Калі з добрым чалавекам не грэх яшчэ раз павітацца, то пра добрага краязнаўцу (тым больш лаўрэата ІІІ ступені Рэспубліканскага конкурсу “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”) не грэх яшчэ раз напісаць. З кіраўніком аб’яднання па інтарэсах “Пошук” Нараўлянскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Васілём Васільевічам Чайкай у “Настаўніцкай газеты” даўняе сяброўства. Педагог неаднаразова дзяліўся з нашымі чытачамі вынікамі краязнаўчых пошукаў. Неаднаразова і мы пісалі пра даследчыка Нараўляншчыны. А падчас рэдакцыйнага прэс-туру, прымеркаванага да 30-годдзя аварыі на ЧАЭС, мы з калегамі амаль дзве гадзіны слухалі захапляльны аповед Васіля Васільевіча пра мінулае роднага краю, здзіўляліся і любаваліся багаццем экспазіцый трох створаных ім школьных музеяў.
Тыя экскурсіі і цяпер помняцца да дробязей. Ды і хіба можна забыць артыстызм экскурсавода, яго прыветлівую ўсмешку, уменне зацікавіць аўдыторыю эмацыянальным аповедам, энцыклапедычнымі ведамі? Упэўнены, з гэтымі словамі пагодзяцца не толькі мае калегі, удзельнікі прэс-туру, але і тыя, хто прысутнічаў у глядзельнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі на конкурсным заданні “Самапрэзентацыя “Маё педагагічнае крэда”. На сцэне, якая на 7 хвілін была ператворана ў імправізаваны музей, Васіль Васільевіч і ўсміхаўся, і задуменна расказваў пра колішняе жыццё. Энергетыка апавядальніка, як і энергетыка экспанатаў (прывезеных невядома якім чынам з Нароўлі ў Мінск) унікальнага музея дзяцінства, перадавалася і гледачам. Думаю, кожнаму хацелася ўстаць з крэсла і падняцца на сцэну, каб на імгненне завязаць піянерскі гальштук, патрымаць у руках сапраўдную рагатку і драўляны самаробны аўтамат, павазіць па падлозе цацачны (металічны, масіўны, той самы, пра які марылі хлопчыкі савецкай эпохі) самазвал. Ніякіх вітрын, мінімум стэндаў і максімум кантакту наведвальнікаў з экспанатамі — вось асноўны прынцып дзейнасці школьных музеяў, створаных Васілём Васільевічам Чайкай.А вось асноўны прынцып сваёй педагагічнай дзейнасці, сваё педагагічнае крэда наш герой выказаў наступнымі словамі: “Самае важнае ў працы — гэта сама праца. Працай трэба жыць, захапляцца, і тады за табой пацягнуцца іншыя. А калі яны будуць бачыць шчырасць, то табе нічога не застанецца, як толькі выхоўваць, развіваць, навучаць. Для мяне як для краязнаўцы важна тое, каб цанілі мінулае і пры гэтым жылі цяперашнім”. А каб мінулае цанілі, ім трэба зацікавіць. Для самапрэзентацыі Васіль Васільевіч выбраў некалькі арыгінальных экспанатаў. Калі жлукту (своеасаблівую пральную машыну эпохі безэлектрычнасці) ведаюць многія, то вось каляску, у якой нараўлянскія памешчыкі Горваты больш за стагоддзе назад вазілі сваіх дзяцей, бачылі толькі наведвальнікі нараўлянскага музея дзяцінства, а таксама ўдзельнікі і гледачы конкурснай самапрэзентацыі.
Калі педагог пачынае нешта рабіць, то намагаецца рабіць гэта так, каб не паўтарацца з калегамі. Так быў створаны музей дзяцінства, экспанаты якога расказваюць пра даўнейшае жыццё чалавека ад маленства да студэнцтва. Па такім прынцыпе быў створаны этнаграфічны музей, а таксама ўнікальны школьны музей спажывецкай кааперацыі “Сельпо”. Яго экспазіцыя — гэта куточак сапраўднага сельскага магазіна савецкага часу. Адзінае адрозненне: тут не адчуваецца дэфіцыт тавараў.
