Навучальны год для сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі пачаўся надзвычай ярка і насычана. Акрамя традыцыйнага Рэспубліканскага тыдня ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, нас чакаў фінал Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”. Пра далейшае развіццё айчыннай сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, пра яе матэрыяльныя, інтэлектуальныя, творчыя рэсурсы даведаемся ад намесніка міністра адукацыі Віктара Віктаравіча ЯКЖЫКА.
Рэспубліканскі конкурс “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” стаў знакавай падзеяй для ўсёй айчыннай сістэмы адукацыі. За яго падзеямі ва ўсіх куточках краіны сачылі не толькі калегі канкурсантаў, але і выхаванцы, бацькі, знаёмыя. Гэта было без перабольшання народнае свята. Якая будучыня чакае конкурс?
— Сапраўды, правядзенне такога конкурсу з’яўляецца значнай падзеяй для ўсёй сістэмы адукацыі. Падчас фінальнага этапу тэлефоны міністэрства літаральна разрываліся ад званкоў. З упраўленняў, аддзелаў адукацыі, устаноў дадатковай адукацыі тэлефанавалі, цікавіліся, наколькі паспяхова выступаюць канкурсанты. Гэта яшчэ раз сведчыць пра значнасць дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, пра вялікую ўвагу, якая ўдзяляецца ёй з боку дзяржавы. Наша сістэма дадатковай адукацыі дае ўнікальную магчымасць арганізаваць з карысцю вольны час навучэнцаў, у ёй працуюць цікавыя і крэатыўныя педагогі. Гэта і пацвярджаюць фіналісты конкурсу. Дарэчы, выдатнай ідэяй было зрабіць своеасаблівым сімвалам конкурсу крылы таленту, якія былі раздадзены падчас яго адкрыцця гледачам і канкурсантам. Менавіта такія крылы таленту і дораць педагогі навучэнцам.
Яшчэ раз хочацца падзякаваць усім, хто далучыўся да арганізацыі конкурсу — сапраўднага свята творчасці, інтэлекту, крэатыву, педагогікі. Тое, што розніца паміж лаўрэатамі дасягала 1—2, а часам і дзясятай долі бала, сведчыць пра высокую якасць работы канкурсантаў, пераконвае нас у тым, што конкурс трэба працягваць. Упэўнены, што праз два гады мы гэтак жа ўрачыста аб’явім лаўрэатаў і пераможцу ІІІ Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”, прычым колькасць удзельнікаў конкурсу павялічым. Спадзяюся, гэты навучальны год пройдзе па краіне пад знакам сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
Беларусь з’яўляецца адной з нямногіх рэспублік на постсавецкай прасторы, дзе ўдалося захаваць сістэму пазашкольнага выхавання і навучання. Што, на ваш погляд, дазваляе сучаснай сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі быць канкурэнтаздольнай і запатрабаванай на рынку адукацыйных паслуг?
— У першую чаргу гэта традыцыі, а таксама мабільнасць, дынамічнасць і адкрытасць. Сучаснае грамадства часта называюць грамадствам ведаў, дзе пастаянна ўзрастае патрэба кожнага чалавека, асабліва дзяцей, у набыцці ведаў, асваенні новых відаў дзейнасці, развіцці творчых здольнасцей і навыкаў. Гэтая тэндэнцыя і абумовіла пастаноўку пытання аб абнаўленні сістэмы пазашкольнага навучання і выхавання. У 2011 годзе ў адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ўстановы пазашкольнага выхавання і навучання ўступілі ў новы этап сваёй дзейнасці — атрымалі статус устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Яны даюць навучэнцам магчымасць цалкам рэалізаваць свае жаданні і інтарэсы, напоўніць вольны час карыснымі справамі ў мастацкай і тэхнічнай творчасці, турыстычна-краязнаўчай і эколага-біялагічнай дзейнасці, занятках спортам.
