Педагог–праграміст, ці Сакрэты ўдалага ІТ–праекта

Ідэя гэтага інтэрв’ю нарадзілася даўно: з Андрэем Анатольевічам Казаковым ці яго вучнямі мы сустракаліся амаль на кожным значным конкурсе камп’ютарных праектаў. І амаль на кожным іх праекты былі адзначаны журы і атрымлівалі станоўчыя водгукі ад сапернікаў. Калі вы рэгулярна сочыце за рэспубліканскімі конкурсамі “ПАТРЫЁТ.by”, “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, “ТэхнаІнтэлект”, то, хутчэй за ўсё, згадаеце работы, пра якія зараз пойдзе гаворка. Сёння мы паспрабуем зразумець, у чым сакрэт поспеху Андрэя Анатольевіча і яго выхаванцаў.

А.А.Казакоў.

Штодзённая работа і перамога як матывацыя

Андрэй Анатольевіч скончыў Віцебскі дзяржаўны політэхнічны каледж. Па спецыяльнасці ён тэхнік-праграміст. Тут жа, у каледжы, заўважыў за сабой цікавасць да выкладання, таму вышэйшую адукацыю атрымліваў ужо звязаную з педагогікай: стаў педагогам-праграмістам у Мінскім радыётэхнічным каледжы.

Як прызнаецца сам педагог, такі шлях да прафесіі дае пэўныя перавагі: з інжынернай адукацыяй прасцей разбірацца ў новых галінах праграмавання, чы­таць складаную спецыяльную літаратуру, дапамагаць вучням з праектамі.

Спакусы зрабіць крок у бок звышпапулярнага ІТ у Андрэя Анатольевіча не было:

— Педагогіка і праграмаванне — вельмі розныя заняткі, і я задаволены, што знайшоў нешта на стыку, — тлумачыць настаўнік. — Праграмістам быць таксама цікава, але працаваць з дзецьмі — гэта прызванне. Калі яны дасягаюць вынікаў, рэалізуюць праекты — гэтыя хвіліны іх славы, іх задавальнення, іх радасці ніякімі грашыма не ацаніць.

Зараз Андрэй Анатолье­віч выкладае інфарматыку ў гімназіі № 8 і сярэдняй школе № 40 Віцебска, а таксама праводзіць заняткі аб’яднання па інтарэсах “Праграмаванне” ў Віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі. Як прызнаецца настаўнік, гэта яшчэ адна яго перавага падчас падрыхтоўкі вучняў да праектнай дзейнасці.

— З вучнямі, якія ходзяць да мяне на ўрокі, на факультатыў, на індывідуальныя заняткі, а таксама на заняткі аб’яднання па інтарэсах, мы бачымся і па пяць, і па шэсць гадзін на тыдзень, — прызнаецца Андрэй Анатольевіч.

З А.М.Карасевіч.

Запрашаць зацікаўленых школьнікаў на дадатковыя заняткі педагог пачынае з 5 класа. Гэта дае магчымасць за межамі ўрокаў грунтоўна вывучыць не толькі Pascal, але і іншыя мовы праграмавання.

— Раней мы пісалі ў асяроддзі распрацоўкі Delphi: няхай яно і састарэлае, але вельмі зручнае для навучання, — расказвае настаўнік. — Цяпер жа стараемся выву­чаць мову праграмавання С++. Напрыклад, на мове С++ мой вучань Мікіта Каранеўскі зараз распрацоўвае канструктар “PCP Blocks”, які будзе трансліраваць праграмны код паміж Pascal, C++ і Python і дапаможа вывучаць гэтыя мовы праграмавання не толькі на ўроках інфарматыкі, але і за межамі школы. Іншыя вучні займаюцца праектам на С++ і С#: мы пераключаемся на больш сучасныя і запатрабаваныя мовы праграмавання.

Яшчэ адзін важны навык, які развівае ў сваіх вучняў Андрэй Анатольевіч, — здольнасць працаваць у камандзе.

— У кожнага свае моцныя бакі: адзін хутка працуе над праектам, а іншы, напрыклад, добра яго прэзентуе, — тлумачыць педагог. — З іншага боку, калі вучань, якому было цяжка выступаць, стварае праекты і часта ўдзельнічае ў абароне, то праз год-два трымаецца зусім інакш перад журы. Ён становіцца паспяховым — і гэта дае яму штуршок працаваць больш.

