Нагодай для гэтай гутаркі стала выступленне псіхолага і прафарыентолага Ганны Станіславаўна Ісаенка на Мінскім адкрытым робатурніры — яна разважала аб прафесіях будучыні і шляху да іх. Зразумела, мы не маглі прайсці міма і запрасілі яе падзяліцца сваімі поглядамі з нашымі чытачамі. Паказальныя ўрыўкі з кансультацый прафарыентолага, вопыт замежных краін і ўласны прыклад — у інтэрв’ю з Г.С.Ісаенка.
— Ганна Станіславаўна, што мы будзем разумець пад “прафесіямі будучыні”? Можаце прывесці прыклады?
— Памятаю, як гадоў пяць назад я ўпершыню пагартала “Атлас новых прафесій”. Праглядзела яго з пэўным скепсісам: “Менеджар касмічнага турызму? Ну-ну, паклічце, калі ён сапраўды з’явіцца”. Зазірнула, канечне, і ў будучыню сваёй сферы дзейнасці: у псіхалогіі абяцалі з’яўленне нейрафітнестрэнераў, праекціроўшчыкаў адукацыйных траекторый. Што за набор слоў?
А ў гэтым годзе на Social Weekend я сустрэла каманду праекта PigPug. Яны прыдумалі нейрагарнітуру для трэніроўкі дзяцей з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці — і сталі першымі нейрафітнестрэнерамі, з якімі я сустрэлася.
Тады ж я згадала пра атлас, азірнулася і зразумела, што сама стала праекціроўшчыкам адукацыйных траекторый, бо пасля прафдыягностыкі раю курсы і стажыроўкі, рэкамендую цэнтры, школы ці проста сваіх знаёмых, у якіх падлетак можа павучыцца пэўнай прафесіі.
Атрымліваецца, прафесіі будучыні ўжо тут. І пачынаюцца яны з нас саміх, а дакладней, з тых людзей, якія заўважаюць новыя патрэбы чалавека, адкрываюць новыя сферы дзейнасці і ствараюць уласныя праекты ці нават кампаніі ў гэтых напрамках.
— Значыць, сённяшнія школьнікі могуць стаць першымі менеджарамі косматурызму ці прадзюсарамі сэнсавага поля (журналісты будучыні). Як падрыхтаваць іх да гэтага? Як зрабіць так, каб прафесіі будучыні ўзнікалі менавіта ў нас?
— Каб стаць носьбітам новай прафесіі, прыйдзецца перш за ўсё паспрабаваць — звярнуць са знаёмай дарогі і ўвайсці ў чорны пакой шукаць чорнага ката, якога там, магчыма, і няма. Для гэтага неабходна смеласць, упэўненасць у сабе і гатоўнасць памыляцца.
Перш за ўсё трэба навучыць дзяцей памыляцца.
У школе дзяцей адвучваюць рабіць памылкі. Ці часта можна ўбачыць на навуковай канферэнцыі для школьнікаў работу, у якой дзіця прапанавала б гіпотэзу і ў выніку абвергла яе, упэўнілася ў яе памылковасці? Між іншым даследаванне не становіцца менш каштоўным ад гэтага. Бізнес (асабліва ў новых напрамках) — гэта заўсёды пра спробы і памылкі. Людзі, што ствараюць новыя тэхналогіі, непазбежна памыляюцца. І каб нашы школьнікі не баяліся памылак, яны павінны прывыкнуць да іх як да нармальнага складніка поспеху.
Лічу, што для гэтага школа павінна больш цесна працаваць з бізнес-акселератарамі, тэхнапаркамі, каб дзеці вучыліся ставіць (і абвяргаць!) гіпотэзы не толькі ў вакууме навуковых работ, але і ў рэальным жыцці.
— Здаецца, з гэтага пункту гледжання добрая практыка — школьныя бізнес-кампаніі?
— Так, але не заўсёды. Школьная бізнес-кампанія не павінна быць гульнёй. Настаўнікам, якія працуюць з бізнес-кампаніямі, неабходна даць дзецям магчымасць сапраўды кіраваць працэсам, прапаноўваць уласныя ідэі бізнесу, адчуваць расчараванне, калі кліенты не захочуць набыць прадукт, што падаваўся такім цудоўным падчас распрацоўкі. Трэба проста падтрымліваць іх спробы і не даваць ім апускаць рукі, а вось ратаваць іх ад памылак шкодна.
