Прыгоды пад парасонам

Наколькі яркімі і запамінальнымі будуць для навучэнцаў летнія канікулы, у многім залежыць ад прафесіяналізму педагогаў, таго, якімі мерапрыемствамі яны напоўняць адпачынак сваіх выхаванцаў. Задача значна спрашчаецца, калі ў атрадзе дзеці аднаго ўзросту, а калі ў іх яшчэ і агульныя інтарэсы — наогул, выдатна! Турысты з турыстамі, краязнаўцы з краязнаўцамі, эколагі з эколагамі, тэхнікі з тэхнікамі заўсёды знойдуць агульную мову. А як зацікавіць адначасова турыстаў і эколагаў, краязнаўцаў і тэхнікаў, да таго ж навучэнцаў рознага ўзросту? Адказ ведаюць педагогі Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі.

І адказ гэты даволі просты — любоўю да роднага горада. І фізікі, і лірыкі — усе аднолькава любяць старажытны і заўсёды малады Полацк. Сваю любоў выхаванцы рознаўзроставых атрадаў Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі праяўляюць у канкрэтных справах, напрыклад, падчас удзе­лу ў акцыі “Малыя двары малой радзімы”. Па словах дырэктара цэнтра Ірыны Мікалаеўны Страленка, праект, які стартаваў па ініцыятыве маладзёжнага парламента Полацка сумесна з камунальнікамі і лясгасам і быў падтрыманы ўпраўленнем па адукацыі Полацкага райвыканкама, накіраваны на добраўпарадкаванне роднага горада, у першую чаргу малых двароў, адкуль і пачынаецца малая радзіма кожнага вучня. Напрыклад, каля помніка маршалу Івану Баграмяну (ён камандаваў 1-м Прыбалтыйскім фронтам, які ў ліпені 1944 года вызваляў Полацк) закла­дзены сквер “Памяці герояў”. Разам з педагогамі вучні высадзілі 486 дрэў і кустоў, добраўпарадкавалі 3 гарадскія скверы, 6 помнікаў гісторыка-культурнай спадчыны, плошчу Францыска Скарыны. Шмат карысных спраў зроблена на летніх канікулах.

У добраўпарадкаваных дварах і арганізоўваюцца заняткі для рознаўзроставых атрадаў. Асаблівасцю такіх атрадаў з’яўляецца не толькі той факт, што адначасова ў іх адпачываюць навучэнцы, скажам, 2 і 9 класаў, але і тое, што гэта дзеці з розных гарадоў Беларусі. Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі — адна з нямногіх устаноў дадатковай адукацыі краіны, якая ласкава сустракае на летніх канікулах навучэнцаў не толькі свайго горада. “У чэрвені аздараўленчыя лагеры працуюць ва ўсіх установах адукацыі, а вось у ліпені і жніўні ў многіх бацькоў узнікае пытанне, куды аддаць сваё дзіця. І тут наш цэнтр прыходзіць на дапамогу. Рознаўзроставыя атрады мо­гуць наведваць дзеці не толькі з Полацка, але і з іншых населеных пунктаў, адкуль хлопчыкі і дзяўчынкі прыязджаюць да сваіх бабуль на адпачынак”, — адзначае Ірына Мікалаеўна.

Педагог дадатковай адукацыі Алена Аляксандраўна Батуроўская працуе з розна­ўзроставымі атрадамі трэці год, і кожнае лета ў яе новыя напрамкі дзейнасці, новыя ідэі, новыя канцэпцыі. Паспяховая праца рознаўзроставых атрадаў заключаецца ў тым, што прынцыпам дзейнасці педагога з’яўляецца не “выхавальнік — навучэнец”, а “сябар — сябар”, калі педагог становіцца для дзіцяці лепшым таварышам. Вучні, якія ніколі не былі знаёмыя, знаходзяць у рознаўзроставых атрадах новых сяброў. У мінулым годзе на базе цэнтра ў мікрараёнах Баравуха-3, Марыненка, Цэнтр і ў аграгарадку Жарнасекі працавалі 4 рознаўзроставыя атрады. У кожным атрадзе рэалізуецца свая насычаная праграма, якая дазваляе кожнаму вучню ад 6 да 16 гадоў цікава правесці час. У мінулым годзе рознаўзроставы атрад, якім кіравала Алена Аляксандраўна, называўся “Каляровачкі”. Кожны дзень меў пэўны колер, які адпавядаў тэматыцы дня. У гэты дзень вучні насілі адпаведную атрыбутыку. У гэтым годзе ўхіл у рабоце атрадаў зроблены на вывучэнне малой радзімы, падзей, звязаных з Вялікай Айчыннай вайной.

— Нягледзячы на тое, што дзеці розна­ўзроставыя і да кожнага патрэбен асаблівы педагагічны падыход, згуртаваць, зацікавіць удзельнікаў рознаўзроставых атрадаў даволі лёгка, таму што ўсе віды дзейнасці, якія ў нас праводзяцца, не маюць узроставага абмежавання. Калі гэта гульні, то ў іх задзейнічаны ўсе вучні, калі мы разглядаем пэўныя тэмы, то яны цікавыя і для 6-гадовых дзяцей, і для старшакласнікаў. Пра паспяховасць нашай работы сведчаць колькасць вучняў, якія кожны год адпачываюць у цэнтры на летніх канікулах, і падзякі, якія мы атрымліваем ад бацькоў. Таты і мамы ведаюць, што іх дзіця праводзіць свае канікулы з карысцю, — дзеліцца Алена Аляксандраўна.