Падчас гутаркі настаўнік часта гаворыць пра задавальненне і поспех вучняў — здаецца, гэта галоўнае “паліва”, якое дапамагае ім захоўваць цікавасць да праектаў. Матывуюць і гісторыі выпускнікоў Андрэя Анатольевіча:

— Большасць маіх вучняў паступае ў БДУ і БДУІР на праграмісцкія спецыяльнасці, але ёсць і, напрыклад, эканамісты, — узгадвае ён. — Увогуле, валоданне ІТ дае перавагу ў любой сферы.

Парады калег–педагогаў і калег–праграмістаў

Большасць праектаў, над якімі працуюць Андрэй Анатольевіч і яго вучні, міждысцыплінарныя. Часцей за ўсё яны звязаны з беларускай мовай, культурай, гісто­рыяй, але ёсць і, напрыклад, праграма для 5-х класаў па прадмеце “Чалавек і свет”.

Так павялося яшчэ з першага праекта педагога. Яго ініцыятарам стала настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 8 Віцебска Наталля Эдуардаўна Ждановіч.

— Тады, у 2011 годзе, я толькі пачынаў выкладаць у гімназіі, — узгадвае Андрэй Анатольевіч. — І калі мне прапанавалі стварыць праграмны комплекс па беларускай мове, я зацікавіўся.

Разам з камандай з трох вучняў 10 класа педагог рэалізаваў ідэю: комплекс уключае работу над разборам сказаў і слоўнікавы дыктант і часткова замяняе практычныя заданні на ўроках. Цікава, што праект актуальны да гэтага часу: зараз Максім Маркаў працуе над вэб-версіяй, каб карыстацца комплексам можна было з любога дэвайса.

— Спачатку хацелі рабіць мабільную версію, але сусветныя тэндэнцыі рухаюцца не ў бок мабільных прылад, а ў бок больш гнуткіх вэб-сэрвісаў, — акцэнтуе ўвагу настаўнік.

Пасля комплексу практыкаванняў Андрэй Анатольевіч працягнуў работу з настаўнікамі беларускай мовы над трэнажорам да цэнтралізаванага тэсціравання і іншымі праектамі.

Праект “Спадчына”

Любы ахвотны можа пачытаць пра беларускія нацыянальныя святы, а таксама прадметы даўніны. Пасля аўтары прапануюць спампаваць этнаграфічную гульню, каб праверыць свае веды. Не адыхо­дзячы ад камп’ютара, вучні могуць пашукаць папараць-кветку, стварыць чучала зімы, даследаваць беларускія рамёствы і нацыянальную кухню.

Цікава, што беларускамоўная гульня была перакладзена не толькі на рускую, але і на англійскую, і нават на французскую мову.

Аўтар і распрацоўшчык гульні — Мікіта Русецкі, на момант яе стварэння — вучань 8 класа сярэдняй школы № 40 Віцебска, быў адзначаны дыпломам ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “ПАТРЫЁТ.by”. А на рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” і конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя” праект заваяваў дыпломы ІІІ ступені.

sh40pr2018.wixsite.com/spadchyna

— Мне вельмі пашанцавала з калегамі, — лічыць настаўнік. — Многія з іх паспяхова выкарыстоўваюць ІТ на ўроках, і, дзякуючы ім, я разумею, чым настаўнік інфарматыкі можа дапамагаць іншым настаўнікам. Зараз шмат прапаноў для педагогаў: можна знайсці многа трэнажораў і гульняў, але ёсць функцыі, якіх не хапае існуючым прыладам. Таму, каб знайсці добрую ідэю для ўласнай распрацоўкі, дастаткова прыйсці да калегі, які выкладае іншы прадмет, і спытаць, што б ён хацеў удасканаліць. З гэтага нараджаюцца праекты.

У такім супрацоўніцтве настаўнік-прадметнік можа дапамагчы з падборам матэрыялу, пастаяннай праверкай прадукту на памылкі і яго тэсціраваннем:

— Звычайна мы працуем “кароткімі перабежкамі”, — раскрывае сваю “кухню” настаўнік. — Спачатку абмяркоўваем і праграмуем нешта разам, пасля дзеці працуюць дома, і, калі пэўная частка праекта гатова, тэсціруем яе на рэальных занятках. І так шмат разоў: падключаем новы ўзровень гульні — тэсціруем, робім новы модуль — тэсціруем.

