Суботнія стАРТы

Тыдзень устаноў дадатковай адукацыі для Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі выдаўся асабліва гарачым. Штодзень цэнтр ператвараўся ў тэматычную творчую пляцоўку, дзе кожнае аб’яднанне па інтарэсах дэманстравала здольнасці і дасягненні сваіх выхаванцаў. Гурткі напоўніліся новымі дзецьмі, гатовымі ўдыхаць творчае паветра, захапляцца свежымі ідэямі і цікавымі праектамі. Вядома, што жыццё ў цэнтры не спыняецца і ў суботні дзень, бо працягваюць работу аб’яднанні па інтарэсах. Але асаблівым гэты дзень тут лічыцца яшчэ і дзякуючы адукацыйна-творчаму праекту “Суботні дзень у цэнтры”, які паспяхова рэалізоўваецца тут некалькі гадоў запар і ўжо сваім дэвізам запрашае да дзеяння: “Не хадзіце па дварах, прыходзьце ў госці да нас!” Што ж, у госці дык у госці…

Запрашаюцца ўсе!

Як арганізаваць вольны час дзяцей, прывабіць іх да сумеснай дзейнасці і проста весела адпачыць у свабодны ад вучобы дзень, у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці ведаюць не па чутках. Што самае цікавае: каб стаць удзельнікам “Суботняга дня ў цэнтры”, неабавязкова быць яго выхаванцам, бо да ўдзелу ў праекце запрашаюцца ўсе ўстановы адукацыі сталіцы і Мінскай вобласці. Дзеці разам са сваімі настаўнікамі могуць наведаць шэраг мерапрыемстваў, спецыяльна падрыхтаваных цэнтрам у рамках шостага школьнага дня.

“У рэалізацыі гэтага праекта мы задзейнічалі адразу некалькі аддзелаў цэнтра: аддзел мастацкай творчасці рыхтуе канцэртныя праграмы і спектаклі, аддзел культурна-адпачынкавых праграм адказвае за тэматычныя гульні, а сектар выставачнай работы аддзела прапаноўвае выставы і інтэрактыўныя экскурсіі. Зразумела, у праекце задзейнічаны ўсе нашы лепшыя дзіцячыя і маладзёжныя творчыя калектывы. Дарэчы, 17 калектываў цэнтра носяць званні “ўзорны”, “народны” і “заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь”, — расказвае намеснік дырэктара цэнтра Кацярына Анатольеўна Кузьменка.

Займацца ў шосты школьны дзень у рамках праекта ўстановам адукацыі прапаноўваецца комплексна, наведваючы мерапрыемствы розных напрамкаў. У сваю чаргу арганізатары праекта крочаць у нагу з часам і актыўна выкарыстоўваюць інтэрактыўныя формы і метады ў рабоце, якія дазваляюць навучэнцам быць не толькі гледачамі, але і актыўнымі ўдзельнікамі гульнявых праграм і конкурсаў.

“Сёння дзякуючы гэтаму праекту можна сказаць, што мы з’яўляемся так званай эксперыментальнай пляцоўкай па перадачы вопыту правядзення культурна-адпачынкавых праграм, шукаем і спрабуем укараніць новыя формы і метады работы з дзецьмі ў сучасных умовах, але і пра традыцыйныя творчыя праграмы таксама не забываем, бо ніхто ніколі не заменіць кнігу, тэатр, жывы танец, жывыя спевы і музыку. Таму, як кажуць, захоўваючы традыцыі, імкнёмся ў будучае”, — усміхаецца Кацярына Анатольеўна.

Тэатральны выхадны

Усе мерапрыемствы, якія прапаноўвае Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці, запланаваны і падрабязна распісаны на паўгода наперад. Гэта зручна для ўстаноў адукацыі, бо так лягчэй абраць тэматычны дзень па душы і пакінуць заяўку на ўдзел. А выбраць, трэба сказаць, ёсць з чаго.