— Самымі смачнымі цукеркамі ў савецкі час былі “Кароўка”, “Ірыска”, а таксама мармелад, зефір. Самым распаўсюджаным чаем быў грузінскі № 36, а самы смачны індыйскі “са слонікам”. А вось на каву быў дэфіцыт. Макароны з’явіліся ў нашым краі ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Па ўпакоўцы можна было даведацца, якога гатунку макароны. Калі была чырвоная лінія, то значыць макароны вышэйшага гатунку, а сіняя — першага. Малако прадавалі ў спецыяльных бутэльках, а самае смачнае было ў трохвугольных пакеціках. Смятану прадавалі ў бітонах і налівалі яе спецыяльным кубачкам. Чацвер у СССР быў рыбным днём, у нас таксама захоўваюцца бляшаначкі з-пад кількі, скумбрыі. У сельпо можна было прымераць кеды, а таксама “румынкі”, пра якія калісьці марыла кожная модніца, — гэтыя словы, што гучалі ад фіналіста конкурсу на самапрэзентацыі, мы ўжо чулі з калегамі падчас прэс-туру, аднак, сапраўды, добры аповед добрага экскурсавода не грэх яшчэ раз паслухаць.
Васіль Васільевіч здзіўляў не толькі падчас самапрэзентацыі, але і конкурснага задання “Адкрытыя заняткі”. Паспяхова развіць у навучэнскай аўдыторыі назіральнасць, лагічнае мысленне, камунікатыўныя ўменні, выхоўваць павагу да мінулага Васіль Васільевіч вырашыў з дапамогай… гузікаў. Так, самых звычайных гузікаў, прыкладна тых, якія мы кожны дзень зашпільваем, збіраючыся на працу. Невялікае ўдакладненне: прадстаўленыя на адкрытых занятках гузікі кожны дзень зашпільвалі, збіраючыся на працу, вучобу, паляванне і нават на баль прадстаўнікі мінулых эпох. А вось самыя звычайныя гузікі, якія цяпер упрыгожваюць наша адзенне, педагог выкарыстоўваў у якасці бонусаў для вучняў за правільныя адказы. Тэма заняткаў гучала так: “Такі незвычайны звычайны гузік”. Дзякуючы заняткам сталічныя навучэнцы, якія па ўмовах конкурснага задання ўпершыню бачылі педагога, пашырылі і ўдасканалілі веды пра гузікі, пазнаёміліся з іх інфармацыйным патэнцыялам, функцыямі, навучыліся іх групаваць, суадносіць з гістарычнымі падзеямі.Па словах Васіля Васільевіча, прататыпам гузікаў паслужылі спецыяльныя званочкі, якія ў старажытнасці нашывалі дзецям на адзенне, каб адпужваць злых духаў. Першае значэнне гузіка — пужаць. Адсюль у рускай мове і паходзіць слова “пуговица”. Першыя гузікі-званочкі традыцыйна ўпрыгожваліся спецыяльнымі ўзорамі — сімвалам сонца. Да з’яўлення гузікаў людзі злучалі краі вопраткі з дапамогай фібул. Дапаможная навука, якая займаецца даследаваннем і калекцыяніраваннем гузікаў, называецца філабутаністыкай.
