Што такое хакерспейс

Калі робататэхнікай ці тэхнічнай творчасцю хочуць займацца дзеці, выбар у іх вялікі: цэнтры і палацы, прыватныя курсы і факультатывы ў школе. Але пасля 17—18 гадоў шляхоў становіцца значна менш. Куды накіравацца, каб асвоіць новую справу не як прафесію, а для сябе? Дзе займацца, напрыклад, канструяваннем ці работай з металам? Такарны станок дома не ўстановіш.

Хакерспейсы — некамерцыйныя прасторы для творчасці, якія сталі з’яўляцца па ўсім свеце яшчэ ў 90-я гады. Часцей за ўсё тут развіваюць навуковыя, тэхнічныя, ІТ-праекты ці проста займаюцца хобі ў гэтай сферы.

Удзельнікі хакерспейсаў самі кіруюць яго дзейнасцю: набываюць тэхніку, арганізоўваюць сумесную работу, рэгулююць правілы хакерспейса.

У Мінску аматары тэхнікі вырашылі гэтае пытанне так: стварылі ўласны хакерспейс. Што гэта такое і навошта туды прыходзіць, яны расказалі падчас экскурсіі.

Хакерспейс — гэта адначасова і месца, і суполка людзей. Усё пачалося з некалькіх энтузіястаў, якія вырашылі, што было б карысна стварыць месца, дзе зручна займацца тэхнічнымі хобі — распрацоўваць прыборы і машыны, праграмаваць робатаў, майстраваць рэчы. На ўласныя грошы яны арандавалі падвал і сталі паступова напаўняць яго абсталяваннем. Прыносілі сваю мэблю і інструменты, на вялікія пакупкі збіралі разам.

— Паступова людзей станавілася ўсё больш, і мы фармалізавалі адносіны, — расказвае адзін з удзельнікаў хакерспейса Аляксандр Сарокін. — Мы зарэгістравалі некамерцыйную арганізацыю і дамовіліся, што ўсе ўдзель­нікі плацяць членскія ўзносы — на арэнду памяшкання, камунальныя паслугі.

Аляксандр наведвае хакерспейс ужо 4—5 гадоў. Калісьці ён пачаў рабіць аўтамат з гульнёй-аркадай (як у старых амерыканскіх фільмах, уяўляеце?), з гэтым праектам і прыйшоў сюды.

Падчас экскурсіі ён паказвае ўсё багацце хакерспейса: такарны станок, станкі з ЛПК (на іх тут вырабляюць толькі моцныя дэталі, калі трэба зрабіць нешта больш простае — гэта друкуюць на 3D-прынтары), зварачны апарат, лазерны разак (адзін з удзель­нікаў якраз майстраваў тут падарунак — палічку для шклянак — і гравіраваў на ёй вінша­ванні).

— Раней у нас быў толькі адзін разак, — расказвае яшчэ адзін удзельнік Уладзімір Давыдаў. — А пасля засталося крыху грошай ад членскіх узносаў. Мы прапанавалі ўсім дадаць, хто колькі хоча, каб набыць другі, больш вялікі. Грошы сабралі за дзень. Цяпер мы можам выразаць крыло даўжынёй не 40 см, а амаль метр!

На лазерным разаку Уладзімір і яго каманда стартапа Dronex ствараюць крылы для сваіх дронаў — яны мараць запусціць дронаў-кур’ераў, якія будуць дастаўляць тавары адразу ў акенца таго, хто іх заказаў.

У асобным памяшканні хакерспейса — апараты і інструменты для работы з дрэвам.

— Амаль усё, што звязана з дрэвам, прынеслі ўдзельнікі, якія гэтай тэмай цікавіліся, — расказаў Аляксандр. — Але ўзнікла праблема: ад дрэва было многа пылу, на які скар­дзіліся іншыя. Каб не спрачацца, мы зрабілі са старога амперметра датчык пылу. Калі яго зашмат — загараецца чырвоны індыкатар.

Уся работа рукамі праходзіць у так званым “брудным” памяшканні, а ў суседнім — “чыстым” — адбываюцца мазгавыя штурмы, удзельнікі працуюць за камп’ютарамі ці проста гутараць. Тут жа ўся тэхніка, патрабавальная да чысціні, напрыклад, пяць 3D-прынтараў. Ад зін з іх, заўважаем, друкуе маску для касплэя.

— Я вырабляю маскі для сябе і сяброў, — дзеліцца яе аўтар Іван Крайко. — Калісьці заказаў сабе маску ў майстра з Расіі, а калі яна прыйшла, аказалася, што якасць вельмі дрэнная. Тады я вырашыў навучыцца рабіць такія ж сам.

Іван паказвае маскі штурмавікоў з вядомых “Зорных войнаў”, Бэтмена і іншых супергерояў і расказвае пра ўвесь рабочы працэс: ад першага пластылінавага эскіза да фарбавання гатовай пластыкавай маскі. Не так даўно ён асвоіў работу з 3D-прынтарам і цяпер можа друкаваць маскі.


Амаль гэтак жа арганізавана прастора ў другім хакерспейсе, які называюць MalinoHS, ці проста Малінавым, бо ён павінен быў размясціцца ў сталічным мікрараёне Малінаўка, хаця ў выніку адкрыўся на вуліцы Алібегава. Тут тыя ж апараты для зваркі, пайкі, афарбоўкі — усё, што можа спатрэбіцца майстру. А ўсяго год назад было цалкам пустое памяшканне.

— Я ездзіла па ўсім раёне і глядзела памяшканні, — згадвае Марыя Кашапава, адна з удзельніц хакерспейса і ініцыя­тараў стварэння Малінавага “філіяла”. — А калі выбралі месца, шмат спрачаліся наконт таго, якім яно будзе. Рамонт рабілі сваімі сіламі: усе, хто хацеў, збіраліся і дапамагалі — залівалі падлогу, фарбавалі сцены, устанаўлівалі мэблю.

