З гэтым, мабыць, ніхто не будзе спрачацца, і кожная мама робіць усё, каб яе дзіця расло здаровым. І галоўная ўвага, як правіла, удзяляецца харчаванню. Адна мама абмяжоўвае ў рацыёне свайго дзіцяці чыпсы і сухарыкі, другая — з ранку да вечара завіхаецца на кухні, падлічваючы калорыі ў смузі і кактэйлях. А мая гераіня пайшла далей: яна не проста правільна корміць сваіх дачок, але і іх, і іх равеснікаў зрабіла экспертамі ў здаровым харчаванні.
Маленькія плагіятары
Алёна Высоцкая ў Беларусі — асоба вядомая. Яна папулярная тэлевядучая, аўтар і заснавальнік кулінарнага партала Oede і Першай школы-студыі, заснавальнік і дырэктар прэміі Golden Chef, арганізатар шматлікіх рэспубліканскіх кулінарных форумаў і гастранамічных шоу. Але галоўным сваім статусам яна лічыць статус мамы. Разам з мужам Дзмітрыем Алёна выхоўвае дзвюх дачок — 9-гадовую Насцю і 5-гадовую Кацю.
“Усё, чым я займаюся ў сваім жыцці, — гэта дапаўненне маіх якасцей як мамы, бо галоўная мая мэта — быць для дачок прыкладам, — прызнаецца Алёна. — Усе мы звычайна натхняемся прыкладам бацькоў, і для многіх паспяховых людзей першымі бізнес-настаўнікамі былі іх бацькі. Таму я хачу быць актыўным чалавекам, ствараць нешта сваё”.
Праўда, уласнага станоўчага прыкладу бацькоў Алёна не мела. Тату страціла ў 4 гады, а жывучы з маці і айчымам, часам не мела магчымасці нават проста ўволю паесці. Таму яе кулінарнае захапленне стала лагічным, бо ў яго аснове — не проста правільнае харчаванне, а хутчэй культура сумеснага гатавання ежы. Яна запэўнівае: зносіны падчас гатавання і ўжывання ежы ўзбагачаюць, збліжаюць людзей, і таму яе мэта — навучыць гатаваць не для дзяцей, а разам з дзецьмі. Прыкладам стала Алёна для дачок нечакана рана. Не, яна не прыводзіла іх на кухню — дзяўчынкі прыйшлі, дакладней, прыпаўзлі малечамі, самі.
“Дзеці — самыя лепшыя плагіятары, ад нараджэння стараюцца паўтараць усё за бацькамі, за дарослымі, — гаворыць Алёна. — І мае дзеці часта бачылі і бачаць мяне на кухні: здымкі для канала СТБ мы праводзім у мяне дома. У мяне шмат фотаздымкаў, на якіх камера — на мяне, а ў гэты час з-пад стала дзіця выцягвае ў мяне з-пад рук нешта, выпрошвае моркву ці штосьці яшчэ. І яны гэтым жылі і жывуць цяпер. Гэта стала гульнёй.
Менавіта цікавая гульня дапамагае прывучыць дзяцей да здаровага харчавання, дапамагае правільную ежу прадставіць так, каб яна ім спадабалася. Напрыклад, дзеці ўпэўнены, што ежа без цукру нясмачная. Але калі знаходзіць варыянты замены цукру, яны робяць для сябе адкрыцці. Напрыклад, у адной з апошніх перадач мы гатавалі шакаладную пасту без грама цукру замест прывычнай ім “Нутэлы”, у якой велізарная колькасць цукру і не менш шкодных тлушчаў. Калі змяшаць у патрэбных прапорцыях банан, сухое малако і какаву, атрымліваецца сапраўдны шакалад, які можна дадаць у торт, намазаць на батон ці яшчэ лепш — на хлябцы. І дзеці былі здзіўлены, што карыснае можа быць смачным.
Да мяне цяпер падыходзяць бацькі і гавораць: “Учора пасля здымак да мяне прыйшоў сын і кажа: “Аказваецца, цукар такі шкодны! А мы нават не ведалі. А ведаеш, колькі цукру ў шклянцы напітку? Колькі ў шакаладцы?” Дзіця запальваецца ідэяй смачнай і правільнай ежы. І няхай калі не ўсе беларусы, то хаця б трыццаць Насціных аднакласнікаў вырастуць і будуць інакш глядзець на ежу”.
