У паходзе першы раз. Гэта — клас!

Лета, чэрвень, уначы замаразкі, а днём сцюдзёны вецер, дождж. Пра спякотныя сонечныя дзянькі, сапраўдныя летнія канікулы, пакуль што даводзіцца толькі марыць. Можна так і рабіць: сядзець, скажам, на канапе са смартфонам у руках, праглядваць мінулагодняе летняе сэлфі і марыць, марыць, марыць. А можна адкласці смартфон убок, падняцца з канапы, забыцца пра пахмурнае надвор’е, узяць турысцкі рукзак, пакласці туды спальнік, палатку і адправіцца разам з сябрамі насустрач летнім прыгодам. Так і зрабілі ў першыя дні чэрвеня настаўнікі і вучні Каўпенскага дзіцячага сада — базавай школы Лоеўскага раёна.

Раскрыць магчымасці

Васьмікласнік Ілья Талсцянёў з нецярпеннем чакаў пачатку чэрвеня, калі па добрай традыцыі для навучэнцаў раёна ладзіцца турыстычны перасоўны палатачны летнік. Дождж і сонца; сняданак, абед і вячэра пад шатамі соснаў на высокім беразе Дняпра; конкурсы і спаборніцтвы; экскурсіі па адметных мясцінах роднага краю; песні пад гітару і размовы да глыбокай ночы; рыбалка і птушыны канцэрт з першымі промнямі сонца — такім запомніў пачатак лета Ілья. Першыя дні першага летняга месяца сталі для хлопца і яго сяброў часам адкрыццяў. Падчас паходу яны знаёміліся з цікавым светам турыстычнага жыцця, гісторыка-культурнымі і прыроднымі адметнасцямі роднага краю, раскрывалі свае творчыя і фізічныя магчымасці. Так на спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні на Абласным турыстычным злёце навучэнцаў “Здароўе — змоладу!”, які праводзіўся ў рамках перасоўнага палатачнага летніка, наш герой сярод 86 удзельнікаў заняў хоць і не прызавое, аднак не менш ганаровае 11-е месца.

Макарона па-паходнаму

Палатачны летнік стаў для навучэнцаў Каўпенскай базавай школы часам не толькі турыстычных, але і гастранамічных адкрыццяў. Узяць для прыкладу самую звычайную макарону з тушонкай. Смак гэтай стравы знаёмы кожнаму беларусу. Аднак толькі той, хто пераадолеў з вялікім рукзаком некалькі кіламетраў па прасторах роднага краю, добра ведае, што звараная ў крынічнай вадзе на паходным вогнішчы макарона набывае асаблівыя смакавыя якасці. Нездарма на пытанне, што больш за ўсё вам спадабалася ў паходзе, хлопчыкі і дзяўчынкі дружна адказалі: “Макарона!” і тут жа дадалі: “З тушонкай!” Смакавыя якасці макароны па-паходнаму — гэта толькі адно з соцень адкрыццяў, якія здзейснілі каўпенскія вучні ў палатачным летніку. Слова “соцень” ужыта нездарма, паколькі ўсе героі матэрыялу праводзяць лета з рукзакамі і палаткамі ўпершыню.

Бессмяротны подзвіг

Пакуль на абед у паходным кацялку варылася макарона, настаўнік фізікі і працоўнага навучання Каўпенскай базавай школы Дзмітрый Дзмітрыевіч Нікіценка прапанаваў дзецям уважліва прачытаць надпіс на вялікім валуне, які ўзвышаецца над Дняпром каля месца прывалу. “Тут 15 кастрычніка 1943 года войскі 65-й арміі Першага Беларускага фронту фарсіравалі Дняпро і захапілі плацдарм аператыўнага значэння”, — сведчыць надпіс на помніку. Па словах настаўніка, першымі ў гэтым месцы высадзіліся разведчыкі 20-й асобнай разведроты 69-й стралковай дывізіі на чале з сяржантам Пахомавым, за імі пераправіліся байцы 2-га дэсантнага батальёна 120-га стралковага палка пад камандаваннем капітана Куляшова. Чырвонаармейцы, сярод якіх былі і байцы штрафных рот, дзейнічалі мужна. Яны ўварваліся ў нямецкую траншэю і ў рукапашным баі авалодалі ўмацаваннем.

Сапраўдны цуд

Адкрыцці былі не толькі гастранамічныя, гістарычныя, але і духоўныя. Адно з іх адбылося ў лесе паміж вёскамі Крупейкі і Шчытцы каля капліцы Святой Параскевы. Падчас турыстычнага прывалу дзеці сустрэліся з госцем летніка дырэктарам Крупейскай базавай школы Пятром Адамавічам Катком, які расказаў юным турыстам-краязнаўцам пра цуды, што адбываюцца ў гэтых мясцінах на працягу стагоддзяў. Напярэдадні Паўночнай вайны тут на сасне з’явіўся абраз Святой Параскевы. Некалькі разоў вернікі спрабавалі перанесці ікону ў храм, аднак яна дзіўным чынам зноў вярталася на дрэва, нібыта папярэджваючы людзей пра гора і няшчасце, якія на іх насоўваліся. На месцы з’яўлення абраза была пабудавана капліца, а каля яе ў 1872 годзе драўляная царква. У мінулым стагоддзі і царква, і капліца былі разбураны, аднак у 1998 годзе капліца была адноўлена.

