У заключным этапе Рэспубліканскага конкурсу “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” прыняў удзел 21 канкурсант з усіх куточкаў краіны. Яны прайшлі псіхолага-педагагічнае тэсціраванне, прэзентавалі педагагічнае крэда, абаранілі адукацыйны метадычны комплекс, правялі адкрытыя заняткі з незнаёмай аўдыторыяй. Пераможцам стаў Сяргей Яўгенавіч Вераціла, педагог Лідскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Інтэлектуальныя гульні”.
Стальная логіка
“Гульня “Што? Дзе? Калі?” — гэта не толькі папулярнае тэлевізійнае шоу. Яна даўно стала інтэлектуальна-спартыўным рухам, шырока развітым ва ўсім свеце. Для тых, хто ўключаецца ў інтэлектуальны спорт, прыярытэтнымі становяцца эрудыцыя, хуткасць мыслення, сумеснага прыняцця рашэнняў”, — напісаў Сяргей Яўгенавіч у сваім адукацыйна-метадычным комплексе “Інтэлектуальныя гульні”. Пералічаныя якасці ён ужо 17 гадоў выхоўвае ў сваіх навучэнцах — удзельніках клуба інтэлектуальных гульняў “Стальны пацук”, дзе штогод займаецца каля 120— 130 школьнікаў з Лідскага раёна. Разам яны вучацца гуляць не толькі ў “Што? Дзе? Калі?”, але і ў “Брэйн-рынг”, “Сваю гульню”, “Эрудыт-квартэт” і шматлікія іншыя інтэлектуальныя гульні.
“У канцы 90-х па тэлевізары ішла папулярная інтэлектуальная гульня Леаніда Клімовіча “Риск-версия”, — узгадвае педагог. — А я з дзяцінства любіў “Што? Дзе? Калі?”, таму, калі мне прапанавалі арганізаваць гурток для школьнікаў, я выбраў менавіта гэты кірунак — хацеў проста праводзіць нешта накшталт “Риск-версии” ў Лідзе. Пачаў звязвацца са школамі і толькі тады даведаўся, што ў Беларусі з 1996 года існуе Беларуская ліга інтэлектуальных каманд — БЛІК, якая праводзіць турніры, спаборніцтвы, ладзіць для дзяцей з усёй краіны летнік, у якой ужо ёсць свае метадычныя распрацоўкі. У пачатку работы падтрымка “блікаўцаў” вельмі дапамагла. А потым, калі гурток стаў паўнацэнным клубам і спатрэбілася запамінальная назва, у 2000 годзе з’явіўся “Стальны пацук” — па мянушцы разумнага і кемлівага героя кніг Гары Гарысана. Цяпер “Стальны пацук” праводзіць уласны турнір”.
Першы прызавы дыплом з абласных спаборніцтваў выхаванцы Сяргея Яўгенавіча прывезлі ў 2000 годзе. З тых часоў на абласных і рэспубліканскіх турнірах каманды вучняў Верацілы занялі каля 300 прызавых месцаў. Адна з каманд стала чэмпіёнам рэспублікі па “Тройцы” — адной з класічных індывідуальна-камандных гульняў. “Назва ў каманды, дарэчы, “Стальная лыжка”, — з усмешкай расказвае Сяргей Яўгенавіч. — Спачатку гэта была “Стальная логіка”, але хлопцы напісалі слова “логіка” так неразборліва, што арганізатары прынялі яе за “лыжку”. Вырашылі так і пакінуць”.
Чытанне для задавальнення
“Кожны раз, калі трэба прадставіць сябе як педагога, расказаць пра сваё крэда, я разумею, што галоўнае — чытанне, мой любімы занятак з дзяцінства”, — адзначыў педагог. І праўда, нават на самапрэзентацыі падчас конкурсу ён зрабіў акцэнт менавіта на важнасці кнігі ў жыцці чалавека, заклікаў калег паспрабаваць шчыра зацікавіць вучняў літаратурай замест таго, каб навязваць яе.