Аддзел экалагічнага выхавання і края­знаўства напрацаваў вялікі вопыт правя­дзення мерапрыемстваў для рознаўзроставых атрадаў. Гэта, напрыклад, краязнаўчая алімпіяда, а яшчэ краязнаўчы квест “КОД “7 ключоў”, які з’яўляецца яе фінальным этапам. Лета — час прыгод і пошукаў. Якраз гэтага ў квесце дастаткова. Тут і прыгоды, і пошукі, і бег, і ўсмешкі, і праца для розуму, і элементы спартыўнага арыентавання. Толькі самыя спрытныя, самыя кемлівыя хутчэй за ўсіх могуць сабраць усе ключы і разгадаць кодавае слова. І яшчэ важны момант: квест настолькі захапляльны, што на яго паспяховае правядзенне не ўплывае ні першапачатковы настрой удзельнікаў, ні надвор’е. Калі ты прыйшоў на старт сумны, то пасля слоў вядучага “Тры, два, адзін, марш!” твой сум абавязкова знікне. Ды і як сумаваць, калі з атрыманым заданнем трэба хутчэй бегчы да першай станцыі і разгадваць заданні? Ты настолькі аддаешся гульні, што забываеш і пра сум, і нават пра дождж, якім так шчодра адорвае нас сёлетні ліпень. Спадзяёмся, што ў захапляльнасці квеста, распрацаванага супрацоўнікамі аддзела экалагічнага выхавання і краязнаўства Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі пад кіраўніцтвам яго загадчыцы Вольгі Канстанцінаўны Радзішэўскай, пераконваюць нашых чытачоў вось гэтыя фотаздымкі, на якіх каманды “Патрыёты”, “Гісторыкі” і “Час” з розна­ўзроставых атрадаў раскрываюць таямніцы роднага горада.

— Квесты мы праводзім на працягу 5 гадоў, прычым не толькі летам. Усё пачалося з квест-гульні “Полацкія лабірынты”. Потым быў распрацаваны квест да Скарынаўскіх дзён, якія ладзяцца ў пачатку верасня. Найбольш часта квесты праводзяцца нашымі супрацоўнікамі на канікулах для выхаванцаў прышкольных лагераў. Квесты рознатэматычныя, прысвечаныя як гістарычным па­дзеям, так і помнікам горада. Мы выдалі спецыяльны зборнік квестаў, — гаворыць Вольга Канстанцінаўна.

Правілы квеста “КОД “7 ключоў” наступныя: перамяшчэнне ўдзельнікаў адбываецца толькі камандай строга па маршрутным лісце, пры гэтым улічваецца хуткасць перамяшчэння; на кожным з этапаў неабходна зрабіць фотаздымак усёй каманды з пікіцёрам (за кожны фотаздымак дадаткова налічваецца 1 бал). Для паспяховага завяршэння гульні неабходна прайсці 7 этапаў-пікетаў, выканаць усе заданні. На кожным з этапаў каманда атрымлівае канверт з заданнем і загадкай для вызначэння руху да наступнага этапу, а таксама літарай ключавога слова. Важна ўлічваць паслядоўнасць літар і лічбаў. Кожнае заданне ацэньваецца ў 5 балаў. Калі ўзніклі цяжкасці з яго выкананнем, можна звярнуцца за падказкай на стартавую пляцоўку. У выпадку выканання задання з дапамогай падказкі налічваецца толькі 1 бал.

Дык што ў канвертах? Якія заданні? “Паглядзіце на паштоўку. Якому чалавеку яна прысвечана? Чым знакаміты гэты чалавек?” (Правільны адказ — Сімяон Полацкі.) “Гэтая спартсменка нарадзілася ў Сянне Віцебскай вобласці. Малодшы брат Віктар таксама стаў біятланістам. Выступала ў складзе “залатой” эстафеты на Алімпіядзе 2018 года, за што атрымала ордэн “За асабістую мужнасць”. (Правільны адказ — Ірына Крыўко.) “Назавіце адзін з самым маладых гарадоў нашай краіны”. (Правільна адказ — Наваполацк.) “У нашым старажытным горадзе ёсць высокая гара. На вяршыні гары — храм з назвай Мудрасць. І вядуць на тую гару зялёныя прыступкі”. (Правільны адказ — Сафійскі сабор.) Падчас квеста вучням неабходна адшукаць помнік, пастаўлены ў гонар гарадоў-пабрацімаў, помнік літары “Ў”, а таксама памятны знак, які знаходзіцца на месцы геаграфічнага цэнтра Еўропы. Разгадаўшы ўсе заданні, адказаўшы на ўсе пытанні, можна даведацца ключавое слова — “Экакрай”. Хутчэй за ўсіх з заданнямі квеста, які праводзіўся 10 ліпеня, справілася каманда “Патрыёты”. На 2-м месцы — “Час”, дыпломам ІІІ ступені ўзнагароджана каманда “Гісторыкі”.

Усе навучэнцы мараць ярка і захапляльна адпачыць на летніх канікулах. Каб мары ўдзельнікаў рознаўзроставых атрадаў збыліся, педагогам неабходна паказаць максімум крэатыўнасці, творчасці, прафесіяналізму, правесці мерапрыемствы, якія былі б цікавыя і для малодшых школьнікаў, і для старшакласнікаў. Адным з такіх мерапрыемстваў можа быць края­знаўчы квест. Яго поспех гарантаваны на ўсе 100, бо родны горад або вёску любяць і края­знаўцы, і тэхнікі, і эколагі, і турысты. Нават дождж, якім шчодра адорвае сёлетні ліпень, не стане перашкодай для добрага настрою. Раскрыў парасон — і ўсё ў парадку, можна пачынаць краязнаўчыя прыгоды і пошукі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.