Наперад з СССР!
У цэлым ацэньваючы культуру харчавання беларусаў, Алёна зазначае: “Нам не хапае ведаў, традыцый, смеласці эксперыментаваць. Я не хачу крыўдзіць беларусаў і гаварыць, што ўсё дрэнна, але часта бываюць крайнасці. Калі я бываю ў гасцях, на сталах усё тыя ж салаты, якія былі ў 90-х, тыя ж крабавыя палачкі і г.д. Мяне гэта вельмі здзіўляе. Так, савецкая эпоха раўнавала ўсіх пад адзін грэбень, і для ўсіх было звыклым гатаваць хутка і танна, а гаспадыню не цікавіла, наколькі карысная ежа: галоўнае — накарміць сям’ю. Але ж нават з простых прадуктаў — танных, сезонных, карысных — можна прыгатаваць такія шэдэўры!
Я ўчора была ў гасцях у сяброўкі і засталася ў захапленні ад яе пачастункаў — ад беларускай рачной фарэлі і ад запечанай агародніны: бульбы, морквы, гарбуза, кабачка, бурака. Гэта неверагодна смачна, хаця ўсё проста — парэзаная буйнымі кавалкамі агародніна, запраўленая алеем і прыпраўленая спецыямі, запечаная ў духоўцы. Мы ж прывыклі, што бурак абавязкова падзёрты на тарцы, перамяшаны з маянэзам. Гарбуз у нас увогуле не прыжыўся на беларускай кухні (дакладней, даўно з яе знік). А гэта такі цікавы прадукт! Яго з-за салодкасці і яркага смаку можна спалучаць з салёным сырам, можна запякаць з мёдам і інш.”.
Алёна робіць вельмі шмат, каб павысіць культуру харчавання ў Беларусі. На гэта накіраваны яе партал Оеdе і ўсё, што яна робіць вакол гэтага праекта: здымкі кулінарных праграм, шмат актыўнасцей у яе на рэстаранных выставах і арганізацыя рэстараннай прэміі і асабліва кулінарная школа, у якасці навучэнцаў якой не толькі дарослыя. Для самых маленькіх “школьнікаў” Алёна ладзіць дзіцячы кулінарны практычны курс “Юны кухцік”. Дзеці, пачынаючы з 5 гадоў, у гульнявой форме даведваюцца, якой павінна быць здаровая ежа, якія карысныя ўласцівасці маюць прадукты, якія прадукты можна спалучаць у адной страве, а якія — не, і, безумоўна, вучацца гатаваць.
Здаровыя перакусы
Цяпер ідэяй здаровага харчавання жыве і клас яе дачкі Насці, чацвёртакласніцы гімназіі № 16 Мінска.
“Да школьных абедаў у мяне прэтэнзій няма: у межах вялікай сістэмы масавага харчавання выдаць прыгожую, смачную, карысную і недарагую порцыю вельмі складана. Але нашым школам гэта ўдаецца, хаця і тут заўсёды будзе куды рухацца. Аднак усё роўна пры актыўнай разумовай дзейнасці асноўных прыёмаў ежы дзецям не хапае — ім неабходна перакусваць на перапынках. І вось тут якраз ёсць з-за чаго турбавацца”, — гаворыць мая суразмоўца.
Гэта стала зразумелым пасля таго, як яе дачка Насця падчас сваёй даследчай работы правяла апытанне сярод аднакласнікаў, хто чым перакусвае ў школе. Высветлілася, што большасць дзяцей бяруць з сабой цукеркі, шакалад, яблыкі, пячэнне ці сушкі. Пятай частцы дзяцей дачакацца абеду дапамагаюць чыпсы, шакаладныя батончыкі і інш. У цэлым такі рацыён здаровым не назавеш, таму Насця разам з мамай распрацавала рэцэпты здаровых перакусаў і прыгатавала іх для сваіх аднакласнікаў прама ў школьнай сталовай. Аснову склалі стравы, якія Насця разам з мамай гатуе дома.
