Будзь стыльным! Будзь сабой!

Чарговы раз “Млын моды” раскруціў свае лопасці, каб абдаць, быццам веерам, свежым водарам творчасці, свабоды  і маладосці. 78 дызайнераў, 66 калекцый, каля 500 касцюмаў, больш за 200 мадэлей, замежныя куцюр’е і сотні гледачоў — фінал XXVIII Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды” быў феерычным. Традыцыйна гэты фэст ствараецца намаганнямі супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі Беларусі і Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.

Дабрачынны праект “Стыльны пачатак”.

Надзея ВАСІЛЬЧАНКА, дырэктар НЦМТДіМ: “Цэлы год мы працавалі над тым, каб скласці візітоўку Беларусі разам. І тэма нашага паказу — “Калі ласка ў Рэспубліку Беларусь — краіну спорту і крэатыву”. І мне падаецца, што сённяшні паказ паспяхова яе раскрыў. Тая работа, якая вялася на працягу года (і адукацыйныя семінары, і паказы, і кансультацыі, і наш тур, і эскізныя ўвасабленні, і работа мадэлей), у выніку і дапамагла стварыць візітоўку Беларусі. Жадаю, каб ваша маладая дзёрзкасць давала вам новыя крыніцы натхнення і каб вы не раз нас радавалі сваімі знаходкамі”.

Каларыт са спартыўным настроем

Галоўнымі тэмамі гэтага сезона, натуральна, сталі II Еўрапейскія гульні і Год малой радзімы. Гэта значыць, на подыуме чакалі ўбачыць увасабленне  стылю, моды, маладзёжных амбіцый і спартыўнай упартасці, але з нацыянальнымі каларытнымі штрыхамі. Большасць мадэльераў па-свойму інтэрпрэтавала фальклорную тэматыку. Найчасцей гэта былі ўсяго толькі лёгкія намёкі на народныя строі: дзе — у дэталях крою, дзе — у арнаментах і аксесуарах, дзе — у колеравай палітры. Але ў цэлым гэта было вельмі сучаснае пераасэнсаванне, такі перанос нотак эстэтыкі нашых продкаў у штодзённае жыццё сучаснай моладзі, на вуліцы.

Што да мужчынскага і юнацкага адзення, то тут назіраецца тэндэнцыя пераходу ад вытанчаных сілуэтаў да брутальных, дзёрзкіх, бунтарскіх.  Дзяўчатам і жанчынам канкурсанты прапанавалі ўжо адчуць лета, аздобіўшы іх сукенкі кветкавымі прынтамі і аўтэнтычнымі, часам забытымі тэхнікамі рукадзелля, дазволілі атрымаць асалоду ад сакавітых колераў, але не адпускалі далёка ад стылю кэжуал.

Калекцыя “Клёкат ” ад Кацярыны Козак.

Самым малодшым мадэлям дызайнеры прапанавалі не спяшацца расці. Відаць, стаміўшыся ад вобразаў маленькіх дарослых, яны з задавальненнем дэманстравалі па-лялечнаму наіўныя сукенкі, вытанчаныя сілуэты. Але ў дзяцей была і альтэрнатыва. Так, Цэнтр творчасці дзяцей і мола­дзі “Ювента” (Светлагорск) прадставіў і піжамна-пяшчотную калекцыю “О-ля-лялечкі”, і народную лайт-культуру ў калекцыі “Мінулае ў сучасным”. Традыцыйна шмат на подыуме было ўрбаністыкі, графічных матываў, што надало калекцыям імклівасці, руху.

Сёлета ўжо сёмы раз у межах дабрачыннага праекта “Стыльны пачатак” на подыум выйшлі і навучэнцы Мінскай абласной дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі слыху. Яны прадэманстравалі жыццесцвярджальную калекцыю, эскізы якой распрацавала Надзея Малафей, прызёрка “Млына моды — 2017”, а сшылі калекцыю ўдзельнікі і ­фіналісты конкурсу. Пасля дэфіле юныя мадэлі атрымалі гэтае ­адзенне ў падарунак.

Прадстаўнік прэстыжнага конкурсу “Рускі сілуэт”, запрошаны лектар лабараторыі Вячаслава Зайцава, дызайнер Міхаіл Манакаў быў у захапленні ад нашага подыума:

Калекцыя Міны Цвеціновіч (Белгарад, Сербія).

Ігар КАРПЕНКА, міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь: “Фестываль-конкурс штогод дэманструе бязмежныя творчыя магчымасці таленавітых маладых дызайнераў, візажыстаў, фатографаў, мадэлей з усіх рэгіёнаў нашай краіны, пацвярджаючы высокі статус і прафесіяналізм яго ўдзельнікаў. Безумоўна, гэты яркі мастацка-адукацыйны і даследчы праект спрыяе прасоўванню крэатыўных ідэй беларускіх дызайнераў у свеце моды. З году ў год фестываль-конкурс адкрывае новыя імёны, натхняе, падтрымлівае творчую моладзь і спрыяе ўстанаўленню партнёрскіх сувязей з вядучымі школамі моды еўрапейскіх краін і міжнароднымі творчымі майстэрнямі”.

