Подых стагоддзяў

Многія з нас у дзяцінстве зачытваліся гістарычнымі раманамі, на памяць ведалі фільмы пра мушкецёраў, вікінгаў і інш. Дзяўчынкі, размалёўваючы алоўкамі папяровыя гармонікі-вееры, марылі хоць разок абмахнуцца імі на сапраўдным балі, дзе гучыць старажытная музыка і ўсе паненкі ў доўгіх пышных сукенках. Хлопчыкі, узброіўшыся нязграбнымі пластмасавымі ці кардоннымі шпагамі, выклікалі на дуэль сваіх сяброў, але па-сапраўднаму адчуць сябе адважнымі рыцарамі так і не змаглі. Большасць з нас праз гады забылася пра тыя свае няздзейсненыя мары, а некаторыя выраслі і вярнуліся туды, назад у гісторыю. Магчымасць адматаць назад стужку часу і ўдыхнуць подых стагоддзяў прапанаваў усім жадаючым Гродзенскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі.

У асяроддзі сяброў

Адзін з такіх рамантыкаў — Кірыл Арэшкаў. Аднойчы, 12 гадоў назад, яшчэ першакурснікам аднаго з гродзенскіх ліцэяў ён трапіў на заняткі клуба гістарычнай рэканструкцыі ў Палацы творчасці, дзе і адчуў тую сярэдневяковую атмасферу з кніжных старонак і кінастужак: пачуў звон збруі, грукат зброі, удыхнуў пах кастроў паходнага лагера, а галоўнае — знайшоў такіх жа апантаных ідэяй зазірнуць у гісторыю сяброў. Дружба аказалася моцнай, бо нават калі іх педагог пакінуў клуб, калектыў не распаўся. Кіраванне ім узяў на сябе Кірыл, а сябры сталі “Дружынай Патрыка”.

Сёння Кірыл сумяшчае пасаду інжынера-канструктара на адным з буйных прадпрыемстваў Гродна і работу педагога дадатковай адукацыі ў Палацы творчасці. Ён аб’яднаў каля 15 маладых людзей. Большасці з іх ад 16 да 30 гадоў, усе яны вучацца ў розных установах, працуюць у розных сферах, але кожны тыдзень сустракаюцца на занятках у палацы ці ў прылеглым да яго Каложскім парку, разам выязджаюць на сярэдневяковыя фэсты.

“Назву свайму клубу мы далі ў гонар гродзенскага князя XIV ст. Патрыкея Кейстутавіча. Большасць звестак пра яго знішчана пажарамі, але сведчанні пра тое, што ён некалькі разоў выратоўваў горад ад крыжаносцаў, у прыватнасці гродзенскі замак, захаваліся”, — гаворыць Кірыл.

Клуб дае моладзі магчымасць паглыбіцца ў розныя сферы. Акрамя вывучэння гісторыі Гародні, Наваградка і іншых гарадоў ВКЛ, мужчынская палова клуба займаецца трэніроўкамі па гістарычным фехтаванні, стральбе з лука (дарэчы, з лука страляюць і дзяўчаты), вырабам даспехаў, асвойваюць розныя рамёствы — ад разьбы па дрэве да броварскай справы. У межах клуба дзейнічае і майстэрня вырабаў са скуры — дзецішча кіраўніка клуба. Кірыл шые сярэдневяковыя сумкі, паясныя рамяні, абутак, флягі, ножны для мячоў, нажоў, калчаны для стрэл, а таксама сучасныя рэчы.

Дзяўчаты ж вышываюць рознымі тэхнікамі, ткуць паясы, спасцігаюць майстэрства гатавання сярэдневяковых страў, вывучаюць побыт і традыцыі сярэдневяковых гараджан, іх касцюмы, правілы тагачаснага этыкету.

“Мы не шыем на машынках — усё выключна ўручную, з натуральных тканін, сшываем толькі натуральнымі ніткамі. Крой паўтараем па знойдзеных у манускрыптах выкрайках, бо калі мы падаём заяўку на ўдзел у фестывалях, то спачатку прадастаўляем для вывучэння ўсё наша адзенне, зброю. Калі ёсць нейкія неадпаведнасці, ніхто да ўдзелу нас не дапусціць: мы не ролевікі, якім дастаткова паказаць героя, вобраз, мы ствараем гістарычна дакладныя касцюмы і даспехі, таму тут вельмі жорсткія патрабаванні. У многім нам дапамагае інтэрнэт, аднадумцы з Беларусі і іншых краін.Сярод нас ёсць гісторыкі, што бывае карысна, але на справе часцей гісторыкі больш вучацца ў нас: археолагі знаходзяць нейкую пласціну ад даспеха, а той, хто стварае даспехі, раскажа яму, адкуль яна, для чаго выкарыстоўвалася і як выглядала ў арыгінале”, — расказвае Кірыл Арэшкаў.