“Мы дома часта ставім эксперыменты з прадуктамі, — гаворыць Насця. — Напрыклад, я вельмі люблю таматны соус. Але мы яго не купляем, а гатуем самі: проста ўзбіваем у блэндары да кансістэнцыі соусу памідор, алей, крыху солі, мы любім яшчэ часнок. Шмат розных страў гатуем з гарбуза, але я найбольш люблю суп-пюрэ з хлебнымі сухарыкамі і семачкамі сланечніка. У многія стравы мы дадаём прарошчанае зерне, якое ў такім выглядзе вельмі карыснае. Аказалася, прарошчваць яго лёгка, але каб было яшчэ прасцей, мы набылі спецыяльны электрапрыбор, у якім аўтаматычна ўвільгатняецца насенне. Кактэйль з бананаў, замарожаных клубніц і прарошчанага насення пшаніцы мы прапанавалі паспытаць маім аднакласнікам”.
“Прапанавалі мы дзецям прадэгуставаць і ацаніць па 10-бальнай сістэме і нашы любімыя снэкі, — дапамагае Алёна. — З усяго асартыменту феерычным поспехам карысталіся снэкі з насення лёну. Яны простыя ў гатаванні, вельмі карысныя і танныя: сабекошт кілаграма такога ласунку — крыху больш за 1 беларускі рубель. Трэба проста замачыць насенне ў вадзе, а калі яно набухне, дадаць, напрыклад, яблык з карыцай, парэчкі, вішню, какос, лімон, хто любіць вострае — часнок, цыбулю, кмен, папрыку і інш. Раскачваем, сушым у духоўцы пры нізкай тэмпературы і разломваем на скрылікі. Тым, хто любіць пахрумкаць чыпсамі, прыгатавалі іх з морквы і яблыкаў, толькі іх мы не смажылі, а сушылі ў духоўцы. Спадабалася дзецям і гранола. Гэта кактэйль з розных відаў шматкоў, у які можна дадаваць насенне кунжуту ці сланечніку, мёд, сухафрукты і інш. Усё перамешваецца, фарміруецца пласт, падсушваецца і разразаецца на батончыкі. Прапанавалі дзецям і палачкі свежай агародніны — морквы, сельдэрэю, агурка і перцу. І ў дапаўненне прапанавалі 4 варыянты соусаў: ёгуртна-фруктовы, арэхавы, кропны, з зялёнага гарошку. І, дарэчы, менавіта апошні соус зрабіў фурор: з ім дзеці змяталі ўсё!
Калі гаварыць пра масавае харчаванне, то менавіта такія стравы, якія дзеці любяць, і трэба ўключаць у іх рацыён. І нам, дарослым, не трэба ўяўляць, што б елі дзеці — прапануйце варыянты і вывучыце дзіцячыя густы. Часам яны нечаканыя. Мы, напрыклад, не чакалі, што ў дзяцей любімым будзе гарохавы соус.
Многія з нас — выхадцы з савецкіх часоў, калі нашы бацькі былі хутчэй дыктатарамі. Цяпер іншы час: дзеці растуць больш свабоднымі. На мой погляд, прыйшла эпоха, калі бацькі становяцца толькі падтрымкай для дзяцей. І добра, што мы ўжо ўсвядомілі як факт, што прадастаўленне свабоды спрыяе станаўленню асобы, вучыць дзіця самастойнасці”.
Так, падчас свайго даследавання Насця высветліла, што, па-першае, гатаваць у школьнай сталовай нават прасцей, чым дома, па-другое, літаральна ўсе яе аднакласнікі захацелі, каб у буфеце былі такія смачныя перакусы, а іх мамы і таты запэўнілі, што абавязкова давалі б грошы на іх сваім дзецям. Адміністрацыя гімназіі падтрымала гэтую ідэю, і ўжо хутка ўсё, што асабліва палюбілася гімназістам падчас эксперымента, і тое, чаго яны пакуль яшчэ не каштавалі, можна будзе купіць у буфеце. Гэта яркі прыклад, як дзіцячая ініцыятыва і маміна зацікаўленасць могуць нешта рэальна змяніць.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з сямейнага архіва Алёны ВЫСОЦКАЙ.