Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці знакаміты сваімі гурткамі па мадэляванні, энергетыцы, радыёэлектроніцы, але асабліва часта апошні час установа згадвалася ў прэсе дзякуючы дасягненням выхаванцаў інавацыйнай лабараторыі робататэхнікі. На міжнародных і рэспубліканскіх спаборніцтвах маладыя наватары не раз займалі прызавыя месцы. Напрыклад, у мінулым годзе яны прывезлі са спаборніцтваў JuniorSkills Hi-Tech у Расіі “золата” і “бронзу”. Лабараторыя існуе толькі два гады, але ўжо стала адзінай у сваім родзе, іншых такіх маштабных інавацыйных пляцовак для школьнікаў у Беларусі пакуль няма.
Робат — рухавік прагрэсу
У гэтым годзе ў лабараторыі робататэхнікі з’явіліся новыя дысцыпліны і падвоіўся штат выкладчыкаў. Выхаванцам РЦІТТ прапанавалі такія новыя напрамкі, як прататыпаванне, прамысловая робататэхніка, нейрапілатаванне, інжынерны дызайн CAD, тэхналогіі беспілотных лятальных апаратаў і інш. Расказаць аб новых дысцыплінах, планах на будучыню і тэхнічнай базе мы папрасілі педагогаў лабараторыі — Алену Пятроўну і Сяргея Генадзьевіча Кулаковых, выкладчыкаў з амаль 20-гадовым стажам.
З усіх гурткоў робататэхніка, па словах Алены Пятроўны, зараз самы папулярны напрамак. Мабыць, таму, што выніковы: выхаванцы робататэхнічнай лабараторыі толькі і паспяваюць, што заваёўваць медалі — іх на паліцах у класе за два гады назбіралася ўжо дзясяткі. Расклад на год шчыльны: у яго, акрамя заняткаў, уваходзяць пастаянныя паездкі на спаборніцтвы ў краіне і за мяжой. “16—18 верасня пройдзе першы беларускі фестываль RoboFest. Для таго, хто стане лепшым у галіне лятальных апаратаў, прадугледжаны прыз — бясплатная паездка на міжнародны RoboFest у Аўстрыю. Потым будуць рэспубліканскія спаборніцтвы. У лістападзе каманда паляціць у Нью-Дэлі на Сусветную алімпіяду робатаў. У мінулым годзе нашы хлопцы ляталі на яе ў Катар. Крыху бліжэй да нас, у Екацярынбургу, адбудзецца Junior Skills, куды мы таксама паедзем. Затым будуць зноў беларускія спаборніцтвы, потым у красавіку — аўстрыйскі RoboFest, а летам паляцім у Японію”, — пералічвае планы робататэхнічнай лабараторыі Алена Пятроўна.
Напрамкаў дзейнасці шмат. Напрыклад, на спартыўнай робататэхніцы дзеці збіраюць робатаў для спаборніцтваў. Гэта “робаты-сумо”, якія пад кіраваннем гаспадароў змагаюцца на сапраўдным рынгу. Прамысловая робататэхніка больш накіравана на вытворчыя патрэбы: выхаванцы збіраюць “робарукі” для зборкі, зваркі, маніпуліравання прадметамі.
“Нейрапілатаванне мы “прывезлі” з Junior Skills у гэтым годзе, запрымецілі там гэтую тэхналогію, — тлумачыць Алена Пятроўна. — На гэтых занятках дзеці праз электроніку імпульсамі мозгу запускаюць беспілотныя лятальныя апараты”.
Прататыпаванне — слова вельмі складанае, але на практыцы гэты кірунак аказваецца прасцейшым за нейрапілатаванне. “На прататыпаванні дзеці распрацоўваюць 3D-мадэлі прадметаў і раздрукоўваюць іх на 3D-прынтары”, — расказвае Сяргей Генадзьевіч, выкладваючы на стол дзіцячыя вырабы: простыя, накшталт вазы або кветкі, і складаныя, напрыклад, чалавечую руку, сабраную з асобных суставаў, і нават сківіцу з устаўнымі зубамі. “Дзеці на прататыпаванні займаюцца ў групах па дзесяць чалавек і спачатку на камп’ютарах асвойваюць праграмную частку мадэлявання (Autodesk, Lego Digital Designer, сістэмы CAD), а затым, намаляваўшы мадэль, выводзяць яе “ў жыццё” на прынтары”, — дадае Алена Пятроўна. Вось і Еве, дзяўчыне-робату ў чалавечы рост, якая ўжо ўмее гаварыць і дэманстраваць эмоцыі з дапамогай мімікі твару, але яшчэ не вельмі падобная на чалавека, хочуць зрабіць “чалавечую” скуру з пластычных матэрыялаў з дапамогай 3D-прынтара.
“Мы стараемся аб’яднаць кірункі, — дадае Сяргей Генадзьевіч. — Кіберспорт, напрыклад, ідзе побач з распрацоўкай камп’ютарных гульняў, праграмаваннем”.
Кіберспорт
Расказаць пра кіберспорт педагогі паклікалі Валянціна Картушова, маладога педагога, які сам яшчэ нядаўна быў вучнем Сяргея Генадзьевіча і ў мінулым гуляў у кіберспартыўнай камандзе. Цяпер ён загадвае гурткамі кіберспорту і гейм-дызайну. “Многія задаюцца пытаннем, што такое кіберспорт, навошта ён патрэбны, як наогул гульні звязаны са спортам, — называе Валянцін адну з галоўных балючых тэм камп’ютарных гульняў. — У мяне на гэта ёсць просты адказ: гэта сучасны аналаг шахмат, толькі з ухілам на хуткасць мыслення, рэакцыю, уменне хутка аналізаваць. Трэніроўкі праводзяцца не на дошцы з фігурамі, а ў папулярных камп’ютарных гульнях: Counter-Strike, Global Offensive, Dota 2, World of Tanks — гэтыя назвы на слыху ў любога падлетка гадоў 14—15”.