Усевалад Сямёнаў 9 са сваіх 27 гадоў таксама з’яўляецца членам клуба. Ён успамінае: “Мяне вабіла гісторыя горада з маленства. Я шмат чытаў пра тое, як тут, на тэрыторыі Гародні, жылі нашы продкі некалькі стагоддзяў назад, чым займаліся. Калі я быў на 1 курсе Гродзенскага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага прафесійнага ліцэя, каб на практыцы ўбачыць прачытанае, я прыйшоў у Палац творчасці. І з таго часу я тут. Асабліва мне спадабалася ствараць касцюмы. На канікулах я заўсёды шукаў падпрацоўку, каб мець магчымасць купляць матэрыялы на даспехі, зброю, вопратку. Мы збіраліся, кроілі, шылі, прычым не па гатовых выкрайках, а шукалі пісьмовыя крыніцы, часам нават сярэдневяковыя помнікі, высвятлялі, якія тканіны тады выкарыстоўваліся, падбіралі ў магазінах падобныя”.

Магія танца

Канечне, сярэдневякоўе немагчыма ўявіць без музыкі і танцаў. Вось і для “Дружыны Патрыка” гэта стала неад’емнай часткай. Selva Magica ў перакладзе з італьянскай азначае “чарадзейны лес”. У такі лес кожную летнюю нядзелю ператвараецца суседні Каложскі парк. Тут на майстар-класы любяць збірацца тыя жыхары горада, якія таксама цэняць гісторыю і казкі, хто не часта сутыкаецца са старажытнасцю ў штодзённым жыцці і хто марыць акунуцца ў атмасферу сярэдневяковых баляў, у танцы натхніцца на новы тыдзень.

Ксенія Буйвід, стваральніца гурта Selva Magica, гаворыць: “Мы аб’ядналі ў сваім калектыве дарослых людзей, якія не могуць пазбавіцца сваёй цягі да танцаў. У асноўным складзе ў нас людзі ва ўзросце каля 30 гадоў, мы ўсе з розных прафесій і ўсе мы пачыналі яшчэ ў студэнцтве, але, атрымаўшы дыпломы, не перасталі танцаваць. З першапачатковага складу 2007 года нас засталося толькі двое, іншыя далучаліся пазней. Я вучылася ў Мінску, у лінгвістычным універсітэце. І хоць мае заняткі танцамі былі наездамі, затое я магла прыўносіць у нашы рэпетыцыі вопыт мінскіх гурткоў”.

З 2008 года дзейнасць гурта не спыняецца. Яго часта запрашаюць выступіць ці правесці майстар-класы на розных фестывалях, гарадскіх мерапрыемствах, святах горада і інш. Жадаючых традыцыйна шмат і сярод дарослых, і сярод школьнікаў Гродна і іншых гарадоў.

“Мне падабаецца паглыбляцца і знаходзіць нешта ў гісторыі для сябе і дзяліцца гэтым з іншымі. Для мяне як настаўніка (я выкладаю англійскую і французскую мову) гэта важна. Вы не ўяўляеце, колькі людзей нечакана для сябе пачынаюць танца­ваць! Для мяне іх вочы — гэта лепшая ацэнка. Некалі для сваіх школьнікаў я нават праводзіла майстар-класы па ірландскіх танцах як частку заняткаў на англійскай, потым мы ездзілі з дзецьмі ў Літву і паказвалі там нашы танцы. Калі гэта тваё, яно за табой крочыць, — дзеліцца Ксенія. — Наша аснова — танцы X—XV стагоддзяў, хаця мы закранаем і XVІ. Гэта не толькі танцы Вялікага Княства Літоўскага, але яшчэ і італьянскія, французскія, ірландскія… (Тады мода дрэйфавала, хадзіла туды-сюды ад народа да народа). Акрамя таго, мы самі ствараем для танцаў адпаведныя строі. У мяне іх ужо некалькі — знатнай дамы, простай жанчыны і інш., бо кожны статус патрабуе розных тканін, аксесуараў. Акрамя таго, я шыю і для свайго мужа. Ён музыкант, іграе для нашага калектыву”.

