Лазовыя карункі

Дзіўная рэч — мастацкія вырабы хатняга ўжытку. З часам большасць з іх знікае і з’яўляюцца новыя, сучасныя і больш танныя: гліняныя збанкі даўно змяніліся шклянымі, драўляныя бочкі — пластыкавымі, на змену саматканым посцілкам прыйшлі сінтэтычныя пледы. І, напэўна, толькі вырабы з лазы не губляюць сваёй актуальнасці. Але  тут ёсць недарэчнасць. Хоць мала хто можа ўявіць свой велікодны куліч не ў плеценым кошыку і рэдка ў марах дачніка пра карункавую ад ценю альтанку няма плеценага крэсла, ахвотнікаў пераймаць майстэрства лозапляцення, а тым больш перадаваць яго дзецям, у Беларусі адзінкі. Сяргей Гергенсон, настаўнік працоўнага навучання сярэдняй школы № 61 Гомеля, у гэтым сэнсе — выключэнне, а яго школа — адзіная ў рэгіёне, дзе дзяцей вучаць пляценню з лазы.

С.І.Гергенсон і Аляксей Слынко.

Каб прагнаць журбу, вазьмі ў рукі вярбу

Залітае сонцам фае школы ледзь змяшчае калекцыю лазовых вырабаў, а таксама саміх юных майстроў, якія па-заліхвацку чаруюць за сталамі над сваімі чарговымі шэдэўрамі. Дэкаратыўныя пано і сувеніры, табурэткі і крэслы, сталы і столікі, капелюшы і лапці, калыскі і каляскі, кніжныя стэлажы і паліцы — цяжка спыніць вока! Тут жа, пакуль не празвінеў званок, па чарзе гойдаюцца на коніку-качалцы першакласніцы.

— Гэта наш нядаўні выпускнік Герман Стэфаненка зрабіў падарунак для сваіх трох сястрычак, — пачынае экскурсію па выставе з самага папулярнага атракцыёна дырэктар школы Ала Міхайлаўна Ляшкевіч. — Той, у каго няма сястрычак, рабіў домікі для катоў ці сабачак. Ёсць у нас і стол са шкляной, падсвечанай святлодыёдамі стальніцай і кішэнямі для газет і часопісаў. У басейне стаіць плецены шахматны стол, каб дзеці маглі пасля плавання настроіцца на вучобу. Ёсць дзіцячыя сані, якія нашы выхаванцы ўжо апрабавалі зімой на снезе. А гэтае крэсла зрабіў Аляксей Касюк для сваёй бабулі, каб тая больш адпачывала на дачы. Парасон дзеці рабілі для гарадскога конкурсу парасонаў: хоць пад карункавым купалам ад дажджу не схаваешся, затое ад спякотнага сонца — лёгка.

Сам жа настаўнік захапіўся пляценнем з лазы выпадкова, калі 25 гадоў назад пазнаёміўся з Уладзімірам Івусам, народным майстрам па мастацкім пляценні з лазы, і яго творчасцю. Тады ж, вяртаючыся з заняткаў у Гомельскім інстытуце павышэння кваліфікацыі і праходзячы праз фабрыку мастацкіх вырабаў, папрасіўся зайсці туды і паглядзець на творчы працэс. З таго дня ён згубіў спакой: вучыўся і сам, і скончыў на фабрыцы курсы па пляценні з лазы. Тады ён жыў яшчэ ў Рэчыцы і працаваў у школе № 7, там жа арганізаваў гурток “Вербачка”. Яго выхаванцы ладзілі выставы, станавіліся дыпламантамі міжнароднага конкурсу. Потым Сяргей Гергенсон працягваў “вербныя” традыцыі ў сярэдняй школе № 5 Рэчыцы. Таленавітага педагога і яго “Вербачку” запрасіў праца­ваць да сябе дырэктар 61-й гомельскай школы. І сёння выхаванцы Сяргея Іванавіча — гонар школы.

Даніла Драчоў.