— Маладыя беларусы працуюць цалкам у рэчышчы сусветных трэндаў. Цяпер у модзе ўнікальнасць — кожнай краіны і кожнага дызайнера. Гэта самае асноўнае і самае папулярнае, бо паняцця “модна — не модна” ўжо не існуе. Ёсць пэўны стыль, які цяпер у трэн­дзе на сусветных подыумах: у першую чаргу кітч або аверсайз. І магу з упэўненасцю сказаць: тое, што я ўбачыў на “Млыне моды”, вельмі актуальна, гэта бу­дзе лёгка прадавацца і тыражавацца.

Вучоба ў падарунак

Галоўная конкурсная ўзнагарода — замежныя стажыроўкі і адукацыйныя праекты, магчымасць пазаймацца ў міжнародных творчых майстэрнях у Еўропе, Расіі і іншых, павучыцца ў сусветна вядомых калег і прадставіць сябе свету на модных паказах. Таксама дапама­гаць развівацца маладым талентам і падтрымаць іх калекцыі паабяцалі вядомыя беларускія дызайнеры Людміла Лабкова і Мікалай Марозаў.

З калекцыі “Чорная пятніца” Веры Комлік.

Як расказала Надзея Васільчанка, дырэктар Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, пераможцы і прызёры мінулага конкурсу змаглі наведаць Інстытут Марангоні — вядучую навучальную ўстанову свету ў галіне моды і дызайну, ­прынялі ўдзел у Еўрапейскім конкурсе маладых дызайнераў у рамках Тыдня моды ў Мілане. Акрамя таго, лаўрэаты мінулага “Млына” прадэманстравалі свае калекцыі на фестывалі славянскай моды Fil Rouge ў Парыжы, на Volga Fashion Fest у Яраслаўлі. Пераможца-2018 у намінацыі “Школа моды” Дар’я Ясная-Ільюшонак атрымала магчымасць заявіць пра сябе на конкурсе маладых дызайнераў у Вільнюсе на Mados Konkurso Injejcija Vilnus, а неаднаразовая ўдзельніца Таня Тур прадстаўляла Беларусь на конкурсе Lodz Young Fashion у Польшчы і на Міжнароднай выставе адзення і аксесуараў Who’s Next у Парыжы.

Сёлета, па ініцыятыве арганізатараў, акрамя асноўнага складу журы, калекцыі, імёны пераможцаў выбіралі і замежныя дызайнеры — з Расіі, Украіны, Кітая, Літвы і Сербіі.

Кульмінацыяй вечара было аб’яўленне вынікаў. Так, у намі­нацыі “Школа моды” сярод стваральнікаў калекцый жаночага ­адзення лепшым дызайнерам ­стала Вера Комлік (Інстытут ­сучасных ведаў імя А.М.Шырокава). Прадстаўніца гэтай жа ўстановы Кацярына Козак стала лепшым аўтарам калекцый для падлеткаў, прадставіўшы ­па-птушынаму бела-чорную калекцыю “Клёкат”. Лепшую калекцыю для мужчын, на думку журы, распрацаваў Кірыл Урбан (Цэнтр тэхнічнай і мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Фрунзенскага раёна Мінска “Зорка”).

Калекцыя “Прыпынак. Кропка. Горад” ад Ірыны Іскрыцкай.

Святлана ГНЯДЗЁНАК, загадчыца аддзела моды і дызайну НЦМТДіМ: “Сёлета эскізны тур прайшло каля
280 калекцый, я лічу, што для нашай краіны
 — вялікая лічба. Спорт і крэатыў сталі іх асновай, галоўнай тэмай, а ўжо кожны аўтар стараўся знайсці сваё аконца творчага палёту і аўтарскіх ідэй і ўкараніць іх у сваю калекцыю. Прыемна, што шмат работ фіналістаў выканана з беларускіх тканін: вытворчасці Камвольнага камбіната, Аршанскага льнокамбіната. Гэта натуральныя тканіны з прынтамі нашых аўтараў. Немалаважна і тое, што кожны дызайнер закрануў і сваё фальклорнае “Я”.

Аўтарам лепшай калекцыі для дзяцей стала Ірына Іскрыцкая (Уваравіцкі цэнтр дзіцячай творчасці Буда-Кашалёўскага раёна). У намінацыі “Майстар моды” перамагла мінчанка Наташа Касцова.

Завяршылася грандыёзнае свята паказам лепшых беларускіх і гасцявых калекцый з Мінска, Масквы, Белгарада, Кіева, Рыгі, Санкт-Пецярбурга, Шанхая.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.