Таямніцы зніклага замка

“Таямніцы зніклага замка” — STEAM-праект, які праводзілі ледзь не ўсёй школай. Заінтрыгаваныя гісторыяй Радашковіцкага замка, дзеці аднаўлялі яго на паперы, з дрэва, на камп’ютары, шылі і ляпілі гістарычных персанажаў, звязаных з замкам, прыдумвалі заданні і стваралі сайт пра гісторыю гарадка.

А пачалося ўсё з адной выявы і непадробленай цікавасці…

Пры чым тут стэрэаметрыя?

У Радашковіцкай сярэдняй школе Маладзечанскага раёна ўжо трэці год рэалізоўваецца інавацыйны праект “Укараненне кампетэнтнасна арыентаванай лічбавай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампанента мабільнай адукацыі”. У рамках праекта мне ўдалося пабываць на сустрэчы з адукацыйным тэхнолагам Талінскай рускай гімназіі Людмілай Раждзественскай на тэматычным семінары ў Парку высокіх тэхналогій. Яна расказвала пра STEAM-праект, у якім чацвёртакласнікі вывучалі асновы стэрэаметрыі.

Тэма праекта мяне зачапіла: вучні старшых класаў часта сутыкаюцца з цяжкасцямі ў вывучэнні стэрэаметрыі. Усё гэта і стала нагодай арганізаваць STEAM-праект, у якім дзеці вывучалі б асновы стэрэаметрыі і які падрыхтаваў бы іх да вывучэння гэтай дысцыпліны ў старшай школе.

Tinkercad — адна з самых папулярных платформ для стварэння мадэлей для 3D-друку, а таксама для азнаямлення з пачатковым узроўнем канструктыўнай геаметрыі ў школах. Яго выкарыстоўваюць выкладчыкі, дзеці, аматары і праекціроўшчыкі, каб прыдумваць аб’екты, праектаваць і ўвасабляць іх у рэальнасць.

Cinema 4D з’яўляецца ўніверсальнай комплекснай праграмай для стварэння і рэдагавання трохмерных эфектаў і аб’ектаў, якая падтрымлівае анімацыю.

Каб выбраць аб’ект, зыходны пункт праекта, я вывучала матэрыялы пра Радашковічы — і знайшла выяву Радашковіцкага замка, які не захаваўся да нашых дзён (рэканструкцыя А.Я.Міцяніна). Падумалася: “Чаму б не прапанаваць дзецям стварыць трохмерную мадэль, а пасля, магчыма, і драўляную?” Так быў пакладзены пачатак праекту “Таямніцы зніклага замка”.

Мадэлі віртуальныя і рэальныя

Калі на адным з урокаў я паказала вучням 8 класа выяву замка, малюнак не толькі зацікавіў навучэнцаў, але і выклікаў цэлы шэраг пытанняў: “Дзе знаходзіцца замак і якіх памераў ён быў?”, “Хто і калі будаваў яго?”, “Хто валодаў замкам?”, “Якія гістарычныя падзеі з ім звязаны?”.

Я запрасіла дзяцей пачаць вывучэнне замка, каб стварыць яго 3D-мадэль. Адзін з вучняў прапанаванаў выкарыстоўваць сэрвіс Cinema 4D, якім добра валодаў: у ім можна падрабязна прарысаваць і сам будынак, і ландшафты вакол. Другі заняўся стварэннем мадэлі ў анлайн-сэрвісе Tinkercad (створаныя ў ім аб’екты падыходзяць для друку на 3D-прынтары).

Спачатку навучэнцы правялі грунтоўную даследчую работу: трэба было дакладна даведацца пра формы і памер замка. Былі вывучаны тыпы звязкі будынкаў, выкарыстаныя віды сталярных злучэнняў таго часу і злучэнні, якія выкарыстоўваюцца зараз. Больш даведацца пра планіроўку і інтэр’ер Радашковіцкага замка дапамог інвентар, які змяшчаў яго падрабязнае апісанне. Знайсці яго дапамагла выпускніца Радашковіцкай школы, а зараз супрацоўніца Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Наталля Волкава.

Канструктар інтэрактыўных заданняў Learning Apps прызначаны для падтрымкі працэсу навучання з дапамогай інтэрактыўных модуляў (практыкаванняў). Пры гэтым ствараць інтэрактыўныя модулі па гатовых шаблонах можа і настаўнік, і вучань.

Каб сабраць драўляную мадэль зам­ка, школьнікі навучыліся разліч­ваць і выконваць разметку, зборку злучэнняў, пілаванне, габляванне, шліфаванне, зборку вырабу на клей пад кіраўніцтвам настаўніцы працоўнага навучання Наталлі Леанідаўны Рапановіч, якая ахвотна адгукнулася і падтрымала праект.

Ад загадак замка да гісторыі пасёлка

Яшчэ адной мэтай праекта было выхаванне ў школьнікаў цікавасці да Радашковіч: у гарадскім пасёлку шмат прыезджых дзяцей, якія мала пра яго ведаюць, імкнуцца ў сталіцу. Хацелася паказаць ім незвычайную гісторыю месца, дзе яны жывуць.

