Па далінах і ўзвышшах

Юныя аматары падарожжаў чакаюць летнія канікулы з нецярпеннем. Апошні школьны званок абвясціў для іх не толькі канец навучальнага года, але і пачатак цікавых падарожжаў. Гэта час, калі юныя турысты ўспамінаюць вядомыя словы беларускага класіка: “На прастор, на шырокі прастор!” На шырокі беларускі прастор выходзяць навучэнцы і педагогі Баранавіцкага раёна.

Турызму і краязнаўству Яўген Тадэвушавіч Прыход прысвяціў 27 гадоў жыцця. Ён самы вядомы прапагандыст турызму ў раёне, працяглы час працаваў метадыстам Цэнтра турызму і экскурсій у вёсцы Палонцы. Скончыў факультэт фізічнага выхавання Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна. Здзейсніўшы першыя турыстычныя вандроўкі, зразумеў, што гэта справа жыцця. На рахунку педагога каля сямі дзясяткаў паходаў рознай катэгорыі складанасці. Найбольшая іх колькасць здзяйсняецца ў летні перыяд.

Турыстычную справу папулярызуюць многія ўстановы адукацыі Баранавіцкага раёна. Сярод іх — Брэсцкае абласное кадэцкае вучылішча, якое па выніках мінулага года заняло ў вобласці 1-е месца на лепшы турыстычны паход. Кіруе адпаведным гуртком вялікі аматар турызму Васіль Канстанцінавіч Лаўрыновіч. Выхаванец дзіцячага дома, сваё жыццё ён прысвяціў падрастаючаму пакаленню. Нягледзячы на пенсійны ўзрост, арганізоўвае пяць-шэсць паходаў штогод па раёне і вобласці. Ён кіруецца наступным турыстычным прынцыпам: “каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць”.

У Моўчадскай сярэдняй школе адпаведным выхаваўчым напрамкам работы кіруе Сяргей Міхайлавіч Федарцоў. А Яўген Аляксандравіч Барысевіч — малады арганізатар турызму Жамчужненскай сярэдняй школы. Турыстычныя гурткі ў пасёлку Жамчужны вядзе другі год.

У раёне склалася зладжаная сістэма турыстычнай работы. Кожны год 27 верасня праводзяцца спаборніцтвы сярод навучэнцаў гурткоў (а іх у раёне 18) да дня турыста. У спаборніцтвах “Восень-2016” на 1-е месца выйшлі юныя турысты Палонкаўскай сярэдняй школы, дзе гуртком кіруе Яўген Тадэвушавіч Прыход. Турыстычны злёт прайшоў і ў канцы мая. У ім прымалі ўдзел восем лепшых школьных каманд. Пераможцамі сталі юныя турысты Палонкаўскай сярэдняй школы. На 2-м месцы — каманда Жамчужненскай сярэдняй школы, на 3-м — турысты Мірнаўскай сярэдняй школы, дзе каманду да злёту рыхтаваў настаўнік фізічнай культуры і здароўя Васіль Васільевіч Ярмольчык, таксама актывіст турыстычнага руху.

Свае пажаданні па развіцці ў раёне воднага турызму выказаў кіраўнік турыстычнага гуртка Каўпеніцкай базавай школы Часлаў Іванавіч Яўсявіцкі, тым больш што жадаючых адпраўляцца ў вандроўкі на вёслах многа. Аднак, па яго словах, для развіцця воднага турызму неабходна спачатку стварыць належную матэрыяльна-тэхнічную базу.

Групу юных турыстаў Моўчадскай школы ўзначальвае Сяргей Міхайлавіч Федарцоў, які любіць разам са сваімі выхаванцамі падарожнічаць па родным краі на веласіпедах. У мінулым годзе яны наведвалі Дзятлаўшчыну па маршруце Моўчадзь — Свіцязь — Наваельня. Гэтым летам юныя моўчадскія веласіпедысты накіруюцца ў вёску Дварэц Дзятлаўскага раёна. Там яны азнаёмяцца з помнікамі архітэктуры (касцёлам і царквой), наведаюць пахаванні воінаў, якія вызвалялі край ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сяргей Міхайлавіч плануе сумесна з Яўгенам Тадэвушавічам Прыходам чатырох- або пяцідзённае падарожжа па родных мясцінах. Такое мерапрыемства, на думку арганізатараў, будзе пазнавальным. Дзеці не толькі пазнаёмяцца, пасябруюць, але і аб’яднаюць свае намаганні ў творчым пошуку музейных матэрыялаў.

Дырэктар Мірнаўскай адзінаццацігодкі Аляксей Міхайлавіч Ждановіч паведаміў, што з 1 чэрвеня класныя кіраўнікі павялі сваіх выхаванцаў турыстычнымі сцежкамі. Напрыклад, В.В.Ярмольчык з групай старшакласнікаў накіраваўся з пасёлка Мірнага ў Баранавічы. Далей былі Калдычава, Гарадзішча, іншыя населеныя пункты ў напрамку возера Свіцязь. Юныя турысты сабралі цікавы матэрыл для школьнага музея. Юнакі і дзяўчаты сталеюць у такіх падарожжах, пранікаюцца пачуццём адданасці Радзіме.

Канстанцін СТАНКЕВІЧ.
Фота аўтара.