Гліняныя дзівосы са “Святліцы”

Зімовыя вечары падаюцца доўгімі толькі тым, каму няма чым заняцца. У хлопчыкаў і дзяўчынак, якія ледзь не штовечар спяшаюцца ў Старадарожскі цэнтр дзіцячай творчасці “Святліца” імя І.Н.Стасевіча, такой праблемы няма. Асабліва рады вольнаму ад іншых заняткаў часу больш за 50 выхаванцаў дзіцячай студыі па кераміцы “Гліняныя дзівосы”, якой кіруе Вольга Аляксандраўна Поршнева.

Палюбі кераміку замалада

Гэта той выпадак, калі хлопчыкі і дзяўчынкі прыходзяць не ў гурток, а да педагога. Менавіта пра кіраўніка студыі Вольгу Аляксандраўну Поршневу задоўга да верасня ад школы да школы, з вуснаў у вусны яе навучэнцы і іх бацькі расказваюць адно аднаму, як удала сумяшчае ў сабе педагог дабрыню і мяккасць з патрабавальнасцю і ўменнем адкрываць таленты ў дзецях. Але галоўнае, што яна ўмее знаходзіць падыход да самых маленькіх творцаў — 6—7 гадоў.


Гэта адзначае і Наталля Канстанцінаўна Бярэзіна, дырэктар Старадарожскага цэнтра дзіцячай творчасці “Святліца” імя І.Н.Стасевіча: “Акрамя таго, што Вольга Аляксандраўна — адказны і добрасумленны педагог, яна ўмее працаваць з маленькімі дзецьмі, што не ва ўсіх атрымліваецца. У яе хапае цярпення шмат разоў патлумачыць, паказаць, як правільна зрабіць, пры гэтым я ні разу не бачыла, каб яна зазлавалася, калі тыя няўважлівыя. І таму дзеці з задавальненнем да яе ходзяць, у яе заўсёды поўная майстэрня. Прычым праграма яе гуртка разлічана на 3 гады, але на заняткі прыходзяць і тыя, хто даўно засвоіў праграму”.

Уменне ладзіць з малодшымі школьнікамі ў многім тлумачыцца тым, што Вольга Аляксандраўна мае дзве спецыяльнасці: “Вытворца мастацкіх вырабаў з керамікі” (Бабруйскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны мастацкі каледж) і “Дашкольная адукацыя” (Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт).

“Працаваць з малодшымі дзецьмі цяжэй, чым са старэйшымі, але гэта таго варта. Чым раней дзіця пазнаёміцца з глінай, тым вышэйшага майстэрства паспее дасягнуць да канца школы, — гаворыць Вольга Аляксандраўна. — Мая задача — выпрацаваць у іх уседлівасць, бо гліна не пластылін: калі нешта не зрабіў адразу, на потым не адкладзеш. Гэта пластылін будзе пластычным, пакуль вы будзеце трымаць яго ў руках, а гліна хутка перасыхае і рассыпаецца. Але якраз гэтыя якасці гліны і дапамагаюць мне: адчуваючы, што кансістэнцыя гліны мяняецца, яна падсыхае, дзеці ўжо самі баяцца адарвацца ад справы і дазволіць сваёй рабоце сапсавацца. А каб яны не страчвалі цікавасці, мы з імі робім зусім простыя вырабы. У асноўным гэта плоскасныя фігуркі, а калі аб’ёмныя, то сабраныя ў адно цэлае з простых плоскасных дэталек ці пластычным спосабам — замазваннем, загладжваннем, стараемся фігуркам надаваць дынаміку, рух”.


У заняткі з гэтымі дзецьмі педагог уключае гульнявыя, пазнавальныя элементы. Так, у моманты, калі работа не патрабуе асаблівай увагі, напрыклад, пакуль дзеці скручваюць буйныя жгуцікі ці раскатваюць пласт гліны, педагог можа пазагадваць загадкі. А ўзнагародай для самых актыўных будуць не толькі іх завершаныя вырабы, але і маленькі сувенір ад Вольгі Аляксандраўны. У яе заўсёды напоўнена скрыня невялічкімі сувенірамі ўласнай работы і салодкімі ласункамі. Кожны тыдзень у студыйцаў заканчваецца чаем і салодкім сталом, конкурсамі і гульнямі, забаўляльнымі праграмамі.

