У пачатку 2000-х, калі “лічба” актыўна заваёўвала рынак фотатэхнікі, здавалася, што класічны спосаб атрымання фотавыявы будзе забыты, а плёначныя фотаапараты стануць музейнымі рарытэтамі. Мінуў час. Нягледзячы на панаванне “лічбы”, аналагавая фатаграфія захавалася і нават развіваецца. Канечне, не сямімільнымі крокамі, аднак сваё месца пад сонцам фотамастацтва яна заняла надзейна і назаўсёды. Кожны год да чароўнага свету аналагавай фатаграфіі далучаюцца фотааматары рознага ўзросту, у тым ліку моладзь.
Фотачараўнікі “Лічба” vs “плёнка”
Калі чалавек, які пачынаў асвойваць фотасправу яшчэ ў эпоху плёначнай фатаграфіі, пераходзіць з “лічбы” на “класіку”, то гэты выбар зразумелы: яму ёсць што параўноўваць, ён выдатна ведае недахопы і перавагі абодвух спосабаў атрымання фотавыявы. Аднак калі юнакі і дзяўчаты, якія нарадзіліся ўжо ў эпоху лічбавай фатаграфіі, пачынаюць захапляцца “плёнкай”, гэта выклікае як мінімум тры пытанні: “Чаму? Навошта? Ці не прасцей узяць смартфон?”. Канечне, прасцей, і куды больш зручна, аднак плёначная чорна-белая фатаграфія — гэта класіка жанру, аснова фотамастацтва. З тэхнічнага боку — гэта больш якасныя ў параўнанні з “лічбай” здымкі, асабліва калі фатограф працуе пры дрэнным асвятленні. Нарэшце, “плёнка” — гэта цікава, захапляльна, гэта магчымасць вылучыцца сярод равеснікаў, удасканаліць сваё майстэрства, нават павысіць самаацэнку, бо паспяхова прайсці шлях ад захавання цікавага жыццёвага моманту на фотаплёнку да яе праяўкі і пераносу выявы на фотапаперу можна, толькі набыўшы пэўны вопыт.
Для маладых людзей, якія прывыклі рабіць фотаздымкі выключна з дапамогай смартфонаў або лічбавых фотаапаратаў і праглядаць адзняты матэрыял на маніторы, працэс праяўлення фотаплёнкі і атрымання выявы на фотапаперы можа падацца чараўніцтвам, а чалавек, які спраўна абыходзіцца з праявіцелем, фіксажам, фотапаперай, — сапраўдным чараўніком. Хаця на самой справе ніякага чараўніцтва няма: практыка, практыка і яшчэ раз практыка, у выніку якой нараджаюцца вопыт і майстэрства. Менавіта так можна сказаць пра кіраўніка гуртка “Рэтрафота” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Кантакт” Цэнтральнага раёна Мінска Міхаіла Васільевіча Магдалава (у многім дзякуючы яму класічнае фотамастацтва захавалася і развіваецца ў сістэме дадатковай адукацыі сталіцы), а таксама пра некаторых яго выхаванцаў, напрыклад, Вікторыю Сікорскую. Дзяўчына вучыцца на 4 курсе Мінскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, а ў вольны час асвойвае сакрэты “плёнкі”. Пра контравае святло, правільны выбар кампазіцыі, глыбіню рэзкасці, вуаль, пра такую з’яву, як няўстойлівасць кадра, пра вучэбныя партрэты і вучэбныя пейзажы, нарэшце, пра эмульсію, яна можа расказваць гадзінамі гэтак жа захапляюча, як і яе педагог.
Цаніць кожны момант
Па словах Вікторыі, захапленне “плёнкай” вучыць цаніць кожны кадр, больш уважліва шукаць момант. “Мабільная фатаграфія — гэта хуткае, імгненнае фіксаванне моманту, а плёначная фатаграфія — гэта пошук, падрыхтоўка да сустрэчы з момантам. Калі ў тваіх руках плёначны фотаапарат, то разумееш, што колькасць кадраў у цябе абмежаваная, да кожнага трэба ставіцца беражліва. Фота на смартфон — гэта штодзённасць, а ў аналагавай фатаграфіі прысутнічае таямніца, — гаворыць дзяўчына. — Плёначная чорна-белая фатаграфія добрая тым, што фатограф у працэсе здымкаў пачынае думаць. Мы шукаем момант, думаем над сэнсам фатаграфіі. “Плёнка” арганізуе фатографа. На лічбавы фотаапарат або смартфон за хвіліну можна зрабіць сотні кадраў. З “плёнкай” ужо так не атрымаецца, бяздумна шчоўкаць не будзеш, бо фотаплёнка дарагая і яна можа хутка скончыцца. Гэта вучыць здымаць мантажна, загадзя кадрыруючы здымак, вучыць адчуваць момант”.