Непаўторны танец “Глорыя д’Аморэ”, не вельмі распаўсю­джаная, але вельмі прыгожая ліванэла, больш ранні бранль, — гурт актыўна выкарыстоўвае дзясяткі танцаў. Многія з іх — не прос­та рэканструяваныя, а стылізаваныя, бо, як тлумачыць Ксенія, чым ранейшыя танцы, тым яны прасцейшыя. Таму для сцэны яна дабаўляе ў іх больш складаныя і відовішчныя элементы.

“Любоў да сярэдневякоўя ў мяне закладвалася яшчэ ў дзяцінстве. Мой тата (ён перакладчык) заўсёды цікавіўся гісторыяй горада, краіны. Мы заўсёды з ім падарожнічалі па Беларусі, яшчэ школьніцай я з татам аб’ездзіла радзіму ўздоўж і ўпоперак. Я шмат чытала, але ніколі не брала гістарычных кніг у бібліятэцы, бо наша дамашняя была багацейшай. Мы з татам былі на самых першых фестывалях у Навагрудку яшчэ ў 2002 годзе. Калі ты выхоўваешся ў гэтай атмасферы, то ўспрымаеш захапленне гісторыяй як частку свайго жыцця”, — расказвае дзяўчына.

Дарэчы, калі тата некалі браў з сабой Ксенію вывучаць гісторыю, то сёння ўжо Ксенія стала яго правадніком. Аднойчы завітаўшы ў клуб да дачкі, ён таксама стаў яго аматарам. Сёння бацька Ксеніі — самы старэйшы ў калектыве, займаецца стральбой з лука.

На мяжы з мінулым

Мінск, Камянец, Ліда, Гальшаны, Дудуткі, а таксама польскія, літоўскія гарады — маршрутаў у “Дружыны Патрыка” шмат. Іх аднадумцаў з кожным годам становіцца толькі больш. Як расказаў Кірыл Арэшкаў, падчас фестывалю сярэдневяковай культуры “Грунвальдская бітва”, які праходзіць у Польшчы, толькі на саму рэканструкцыю выходзіць каля 1000 чалавек, а ў лагеры іх яшчэ больш. На Мінскі фэст штогод збіраецца больш за 600 чалавек, а колькі іх у свеце — невядома. Акрамя Англіі, Германіі, рэканструкцыяй захапляюцца ў Аўстрыі, ЗША і іншых краінах свету. Гэта і вікінгі, і высокае сярэдневякоўе, і позняе, і турніры на конях і інш.

Гэтым летам “Дружына Патрыка” захацела падарыць свята і свайму гораду, таму правяла першы ў Гродне фестываль сярэдневяковай культуры з сімвалічнай назвай “Мяжа”. Перайсці гэтую мяжу можна было ў Каложскім парку. Менавіта тут сабраліся некалькі соцень рыцараў з Беларусі і Польшчы, якія пераносілі гасцей у старажытную Еўропу і ВКЛ XІІІ—XV стагоддзяў. Паходны лагер і масавыя баі, турніры (шчыт-меч, бугурты, лучнікі), выступленні музыкантаў і танцораў, вулічныя акцёры, майстры-рамеснікі — гэта ўсё застанецца ў памяці соцень гараджан і гасцей Гродна.

“Акрамя маладзёжнай групы, пры нашым клубе дзейнічае і дзіцячае аб’яднанне, куды ўваходзяць дзеці ад 11 гадоў, — гаворыць Кірыл Арэшкаў. — На занятках мы з імі паглыбляемся ў гісторыю, яны вучацца плесці кальчугу, шыюць рукавіцы, падшлемнікі, вывучаюць сярэдневяковы бой, я ім паказваю, як трымаць меч, як абараняцца, як рухацца, як дыхаць. Яны яшчэ не прымаюць удзел у баях, але трэніруюцца, страляюць з лука. Тыя, хто з намі дарастае да 16 гадоў (пры ўмове, калі інтэрнэт не пераманіць іх у нас), пераходзіць у склад клуба. У свой час у мяне не было магчымасці займацца такімі рэчамі, таму я стараюся даць яе сённяшнім хлопчыкам. Стварэнне нашага клуба дало і мне, і ўсім маім сябрам магчымасць адчуць сябе героямі нашых любімых дзіцячых кніг, пагрузіцца ў іх атмасферу, побыт, бо на фэстах мы жывём у лагерах, ставім шатры, спім на сене, гатуем на кастры, мыемся ў рэчцы… Гэта не толькі рамантыка, але і магчымасць рэалізавацца, знайсці сваю справу. Для мяне гэта самае цікавае ў свеце хобі”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва клуба.