Сумясціць карыснае з цікавым

Такую магчымасць дае маладым валанцёрам са многіх краін свету з гэтага года праграма “Еўрапейскі корпус салідарнасці”. Гэта працяг добра вядомай праграмы “Еўрапейская валанцёрская служба”, якая дапамагла тысячам маладых людзей паваланцёрыць у краінах Еўрасаюза і не толькі. Пра тое, якія гарызонты раскрывае перад удзельнікамі праект, даведваемся ў Лізе дабравольнай працы моладзі.

— Гэта частка праграмы Еўрасаюза “Эразмус +”, якая доўжылася з 2014 па 2020 год, а з гэтага года працягваецца пад назвай “Корпус салідарнасці”, — расказвае старшыня Лігі дабравольнай працы моладзі Вольга Шмігельская. — Гэта валанцёрс­кая праграма, якая дае магчымасць маладым людзям ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў з нашай краіны як усходняга партнёра і з іншых еўрапейскіх краін паехаць у якасці валанцёра на тэрмін ад 2 да 12 месяцаў у любую краіну. Валанцёры самі выбіраюць сабе сферу дзейнасці — ад памочнікаў выхавальнікаў да радыёвядучых, ад су­працоўнікаў музеяў да валанцёраў у грамадскіх ці дзяржаўных адукацыйных структурах. Валанцёр загадзя ведае, куды едзе і чым бу­дзе займацца, што дае яму магчымасць рэалізаваць там свой праект, што важна для самога ўдзельніка і карысна для краіны-прымальніцы. Па гэтай праграме мы штогод адпраўляем 10—15 беларускіх валанцёраў і прымаем маладых людзей з розных краін. Так, сёлета ў нас працуюць 2 валанцёры: адзін — з Эстоніі, другі — з Люксембурга. Нашы валанцёры адправіліся сёлета ў Францыю, Германію, Польшчу, Люксембург і інш.

Дарэчы, замежную мову ведаць на высокім узроўні зусім неабавязкова. Для ўдзелу ў праекце дастаткова размоўнай англійскай ці іншай дзяржаўнай мовы краіны-прымальніцы. Усім валанцёрам бясплатна прадастаўляюцца адукацыйныя моўныя курсы, бо адна з мэт праекта — гэта павышэнне ўзроўню англійскай і іншых моў сярод еўрапейскай моладзі.

Мець у кішэні вялікія сродкі таксама не трэба. Калі вас не палохае сціплае жыццё, то такі праект дазволіць вам карысна правесці час без сур’ёзных выдаткаў. Удзельнікам гэтага праекта пакрываюцца пражыванне, харчаванне, дарога ў два бакі, страхоўка, афармленне дакументаў, моўныя курсы і нават выдаюцца кішэнныя грошы. Валанцёр мае два выхадныя на тыдзень і два дадатковыя вольныя дні кожны месяц, што дазваляе падарожнічаць па краіне, знаёміцца з яе культурай, архітэктурай і інш.

Валанцёры працуюць 30—35 га­дзін на тыдзень. Тэматыку праекта кожны выбірае па сваіх інтарэсах: культура, экалогія, работа з дзецьмі, бежанцамі, людзьмі з асаблівымі патрэбамі і інш. Прычым часта яны выбіраюць не “сваю”, а новую для сябе сферу.

— У мінулым годзе ў нас былі валанцёркі з Францыі і Бельгіі, якія вельмі прадукцыйна папрацавалі з Нацыянальным мастацкім музеем. Яны праводзілі розныя майстар-класы, працавалі з дзецьмі ў межах нефармальнай адукацыі і такім чынам зрабілі свае крокі, каб зацікавіць дзяцей дзейнасцю музея, паказаць ім яго з іншага боку, рабілі свае інсталяцыі, вывучалі гісторыю пэўнай карціны, сустракаліся са школьнікамі і адчынялі для іх новыя дзверы ў знаёмы музей, — гаворыць Вольга Шмігельская.

Сёлета іх справу працягвае Эліа Арыга. У сябе ў Люксембургу хлопец працуе артыстам-клоўнам і спецыялізуецца на вырабе фігурак з паветра­ных шароў, у Беларусь жа ён прыехаў, каб пасупрацоўнічаць з музеямі. Так, у Нацыянальным мастацкім музеі ён перакладае тэксты, праводзіць майстар-класы для наведвальнікаў. З літаратурным музеем Петруся Броўкі Эліа супрацоўнічае і як графічны дызайнер. Напрыклад, распрацоўвае лагатып музея, стварае афішы, а потым будзе дапамагаць рыхтавацца да правядзення юбілейных мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею Петруся Броўкі.

— Я хацеў бы дапамагчы знізіць элітарнасць літаратурнага музея, каб далучаць да яго дзяцей і моладзь, ад першакласнікаў да студэнтаў. Для гэтага распрацаваў цыкл цікавых мерапрыемстваў, якія хутка і пачну, — гаворыць Эліа.

Акрамя таго, Эліа з валанцёрам з Эстоніі Прыітам Амерам арганізавалі для сталічных студэнтаў спікер-клаб, у межах якога кожны тыдзень праводзяць сустрэчы на адной з замежных моў па пэўнай тэме. Напрыклад, ужо прайшлі гутаркі на тэму сучаснай музыкі, кіно, магчымасцей для моладзі ў навучанні.

— Для беларускай моладзі такія сустрэчы ў нефармальнай атмасферы — падчас гульняў ці праходжання квестаў— гэта яшчэ адна магчымасц­ь адтачыць свае моўныя веды, развіць навыкі камунікацыі, кааперацыі, крэатыўнага мыслення, — гаворыць Вольга Шмігельская.

Святлана НІКІФАРАВА.