Яркая адметнасць
Чаму маладыя людзі далучаюцца да дзівоснага свету плёначнай чорна-белай фатаграфіі? Адзін з адказаў — жаданне быць адметным. Не сакрэт, што моладзь шукае тое, што будзе яе адрозніваць ад равеснікаў. Захапленне класічнай чорна-белай фатаграфіяй — гэта вельмі яркая, незвычайная адметнасць у эпоху “лічбы”. “Разам са мной у гурток запісалася некалькі аднагрупнікаў. Але потым некаторыя сыходзілі, у іх з’яўляліся іншыя інтарэсы. Адштурхоўваюць няўдачы. Канечне, здымаць на плёнку, асабліва навічку, няпроста. Але калі ты прайшоў шлях першых няўдач, вытрымаў, то гэтае захапленне застанецца з табой назаўсёды”, — далучыўся да размовы Ілья Гапіенка.
“У мяне першы год таксама многае не атрымлівалася, часам даходзіла нават да слёз, — дзеліцца Вікторыя. — Але цяпер добра ведаю, у якое надвор’е, пры якім асвятленні выставіць пэўныя параметры. З’яўляецца ўпэўненасць у сваіх сілах, павышаецца самаацэнка, калі ты пераадолееш шлях няўдач і памылак. Хаця меж для ўдасканалення ў аналагавай фатаграфіі няма”.
Вяршыня майстэрства
Плёначная чорна-белая фатаграфія — гэта аснова фотамастацтва, таму яе сакрэтамі, безумоўна, павінен валодаць кожны фотааматар. Зрабіць якасны здымак пейзажу адным кадрам, паказаць прыгажосць прыроды з дапамогай чорнага і белага колераў, шматлікіх адценняў шэрага — вось дзе вяршыня фотамайстэрства. “Каляровая і чорна-белая фатаграфіі істотна адрозніваюцца. Манахромнае фота больш глыбока раскрывае сутнасць рэчаў, канцэнтруе ўвагу на самым цікавым і важным, падкрэслівае формы і лініі, дынаміку. Таму чорна-белае фота — гэта ў першую чаргу эмоцыі, адмысловы погляд фатографа на наваколле, на свет у цэлым. Каб дасягнуць майстэрства ў класічнай чорна-белай фатаграфіі, неабходна навучыцца бачыць колеры наўкола ў манахромным варыянце”, — падзяліўся Міхаіл Васільевіч.
Па словах педагога, на чорна-белую стужку лепш за ўсё рабіць партрэты і пейзажы. Гэта любімыя жанры Міхаіла Васільевіча. Вікторыя таксама прызнаецца: “Люблю партрэты, таму што мне падабаецца працаваць з людзьмі. Партрэтнае фота можна разглядаць як трансфармацыю. Пасля здымкаў чалавек, з якім ты працаваў, можа быць зусім іншым, а “плёнка” дапамагае раскрыць твайго героя, паказаць яго сапраўдны характар, унутраны свет. Няма нефотагенічных людзей, любога чалавека, лічу, можна зняць прыгожа. Іншае пытанне, ці спадабаецца зроблены фотаздымак самому чалавеку”.
Некалькі сакрэтаў
Аналагавая фатаграфія, як прынята называць класічную плёначную чорна-белую фатаграфію ў эпоху “лічбы”, ужо ніколі не будзе масавай, назаўсёды застанецца элітарным заняткам. Аднак гэта не значыць, што аналагавую фатаграфію не трэба папулярызаваць. Пра яе карысць удзельнікі гуртка “Рэтрафота” нам ужо паведамілі. У канцы сустрэчы — некалькі парад для тых, хто зацікавіўся плёначнай чорна-белай фотакласікай і жадае зрабіць чароўныя здымкі.
- Арыгінальны і якасны чорна-белы фотаздымак можна зрабіць практычна ўсюды. Неабходна толькі ўважліва агледзецца. Больш выйгрышнымі будуць кантрасныя тэкстуры, рэльефныя формы, узоры, рытмічныя дэталі і сцэны. Падчас пошуку не трэба забываць, што чым прасцей, тым лепш — здымак не павінен быць перагружаны лішнімі дэталямі.
- Добры сюжэт заўважыць не складана. Варта толькі ўважліва пашукаць — і цікавае будзе абавязкова знойдзена. Гэта і старыя будынкі, замкі і палацы, і агароджы, і вароты, і дахі, і арнаменты, і ляпніна на дамах. Асабліва цікавымі могуць быць сучасныя будынкі і тэхнічныя канструкцыі з мноствам архітэктурных элементаў. Выдатныя сюжэты могуць падарыць брукаваныя вулачкі, адлюстраванні ў лужынах, масты, дрэвы. Галоўнае — раскрыць ідэю здымка.
- Калі здымаеце партрэт, пастарайцеся раскрыць характар чалавека, акцэнтуйце ўвагу на поглядзе, міміцы свайго героя. Фотаздымак атрымаецца цікавым, калі эксперыментаваць. Мяняйце ракурс, вугал здымкаў. Калі здымаеце на “плёнку” першы раз, то вазьміце з сабой і лічбавы фотаапарат. Ён дапаможа правільна выставіць вытрымку, дыяфрагму для плёнкі пэўнай адчувальнасці.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.