З марай пра чыстае паветра

Без вады і ежы чалавек можа пражыць некалькі дзён. Без паветра ж не пражыве і хвіліны. Тое, што 9 з 10 чалавек на планеце дыхаюць забруджаным паветрам, стала трывожным сігналам для Праграмы развіцця ААН у Беларусі і Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, якія запусцілі сумесны маштабны праект “Уцягванне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”. Чатырохгадовы праект будзе праходзіць па ўсёй Беларусі і фінансавацца Еўрасаюзам — кошт яго складзе 3,5 млн еўра.

Адкрываючы стартавы семінар, Ія Малкіна, першы намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, зазначыла:

— Рэспубліка Беларусь актыўна прасоўвае ідэі ўстойлівага развіцця ў нацыянальнай эканоміцы, але для гэтага недастаткова працаваць толькі з прамысловымі прадпрыемствамі, дзяржаўнымі структурамі, — неабходна вучыць грамадства прафесійнаму, разумнаму дыялогу з іншымі суб’ектамі гаспадаркі, каб не адбываўся канфлікт інтарэсаў. І мэтай нашага праекта было прыцягнуць грамадскія арганізацыі да прыняцця экалагічна важных рашэнняў, дапамагчы ім паглыбляць экалагічную адукацыю, развіваючы сетку зялёных школ, зялёных дзіцячых садкоў, тым самым літаральна з нараджэння рыхтаваць людзей да таго, каб быць не толькі экалагічна адукаванымі, але і экалагічна адказнымі.

Новы праект накіраваны на пашырэнне маніторынгу якасці навакольнага асяроддзя, перш за ўсё паветра. Ён ахопіць 6 абласцей Беларусі і Мінск. У рамках праекта плануецца стварэнне і падтрымка “Клубаў экалагічнага маніторынгу”. Іх удзельнікамі стануць прадстаўнікі маладзёжных грамадскіх экалагічных арганізацый, валанцёры, грамадскія эколагі. Менавіта яны будуць маніторыць парушэнні заканадаўства ў галіне аховы навакольнага асяроддзя пры садзейнічанні камітэтаў прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

Большасць клубаў будзе размяшчацца на базе зялёных школ — не толькі тых, якія маюць афіцыйны статус, але і зялёных па сутнасці. Для навучэнцаў удасканаляць існуючыя і распрацуюць новыя школьныя факультатывы, што ўключаць раздзелы па маніторынгу якасці паветра. Для настаўнікаў арганізуюць павышэнне кваліфікацыі ў галіне біяразнастайнасці, рацыянальнага выкарыстання энергіі і вады, адходаў, маніторынгу якасці паветра. Акрамя таго, будуць падрыхтаваны 700 педагогаў і навучэнцаў па экалагічным маніторынгу ў дзіцячых адукацыйна-аздараўленчых цэнтрах “Надзея” і “Зубраня” і на базе Цэнтра народнай творчасці і рамёстваў Копысі Аршанскага раёна. Уключацца ў дзейнасць па маніторынгу якасці навакольнага асяроддзя і людзі з інваліднасцю. Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў стане пілотным аб’ектам для тэсціравання праграм навучання “Зялёныя школы” ва ўстановах падобнага тыпу.

Работу клубаў будуць каардынаваць 11 рэсурсных цэнтраў, якія стануць школамі-практыкамі для далейшага распаўсюджвання назапашанага вопыту. Менавіта яны будуць наладжваць супрацоўніцтва паміж зялёнымі школамі і мясцовымі органамі, упаўнаважанымі весці маніторынг навакольнага асяроддзя, у зборы і кіраванні данымі.

Галоўны рэсурсны цэнтр будзе створаны на базе Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. Па словах яго кіраўніка А.У.Ануфровіч, цэнтр разам з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі пачне праводзіць навучальныя семінары для педагогаў Беларусі, а сумесна з Белгідраметэацэнтрам правядзе мерапрыемствы для ўдзельнікаў канферэнцый, семінараў і конкурсаў, накіраваныя на распаўсюджванне вынікаў маніторынгу паветра. Будзе актывізавана сеткавае ўзаемадзеянне педагогаў краіны ў галіне экалагічнай адукацыі сумесна з навуковымі супрацоўнікамі вядучых УВА краіны, Нацыянальнай акадэміі навук, Бярэзінскага біясфернага запаведніка, паглыбіцца навукова-даследчая дзейнасць навучэнцаў.

Важным элементам праекта стане конкурс экалагічных ініцыятыў, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў, экалагічны турызм, захаванне біяразнастайнасці, кіраванне адходамі, паляпшэнне якасці атмасфернага паветра. Ён пройдзе з 1 жніўня па 30 верасня 2018 года. Лепшыя 10—20 прапаноў атрымаюць фінансавую падтрымку ад 50 да 100 тысяч еўра. Арганізатары спадзяюцца, што конкурс ініцыятыў дазволіць грамадзянскай супольнасці выступіць са сваімі прапановамі і адкрыць новыя гарызонты прасоўвання ўстойлівага развіцця зялёнай эканомікі.

Сярод задач праекта — адаптаваць зялёнае навучанне для дзіцячых садкоў, уключаючы ўстановы для дзяцей з інваліднасцю, падтрымка дзейнасці Орхускіх цэнтраў Рэспублікі Беларусь, якія з’яўляюцца інтэрактыўнымі пляцоўкамі па зборы і выкарыстанні экалагічнай інфармацыі. Акрамя таго, у рамках праекта будзе арганізавана шырокая асветніцкая кампанія з экафорумамі.

— Моладзь, адукацыя і экалогія — прыярытэтныя сферы ў рабоце ЕС у Беларусі, і новы праект аб’ядноўвае ўсе гэтыя кірункі, — адзначыла Алена Ракава, менеджар праектаў прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі, і дадала, што на ахову навакольнага асяроддзя, зялёнай эканомікі ў Беларусі Еўрасаюз штогод выдаткоўвае каля 30 млн еўра бескаштоўнай тэхнічнай дапамогі.

Закары Тэйлар, намеснік пастаяннага прадстаўніка Праграмы развіцця ААН у Беларусі, сказаў:

— Сам факт, што 95% насельніцтва планеты дыхае забруджаным паветрам, пужае, бо забруджанае паветра — адна з галоўных прычын разнастайных захворванняў. Праект мяняе падыходы да пытанняў аховы навакольнага асяроддзя. Гэтыя падыходы мы ўжо апрабавалі ў краінах Еўропы і Азіі. Калі грамадства кансультуюць да таго, як уклад-ваць сур’ёзныя інвестыцыі ў кіраванне навакольным асяроддзем, то ствараюцца не толькі ўстойлівыя сістэмы, але і якасна новыя ўстойлівыя працоўныя месцы, напрыклад, для тых людзей, якія будуць абслугоўваць кіраванне электрычным грамадскім транспартам, ці тых, хто будзе працаваць на абсталяванні гідраэлектрастанцый. Радасна, што ў Беларусі такі падыход у прыярытэце.

Святлана НІКІФАРАВА.