Габелен — раўнівае мастацтва

Нашы прашчуры, якім невядомы былі многія сучасныя аўтаматызаваныя машыны, механізмы і прылады, амаль усё рабілі сваімі рукамі. Традыцыі і тэхнікі беражліва захоўваліся і перадаваліся з пакалення ў пакаленне.


Прагрэс змяніў многае. Разам з тым кошт працы чалавечых рук узрос, і сёння многія традыцыйныя рамёствы, віды дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва атрымалі другое жыццё, працягваюць сваё развіццё, з лёгкасцю ўпісваючыся ў наш час.

Цікава, што ўсё гэта выклікае захапленне ў сучасных дзяцей. Традыцыйныя гурткі і аб’яднанні па інтарэсах застаюцца запатрабаванымі ў хлопчыкаў і дзяўчынак. Так, многіх цікавіць ткацтва. Вырабы ручнога ткацтва ўсё часцей сталі з’яўляцца не толькі на фестывалях, святах, выставах, але і ў магазінах у якасці сувеніраў. І дзеці бачаць гэтую прыгажосць. А калі, трапляючы ў гурток, яны разумеюць, што могуць стварыць нешта падобнае сваімі рукамі, іх ахоплівае жаданне паспрабаваць.


— Дзеці, прыходзячы ў гурток, вельмі дзівяцца, калі бачаць карціны з нітак, і з цяжкасцю вераць, што гэта зроблена сваімі рукамі, — расказвае дырэктар Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Гомеля Ларыса Мікалаеўна Слінякова. — Яшчэ іх вельмі прыцягвае багацце нітак і колераў, бо гэта нешта новае, а не фарбы або гаджэты. Калі юным творцам прапануецца зрабіць штосьці падобнае, яны не вельмі вераць у свае сілы, аднак спрабуюць. Так і захапляюцца справай, пачынаюць ткаць чахольчыкі, сурвэткі, карцінкі па ўласных эскізах.

Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі Чыгуначнага раёна Гомеля — месца, дзе сёння актыўна развіваецца ручное ткацтва. Ужо на працягу трох гадоў тут працуе аб’яднанне па інтарэсах “Габелен. Ткацтва”. Кіруе ім малады таленавіты педагог Ірына Валянцінаўна Гарбунова. У яе ж цікавасць да ткацтва ўзнікла яшчэ падчас навучання на мастацкім -аддзяленні ў дзіцячай школе мастацтваў. І так палюбілася дзяўчынцы творчасць, што яна вырашыла звязаць з ёй сваё жыццё. Ірына скончыла Гомельскі дзяржаўны мастацкі каледж па спецыяльнасці “Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва”, а зараз працягвае навучанне ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры.


— Габелен — вельмі раўнівае мастацтва, — тлумачыць педагог. — Паспрабаваўшы нешта стварыць адзін раз, ты або больш да яго не вернешся, або застанешся яму верным назаўсёды. Кожнае перапляценне нітачак — непаўторнае, унікальнае, сакральнае дзеянне, якое можна параўноўваць з першым акордам у музыцы, першым узмахам пэндзля мастака.

Габелен асацыіруецца з раскошай і прыгажосцю. У ранейшыя часы ён з’яўляўся ўпрыгажэннем палацаў. Габелены выконваліся каляровымі, ваўнянымі, шаўковымі, а часам і залатымі ніткамі ў розных тэхніках ткацтва. У стварэнні такіх вырабаў ёсць шэраг цяжкасцей, але, як сцвярджаюць майстры, пры жаданні можна засвоіць гэтае рамяство.

Канечне, многае залежыць непасрэдна ад педагога: як ён падасць творчасць выхаванцам, як пабудуе працу з імі, што асаблівага прапануе. Адрозненне аб’яднання па інтарэсах “Габелен. Ткацтва” ў тым, што на занятках вучні засвойваюць не традыцыйнае ткацтва на станках, якое прадстаўлена ручнікамі, посцілкамі, дарожкамі, абрусамі, што маюць сваю сімволіку і канкрэтнае прызначэнне, а сучасным бачаннем старажытнага мастацтва. Асноўны напрамак работы гуртка — выраб габеленаў — тканых карцін розных памераў, а таксама дэкаратыўных элементаў, выкананых у дадзенай тэхніцы, і прымяненне іх для дэкарыравання прадметаў адзення, побыту, аксесуараў.