Дарэчы, добрая бізнес-кампанія дапамагае выхаваць яшчэ адну якасць, неабходную для фарміравання прафесій будучыні. Яна вучыць прэзентаваць свой прадукт, свае паслугі.
Каб узнікалі прафесіі будучыні, трэба вучыць школьнікаў прадаваць свае адкрыцці і навыкі.
Часта я гляджу на навукоўцаў (безумоўна, таленавітых і паспяховых) і разумею, што існуюць дзве розныя мовы — мова навукі і мова простага чалавека. Многія людзі з акадэмічнага асяроддзя лічаць ледзь не сорамам гаварыць пра сваю справу на простай мове. Але калі навуковец не зможа перакласці сваё адкрыццё на мову звычайнага чалавека, ён не зможа зрабіць прадукт, а значыць, не здолее даць пачатак новай запатрабаванай прафесіі.
— Што яшчэ можа зрабіць настаўнік, каб навучыць школьнікаў прэзентаваць сябе і сваю справу?
— Самае банальнае — перастаць сварыцца на дзяцей за тое, што яны шмат часу праводзяць у інтэрнэце. Лепш навучыць іх не проста пасіўна спажываць інфармацыю ў сацсетках, а ствараць уласны кантэнт. Зразумела, яны пакуль не так многа могуць расказаць пра сябе свету, але ўжо зараз здольны пачаць пісаць сваю гісторыю, адказаць сабе на пытанне “Хто я?” і трансліраваць гэты адказ іншым. Пасля гэта перарасце ва ўменне ствараць асабісты і прафесійны брэнд, без якога ўжо сёння нельга ўявіць паспяховага прафесіянала.
— З дзясятак гадоў назад усіх дзяцей бацькі імкнуліся адправіць у юрысты і эканамісты. Здавалася, што будучыня за імі. Зараз так накіроўваюць у ІТ. Што вы пра гэта думаеце?
— Ёсць не менш за пяць відаў адоранасці: акадэмічная, практычная, духоўная, камунікатыўная і эмацыянальная. Згодна з відам адоранасці і варта выбіраць прафесію (пра адоранасць і выбар прафесіі чытайце ў інтэрв’ю Ганны Станіславаўны ў нумары ад 7 чэрвеня 2018 года. — Заўв. аўт.). Лічу, што гэтую пазіцыю трэба папулярызаваць.
Калі да мяне на прафарыентацыю прыходзяць сем’і, я заўсёды прагаворваю падлетку і бацькам своеасаблівую прэамбулу:
“Жыццё дзіцяці да пары да часу можна параўнаць з паездкай на заднім сядзенні аўтамабіля, якім кіруюць мама і тата. Яны вырашаюць, куды ехаць і дзе рабіць прыпынкі, час ад часу яны раяцца з дзіцем, але не заўсёды ўлічваюць яго меркаванні і жаданні. А яно проста сядзіць на заднім сядзенні і глядзіць ва ўсе бакі.
І надыходзіць момант, калі дзіця павінна зрабіць свой першы дарослы выбар, узяць руль у свае рукі і павярнуць само. Момант, калі дзіця мусіць узяць на сябе адказнасць…”
І ў гэты момант мне важна, каб з гэтай прэамбулай пагадзіліся і бацькі, і дзеці. З аднаго боку, каб сам падлетак асэнсаваў, што гэта цалкам яго рашэнне. Часта я гавару на кансультацыі, што цяпер юнак ці дзяўчына стане або асобай, або чалавекам-“лось”. Чалавек-“лось” — гэта той, хто перакладае адказнасць з сябе на абставіны: “так случилось”, “так получилось”. А асоба гаворыць “я так вырашыў”, “я так зрабіў”. І выбар прафесіі можа стаць першым значным крокам менавіта асобы.