— А цяпер прапаноўваю здзейсніць невялікую экскурсію ў музей гузікаў, дзе можна не толькі ўбачыць экспанаты, але і вывучаць іх. Услед за званочкамі з’явіліся гузікі-гіркі. Іх упрыгожвалі арнаментам, які выконваў тую ж функцыю, што і гук званочка — ахоўную. У Сярэднявеччы сустракаюцца гузікі з выявай “лютага звера”, ільва. Такія гузікі насілі рыцары. З якіх толькі матэрыялаў іх не рабілі! Заможныя людзі — з высакародных металаў (срэбра, золата). Такія гузікі часта перадаваліся з пакалення ў пакаленне. А ў нас, на Палессі, іх выраблялі з перламутру. Такія гузікі выпускала нараўлянская арцель “За Радзіму”. Па берагах Прыпяці дзеці збіралі ракавінкі і здавалі іх на прадпрыемства. Там на ракавіне выбівалі форму гузіка, свідравалі дзіркі, шліфавалі. Так атрымліваліся гузікі. Гэта грамадзянскія гузікі. Гузікі таксама ўпрыгожвалі салдацкі мундзір і называліся мундзірныя. Напрыклад, лічба 26 указвае на 26-ы пяхотны полк расійскай імператарскай арміі. Дарэчы, гузікі вельмі любілі гусары. У іх на мундзіры было да сотні гузікаў у некалькі радоў. Аказваецца, гузікі часткова абаранялі ад ўдара халоднай зброяй, а калі іх начысціць да бляску, то яны прыгожа глядзеліся, — паведаміў Васіль Васільевіч.Ліўрэйныя гузікі — гэта гузікі, якія насілі на сваім мундзіры (ліўрэі) слугі. Самыя распаўсюджаныя гузікі гэтай групы з выявай кароны. Аднак у кожнага памешчыка быў герб, і ліўрэйныя гузікі з яго выявай рабіліся на заказ. “Вось гузік з выявай знакамітага роду Патоцкіх. Пра Патоцкага мы можам прачытаць у паэме Янкі Купалы “Бандароўна”. А вось, напрыклад, вялікі пазалочаны гузік. Ён расказвае пра тое, што некалі на Браншчыне жыў памешчык, які ўвайшоў у гісторыю тым, што рыхтаваў слуг для іншых памешчыкаў. З ліку ліўрэйных гэтыя гузікі найбольш часта сустракаюцца ў калекцыянераў”, — адзначыў педагог. Самыя цікавыя з ліўрэйных гузікаў — гузікі з выявай двух гербаў. Іх заказвалі на вяселле, калі аб’ядноўваліся два знакамітыя роды. Наступныя групы — губернскія гузікі і гузікі навучальных устаноў.
На вучэбных занятках, у тым ліку краязнаўчых, аповед педагога абавязкова чаргуецца з практычнымі заданнямі для навучэнцаў. Для замацавання атрыманых ведаў Васіль Васільевіч падзяліў клас на тры каманды (“Пуговица”, “Пуговка” і “Гузік”), раздаў кожнай камандзе мяшочкі з гузікамі. Вучням было прапанавана за 5 хвілін знайсці грамадзянскія і мундзірныя гузікі. Далей — больш складанае заданне, для кожнай групы рознае. На спецыяльных шыльдачках камандзе “Пуговица” неабходна было знайсці гузік, які нясе ўтылітарную функцыю. Камандзе “Пуговка” — гузік з магічнай функцыяй, а камандзе “Гузік” — гузік з дэкаратыўнай функцыяй. Свой выбар вучням неабходна было абгрунтаваць. Трэцяе заданне заключаецца ў тым, каб прачытаць на картцы гістарычны факт і суаднесці гузік з гэтым фактам. Чацвёртае заданне: праслухаць песню “Коричневая пуговка”, папулярную ў 30-я гады, і вызначыць, пра які гузік ідзе гаворка. Дзеці павінны былі знайсці польскія гузікі 20-х гадоў, гузік з мундзіра салдата блока Антанты.
— Цяпер прапаноўваю кожнай камандзе палічыць бонусы. Нягледзячы на розную колькасць бонусаў, на мой погляд, вы ўсе засталіся ў выйгрышы, таму што сёння на занятках перамаглі веды, — адзначыў Васіль Васільевіч. Падчас рэфлексіі педагог прапанаваў вучням узяць дадому гузікі-бонусы і паразважаць разам з бацькамі, якую гузікі нясуць інфармацыю, да якой групы іх можна аднесці, якую функцыю яны выконваюць, ці будуць гэтыя гузікі гадоў гэтак праз сто ўяўляць каштоўнасць для філабутаністаў?
Каб вучні цанілі мінулае, гэтым мінулым іх трэба зацікавіць. Васіль Васільевіч Чайка выдатна ведае, як гэта зрабіць. Якім чынам ён прывёз з Нароўлі ў Мінск жлукту (вялізную драўляную ступу), каляску, у якой Горваты больш за стагоддзе назад вазілі сваіх дзяцей, калекцыю гузікаў і яшчэ з дзясятак арыгінальных экспанатаў, для журы засталося таямніцай. Аднак у добрага краязнаўцы, які раскрывае таямніцы мінулага, павінны быць і свае прафесійныя таямніцы. Дзякуючы гэтым таямніцам дзеці пачынаюць цікавіцца мінулым, цаніць яго, а сам педагог годна прадстаўляе сваю працу на рэспубліканскім конкурсе.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.