Стаць лепшым сярод роўных

Пад такім дэвізам сабраліся 30 хлопчыкаў і дзяўчынак, каб правесці час з цікавасцю і карысцю ў турыстычным перасовачным палатачным лагеры з кругласутачным знаходжаннем, які ладзіўся з 1 па 9 ліпеня пры Навагрудскім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. А чакалі іх там педагогі аддзела турызму і краязнаўства Ігар Аркадзьевіч Комар, Ірына Аляксандраўна Мацко, Ніна Віктараўна Шунько, Надзея Віктараўна Кручкова.

Месцам дыслакацыі лагера быў выбраны Коласаўскі мемарыяльны заказнік, які размешчаны на Стаўбцоўшчыне. Навагрудскія турысты вырашылі, што вывучэнне малой радзімы не абмяжоўваецца толькі сваім рэгіёнам, і прайшлі сцежкамі народнага паэта і яго шматлікіх герояў знакамітай “Новай зямлі” праз Акінчыцы, Альбуць, Смольню, Мікалаеўшчыну.

Першыя дні лагера былі прысвечаны ІІ Еўрапейскім гульням. Вучні прынялі ўдзел у цікавай віктарыне, успомнілі імгненні спаборніцтваў, а потым самі паўдзельнічалі ў “Еўрапейскіх гульнях лагера”. Яны ўключалі эстафету па перасечанай мясцовасці, кіданне турыстычнага кап’я, скачкі ў даўжыню, кіданне шышак, футбольны фрыстайл. З нагоды Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь былі праведзены квест-гульня “Вызваленне Навагрудчыны”, конкурс малюнкаў “Свет вачамі дзяцей”. Вечарам усе ўдзельнікі вялікай турыстычнай сям’і сабраліся ля вогнішча, каб выканаць песні ваенных часоў.

Далей, нягледзячы на неспрыяльнае надвор’е, педагогі праводзілі практычныя заняткі па спартыўным арыентаванні, тэхніцы пешаходнага і воднага турызму. Як замацаванне набытых уменняў і навыкаў былі арганізаваны спаборніцтвы на турыстычнай паласе перашкод, па тэхніцы воднага турызму, на веданне тапаграфічнай карты і валоданне компасам. А яшчэ былі спаборніцтвы па футболе і піянерболе, бадмінтоне і валейболе. 6 ліпеня сярод шматлікіх мерапрыемстваў знайшлося месца любімаму Купаллю: дзяўчынкі і хлопчыкі плялі купальскія вянкі, шукалі папараць-кветку, упрыгожвалі дрэвы, скакалі праз імправізаванае вогнішча.

На працягу ўсёй змены вучні здабылі сабе ў скарбонку балы, якія атрымлівалі за паспяховы і актыўны ўдзел у мерапрыемствах, каб стаць лепшым сярод роўных. Савет летніка вызначыў лепшую шасцёрку, у якую ўвайшлі бывалыя турысты Лаўрэнцій Траян, Дар’я Нікалаева і Марк Зуеў (занялі адпаведна 1-е, 2-е і 3-е месца), а таксама навічкі Арцём Крывіцкі, Ганна Батура і Аляксей Якаўчык.

У апошні дзень лагера была арганізавана экскурсія ў Мінск, дзе вучняў чакалі наведванне Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і незабыўныя прыгоды на атракцыёнах сталічнага парку Чалюскінцаў. Ва ўсіх дзяцей застаўся выдатны настрой, магчыма, і кропелька смутку ад таго, што ўсё так хутка скончылася. Але ж была і радасць, што праз год навагрудскія вандроўнікі адправяцца ў новыя падарожжы.

Ігар КОМАР,
дырэктар лагера.
Фота Надзеі КРУЧКОВАЙ.