Штогод калектыў “Вербачкі” прымае ўдзел у раённых і гарадскіх мерапрыемствах, гурткоўцы становяцца прызёрамі гарадскіх, абласных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў. Рэгулярна калектыў прымае ўдзел у міжнародных святах, прысвечаных дружбе народаў Расіі, Беларусі і Украіны, “Друзья, сябры, друзі”. Творчыя работы “Вербачкі” ўпрыгожваюць экспазіцыі выставачных залаў Гомеля. Былі ў іх перамогі ў Рэспубліканскім конкурсе “Калядная зорка”, у тым ліку за маштабны праект — тэатр “Батлейка”.

Сёння пад кіраўніцтвам Сяргея Іванавіча асвойваюць пляценне з лазы 15 чалавек. Прыкладна столькі ж далучаецца да іх напярэдадні свят, каб падрыхтаваць падарункі сваімі рукамі для родных.

— Нават бацькі школьнікаў просяць іх навучыць, таму мы часта ладзім майстар-класы ў школе і на гарадскіх мерапрыемствах. Бываем таксама ў школах у іншых рэгіёнах. Трэба ж развіваць народныя промыслы, каб яны не забыліся, — гаворыць настаўнік.

Маё знаёмства з пляценнем таксама пачалося з майстар-класа ад навучэнцаў, якія прапанавалі мне самастойна сплесці абярэг. Уводзячы ў курс справы, Яўген Пляга расказвае:

— Абярэг — спрадвечна беларускі выраб, яго можна стварыць літаральна за некалькі хвілін, а вось значэнне яго не такое простае. Абярэгі вешаліся ў хатах, і нашы продкі верылі, што калі заходзіць у госці добры чалавек, то абярэг вісіць нерухома, а калі ў таго ліхія намеры, то абярэг пачынае круціцца — з гэтым чалавекам гаспадару варта быць асцярожным.

Праўда гэта ці не, дакладна ніхто не ведае, але ва ўсіх ­удзельнікаў аб’яднання дома ёсць абярэг. Цяпер ён будзе правяраць на шчырасць і маіх гасцей.

Знаёмячыся з творчымі планамі хлопцаў, прыглядваюся да пруцікаў у іх руках. Даніла Драчоў ужо некалькі заняткаў робіць каляску на колах — гэта конкурсная работа, але тэарэтычна ў такую каляску можна лёгка пакласці дзіця.
Якаў Мігно заплятае ў косы ручкі дэкаратыўнага падноса з “яблычным” роспісам унутры. 

— Тут самае складанае — зрабіць малюнак, а на лазовае аздабленне пойдзе ўсяго гадзіны чатыры, — прыкідвае Якаў.

Любімы школьны атракцыён.

Зусім хутка да пляцення падносаў далучацца ўсе члены “Вербачкі”: сумесна з Палацам творчасці дзяцей і мола­дзі “Юнацтва” яны рэалізоўваюць праект “Памятныя мясціны Гомельшчыны”. Гомельскі абласны драматычны тэатр, палац Паскевічаў і іншыя славутасці рэгіёна ўжо адлюстраваны на драўлянай аснове падносаў, а цяпер школьнікі будуць афармляць іх лазой.

Асабліва вялікі ў гурткоўцаў асартымент кошыкаў, пры­чым у кожным вырабе хлопчыкі стараюцца прадставіць традыцыйныя для беларусаў формы і віды пляцення, бо, расказвае Сяргей Іванавіч, на тэрыторыях сучаснай Беларусі, Расіі і Украіны тэхніка пляцення мела адрозненні. Часам гэта кардынальна розныя формы, а часам ёсць адметнасці ў дэталях, прыметныя толькі майстрам, як, напрыклад, спосабы звязвання дубчыкаў лазовымі стужкамі. Іх наразаюць на спецыяльным станку пад назвай “шоф”.

Шашлык на лазовым шампуры

Хоць майстар-класы ў фае школы заўсёды выкліка­юць цікавасць у навучэнцаў і гасцей установы, усё ж, па словах Сяргея Іванавіча, творчасць пачынаецца яшчэ на беразе ракі, дзе і расце вярба. Яе нарыхтоўка — самая любімая справа школьнікаў.