Валянцін упэўнены: стэрэатыпы пра тое, што гульні, дзеля якіх школьнікі гатовы праседжваць гадзіны за маніторамі, нясуць адну толькі шкоду, памылковыя: “Кіберспорт дапамагае развіццю тактычнага і стратэгічнага мыслення, умення хутка выбіраць і адпрацоўваць мадэлі паводзін і, зразумела, вучыць працаваць у камандзе і пераадольваць канфлікты, якія ў камандах, якія гуляюць “пяць на пяць”, непазбежныя. Амаль любы спорт прадугледжвае камандную працу, а ў кіберспорце ад зладжанасці каманды залежыць проста ўсё”.
Акрамя гэтага, у гуртку “Кіберспорт” выхаванцы не проста павышаюць навыкі ў любімых “стратэгіях” і “стралялках”, але і праз гульнявую матывацыю вывучаюць асновы гейм-дызайну (пабудовы камп’ютарных гульняў і іх механікі) і праграмавання, што паступова пераходзіць у афармленне гульняў, а значыць, і ў 3D-мадэляванне — у лабараторыі робататэхнікі многія дысцыпліны ўзаемазвязаны паміж сабой.
Важнасць тэхнічнай базы
Лабараторыя робататэхнікі ў РЦІТТ працуе толькі два гады, але ўжо, здаецца, валодае багатай тэхнічнай базай: ноўтбукі на кожным рабочым месцы, праграмнае забеспячэнне, абсталяванне для стварэння робатаў,
3D-прынтар… “Тэхнічная база ў нас зусім не багатая, гэта хутчэй самая сціплая база, якая неабходна для такіх заняткаў”, — дзеліцца Алена Пятроўна. “На вялікіх спаборніцтвах ёсць каманды, у якіх рэсурсаў, можа, у сто разоў больш, чым у нас, — працягвае Сяргей Генадзьевіч. — Ідуць, напрыклад, робаты канкурэнтаў, адзін такі каштуе 9 тысяч еўра, а ўсяго іх там з дзясятак. Калі мы былі на кітайскім турніры, то супраць нас выстаўлялі прафесійную тэхніку, абсталяваную лазернымі дальнамерамі, спецыялізаванымі мікракамп’ютарамі, відэакамерамі. Зараз мы можам плённа вучыць школьнікаў да пятага, шостага класа.
Студэнты з БНТУ і БДУІР прыходзяць у асноўным на прататыпаванне і прамысловую робататэхніку”.
Педагагічны прынцып — сяброўства
“У нас займаецца вельмі шмат дзяцей, — расказвае Алена Пятроўна. — Калі першы год наша лабараторыя пачынала з 40 вучняў, то ў мінулым годзе іх стала ўжо 240. Сёлета штат педагогаў павялічыўся з трох да шасці, але ўсё роўна на кожнага выкладчыка прыпадае прыкладна па сто юнакоў і дзяўчат. Дзецям мы ніколі не адмаўляем, і не мае значэння, ці займаліся яны робататэхнікай раней. Калі ўзнікаюць пытанні перапаўнення груп, то самі шукаем новых выкладчыкаў. Але да нас трапіць на працу складана: нам патрэбны творчыя людзі, з “агнём”, і не патрэбны тыя, хто проста адпрацоўвае свае гадзіны, таму выкладчыкаў адбіраем практычна на конкурснай аснове.
Гэта сапраўды ідэйная праца: у цэнтры мы літаральна з панядзелка па нядзелю. Дзякуючы гэтаму ў фармаце дадатковай адукацыі ў нас складваецца шматбаковае ўзаемадзеянне, працуем у ланцужку “педагог — дзіця — бацькі”. Па сутнасці, мы не зусім педагогі, педагог — гэта ў пэўнай ступені сухое азначэнне. Для сваіх вучняў я хутчэй сябар, настаўнік, натхняльнік. Дзеці актыўна падключаюць да свайго хобі бацькоў, і мы працуем усе разам: пры падрыхтоўцы да спаборніцтваў, напрыклад, бацькі дапамагаюць рабіць дыярамы. Для такой работы, вядома, патрэбна актыўная пазіцыя выкладчыка, пастаянная ўцягнутасць у працэс.
Да таго ж кошт наведвання гурткоў у нас даволі нізкі, а самыя адораныя дзеці займаюцца ў нас і зусім бясплатна. У гэтым годзе па ўзгадненні з цэнтрам выйшла на бясплатнае навучанне Негарэльская школа Дзяржынскага раёна. Іх вучні прыязджалі да нас усё лета і будуць ездзіць па выхадных у вучэбны час. Акрамя таго, ёсць летнік для нашых выхаванцаў, дзе праходзяць зборы па падрыхтоўцы да алімпіяд па робататэхніцы”.
Наватарстваваць педагогам лабараторыі робататэхнікі даводзіцца шмат: беларускіх вучэбных праграм па 3D-мадэляванні і робататэхніцы няма — усё складалі самі, абапіраючыся ў асноўным на вопыт расійскіх калег. Зараз выкладчыкі РЦІТТ пачалі вучыць не толькі дзяцей, але і іншых педагогаў: за вопытам і метадычнымі рэкамендацыямі ў Мінск едуць на семінары выкладчыкі з іншых рэгіёнаў.
Кацярына ЖОРАВА.
Фота з архіва РЦІТТ.