У рамках праекта вучні стварылі храналагічную стужку падзей з расказам пра вядомых асоб, што праславілі Радашковічы, па якой зручна вывучаць гісторыю Радашковіч. Для стварэння храналагічнай стужкі быў выкарыстаны анлайн-сэрвіс Learning Apps. Стужку можна знайсці на сайце праекта sites.google.com/view/radoshkovichicastle.

Таксама на платформе Wix.com вучні стварылі сайт “Гісторыя мястэчка Радашковічы” пра гісторыю пасёлка і яго ўласнікаў у XVI—XVII стагоддзях. Тут можна азнаёміцца з тым самым інвентаром, у якім апісаны Радашковіцкі замак, і даведацца пра гісторыю старажытнага роду Гаштольдаў.

Храналагічную стужку і сайт у далейшым можна выкарыстоўваць на ўроках гісторыі і пазакласных мерапрыемствах.

Па матэрыялах артыкула, напісанага Наталляй Волкавай і іншымі пра гісторыю размяшчэння замка, было вырашана з дапамогай сэрвісу VideoSkribe стварыць анімацыю “Гісторыя Радашковіцкага замка”.

Знакамітая гісторыя кахання

Цікавасць да праекта ўзнікла і ў дзяўчынак, якія наведваюць мастацкі гурток. Яны ўзяліся за малюнак замка. А дзяўчынкі, якія займаюцца лепкай, пачалі вывучаць яго гісторыю і высветлілі, што адным з уладальнікаў замка быў Жыгімонт ІІ Аўгуст. Усім вядома яго трагічная гісторыя кахання з Барбарай Ра­дзівіл, і, канечне, дзяўчынак яна таксама кранула. Яны стварылі фігуркі закаханых з гліны.

Падключыліся і сямікласніцы пад кіраўніцтвам настаўніцы працоўнага навучання Алены Віктараўны Враціл. Яны знайшлі ілюстрацыі з выявай Жыгімонта і Барбары, высветлілі, якія касцюмы насілі ў XVI стагоддзі і якія тканіны выкарыстоўваліся для пашыву адзення, і аднавілі вобразы закаханых праз касцюм.

Іншыя навучэнкі сваімі рукамі зрабілі аб’ёмную кнігу “Паданне пра Чорную даму” з вершам пра каханне караля і стварылі электронную кнігу “Гісторыя няшчаснага кахання”. Таксама з’явілася электронная кніга пра пасёлак Радашковічы. Для стварэння электронных кніг пра замак і яго ўласнікаў быў выкарыстаны канструктар інтэрактыўнай кнігі для вучнёўскіх праектаў StoryJumper, у якім зручна ілюстраваць свае расказы. Спасылкі на гатовыя кнігі таксама можна знайсці на сайце праекта.

Крыху пра вынікі

Кожную суботу мы сустракаліся з удзель­нікамі праекта, каб разам вучыцца анлайн-сэрвісам, якія маглі дапамагчы ў рэалізацыі мэты, каб абмеркаваць праблемы і падзяліцца вынікамі праве­дзенай за тыдзень работы.

Праект быў разлічаны на 5—6 тыдняў, але чым больш мы паглыбляліся ў праблему, тым больш ідэй для развіцця праекта ў нас нараджалася. І ў выніку ў ім аб’ядналася адразу некалькі вучэбных дысцыплін. Падчас работы прасочвалася сувязь з такімі прадметамі, як гісторыя (вывучэнне архіўных крыніц), матэматыка (перавод старых мер у сучасную сістэму адзінак, разлік памераў), геаграфія (размяшчэнне замка на рэльефе мясцовасці), чарчэнне (разлік маштабу, пабудова эскізаў замка), працоўнае навучанне (апрацоўка драўніны) і інш.

Для мяне як прадметніка важна было, што дзеці вывучалі важныя для ўрокаў матэматыкі і геаметрыі тэмы:

• маштаб і яго прымяненне (неабходна было разлічыць памеры драўлянай мадэлі і электроннай 3D-мадэлі замка з улікам памераў, якія прапаноўваліся ў інвентары Радашковіцкага зам­ка за 1549 год);

• візуалізацыя прасторавых геаметрычных фігур і іх пераўтварэнне (малюнак замка, выкананы акварэллю і гуашшу, пабудова драўлянай мадэлі і электроннай 3D-мадэлі замка);

• перавод адной адзінкі вымярэння ў іншую (матэрыялы інвентару замка мелі старажытныя адзінкі вымярэння).

Акрамя развіцця лічбавай дасведчанасці, матэматычнага і інжынернага мыслення, у час работы над праектам у дзяцей фарміраваліся крытычнае мысленне, камунікабельнасць, крэатыў­насць, патрыятызм і любоў да малой радзімы.

Ларыса БУЛДА,
настаўніца матэматыкі Радашковіцкай сярэдняй школы Маладзечанскага раёна.
Фота Анастасіі Уткінай.