Праца з дзецьмі, якія ўпершыню прыйшлі на заняткі, пачынаецца з азнаямлення з гісторыяй беларускага ткацтва, асновамі кампазіцыі і колеразнаўства, з матэрыяламі. Пасля яны засвойваюць рэпрадуктаванне старадаўніх, традыцыйных арнаментаў і на іх аснове вучацца ствараць свае ўнікальныя ўзоры. Зусім маленькія дзеці вучацца ткацтву дзякуючы такому прыёму, як аплікацыя з нітак. Падчас работы дзіця засвойвае матэрыял, падбірае гарманічнае каларыстычнае рашэнне так, каб яно было не занадта яркім ці, наадварот, бляклым.

Адным з цудоўных спосабаў навучання дзіцяці ручному ткацтву стала сапраўдная знаходка Ірыны Валянцінаўны — ткацтва па крузе маленькіх дэкаратыўных элементаў, якія выхаванцы аб’яднання назвалі сонейкам. Такім элементам лёгка навучыцца, на іх выраб не патрабуецца шмат часу, а ў выніку атрымліваецца яркае маленькае сонейка, і ўжо можна пахваліцца сваімі першымі дасягненнямі бацькам. Дарэчы, вынікам заняткаў стала двухметровая навагодняя ёлка, упрыгожаная сонейкамі. Над гэтай кампазіцыяй дзеці працавалі больш за месяц і вырабілі больш за трыста дэкаратыўных элементаў.

Пасля засваення асновы і самых простых прыёмаў пачынаецца адточванне навыкаў ручнога ткацтва, ткацтва на бердзечках — прыстасаванні, на якое нацягваюцца вертыкальныя ніткі асновы. Такім спосабам, напрыклад, была выткана серыя творчых работ, у якіх хлопчыкі і дзяўчынкі паспрабавалі адлюстраваць самабытнасць і прыга-жосць беларускага народнага танца “Крыжачок”, а таксама серыя работ “Гістарычныя месцы Гомеля”, за якія выхаванцы цэнтра атрымалі перамогу на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці “Прывітанне, свет!”.

Сёння яшчэ маладое аб’яднанне па інтарэсах “Габелен. Ткацтва” наведваюць 75 дзяўчынак і хлопчыкаў ад 6 да 15 гадоў. Яны з задавальненнем пераймаюць навыкі ў Ірыны Валянцінаўны. Старэйшыя нават абураюцца, калі чуюць, што габелен — гэта ўстарэлы занятак. Яны ведаюць, што створаныя імі рэчы могуць быць упрыгажэннем любога інтэр’ера, прычым не толькі хатняга. Ды і доўга шукаць падарунак на свята для родных і блізкіх не прыйдзецца: заўсёды выручыць зроблены сваімі рукамі дзівосны сувенір.

Дырэктар установы Л.М.Слінякова ўпэўнена: запатрабаванасць аб’яднання абумоўлена не толькі тым, што дзеці засвойваюць, можна сказаць, новы від творчасці, але і тым, што яго праграма не абмяжоўваецца навучаннем і ўдасканальваннем навыкаў ручнога ткацтва, а прапаноўвае выхаванцам ствараць цалкам унікальныя, самабытныя інтэр’ерныя і нават дызайнерскія рэчы.

— Кожная ручная работа ўнікальная, самабытная і непаўторная. І гэта, здаецца, асноўная прычына, каб палюбіць рамяство. Той, хто хоць раз паспрабаваў займацца гэтым, наўрад ці кіне яго зусім, — упэўнена Ірына Гарбунова. — Гэты працэс настолькі зацягвае, што ў звычайным жыцці ўсё роўна час ад часу хочацца нешта стварыць.

Наталля ЛУТЧАНКА.