Сучасная дадатковая адукацыя дзяцей і моладзі — гэта гібкая, дынамічная, шматузроўневая сістэма, заснаваная на індывідуальным падыходзе да навучэнцаў. Яна паспяхова вырашае задачу падрыхтоўкі маладога пакалення да жыцця ў сучасным інфармацыйным грамадстве. Заняткі ў аб’яднаннях па інтарэсах ствараюць дадатковыя магчымасці для паспяховай сацыялізацыі падлеткаў. Акрамя школьнай прасторы, існуе і прастора жыцця, у якой дзеці з’яўляюцца рэальна дзеючымі персанажамі. Тут у іх ёсць пэўныя праблемы, тут яны вырашаюць пэўныя, нярэдка зусім не дзіцячыя, задачы, уступаюць у адносіны, далёкія ад імітацыйна-гульнявых. Менавіта ў гэтай прасторы яны набываюць першы жыццёвы, а не толькі вучэбны вопыт.
Сучаснае грамадства таксама адрозніваецца сваёй мабільнасцю, дынамічнасцю і, відавочна, кожны год ставіць перад сістэмай дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі новыя задачы.
— Прыярытэтным напрамкам развіцця сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў 2016/2017 навучальным годзе з’яўляецца работа па павышэнні яе якасці і даступнасці. У сувязі з гэтым галоўныя задачы дзейнасці ўстаноў адукацыі заключаюцца ў фарміраванні грамадзянскіх кампетэнцый, творчых здольнасцей навучэнцаў, падтрымцы маладзёжных ініцыятыў, валанцёрскага руху, развіцці лідарства. Ключавой задачай з’яўляецца выхаванне патрыятычна настроенай моладзі са стваральным светапоглядам, прафесійнымі ведамі, высокай культурай, адказнасцю і здольнасцю прымаць самастойныя рашэнні.
Усе ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сур’ёзна падрыхтаваліся да навучальнага года. Створаны добрыя ўмовы для арганізацыі адукацыйнага працэсу, абнаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база, асаблівая ўвага ўдзяляецца пытанню кадравага забеспячэння. Па стане на 1 верасня 2016 года ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі налічваецца каля 300 устаноў, у якіх раскрывае свае здольнасці кожны трэці навучэнец сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі (больш за 390 тысяч). У гэтай сферы працуюць высокакваліфікаваныя кадры, прафесійныя і таленавітыя педагогі, якія любяць сваю справу.
Разам з тым стаіць задача прыцягнення маладых кадраў з улікам адкрыцця новых запатрабаваных аб’яднанняў па інтарэсах, у тым ліку ў IT-сферы, тэхнічнага, турыстычна-краязнаўчага, эколага-біялагічнага профіляў, развіцця іншых новых кірункаў з мэтай павышэння прэстыжу ўстаноў дадатковай адукацыі. Ім адводзіцца асаблівая роля ў арганізацыі занятасці навучэнцаў у вольны ад вучобы час, яны выступаюць каардынатарамі арганізацыі шостага школьнага дня. Цікавы вопыт работы ў гэтым напрамку назапашаны ў Гомельскай і Гродзенскай абласцях. У шэрагу сельскіх раёнаў на базе ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі створаны занальныя цэнтры па правядзенні мерапрыемстваў шостага школьнага дня для вучняў сельскіх школ. Яшчэ адзін дэвіз, пад якім цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі будуць працаваць у наступныя дзевяць месяцаў, можна ахарактарызаваць наступнымі словамі: “Інавацыі ў творчасці”. Асабліва вялікая колькасць інавацый, а дакладней іх удасканаленне, далейшая папулярызацыя чакае сферу тэхнічнай творчасці.
Важным напрамкам з’яўляецца і арганізацыя спартыўна-масавай, фізкультурна-аздараўленчай работы. Установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ва ўзаемадзеянні з установамі агульнай сярэдняй адукацыі працягваюць работу па стварэнні ўмоў для масавых заняткаў фізічнай культурай і спортам, выкарыстоўваючы пры гэтым спартыўныя і трэнажорныя залы, спартыўныя пляцоўкі, стадыёны. Будзе працягнута практыка правядзення дзён здароўя, спорту і турызму, паходаў выхаднога дня, турыстычна-спартыўных мерапрыемстваў, спаборніцтваў па відах спорту і турызме. Асаблівая ўвага ўдзяляецца мерапрыемствам рэспубліканскай акцыі “Мы за спорт — за здаровую нацыю!”.
А як наконт добрага, міласэрнага сэрца? Яно, напэўна, у такой жа пашане, як і фізічна моцнае цела, здаровы арганізм?