Потым былі праект “Спадчына” з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 40 Віцебска Наталляй Пятроўнай Баранавай, праект “Касмічная адысея” з настаўніцай хіміі і біялогіі Надзеяй Юр’еўнай Цярэнцьевай. З настаўнікам-метадыстам гімназіі № 8 Аленай Міхайлаўнай Карасевіч ідзе шматгадовая плённая праца над моўнымі праектамі.

— Хочацца падзякаваць і адміністрацыі ўсіх устаноў, дзе я працую: без іх падтрымкі не было б такіх творчых саюзаў і цікавых праектаў, — карыстаючыся выпадкам, адзначае настаўнік.

Нагадаем, што Андрэй Анатольевіч — педагог-праграміст, таму мае магчымасць папрасіць дапамогі не толькі ў школьных калег, але і ў праграмістаў-практыкаў.

— У кожнай праграме ёсць тонкасці, якія залежаць ад сінтаксісу мовы праграмавання, — тлумачыць ён. — На жаль, я сам не заўсёды магу дапамагчы вучням з імі. Я лічу, што ў такой сітуацыі мала знайсці адказ, напрыклад, на форуме аматараў праграмавання. Пажадана знайсці праграміста-практыка, які не толькі адкажа на пытанні, але і патлумачыць, чаму гэта ўстроена менавіта так. Таму я шукаю сваіх калег, з якімі можна пагутарыць, каб дапамагчы вучню.

Крыху пра сябе

Праектная дзейнасць для настаўніка складаная тым, што трэба быць не толькі падкаваным тэарэтычна, але і гатовым да практычнай работы. Таму Андрэя Анатольевіча часта можна сустрэць на семінарах і лекцыях, прысвечаных вывучэнню моў праграмавання, асабліва С++ і С#.

— Заўсёды карысна паслу­хаць іншых і даведацца пра нейкую тонкасць, якую сам не заўважыў бы, — тлумачыць педагог. — Акрамя семінараў, шмат працую са спецыяльнай літаратурай — старая загартоўка: мне прасцей чы­таць менавіта папяровыя кнігі, хаця і анлайн-урокаў зараз багата.

Праект “Браму скарбаў тваіх адчыняю”

Праект прысвечаны беларускаму фальклору і будзе асабліва карысны для выкладання беларускай літаратуры ў 5 класе. “Браму скарбаў тваіх адчыняю” — гэта свое­асаблівае падарожжа па рэгіёнах Беларусі. Наведваючы кожную вобласць, вучні павінны паказаць свае веды ў адным з жанраў вуснай народнай творчасці: казках, прыказках, легендах, песнях…

Аўтар гульні Максім Маркаў, падчас распрацоўкі — вучань 9 класа гімназіі № 8 Віцебска, атрымаў дыплом ІІ ступені на рэспубліканскім конкурсе камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “ПАТРЫЁТ.by” і дыплом ІІІ ступені на X Рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці навучэнскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”.

bel.it-espace.by

А сваім вопытам ён дзеліцца на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі”: прадстаўляе свае даследаванні праектнай работы з вучнямі і дыстанцыйнага навучання ў школе.

Крыніцай натхнення і проста зручным інструментам у рабоце Андрэй Анатольевіч называе і работы настаўнікаў, прадстаўленыя на конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”:

— Мне вельмі цікава глядзець, што атрымліваецца ў калег, бо многія распрацоўкі выкарыстоўваю на сваіх уроках. Калі нехта зрабіў добры прадукт, яго трэба абавязкова спрабаваць — гэта рацыянальны падыход.

І пастаянная работа над сабой, і пашырэнне педагагічнага кругагляду — усё гэта дапамагае Андрэю Анатольевічу справіцца з яго галоўнай прафесійнай (а магчыма, і жыццёвай) мэтай — вучыць.

— Конкурсы і перамогі — гэта не мэта, — прызнаецца педагог. — Я працую, каб мае выхаванцы вучыліся і выпускалі добрыя прадукты. І самы прыемны момант для мяне — калі стала зразумелым тое, што не атрымлівалася. Нават калі на самым звычайным уроку вучні, праходзячы табліцы Exel, нарэшце разумеюць, як і, галоўнае, навошта з імі працаваць.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота Ірыны КУНДЗІР.