Марыя даведалася пра хакерспейс, калі вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Дзяўчына захацела зрабіць уласны гексакоптар і звярнулася да Уладзіміра па параду.

— Але праектам, які прывёў мяне ў хакерспейс, стаў падарунак для мужа, — згадвае Марыя. — Ён праграміст, і я захацела зрабіць для яго квест: закаваць падарунак у металічную клетку з замочкамі. Каб ад­крыць яе, трэба было рашыць просценькія задачкі і атрымаць сакрэтныя коды.

Праблема была толькі ў тым, што Марыя ніколі не трымала ў руках зварачны апарат, а без яго клетку не змайстраваць. Гэтаму яе навучылі ў хакерспейсе.

— Тут можна падысці да любога ўдзельніка і папрасіць дапамогі, — расказвае суразмоўніца. — Часта бывае, што навічкі прыходзяць са сваім праектам, звяртаюцца да кагосьці па параду, а ў выніку пачынаюць праца­ваць з ім ужо над яго ідэяй.


— Каб стаць часткай хакерспейса, трэба, каб за цябе паручыліся два пастаянныя ўдзельнікі, — папярэджвае Аляксандр. — Тут захоўваецца шмат інструментаў і асабістых рэчаў, таму мы павінны давяраць кожнаму, у каго ёсць ключ.

Усе ўдзельнікі хакерспейса жывуць па агульных прынцыпах. Па-першае, яны ўсе дапамагаюць ствараць саму прастору: удзельнічаюць у рамонце, прыбіраюць сваё працоўнае месца і памяшканне ўвогуле. Галоўнае — не пакі­даць пасля сябе ні смецця, ні зламаных рэчаў.

— Калі мае дзеці памалявалі на сценах, я арганізавала сустрэчу, на якой усе жадаючыя іх размалёўвалі, — расказала Марыя. — Мы сабралі фарбу, прыдумалі ўзор і закрылі ім усе дзіцячыя малюнкі.

Яшчэ адно правіла: прыносіць больш, чым забіраеш. У хакерспейсе захоўваецца шмат рэчаў — і асабістых, і агульных. Усе яны прамаркіраваны стыкерамі: зялёны — можна браць, жоўты — з дазволу гаспадара, а чырвоны — рэч асабістая, браць нельга. Калі ўдзельнік бярэ нешта з зялёным стыкерам, ён павінен аддаць штосьці ўзамен, напрыклад, свае непатрэбныя матэрыялы.

А галоўнае — у хакерспейсе няма галоўных. Усе ўдзельнікі раўнапраўныя, хаця ў кагосьці, дзякуючы яго дзейнасці, можа быць больш аўтарытэту.

— Бывае, што спрачаемся, нават сварымся, — прызнаецца Аляксандр. — У такіх выпадках гутарым, галасуем і дамаўляемся.


Нягледзячы на строгія правілы, проста пабываць у хакерспейсе можа любы ахвотнік. Для гэтага дастаткова прыйсці ў дзень адкрытых дзвярэй, якія праводзяцца штотыдзень, ці стаць госцем аднаго з удзельнікаў. Яшчэ адзін спосаб — наведаць мітап ці майстар-клас, які праходзіць у адным з хакерспейсаў.

— Напрыклад, мы праводзілі курсы па электроніцы — вучыліся рабіць робата-балансіра, — расказвае Аляксандр. — Мы ўсе ведаем, чым займаюцца іншыя, і, калі хочам правесці новы мітап, звяртаемся да таго, чый праект падаецца цікавым, і просім расказаць пра яго.

Таксама ў хакерспейсе бываюць і запрошаныя выступоўцы. Напрыклад, Міхаіл Косцін, які дома паўтарыў марсаход NASA Curiousity, выступіў з лекцыяй пра стварэнне марсаходаў.

— У Малінавым хакерспейсе па серадах збіраецца клуб праграмавання, — пералічвае Марыя. — Адзін з нашых удзельнікаў, які выкладае праграмаванне на прыватных курсах, захацеў праводзіць тут бясплатныя заняткі. Быў майстар-клас па 3D-друку: расказвалі, як па фота зрабіць трохмерную мадэль. На майстар-класе па Arduino рабілі скрыню для ахвяраванняў з падсветкай.

Яшчэ адзін цікавы майстар-клас — па зварцы. Падчас яго ўдзельнікі зрабілі сваімі рукамі дзверы ў хакерспейс. Па­трэбны былі дзверы нестандартнага памеру, і ўдзельнікі вырашылі, што прасцей зрабіць іх сваімі рукамі.

Напярэдадні Новага года правялі майстар-клас па стварэнні LED-гірлянды, якой можна кіраваць з тэлефона.

— Сам праект гірлянды мы ўжо апублікавалі на нашым сайце, — расказвае Марыя. — Хочацца ўсім паказаць, што гэта проста і кожны можа зрабіць сабе такую гірлянду сам.

Пра праекты ўдзельнікаў можна пачытаць на сайце хакерспейса hackerspace.by. Там жа змешчаны спасылкі на чаты, дзе гутараць удзельнікі хакерспейса: туды можна звярнуцца з любымі пытаннямі і пра саму прастору, і пра свае праекты. Часта менавіта так новыя людзі прыходзяць у хакерспейс.

— Многія думаюць, што гэта толькі для моладзі, але ёсць сярод удзельнікаў і дарослыя людзі, і нават пенсіянеры, — падкрэлівае Марыя.

Адным словам, тут рады ўсім, хто падзяляе прынцыпы хакерспейса і хоча рабіць нешта ўласнымі рукамі.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.