Бурнае развіццё інфармацыйных тэхналогій і іх шырокае выкарыстанне ва ўсіх сферах чалавечай дзейнасці прывяло да змены і мадыфікацыі школьнага музея, а значыць, з’явілася магчымасць выкарыстоўваць ва ўстанове адукацыі новыя формы музейнай работы. Мэта стварэння віртуальнага музея спорту Ашмянскага раёна — забеспячэнне яго інфармацыйнай адкрытасці, якая дазваляе падаваць карысную інфармацыю ў зручным выглядзе з выкарыстаннем вэб-інтэрфейсу.
Музей спорту Ашмянскага раёна быў створаны на базе сярэдняй школы № 3 райцэнтра і пачаў функцыянаваць з 2011 года. З таго часу сабрана і класіфікавана шмат матэрыялу, звязанага з развіццём спорту на Ашмяншчыне, з традыцыямі, якія захаваліся да нашых дзён. Фонд музея захоўвае больш за 600 экспанатаў. Яны дэманструюцца ў раздзелах экспазіцыі, што расказваюць пра спартыўныя дасягненні жыхароў Ашмянскага раёна пачынаючы з 1954 года. Сёння музей наведваюць школьнікі, навучэнцы спартыўнай школы, спартыўных секцый, студэнты, дарослыя, а таксама турыстычныя групы, госці з усіх куткоў Гродзеншчыны, замежныя госці і мясцовыя жыхары. Ад вялікай колькасці спартыўных кубкаў, медалёў, атрыбутаў у дзяцей загараюцца вочы і з’яўляецца мноства пытанняў: “Чыё гэта? Як можна такое атрымаць?” У наведвальнікаў з’яўляецца натуральнае жаданне паспрабаваць заняцца тым ці іншым відам спорту, каб у будучыні атрымаць дыплом, медаль або кубак.
Абмяркоўваючы стварэнне віртуальнага музея, мы прадумалі яго структуру, знайшлі інтэрнэт-прастору для размяшчэння, стварылі актыў музея, распрацавалі тэхналогіі стварэння віртуальных экскурсій. Пастаянна падтрымліваем музей у рабочым стане. У сценах трэцяй школы заўсёды чакаюць яе выпускніка, алімпійскага чэмпіёна XXV Алімпійскіх гульняў у Барселоне 1992 года, заслужанага майстра спорту Андрэя Станіслававіча Барбашынскага. Чэмпіён свету сярод юніёраў 1989 года, бронзавы прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў 1991 года, чэмпіён СССР 1989 года, сярэбраны прызёр чэмпіянату СССР 1990 года, бронзавы прызёр чэмпіянату СССР 1991 года, сярэбраны прызёр чэмпіянату СНД 1992 года, уладальнік Кубка СССР 1989 года… Гэтая інфармацыя адкрывае старонкі віртуальнага музея яшчэ і таму, што 17 лістапада 2017 года па рашэнні Ашмянскага раённага выканаўчага камітэта Ашмянскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе прысвоена імя алімпійскага чэмпіёна Андрэя Станіслававіча Барбашынскага.
“Гандбол. Зроблена ў Ашмянах” — гэта ўжо знак якасці, бо гандбол у Ашмянах — як футбол у Бразіліі. Ашмянская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа адкрыта ў 1948 годзе. Першапачаткова тут культываваўся валейбол, баскетбол, веласпорт. Новым вітком у гісторыі школы стаў 1964 год. Тады, згодна з рашэннем Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, замест вышэйзгаданых спартыўных кірункаў былі адкрыты аддзяленні гандбола і лёгкай атлетыкі. Уключэнне гандбола ў праграму Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў паслужыла падставай для адкрыцця аддзяленняў па гандболе ў раённых спартыўных школах Гродзенскай вобласці.
“Менавіта гэтая ДСШ, — як адзначае ў сваёй кнізе, прысвечанай беларускаму гандболу, роданачальнік айчыннага гандбола майстар спорту СССР Сяргей Георгіевіч Авакумаў, — застаецца да цяперашняга часу адным з галоўных пастаўшчыкоў маладых гандбалістаў для галоўных каманд вобласці. Усе фізрукі раёна прайшлі “школу Рамулевіча”. Трэнер, таварыш, сябар, проста Рэм… Рэм сказаў — значыць, свята… Трэніруемся, перамагаем, дэманструем высокія вынікі. Віктар Браніслававіч Рамулевіч у 1967 годзе паступіў у Інстытут фізічнай культуры і трэніраваўся з камандай СКА Мінска ў славутага трэнера Спартака Пятровіча Мірановіча. Пасля заканчэння інстытута прыехаў у родны горад і быў прыняты на працу ў Ашмянскую ДЮСШ. У 1987 годзе В.Б.Рамулевічу прысвоена званне “заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь”.
Сімвалам спартыўных традыцый Ашмяншчыны з’яўляецца спартыўна-атлетычны клуб “Аякс”, які быў створаны ў 1996 годзе. У 1999 годзе на яго базе пры Ашмянскай ДЮСШ прафсаюзаў адкрылася секцыя паўэрліфтынга (сілавое трохбор’е). Ініцыятарам стварэння клуба стаў майстар спорту трэнер вышэйшай катэгорыі Міхаіл Францавіч Станкевіч. Патрыёт свайго горада, неабыякавы да лёсаў падрастаючага пакалення, ён пачаў заняткі з дзецьмі з праблемных сем’яў. Укладваючы асабістыя сродкі ў матэрыяльную базу клуба, трэнер атрымлівае задавальненне ад таго, што яго выхаванцы дасягаюць высокіх вынікаў на спаборніцтвах. Сёння гэта традыцыйныя першынствы Еўропы і свету, якія праводзяцца ў горадзе, высокія дасягненні і перамогі, імёны новых чэмпіёнаў, пра якіх можна даведацца больш са старонак віртуальнага музея. Прыемных вам інтэрнэт-прагулак!
Людміла БАГДАНОВІЧ,
кіраўнік музея сярэдняй школы № 3 Ашмян.