Хвіліна славы для моладзі

Беларусь распачынае новы рэспубліканскі праект “Маладзёжная прэмія”. Па выніках кожнага года свае ўзнагароды будуць атрымліваць тыя маладыя людзі, якія ярка праявілі сябе ў івэнт-індустрыі, музыцы, фота і відэа, харэаграфіі, дызайне, экалогіі, ІТ і іншых сферах. Першую “Маладзёжную прэмію — 2019” хлопцы і дзяўчаты з усёй краіны атрымалі ў панядзелак у Мінску, у канцэртнай зале Prime Hall.

Новы праект нарадзіўся ў маладзёжным асяроддзі. Каб выбраць прэтэндэнтаў, творчая каманда арганізатараў стварыла групу праекта ў сацыяльных сетках і прапанавала карыстальнікам намінаваць на прэмію сябе ці іншых маладых людзей у 13 намінацыях. Са 150 заявак 15 пераможцаў адабраў экспертны савет, у які ўвайшлі спецыялісты адпаведных сфер.

Так, за лепшыя нестандартныя дызайнерскія рашэнні і прасоўванне брэнда ў сферы моды сваю ўзнагароду атрымаў другакурснік Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта дызайнер адзен­ня Plig Team Ігар Плятнёў. Юнак — чэмпіён свету сярод каманд б’юці-індустрыі ў Кіеве, шматразовы ўдзельнік конкурсаў і фестываляў “Млын моды”, “Неўскія берагі” і інш. Ён шыў касцюмы і для ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску.

За самую прадукцыйную і эфектыўную падзею года ў сферы IT-адукацыі ўладальнікамі прэміі сталі арганізатар канферэнцыі Open IT Дзіяна Качаткова і дырэктар адукацыйнага цэнтра праграмавання і высокіх тэхналогій Іван Бадранкоў. Іх канферэнцыя для будучых айцішнікаў сабрала ў верасні ў Мінску 40 спікераў і 1500 удзельнікаў. Форум з серыяй майстар-класаў, нефармальнымі лекцыямі і магчымасцю працаўладкавання стаў сёлета адным з самых цікавых і карысных мерапрыемстваў для моладзі.

За самую яркую еўрапейскую кампазіцыю восені 2019 года ўзнагароджана 15-гадовая артыстка з гімназіі № 56 Мінска Лізавета Міснікава, якая прадставіла Беларусь на дзіцячым “Еўрабачанні” ў Польшчы. За музычны прарыў у рок-індустрыі Беларусі і пакарэнне сусветных вышынь узнагароджаны гурт Nizkiz з Магілёва, які іграе альтэрнатыўны мэйнстрым — адпаліраваную, але дастаткова цяжкую музыку і аўтарскія трэкі на рускай і беларускай мовах. За прарыў у галіне сучаснай беларускай харэаграфіі, лепшы PR-менеджмент і развіццё танцавальнага мастацтва статуэтка дасталася камандзе DRIADA школы танца BIZON, на рахунку ў якой больш за 700 харэаграфічных перамог у міжнародных конкурсах.

Самым юным лаўрэатам стаў мінчанін Уладзіслаў Скачко за галоўнае дасягненне ў сферы экстрэмальных і вулічных відаў спорту. Нягледзячы на тое, што яму ўсяго 13 гадоў, ён ужо прафесійны скейтбардыст, пераможца і прызёр шматлікіх нацыянальных і міжнародных спаборніцтваў. Яго ўдзел у першым у гісторыі чэмпіянаце Еўропы па скейтбордынгу прынёс балы алімпійскага рэйтынгу ў скарбонку краіны.

За лепшую рэалізацыю SMM-стратэгій у байнэце і самыя дзейсныя методыкі работы з моладдзю ўзнагароджана кампанія Ragoo Media. Самым гучным праектам сярод лепшых квізаў краіны назвалі “Сам Шазам” — першае гарадское музычнае шоу з жывым бэндам. Браты Яўген і Ілья Шарыкала, стваральнікі інфармацыйнага медыяпартала “Топавы Пінск”, атрымалі прэмію за самае папулярнае шоу на YouTube. За яркі старт у справе прасоўвання ідэй экалагічнай бяспекі статуэтка ўручана Алёне Сініцкай — маладая мама з Жодзіна аб’яднала жыхароў горада, каб зрабіць свой горад чысцейшым. Са статуэткай вернецца дадому і магілёўская каманда “Доктар Хаўс” — першая за 5 гадоў каманда Беларусі, якая стала не толькі ўдзель­ніцай прэм’ер-лігі Міжнароднага саюза КВЗ, але і яе пераможцай.

За самы яркі старт года ў галіне прасоўвання сучаснай музыкі ўзнагароджаны Уладзіслаў Самахвалаў з Гомеля, вядомы пад псеўданімам Мэвл, трэкі якога займаюць верхнія радкі ў чарце “УКантакце”. А Арцём Сарока і Віталь Варанко атрымалі ўзнагароду за самы “смачны” хіт пра бульбу.

У наступным годзе арганізатары плануюць пашырыць фармат прэміі і павялічыць колькасць намінацый. Стаць адным з магчымых уладальнікаў “Маладзёжнай прэміі — 2020” зможа кожны, для каго няма творчых перашкод і хто не траціць марна свае маладыя гады.

Пра іншыя сферы і кірункі, у якіх сябе знайшла моладзь краіны, чытайце ў нашым сённяшнім дадатку “Шосты дзень”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.