“Аддзел мастацкай творчасці прадстаўляе ў гэтым паўгоддзі тэатральную суботу ў цэнтры. Гэта будуць у асноўным спектаклі і тэатралізаваныя пастаноўкі ўзорнага тэатра юнацкай творчасці, сярод якіх спектакль “Голас вялікага горада” па матывах навел О’Генры, а для маленькіх гледачоў — спектакль “Ружовы банцік” па п’есе К.Сцяпанычавай, а таксама сучасная інтэрпрэтацыя па байках І.А.Крылова “У свеце байкі”. Напярэдадні Новага года ўсіх чакае тэатралізаванае прадстаўленне аб’яднання па інтарэсах “Тэатр” пад назвай “Каляды ў тэатры” і іншыя пастаноўкі. Увогуле, кожны жадаючы можа прыйсці і паглядзець спектакль абсалютна свабодна, згодна з творчым графікам. Але калі ў гэтым паўгоддзі нашы суботы — гэта тэатр, то другая палова года будзе прадстаўлена ўжо харэаграфічнымі святамі і вакальнымі выступленнямі”, — тлумачыць метадыст аддзела мастацкай творчасці Алена Канстанцінаўна Суханава.

Па яе словах, установы адукацыі з вялікай цікавасцю наведваюць мерапрыемствы цэнтра і загадзя браніруюць месцы. А пасля заняткаў на спектаклі, выставы і канцэрты часам прыходзяць разам са сваімі бацькамі і самі навучэнцы цэнтра, якія займаюцца ў іншых калектывах.

Выставы і майстар-класы

Чакае хлопчыкаў і дзяўчынак і наведванне выставачнай залы з цікавай інтэрактыўнай экскурсіяй. Па словах Кацярыны Анатольеўны Кузьменка, выставачны зал ніколі не пустуе, а экспазіцыі ў ім змяняюцца штомесяц. Зразумела, улічваецца і ўзрост дзяцей, таму загадзя плануюцца тэматычныя экскурсіі для розных узростаў. Напрыклад, ужо ў верасні ў цэнтры пройдзе выстава лепшых работ Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “АрхНавацыя-2016”, а разам з ёй — інтэрактыўная экскурсія “Архітэктура Беларусі”. Арганізатары абяцаюць пазнаёміць дзяцей з вядомымі архітэктарамі і лепшымі гістарычнымі і сучаснымі помнікамі архітэктуры Беларусі, пакажуць тэматычны відэафільм, правядуць конкурсы і запросяць да ўдзелу ў віктарыне на інтэрактыўнай дошцы.

“Падчас экскурсій мы стараемся правесці і адпаведны майстар-клас. Калі гэта “Архітэктура Беларусі”, а ў яе аснове ляжыць макетаванне, то дзіця зможа зрабіць і забраць з сабой пэўны макет з паперы. На выставе дэкаратыўна-прыкладной творчасці, напрыклад, можа быць праведзены майстар-клас па саломапляценні, дзе дзяцям раскажуць і пакажуць асноўныя яго віды і прыёмы. Такім чынам, на выхадзе кожнае дзіця атрымае невялічкі сувенір, зроблены сваімі рукамі. Гэта і знаёмства з асновамі дэкаратыўнай творчасці, і своеасаблівая рэклама нашых аб’яднанняў па інтарэсах”, — тлумачыць загадчык аддзела культурна-адпачынкавых праграм Наталля Мікалаеўна Камзалава.

Дарэчы, у першай палове навучальнага года дзяцей чакаюць выстава калектываў выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці Нацыянальнага цэнтра “СтАРТ”, выстава лепшых работ V Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка “Сябруюць дзеці на планеце”, прысвечаная 80-годдзю Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, а разам з ёй — інтэрактыўная экскурсія “Падарожжа па зямным шары”. А які ж снежань у цэнтры без “Каляднай зоркі”?! Сёлета тут плануецца выстава лепшых работ ужо ХХ Рэспубліканскай выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці навучэнцаў. Адразу ж дзецям прапануюць наведаць інтэрактыўную экскурсію “Калядны карагод”.

Гуляць дык гуляць!