— Вядомая цікавая легенда пра атамана і 12 разбойнікаў. Аднойчы яны зайшлі ў капліцу, падышлі да абраза і сказалі, што бачылі гэтую жанчыну ў лесе і неаднойчы хацелі яе абрабаваць, аднак кожны раз яна знікала. Яны настолькі былі ўражаны, што забыліся пра свой рабаўніцкі занятак, атаман нават стаў манахам Кіева-Пячэрскай лаўры. Цуд гэта ці не цуд, аднак у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС Лоеў не быў забруджаны радыенуклідамі, хоць знаходзіцца ўсяго за 70 км ад эпіцэнтра ўзрыву. Верталётчыкі, якія сачылі за радыяцыйнымі аблокамі, дзівіліся, калі бачылі, як хмары разыходзяцца над гарадскім пасёлкам. Там дзе ікона — чыста, а навакольная тэрыторыя забруджаная. Хіба не цуд? — паведаміў Пётр Адамавіч.

Рыбалоўнае майстэрства

Збіраючыся на адпачынак у палатачны летнік, аматары рыбнай лоўлі — вучань 6 класа Міхаіл Мукамела і вучань 8 класа Мікіта Нікіценка — захапілі з сабой вуды. Усё ж такі макарона з тушонкай у паходзе — гэта добра. Аднак смачная юшка, звараная з бульбы, морквы, цыбулькі і свежазлоўленых дняпроўскіх падлешчыкаў або верхаводак пераўзыдзе па сваіх смакавых якасцях любы гатунак макароны. Здаецца, і ловяць нашы героі рыбу ледзь не з дзіцячага садка, а варыць смачную юшку навучыліся толькі цяпер, у паходзе. Лета 2017 года стала для іх летам не толькі гастранамічных адкрыццяў, але і адкрыццяў у рыбалоўным майстэрстве.


Калі да нядаўняга часу за адзін рыбалоўны дзень хлопцы маглі злавіць прыкладна 30—40 рыбін, то дзякуючы падказцы настаўнікаў (таксама заядлых рыбаловаў) гэтую колькасць яны ўжо адольваюць за гадзіну. Аказваецца, дасягнуць такога ўзроўню майстэрства не складана. Для гэтага не трэба набываць супердарагія снасці, не трэба вывучаць энцыклапедыі. Дастаткова ўзяць мякіш батона, акунуць яго на секунду ў ваду, потым размяць, дадаць некалькі кропель алею — і, калі ласка, цудоўная страва для рыбы гатова. Ды яшчэ якая цудоўная! Раніцай або вечарам верхаводка літаральна шалее, калі начапіць на кручок белы кавалачак мякішу. Толькі і застаецца, што своечасова падсякаць і выцягваць рыбіну. “Давай, давай! Ну! Цягні! Ат, зноў склявала! Нічога, зараз я цябе выцягну!” — разносілася над шырокім Дняпром.

Рыба клюе, паплавок акунаецца ў ваду або яго павяло ўбок, падсечка — і на бераг літаральна вылятае з вады вяртлявая верхаводка. Яшчэ клюе — і над вадой зноў узлятае рыба. Аднак палёт аказаўся нядоўгім, за метр ад берага яна зрываецца і толькі паспявае махнуць хвастом на развітанне. У гэты момант любы рыбак у роспачы гатовы кінуцца за ёй у ваду. Але рабіць гэтага не трэба, усё ж бяспека ў паходзе — на першым месцы.

Маршрутам пазнання

Як паведаміў начальнік летніка настаўнік фізічнай культуры і здароўя Каўпенскай базавай школы Барыс Аляксеевіч Прымак, мэтай палатачнага летніка з’яўляецца папулярызацыя турыстычна-краязнаўчай дзейнасці, далучэнне навучэнцаў да здаровага ладу жыцця. Гэта штогадовы летнік, у якім адпачываюць вучні розных школ раёна. “Усе сёлетнія ўдзельнікі ўпершыню праводзяць лета ў палатках. Нягледзячы на не самае спрыяльнае для паходу надвор’е, ніхто з дзяцей не захварэў, ніхто не захацеў вярнуцца дадому, усе здаровыя і шчаслівыя. Галоўнае, цёпла апранацца і мець добры настрой”, — адзначыў Барыс Аляксеевіч.

Працягласць маршруту, які пераадолелі юныя турысты за 5 дзён, склала 52 кіламетры. Першы дзень ён пралягаў ад вёскі Каўпень да вёскі Мохаў праз Казярогі. Тут дзеці пабывалі на тэрыторыі Мохаўскага археалагічнага комплексу, дзе размяшчаюцца археалагічныя помнікі каменнага, бронзавага, жалезнага вякоў і сярэднявечча. Непадалёк ад археалагічнага комплексу дзеці адпачывалі, лавілі рыбу, нават правялі акцыю “Чысты бераг”. Далей маршрут пралягаў да Лоева, Крупеек, Шчытцаў, Бывалек, Сінска і скончыўся ў Каўпені. Маршрут вельмі цікавы, таму калі нехта з чытачоў захоча адправіцца на адпачынак у Лоеўскі раён да высокіх берагоў Дняпра, можаце прайсці ўслед за героямі матэрыялу.

Утульная атмасфера

Лета ў палатках — выдатны адпачынак для дзяцей. Можна сказаць нават больш: самы любімы. Каб пераканацца ў гэтым, кожнаму з нас дастаткова ўспомніць дзяцінства. Памятаеце, як мы любілі збудаваць “домік” і гуляць там гадзіны напралёт. Тут нам было ўтульна, гэта была наша ўласная прастора. Дзяцінства хутка мінае, аднак жаданне мець невялікую, утульную, уласную прастору застаецца ў чалавека і ў 13-, і 20-, і нават у 60-гадовым узросце. Турыстычная палатка якраз і дае пачуццё гэтай утульнасці. Канечне, ад праблем дарослага жыцця яна не схавае, аднак якасны адпачынак гарантуе. Лета крочыць па краіне. Трымаем палаткі напагатове!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.