“Чытанне для задавальнення — гэта адна з самых важных рэчаў, якія існуюць у гэтым свеце, — сказаў Сяргей Яўгенавіч падчас самапрэзентацыі. — Калі мы глядзім фільм, перадачу, то бачым свет вачыма іншага чалавека. А мастацкая проза — гэта калі мы, карыстаючыся толькі сваім уяўленнем, ствараем уласныя светы. І калі мы вяртаемся назад, мы не задаволены існуючым рэальным светам, і незадаволенасць — гэта добра, незадаволеныя людзі могуць мяняць свет, рабіць яго лепшым. Калі вучні заканчваюць школу, яны здаюць падручнікі. Але калі мы справімся, то кнігі яны не здадуць ніколі”. Пры гэтым педагог не складае абавязковыя спісы па літаратуры для сваіх вучняў. Ён перакананы: угаворваць або патрабаваць нешта прачытаць — няправільны шлях. Трэба зацікаўліваць, каб чытанне з абавязку ператварылася ў задавальненне.
“Даўно даказана, што выкладчыкі ўздзейнічаюць на вучняў не толькі даручэннямі і выхаваўчымі мерапрыемствамі, — тлумачыць Сяргей Яўгенавіч. — Пры любых зносінах, калі вучань паважае педагога, ён пачынае спрабаваць капіраваць старэйшага. А я сам люблю чытаць. І ў працэсе заняткаў, у размове магу ўзгадаць нейкую сітуацыю, цікавы факт, пра які я даведаўся з кнігі. Былі выпадкі, калі пасля гэтага дзеці самі знаходзілі гэтую кнігу, чыталі, а потым дзяліліся ўражаннямі. Самае складанае — гэта не прымусіць дзіця чытаць, а паказаць яму, што чытанне прыносіць задавальненне. І калі гэты крок дасягнуты, дзіця пачне само чытаць — не таму што яму сказалі, а таму што цікава, прыемна атрымліваць веды і дзяліцца імі.
Наваспечаныя знаўцы і нават іх бацькі часта пытаюцца, што пачытаць перад турнірам, каб выйграць. І заўсёды мой адказ на гэта такі: “Няма такой кнігі, чытайце тое, што цікава”. Сутнасць інтэлектуальных гульняў — не праверыць, колькі чалавек прачытаў і што ён ведае. Працэс трэніроўкі накіраваны на тое, каб навучыць чалавека кіраваць сваім мозгам і ўмець знайсці рашэнне, зыходзячы з існуючых магчымасцей. Як казаў Уладзімір Варашылаў, заснавальнік “Што? Дзе? Калі?”, хвіліна абмеркавання ў гульні — гэта трэніроўка жыцця, імітацыя разумовых і валявых, сацыяльных і камунікатыўных працэсаў, якія адбываюцца ў рэчаіснасці. Няма рэпетыцый і падказак, а рашэнні трэба прымаць тут і зараз на падставе наяўных уменняў каманды”.
Бесперапынная адукацыя
Не сакрэт, што гульнявую форму навучання дзеці ўспрымаюць значна прыязней, чым больш фармальную школьную, бо гурток дзіця выбірае само, а за няправільны адказ на “Брэйн-рынгу” ніхто не паставіць дрэнную адзнаку ў дзённік. Сяргей Вераціла ўпэўнены, што такія адрозненні не шкодзяць школьнай адукацыі, а толькі дапамагаюць дзіцяці навучыцца ўспрымаць інфармацыю па-рознаму.
“Дзеці павінны разумець, што гульня — гэта не адзіны спосаб атрымання ведаў. І калі я адчуваю, што ў вучня можа быць канфлікт са школьным настаўнікам, я імкнуся паказаць дзіцяці, што ёсць некалькі розных форм, узроўняў, спосабаў атрымання ведаў. Кожны спатрэбіцца, — дзеліцца Сяргей Яўгенавіч. — Гэтае ўзаемадзеянне спрыяе ўсім. У мяне, напрыклад, шмат знаёмых настаўнікаў, якія таксама гуляюць у інтэлектуальныя гульні. Калі вучні даведваюцца пра гэта, бачаць сваіх настаўнікаў на гульні, то паміж імі ўстанаўліваецца зусім іншы асабісты ўзровень сувязі. Некаторыя мае знаёмыя педагогі нават рэкамендуюць сваім вучням-алімпіяднікам хадзіць да мяне на заняткі, таму што гэта дапамагае развіць патрэбныя для спаборніцтваў навыкі. Тыя мае знаёмыя трэнеры, якія адначасова працуюць у школе, выкарыстоўваюць гульнявыя методыкі з трэніровак на школьных уроках. “Што? Дзе? Калі?” — гэта толькі вяршыня піраміды, самая складаная з гульняў. Ёсць мноства значна больш простых, якія можна выкарыстоўваць як для навучання новаму матэрыялу, так і для праверкі ведаў. Напрыклад, калі я праводжу хуткую трэніроўку са сваёй камандай перад іх урокамі, то магу спытаць, якая тэма вывучаецца імі па гісторыі, біялогіі, геаграфіі, замежнай мове. Калі атрымліваецца, прыдумваю пытанні і праводжу гульню на тым матэрыяле, які можа потым спатрэбіцца на занятках”.
