьці ў наваколлі яго абавязкова будзе пячора, пара гістарычных музеяў і замак. У гарадах абавязкова ўбачыш старыя брукаваныя вулачкі, фахверкавыя домікі, пакрытыя дахоўкай, пешаходныя вуліцы і ратушу на галоўнай плошчы.
Кожны дзень быў цікавым, дзеці атрымалі шмат карыснай інфармацыі, станоўчых эмоцый і ўражанняў. Большасць беларускіх навучэнцаў жылі ў Бланкенбургу. Гэта турыстычны гарадок, у якім шмат старажытных драўляных пабудоў, замак у стане рэканструкцыі. Унутры замка захавалася шмат цікавых гістарычных рэчаў і цудоўныя залы. У першы дзень нашага адпачынку адбылася традыцыйная сустрэча з бургамістрам, які пажадаў нам прыемнага адпачынку, уражанняў і безліч станоўчых эмоцый.Некаторыя дзеці жылі ў Вернігорадзе. Прагулка і па гэтым фантастычна незвычайным горадзе была незабыўнай. Вернігорад знаходзіцца пад аховай ЮНЕСКА дзякуючы мноству ўнікальных помнікаў архітэктуры. Менавіта тут у 1978 годзе здымаўся фільм “Той самы Мюнхгаўзен”. У 1770-х гадах сюды прыязджаў Гётэ. Да замка вядзе крутая дарога. Пад’ём па ёй даволі цяжкі, але ён таго варты. Здаецца, што замак узнік з казак пра зачараваных прынцэс і адважных рыцараў, ды і краявіды горада адсюль проста надзвычайныя.
Адным днём нас чакаў пад’ём на гару Брокен — самую высокую кропку Паўночнай Германіі (1142 метры над узроўнем мора). Вельмі часта вяршыню ахутвае туман, за якім праглядваецца толькі яе сілуэт. Гэта і паслужыла крыніцай узнікнення легенд пра ведзьм, якія збіраюцца на гары. Мы дабіраліся на вяршыню на паравозе, які ішоў амаль паўтары гадзіны з некалькімі прыпынкамі. Па гэтай дарозе мы прыехалі на самы высакагорны нямецкі вакзал. Надвор’е было ясным, і мы любаваліся цудоўнымі краявідамі. Гэтую гару апісваў Гётэ ў сваім “Фаўсце”. У музеі дзеці даведаліся аб флоры і фаўне Гарца, паглядзелі экспанаты, чучалы жывёл і птушак.Асабліва запомніўся нашым дзецям час, праведзены ў басейне, а дакладней, у цэлым водным комплексе з рознымі басейнамі і мноствам бяспечных і вясёлых забаў. Для аматараў экстрэмальных забаў былі горкі з водным спускам. Запасы энергіі, патрачаныя ў басейне, дзеці папаўнялі ласункамі, марожаным. Пабываўшы ў пячоры, мы атрымалі ашаламляльныя адчуванні, калі дакраналіся да старажытных камянёў. Пячора была адкрыта ў XVII стагоддзі. У ёй шмат залаў і калідораў. Тут праходзяць тэатральныя паказы, канцэрты і вяселлі. Вельмі зацікавіла дзяцей канатная дарога. Спачатку мы з апаскай пераадольвалі цяжкасці, перашкоды, але цікавасць і настойлівасць дапамаглі адчуць сябе моцнымі і смелымі.
Спецыяльныя дні былі прысвечаны адпачынку на прыродзе. Асабліва дзецям запомнілася наведванне заапаркаў. Для звяроў тут створаны камфортныя зоны пражывання, а для людзей — зручны агляд, які дазваляе падрабязна азнаёміцца з ладам жыцця жывёл. Мы ўбачылі велізарную колькасць звяроў і птушак. Па тэрыторыі заапарка вольна гуляюць малпы. Кожнае дзіця магло патрымаць папугая.
У Дэрэнбургу дзецям паказалі працэс ручнога вырабу шкляных рэчаў. Кожны выраб — гэта сапраўдны твор мастацтва, які зачароўвае тонкімі лініямі і арыгінальным дэкорам. Падчас экскурсіі па адной з залаў фабрыкі ў нас было адчуванне, што мы трапілі ў навагоднюю казку. Нас сустракала незлічоная колькасць навагодніх цацак, шароў, ёлачак незвычайнай прыгажосці.Запомнілася паездка ў Берлін. Сталіца сустрэла цёплым надвор’ем. Дзеці былі ў захапленні ад наведвання аквадома. Такой прыгажосці нам яшчэ нідзе не даводзілася сустракаць. Цыліндрычны акварыум проста шакіраваў сваім велізарным памерам. А жыхарамі акварыума мы любаваліся, падымаючыся ўнутры яго на ліфце. Пабывалі каля Брандэнбургскіх варот, паглядзелі на сталіцу Германіі з Берлінскай тэлевежы. Усяго за 40 секунд ліфт падняў нас на вышыню 203 метры. Пры добрым надвор’і бачнасць адтуль складае 80 кіламетраў. Атрымалася вельмі прыгожая і пазнавальная паездка. Даведацца пра старадаўнія звычаі і культурныя традыцыі нямецкага народа дапамагло наведванне музея старажытных рэчаў. Прагулка на катары таксама была незабыўнай. На практыцы дзецям паказалі работу службы ратавання — паліцыі, пажарных і хуткай дапамогі.
У апошні дзень знаходжання беларускай дэлегацыі на нямецкай зямлі мы традыцыйна адзначылі вечарыну развітання беларускімі песнямі і танцамі. Незабыўная атмасфера панавала на гэтай вечарыне. Шкада было развітвацца. Аб праведзеным часе дзецям будуць нагадваць фотаздымкі, відэа і сувеніры. Бесклапотныя і радасныя канікулы чатырохдзённага знаходжання ў Германіі садзейнічалі псіхічнаму і фізічнаму адпачынку дзяцей, гэтыя дні пакінулі вельмі цёплыя і яркія ўражанні. Нашы дзеці добра адпачылі, знайшлі сяброў і атрымалі цэлы веер успамінаў аб незабыўных экскурсіях па маляўнічых і гістарычных мясцінах нямецкай зямлі. Беларускія дзеці і іх бацькі дзякуюць тым, хто арганізаваў паездку ў Германію, выхавальнікам, якія суправаджалі дзяцей, а таксама ўдзельнікам і спонсарам дабрачыннай арганізацыі “Бланкенбург дапамагае Чарнобылю” і ўсім неабыякавым нямецкім сем’ям, якія адкрываюць нам свае сэрцы, адкрываюць для нас цудоўную Германію, яе звычаі і традыцыі.
Валянціна НІКОНЧЫК,
педагог сярэдняй школы № 3 Рэчыцы Столінскага раёна.