“Праз тэатр” — праект настаўнікаў з Расіі, які ўжо чатыры гады дапамагае педагогам і школьнікам ствараць тэатральныя каманды і рыхтаваць пастаноўкі ў сваіх установах адукацыі, каб пасля прэзентаваць іх на агульным фестывалі. У чацвёртым сезоне, дзякуючы падтрымцы кампаніі Vizor Games, да праекта далучыліся ўдзельнікі з Беларусі. Свае тэатральныя калектывы сабралі педагогі са школ Мінска, Оршы, Лошніцы Барысаўскага раёна, Негарэлага Дзяржынскага раёна і іншых населеных пунктаў. У чэрвені яны разам з расійскімі калегамі падвялі вынікі сваёй доўгай работы.
Мы ўжо пісалі аб праекце некалькі месяцаў назад. Тады каманда прафесійных акцёраў і рэжысёраў з Расіі прыехала ў Мінск, каб правесці для пачынаючых акцёраў майстар-класы па акцёрскім майстэрстве: руху, маўленні, увазе. Школьнікі старанна займаліся і марылі пра першае выступленне на вялікай сцэне — планавалася, што ўсе каманды збяруцца на фестываль у красавіку. Калі жыццё ўнесла свае карэктывы і маштабны фестываль стаў немагчымым, арганізатары не разгубіліся і перайшлі ў анлайн. У чэрвені фестываль прайшоў у фармаце анлайн-сустрэчы. Замест сцэны — экран Zoom і трансляцыя на YouTube, замест рэквізіту — чыстае акцёрскае майстэрства, замест апладысментаў — смайлікі ў выглядзе далонек.
Адкрыў фестываль тэатральны рэжысёр і педагог Аляксей Красны, які з дапамогай удзельнікаў праекта прадставіў незвычайны Zoom-перформанс, падчас якога паразважаў пра прыроду мастацтва і навучыў удзельнікаў шукаць прыгожае ў кожным прадмеце. З простых рэчаў, што былі пад рукой, удзельнікі склалі своеасаблівы малюнак у Zoom, пасля трэніравалі на іх сваё ўзаемадзеянне з прадметамі на сцэне і вучыліся з іх дапамогай выяўляць эмоцыі. Сам Аляксей уголас разважаў пра асабістую, прадметную і неахопную прастору і выклікаў да разважанняў удзельнікаў перформанса.
Пасля былі прадстаўлены імерсіўныя спектаклі ўдзельнікаў фестывалю. Госці ў “зале” Zoom-канферэнцыі станавіліся часткай пастановак: выконвалі заданні акцёраў, тут жа ствараючы ўласныя пастаноўкі, і абмяркоўвалі спектаклі, што атрымаліся агульнымі намаганнямі. Напрыклад, свой імерсіўны спектакль “Школьныя гісторыі” прадставілі вучні гімназіі № 10 Мінска. Школьнікі ўявілі дзень свайго выпускнога і “прыгадвалі” гісторыі са школьнага жыцця. Затым гледачы сталі дзяліцца ўласнымі гісторыямі пра вучобу ў школе, апошні званок і выпускны. Для кагосьці з удзельнікаў гэта было настальгіяй, а для кагосьці аповедам пра штодзённыя падзеі.
Даволі нечаканы жанр радыёспектакля таксама аказаўся вельмі зручным для анлайн-фестывалю. Педагог-псіхолаг сярэдняй школы № 16 Оршы Вольга Арлова прадставіла радыёспектакль “Паэзія жыцця” з вершамі, дыялогамі і разважаннямі.
Яшчэ адзін педагог, які не пабаяўся ўзяцца за работу над спектаклем, — настаўніца Павіццеўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Кобрынскага раёна Наталля Цецярук, вучні якой прадставілі спектакль “Валошкавы цуд”. Двух дыктараў і музыкі аказалася дастаткова, каб зладзіць своеасаблівы радыёспектакль, даць магчымасць калегам з Расіі паслухаць беларускую мову, а таксама паразважаць пра цуды, што здараюцца кожнае імгненне.
Выступленні гэтых і іншых удзельнікаў праекта паказалі, як абмежаванні і складанасці могуць ісці на карысць творчай думцы і вынаходлівасці. А яшчэ далі магчымасць настаўнікам і вучням пагутарыць на роўных, узняць важныя для іх пытанні і разам асэнсаваць і будзённыя, і філасофскія праблемы. Галоўнае, што атрымалася ў спектакляў, — перадаць атмасферу даверу і ўзаемаразумення, якую і імкнуцца ствараць арганізатары і ўдзельнікі праекта “Праз тэатр”.
Мар’я ЯНКОВІЧ.