Свой стыль

Гульня дапамагае зацікавіць дзяцей, але для выніку гэтага мала. Таму старэйшыя дзеці штодзень крок за крокам асвойваюць новыя тэхналагічныя прыёмы работы з глінай, знаёмяцца з традыцыямі керамікі, вучацца ляпіць статуэткі жывёл і людзей, ствараюць кампазіцыі і дэкаратыўнае пано, распісваюць і дэкарыруюць гатовыя вырабы, ствараюць прадметы дэкору.

Для Вольгі Аляксандраўны важна, каб дзіця паверыла ў свае сілы, навучылася самастойна пераадольваць цяжкасці, годна прымаць паражэнне і няспынна працаваць над сабой. Таму галоўная задача на другім годзе навучання — дапамагчы дзецям знайсці свой стыль у творчасці і пастаянна яго ўдасканальваць. Навучэнцы гурткоў вядуць актыўную выставачную дзейнасць. У гуртках педагог пастаянна арганізоўвае персанальныя выставы навучэнцаў, разам з дзецьмі ладзіць прэзентацыі гэтых выстаў для бацькоў і сяброў. Экспануюцца дзіцячыя работы на самых розных пляцоўках для самых розных гледачоў, у тым ліку на раённых святах, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах.

Аб выніковасці працы сведчаць шматлікія перамогі ў конкурсах мастацкай творчасці — ад раённых да міжнародных. За апошнія тры гады навучэнцы разам з педагогам заваявалі 58 дыпломаў, з іх 15 раённага, 25 абласнога, 7 рэспубліканскага і 11 міжнароднага ўзроўню.

“Я ўпершыню прыйшла ў студыю ў 4 класе, — гаворыць Настасся Барысоўская. — Тады я ўбачыла па тэлебачанні сюжэт, у якім дзеці стваралі гліняныя вырабы. Мяне гэта вельмі зацікавіла, і я папрасіла тату знайсці, дзе гэтаму можна навучыцца. Ён прывёў мяне ў “Святліцу”. За 2,5 года я не прапусціла ніводных заняткаў. Да гэтага я спрабавала сябе ў танцах, але ў мяне не атрымлівалася. Спрабавала і маляваць, але ўжо дома, сама, без педагога. І таксама не атрымлівалася. А Вольга Аляксандраўна навучыла мяне і маляваць, і ляпіць”.


А ў тым, што сапраўды навучыла, пераконваюць 17 дыпломаў, якія Насця атрымала толькі за мінулы навучальны год. Сярод іх — дыплом I ступені абласнога этапу Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Калядная зорка”, дыплом I ступені абласнога этапу IV Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Прывітанне, свет!”, дыплом III ступені абласнога этапу Рэспубліканскага агляду-конкурсу “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, дыплом III ступені абласнога этапу агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Выконваем законы дарог”, дыпломы Рэспубліканскай выставы дзіцячай творчасці Kazki.by, Міжнароднага конкурсу “Победита”. Праект Насці “Гліняная цацка. Свойскія жывёлы” заняў 2-е месца на абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу праектна-даследчых работ навучэнцаў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Выхаванне на аснове традыцый беларускага народа. Беларуская народная цацка”.

“Работы Насці Барысоўскай ужо лёгка пазнаць без подпісу. Яна па-свойму складае прапорцыі, прапрацоўвае дробныя дэталі, рысы твараў людзей і мордачак жывёл, любы элемент у яе зроблены вельмі акуратна, дзяўчынка любіць дробныя дэталі, што не характэрна, бо дзеці яе ўзросту ў асноўным лепяць спрошчана, з буйных элементаў”, — гаворыць Вольга Аляксандраўна.

Свой творчы почырк выпрацавалі і іншыя дзеці. Сярод іх — Паліна Емяльянава. Дзяўчынка толькі што вярнулася з педагогам з узнагароджання пераможцаў Рэспубліканскай выставы-конкурсу “Калядная зорка”, дзе за свае ёлачныя цацкі ў выглядзе зімовых хатак атрымала дыплом ІІІ ступені. Паліна таксама не на жарт захапілася керамікай.

“Я нашу гадзіннік, каб было зручней сачыць, колькі часу застаецца да заняткаў. Па раскладзе ў мяне заняткі два разы на тыдзень — па 2 і 4 гадзіны, але, калі ў мяне выпадае вольны час (я яшчэ заканчваю музычную школу), іду на заняткі з іншымі групамі. У мяне шмат задум, і я не паспяваю іх усе ўвасабляць. Калі я прыдумваю, які сувенір зрабіць, то заўсёды ўзнікае шмат ідэй, я не магу спыніцца на канкрэтнай — знаходжу магчымасць зрабіць усе. Вельмі люблю ляпіць жывёл, асабліва сабак і катоў. У мяне жыве сабака, і з яго часта ляплю, ляплю сабак і катоў сваіх сваякоў, сяброў. Калі не магу знайсці пэўную пароду, шукаю ў інтэрнэце. Стараюся ляпіць не стылізавана, а так, каб было падобна”, — прызнаецца Паліна, якая ўжо здабыла сабе званне кераміста-анімаліста.