— Гэта ж заўсёды кастры, печаная бульба, смажаныя на лазовых шампурах шашлыкі і каўбаса. Летам яшчэ і начныя вячоркі, бо часцяком застаёмся з начлегам. Нарыхтоўваем лазу круглы год, бо толькі лета не хапае: для аднаго дзіцяці на год нам трэба нарыхтаваць каля 5 тысяч пруцікаў. А ўлічваючы, што не заў­сёды надвор’е спрыяльнае, даводзіцца збі­раць яшчэ і з запасам.

Лазу нарыхтоўваюць і недалёка ад цэнтра, і на Дняпры, на Нарачы і інш. Дарэчы, чым шырэйшая геаграфія экалагічных экспедыцый, тым лепшыя і пышнейшыя там растуць кусты. Сяргей Іванавіч тлумачыць:

Уладзіслаў Шустаў.

— Чым больш ты лазы выразаеш, тым больш на яе месцы вырастае маладых галінак. У новым мікрараёне Гомеля, за абласной бальніцай, мы гады два не выразалі лазу, і яна стала хварэць, яе пабіла чорнымі плямамі. Шмат залежыць і ад кліматычных умоў, у якіх расла лаза: калі хапіла і цяпла, і вільгаці, то і лаза будзе добрая.

З больш чым 100 відаў вярбы, якія сустракаюцца ў Беларусі, для пляцення выкарыстоўваецца толькі каля 10. Гэта вярба канапляная, чырвонакаляровая, лаўралістая, пурпурная, казіная, прутападобная, амерыканская і інш. Нарыхтоўваем мы 1—2-гадовыя пруцікі, бо толькі яны маюць невялікі асяродак, роўныя, добра гнуцца. Сабраную ў пучкі вярбу прывозім на фабрыку народных вырабаў ці ў каледж народных промыслаў. Толькі там мы маем магчымасць дамовіцца пра выварванне пруцікаў. Яны кідаюцца ў кіпень у вялікія чаны — так ад вярбы адразу адвальваецца кара, дубільныя рэчывы афарбоўваюць яе ў натуральныя колеры, без усялякіх фарбавальнікаў. Праз 2—3 га­дзіны выварвання з зялёнай лазы атрымліваецца чырвоная, а чырвоная становіцца жоўтай. Пасля мы прывозім лазу ў школу, акорваем (здзіраем кару) пры дапамозе самаробных шчамілак, сартуем па дыяметры і даўжыні, даём высахнуць і звязваем у пучкі. А перад работай іх абавязкова вымочваем у гарачай вадзе — для гэтага ў нас у майстэрні стаіць ванна. Выпараныя пруткі мы закручваем у коўдры, каб не высыхалі і заставаліся вільготна-мяккімі. Так яны ў коўдрах і ляжаць на сталах, чакаючы сваёй чаргі трапіць у дзіцячыя работы.

Дарэчы, многія выпускнікі “Вербачкі” ўжо даўно скончылі школу, але з лазой так і не развіталіся. Гэта і Герман Стэфаненка, які і сёння стварае для дома мэблю. У яго планах — сплесці цэлы кухонны гарнітур. Яўген Крэнгольд хоць і зусім нядаўна стаў бацькам, час на хобі знаходзіць. Гэта і Людміла Цалко, інжынер-электрык па адукацыі, мама ўжо 4 дзяцей. Яна была, бадай, адзінай дзяўчынай, якая сур’ёзна захапілася лозапляценнем, якое і сёння не пакідае. Для некаторых лозапляценне стала яшчэ і бізнесам.

Яўген Пляга.

Быў час, калі і Сяргей Гергенсон і яго бацька стварылі сямейную фабрыку па вырабе кошыкаў — вясельных, гаспадарчых і інш. Прычым справа ішла шпарка, не паспявалі выконваць заказы. Але Сяргей Іванавіч зразумеў, што бізнес трэба спыняць, бо абдзяляў часам тых, каго не мог пакінуць.

Сяргей Іванавіч — з дынастыі педагогаў: яго маці і бацька ўсё жыццё працавалі ў школе, дзядзька быў дырэктарам смалявіцкай школы, цётка — філолагам у гэтай жа школе, потым — намеснікам дырэктара і дырэктарам. Настаўнічала ўсё прафесійнае жыццё і жонка С.Гергенсона, настаўніцамі сталі абедзве іх дачкі. Таму са свайго педагагічнага шляху Сяргей Іванавіч не сыдзе.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.