— Безумоўна. Важнай задачай у рабоце ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’яўляецца развіццё маладзёжнага валанцёрства. Заслугоўвае ўвагі вопыт Брэсцкай вобласці, дзе пад эгідай пярвічак БРПА і БРСМ (як, дарэчы, і ў іншых рэгіёнах) створаны атрады “Міласэрнасць”, цімураўскія атрады. Штогод праводзяцца злёты валанцёраў і цімураўцаў “Добрае сэрца”, у якім бяруць удзел больш за 300 лепшых прадстаўнікоў валанцёрскага і цімураўскага руху Брэстчыны. Паспяхова функцыянуюць пляцоўкі роўнага навучання ў сферы здаровага ладу жыцця, на базе якіх падрыхтавана больш за 400 валанцёраў, якія забяспечылі правядзенне больш за 800 мерапрыемстваў з ахопам больш за 10 тысяч падлеткаў. Валанцёрамі Брэстчыны праводзяцца інтэрактыўныя заняткі з аднагодкамі па 49 тэмах. Пачынаючы з 2012 года штогод у чэрвені арганізоўваецца абласны фестываль валанцёрскіх каманд “Равеснік — равесніку”. У фестывалі прынялі ўдзел педагогі і валанцёры ўстаноў адукацыі Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абласцей, а таксама валанцёры са Швецыі.
Як вы адзначылі, адной з ключавых задач сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі з’яўляецца падрыхтоўка навучэнцаў да жыццёвага і прафесійнага самавызначэння, забеспячэнне занятасці навучэнцаў. Адзначце, калі ласка, галоўныя асаблівасці прафарыентацыйнай работы ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
— Прафарыентацыя з’яўляецца сёння найбольш актуальнай часткай дзейнасці сістэмы адукацыі ў цэлым і вельмі запатрабавана ў вучняў і іх бацькоў. Сёння своеасаблівым дэвізам функцыянавання сістэмы з’яўляюцца знакамітыя словы “Адукацыя праз усё жыццё” і “Праз творчасць да прафесіі жыцця”. Важна, каб вучань вызначыўся з будучай прафесіяй, а ўстановы дадатковай адукацыі ў супрацоўніцтве з установамі прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай адукацыі далі яму магчымасць рэалізаваць сябе. Актыўна ўкараняюцца інавацыйныя формы работы. У мінулым навучальным годзе ўпершыню для навучэнскай моладзі рэалізаваны прафарыентацыйна-адукацыйны праект “Універсітэцкая субота”, удзельнікамі якога сталі больш за 10 тысяч студэнтаў 52 устаноў вышэйшай адукацыі. Шырока прадставілі вопыт работы па ранняй прафарыентацыі рэспубліканскія ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праз правядзенне інтэрактыўных тэматычных выстаў, культурна-адукацыйных і турыстычна-спартыўных мерапрыемстваў, майстар-класаў педагогаў дадатковай адукацыі. У 2015 годзе з мэтай удасканалення сістэмы прафесійнай арыентацыі сярод дзяцей і моладзі Міністэрства адукацыі ініцыіравала развіццё ў краіне руху JuniorSkills.
Актуальным з’яўляецца распаўсюджванне вопыту ўдзелу навучэнцаў у прадпрымальніцкай дзейнасці праз арганізацыю работы бізнес-праектаў, бізнес-пляцовак, удзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных праектах эканамічнай накіраванасці, у тым ліку трэнінгах “Маладзёжнае прадпрымальніцтва”, “Пошук бізнес-ідэй”, “Роля іншых прафесій у маёй справе”, “Кар’ерны рост выпускніка прафесійна-тэхнічнага каледжа”, “Павышэнне матывацыі да стварэння ўласнага бізнесу”, прафесійных конкурсах, выставах тэхнічнай творчасці, экскурсіях на вытворчыя аб’екты; удзел у маладзёжных форумах ініцыятыў і творчасці ў галіне эканомікі, стварэнне і функцыянаванне навучальных фірм, кампаній, тэхнапаркаў, бізнес-інкубатараў, стартап-цэнтраў, правядзенне форумаў, канферэнцый, фестываляў, кірмашоў, аўкцыёнаў, алімпіяд, трэнінгаў, выстаў, круглых сталоў, экскурсій, дзелавых гульняў.