“Наша самая актуальная задача на найбліжэйшы час — асвоіць ганчарства, — гаворыць Вольга Аляксандраўна. — Гэта даволі складана, і неабходна фізічная сіла, таму мы спрабуем са старэйшымі дзецьмі. Даверыць усім жадаючым круг я не магу, бо гэта траўманебяспечная рэч. Тым больш што за нашым кругам можна працаваць толькі стоячы. Калі б мы працавалі седзячы, то ўвесь упор цела ішоў бы на гліну, тады і лепш цэнтравалася б, і раўней бы сценкі падымаліся. Таму ўся надзея на нашых хлопчыкаў, асабліва на тое, што яны будуць сумяшчаць кераміку з заняткамі спортам”.

Сучаснасць у традыцыях

Не менш важна, лічыць педагог, прывіваць дзецям любоў да трыдыцый народа і адлюстроўваць іх у кераміцы, але пры гэтым умець дадаць у іх сучаснасці. Так, знаёмячыся з рознымі прыёмамі лепкі з гліны і дэкарыраваннем вырабаў, юныя майстры выкарыстоўваюць старажытныя і сучасныя прыёмы лепкі, такія як фармаванне са жгута, выкарыстанне пласта, лепка з суцэльнага кавалка гліны, рэльефы, ручное фармаванне вырабу, ганчарства, капіраванне з гіпсавага злепка, шлікернае ліццё і іншыя.

“Што да тэматыкі, то сёння асабліва актуальныя беларускія сюжэты, беларуская сімволіка і арнаменты, — гаворыць кіраўнік студыі. — Але вось дзецям рабіць такія работы не надта падабаецца. Ва ўсялякім разе не адразу. Яны наглядзяцца сучасных замежных мультфільмаў, і ім хочацца перанесці экранных герояў у свае работы. Але іх каштоўнасць, дакладней, адсутнасць каштоўнасці, лёгка можа паказаць любы конкурс — ні адзін эксперт, член журы не адзначыць Мікі Маўса з гліны. Але ў той жа час сучасныя ноткі ў вырабах вітаюцца. У прыватнасці, можна эксперыментаваць з дадатковымі матэрыяламі: гэта і каляровая глазура, натуральная льняная тканіна, мешкавіна, можна апрануць гліняных чалавечкаў у адзенне з тканіны, можна спалучаць гліну з іншымі прыроднымі матэрыяламі — галінкамі, драўлянымі дэталямі, напрыклад, гузікамі з дрэва. Але тут галоўнае ведаць мяжу”.

Мабыць, пра педагагічнае майстэрства гавораць не толькі і не столькі дыпломныя поспехі яе навучэнцаў, колькі іх прага працягваць вучыцца. Некалькі дзяўчынак, у прыватнасці Настасся Барысоўская і Паліна Емяльянава, усяго толькі шасцікласніцы, ужо дакладна вызначыліся з будучай прафесіяй — яны мараць, што стануць педагогамі і, як і Вольга Аляксандраўна, будуць вучыць дзяцей працаваць з глінай. Ксенія Трыгубовіч, хоць і яшчэ малодшая за іх, але таксама ўпэўнена, што з выбранай дарогі не сыдзе. Дзевяцікласніца Эліна Раманюк пачала ўжо сваю выкладчыцкую дзейнасць: яна сама рыхтуе, праводзіць і здымае на відэа свае майстар-класы па вырабе гліняных рэчаў. Ролікі дзяўчына размяшчае ў сацыяльных сетках інтэрнэт-карыстальнікаў, прыносіць іх на заняткі ў студыі.

“Гэта, на мой погляд, лепшы паказчык майстэрства педагога, — гаворыць дырэктар установы Наталля Канстанцінаўна. — Адміністрацыя гатова вітаць, падтрымліваць работу аб’яднання, але калі педагог не гарыць справай, калі ў яго няма імкнення працаваць, то і вынікаў не будзе. Таму мы вельмі рады, што ў нашым калектыве ёсць Вольга Аляксандраўна. І спадзяёмся, што хутка наша меркаванне пра майстэрства педагога будзе дакументальна пацверджана: у найбліжэйшы час мы чакаем афіцыйнага атрымання студыяй звання народнай”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва студыі.