З іншага боку, неабходна, каб бацькі пацвердзілі: яны нічога не маюць супраць самастойнага выбару дзіцяці і аддаюць яму руль. Бывае, я бачу ўнутранае супраціўленне, калі бацькі лічаць, што яны лепш ведаюць, як правільна, калі яны не прызнаюць самастойнасці дзіцяці і не ўхваляюць яго выбар. Часта даводзіцца пасля кансультацыі з падлеткам асобна гутарыць з бацькамі, каб прагаварыць з імі гэтую праблему.
Бацькі і настаўнікі павінны прыняць прафесійны выбар дзіцяці, нават калі не згодны з ім.
— Нават у такіх выпадках крытычнай нязгоды, калі, напрыклад, дзіця гуляе ў камп’ютарныя гульні замест таго, каб рыхтавацца да экзамену ва ўніверсітэт, які выбар прапануюць бацькі?
— Па-першае, а ці так яму трэба паступіць ва ўніверсітэт? Калі яму не будзе хапаць ведаў, яно пойдзе на Coursera (платформа з анлайн-курсамі ў розных галінах ведаў. — Заўв. аўт.) і дабярэ іх.
“Атлас новых прафесій” — праект Агенцтва стратэгічных ініцыятыў і Маскоўскай школы кіравання “Сколкава”. Футуролагі, сацыёлагі, эканамісты прааналізавалі тэндэнцыі ў розных сферах жыцця чалавека і на аснове гэтага аналізу вызначылі, якія прафесіі могуць знікнуць у найбліжэйшыя некалькі дзясяткаў гадоў, а якія – з’явяцца. У атласе можна паглядзець, якія спецыялісты будуць запатрабаваны не толькі ў прывычных сферах занятасці, але і ў касмічнай індустрыі ці робататэхніцы.
Аўтары праекта раяць карыстацца атласам як інструментам прафарыентацыі, бо ён падрабязна апісвае навыкі, якія спатрэбяцца спецыялісту ў пэўнай прафесійнай галіне, і падказвае, дзе іх набыць.
Атлас даступны бясплатна на сайце atlas100.ru.
Разумею, што бацькам пакуль яшчэ можа падавацца незвычайнай думка, што дзіця само павінна вырашаць, кім быць. Нагадайце ім, што яшчэ нейкую сотню гадоў назад дзеці нічога не вырашалі самастойна і другі самы важны выбар у жыцці — наконт мужа ці жонкі — рабілі бацькі. Зараз гэта падаецца нам дзікасцю.
— А па-другое?
— А па-другое, ці спыталі бацькі хоць раз, што дзіця робіць у камп’ютары?
Часта бывае, што незадаволеныя таты і мамы прыводзяць юнакоў, якія ўвесь час праводзяць у інтэрнэце. Я пытаю, чым менавіта яны займаюцца.
Адны расказваюць, як у анлайн-гульні збіраюць каманды, заваёўваюць тэрыторыі, будуюць на іх гарады ці каралеўствы і канкурыруюць з такімі ж камандамі. Нічога не нагадвае? Ці не па такіх жа правілах жыве бізнес? Такім падлеткам я раю бізнес-акселератары і прадпрымальніцкія спецыяльнасці.
А вось іншы прыклад. Дзяўчына ўвесь час у інтэрнэце гутарыць з сяброўкамі: суцяшае, раздае парады, падтрымлівае. Яе выбралі агульнай “камізэлькай”, каб ёй скардзіцца, бо ў дзіцяці эмацыянальная адоранасць — з дзяўчыны можа атрымацца псіхолаг ці, напрыклад, б’юці-кансультант.
— Ці, як прадказвае “Атлас новых прафесій”, тэхнастыліст!
— Але гэта атрымаецца толькі ў тым выпадку, калі дзіцяці дазволяць развіваць яго адоранасць — і дома, і ў школе. Напрыклад, дзяўчыне з нашага прыкладу падышоў бы прадмет “Гісторыя моды”. Памятаю, у кнізе “Што такое якасць адукацыі” пад рэдакцыяй Аляксандра Адамскага прачытала, што ў Ганконгу здаюць экзамен за сярэднюю школу па прадмеце “Мода”. І гэта такі ж сур’ёзны і паважаны іспыт, як мова ці матэматыка. Думаю, нам варта пра гэта задумацца, у тым ліку ў кантэксце прафесій будучыні.
Гутарыла Мар’я Янковіч.
Фота з асабістага архіва Ганны Ісаенка.