Сумаваць у творчую суботу не дазволіць і аддзел культурна-адпачынкавых праграм, які прапаноўвае дзецям разняволіцца і адпачыць. Напрыклад, на пачатку навучальнага года запланавана конкурсна-гульнявая праграма для дзяцей і бацькоў “З намі — у свет гульні і творчасці”, а таксама разнастайныя музычна-забаўляльныя праграмы. Аддзел узаемадзеяння з дзіцячымі і маладзёжнымі грамадскімі аб’яднаннямі і развіцця дзіцячых ініцыятыў у суботні вечар запрашае хлопчыкаў і дзяўчынак на 1/2 фіналу Нацыянальнай мастацкай лігі КВЗ, дзе можна будзе і адпачыць, і пазнаёміцца з лепшымі камандамі.

“У наступным годзе мы плануем падключыць такі кірунак, як інтэлектуальныя гульні. Паколькі чэмпіянаты па інтэлектуальных гульнях маюць таксама пэўную этапнасць, то ў першае паўгоддзе гульні будуць праходзіць на ўзроўні рэгіёнаў, а ў другой палове навучальнага года рэспубліканскія этапы чэмпіянату адбудуцца ў нашым цэнтры ў рамках праекта “Суботні дзень у цэнтры”, — расказвае Наталля Мікалаеўна Камзалава.

Новыя ініцыятывы

Дарэчы, акрамя пералічаных форм работы ў шосты школьны дзень, Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці сёлета адкрывае і два новыя праекты. Першы праект прысвечаны 80-годдзю цэнтра і носіць назву “Цэнтр у сэрцы назаўсёды”.

“Гэты праект уключае ў асноўным канцэртныя праграмы, спектаклі, тэатралізаваныя прадстаўленні, флэш-мобы, якія будуць накіраваны на прапаганду лепшых дасягненняў нашых творчых калектываў. Дарэчы, сярод калектываў ёсць лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў як у харэаграфіі, так і ў вакале. Таксама ў нас займаюцца два вядучыя заслужаныя аматарскія калектывы — ансамбль танца “Белая Русь” і ансамбль песні і танца фальклорнага кірунку “Зорачка”. Зразумела, мы жадаем паказваць тыя дасягненні, якія ў нас ёсць, каб дзеці прыходзілі займацца ў нашых педагогаў. Да таго ж у рамках гэтага праекта мы запланавалі і адкрыты дзіцячы конкурс чытальнікаў “Вяночак”, прысвечаны 125-годдзю са дня нараджэння Максіма Багдановіча”, — паведамляе Наталля Мікалаеўна.

Другая аб’яўленая ініцыятыва, якая будзе ажыццяўляцца ў цэнтры, — адукацыйны праект сумесна з дзіцячым часопісам “Вясёлка”. Асноўная яго мэта — прывабіць дзяцей да беларускай літаратуры, да яе традыцый, а таксама пазнаёміць хлопчыкаў і дзяўчынак з сучаснымі пісьменнікамі. Дарэчы, сустрэчы з імі будуць адбывацца на працягу ўсяго года ў рамках праекта “Суботні дзень у Цэнтры”.

“Сёлета мы аб’явілі Рэспубліканскі завочны конкурс на лепшы літаратурны твор, вынікі якога падвядзём вясной. Мяркуем, што да нашай экспертнай камісіі далучацца беларускія паэты і пісьменнікі, якія дапамогуць дасканала ацаніць гэтыя работы. Лепшыя творы, дасланыя на конкурс, то будуць надрукаваны. Я лічу, што калі ў конкурсе з’явяцца сапраўды цікавыя работы, то гэта будзе яшчэ і магчымасць на раннім этапе знайсці таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, каб у далейшым сарыентаваць іх на больш сур’ёзны падыход у літаратурнай творчасці”, — упэўнена Наталля Мікалаеўна Камзалава.

Як бачыце, праект “Суботні дзень у цэнтры” настолькі шматгранны, што сумаваць жадаючым паўдзельнічаць у ім проста не будзе часу. Хочацца спадзявацца, што такі сур’ёзны падыход да справы дапаможа ўстановам адукацыі карысна спланаваць свой шосты дзень.

Людміла ГУРСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва НЦМТДіМ.