Ролевая гульня
Сяргей Вераціла прыдумаў шмат гульняў, якія выкарыстоўвае для развіцця творчага мыслення і сацыяльных навыкаў вучняў, навучання каманднай рабоце, прафарыентацыі. Адна з іх — камандная дэтэктыўная ролевая гульня. Такія ролевыя гульні не вельмі актыўна выкарыстоўваюцца, але ж плённа прымяняць гэтую методыку можна не толькі для трэніровак, але і проста для развіцця дзяцей. У такой гульні па канкрэтным сюжэце ў кожнага гульца ёсць пэўная роля, распісаны мэты, якіх ён павінен дасягнуць. Гэта інтэлектуальная загадка, дзе ў пэўнай зададзенай сітуацыі пэўныя індывідуальныя мэты. Ёсць героі, у якіх мэта такая ж, як і ў цябе, і яны могуць табе дапамагчы. Ёсць праціўнікі, але ты пра гэта не ведаеш, і табе трэба, як дэтэктыву ў кніжцы, па дадатковых прыметах і падказках, размовах з іншымі зразумець, што адбываецца. Адзін бок гульні сапраўды дэтэктыўны і інтэлектуальны, другі — накіраваны на сацыялізацыю. Калі падлетку даюць такое гульнявое заданне, ён вымушаны падыходзіць да іншых, размаўляць. Часта менавіта ў гульнявой форме людзі нечакана дэманструюць тыя свае якасці, якія ў звычайным жыцці не бачны. У адной з лідскіх гімназій пасля такой гульні адна з вучаніц, якую ўсе настаўнікі лічылі маўклівай, нечакана разгаварылася і ўсіх здзівіла. Таму другі важны бок ролевых гульняў — працэс сацыялізацыі, развіцця камунікатыўных і арганізатарскіх навыкаў.
Псіхалагічная сіла
“У любога дзіцяці ёсць талент, — упэўнены Сяргей Яўгенавіч. — Аднак з-за абмежаванасці гадзін па тым ці іншым школьным прадмеце некаторыя дзеці застаюцца нераскрытымі. Яны замыкаюцца, становяцца тымі самымі ціхімі троечнікамі, пра патэнцыял якіх настаўнікі нават не здагадваюцца. Можа, дзіця прачытала ў дзяцінстве літаратуру па пэўнай тэматыцы, але ў школе набытыя веды не ўдалося прымяніць, паколькі тэма не ўваходзіць у вучэбную праграму. А прыйшоў час гульні — і аказалася, што для перамогі трэба было ведаць менавіта гэта. Натуральна, калі дзіця атрымае маральны прыз, перамогу, яно паверыць у сябе, убачыць каштоўнасць сваіх ведаў і ўласную значнасць у вачах навакольных, пачне развівацца самаацэнка. Як толькі мы ставім дзіця ў сітуацыю поспеху, калі яно адчувае, што само нешта можа, што яно камусьці цікавае, — яно пачынае гаварыць”.
“Што? Дзе? Калі?” — камандная гульня. Сама прыналежнасць да клуба, да каманды дапамагае чалавеку адчуваць сябе ўпэўнена. У падлеткавым узросце вельмі важная прыналежнасць да нейкай групы, чые інтарэсы ты падзяляеш і дзе цябе прымаюць. У нас дзіця можа прыйсці і адчуць уласную значнасць, атрымаць пахвалу — і гэта пачне мяняць яго характар, навучыць размаўляць з людзьмі, як з роўнымі. І калі гэта будзе доўга працягвацца, то потым, вярнуўшыся ў сітуацыю, дзе яму было дрэнна, дзіця зможа павесці сябе па-іншаму, адчуваць сябе больш упэўнена. І да мяне прыходзілі такія дзеці. Яны могуць сядзець і маўчаць тыдзень, другі, трэці, потым нешта скажуць, а праз год-два настаўнікі дзівяцца, якія яны сталі актыўнымі і гаманлівымі”.
Кацярына ЖОРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з архіва С.Я.ВЕРАЦІЛЫ.