У Год культуры, відавочна, асаблівую важнасць набывае турыстычна-краязнаўчая работа, накіраваная на папулярызацыю сярод навучэнцаў адметнасцей роднага краю?
— Так. Адным з вектараў удасканалення сістэмы дадатковай адукацыі з’яўляецца развіццё дзіцяча-юнацкага турызму. Турыстычныя паходы і экскурсіі карыстаюцца асаблівай папулярнасцю ў маладзёжным асяроддзі. У мінулым навучальным годзе больш за 180 тысяч навучэнцаў і студэнтаў прынялі ўдзел у турыстычных паходах і больш за 230 тысяч — у экскурсіях. У 2015 годзе Міністэрствам адукацыі сумесна з іншымі ведамствамі распрацаваны пералік экскурсійных аб’ектаў і турыстычных маршрутаў, рэкамендаваных для наведвання навучэнцамі ў рамках правядзення вучэбных і факультатыўных заняткаў, пазакласных мерапрыемстваў з улікам зместу вучэбных праграм па вучэбных прадметах. У бягучым навучальным годзе будзе працягвацца работа па выкарыстанні названага пераліку пры правядзенні пазакласных мерапрыемстваў.
Міністэрствам адукацыі, Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі, БРСМ, БРПА, Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў з мэтай пашырэння супрацоўніцтва ў сферы грамадзянска-патрыятычнага і духоўна-маральнага выхавання дзяцей і моладзі, садзейнічання рэалізацыі прынцыпаў дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі 7 мая 2016 года падпісаны Пратакол аб намерах супрацоўніцтва ў сферы грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. Распрацавана праграма супрацоўніцтва ў сферы грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі на 2016—2020 гады, у якой прадугледжана арганізацыя турыстычна-экскурсійнай дзейнасці з дзецьмі і навучэнскай моладдзю. У рамках ІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі 7 чэрвеня адбылося падпісанне Праграмы турыстычна-экскурсійных маршрутаў, рэкамендаваных для наведвання навучэнцамі Беларусі і Расіі ў 2016/2017 навучальным годзе.
Асаблівая роля ў выхаванні падрастаючага пакалення і папулярызацыі гісторыка-культурнай спадчыны адводзіцца музеям устаноў адукацыі, якія з’яўляюцца цэнтрамі грамадзянска-патрыятычнага выхавання. На сёння ва ўстановах адукацыі налічваецца каля паўтары тысячы музеяў рознага профілю, фарміруецца пералік музеяў устаноў адукацыі, якія могуць ажыццяўляць прыём замежных турыстаў і дэлегацый. З мэтай павышэння педагагічнага і прафесійнага майстэрства кіраўнікоў музеяў штогод праводзяцца краязнаўчыя чытанні, рэспубліканскія семінары з наведваннем лепшых музеяў у рэгіёнах. Мерапрыемствы арганізоўваюцца з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства культуры, дзяржаўных музеяў сістэмы культуры, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Так, 29 красавіка ў замкавым комплексе “Мір” адбыўся міжведамасны семінар-нарада “Музейная педагогіка як адзін з найважнейшых элементаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі”. 12—13 мая на базе ўстаноў адукацыі і культуры Смаргонскага раёна Гродзенскай вобласці прайшоў Рэспубліканскі краязнаўчы форум “Выкарыстанне рэгіянальнай адукацыйнай прасторы для грамадзянска-патрыятычнага выхавання асобы”. Добрай традыцыяй стаў і ўдзел музеяў устаноў адукацыі ў Нацыянальным форуме “Музеі Беларусі”, які на мінулых выхадных прайшоў у Магілёве трэці раз.
Напрыканцы нашай размовы прапаную яшчэ раз звярнуцца да асобы педагога. Якой, на вашу думку, галоўнай якасцю павінен валодаць педагог дадатковай адукацыі, каб насіць гордае званне “прафесіянал”?
— Працаваць так, каб падарыць выхаванцу крылы таленту, тыя крылы, пра якія так многа гаварылася падчас фінальнага этапу Рэспубліканскага конкурсу “Педагог года ўстановы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.
Гутарыў Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.