Стэрэатыпы пакінем у мінулым

Раней уявіць сабе лета без мяча было немагчыма. Футбол, валейбол, баскетбол, “гарачая бульба”, “выкідалы” — варыянтаў заняць сябе знаходзілася шмат. Зараз аматараў пагуляць з мячом крыху менш, але ён усё роўна застаецца сімвалам дзяцінства і адпачынку.

Дзяўчынкі ідуць у футбол

Віталь Арцёменка працуе ў Смаргонскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе па футболе ўжо 17 гадоў. Спортам ён займаўся з дзяцінства, спорт выбраў і як прафесію. Зараз у яго трэніруецца некалькі груп хлопчыкаў 8 гадоў і дзяўчынкі ўсіх узростаў: з 1-га да 11-га класа. Хлопчыкі звычайна прыходзяць даволі рана, а вось дзяўчынкі — пазней, класе ў 5-м. У гэтым узросце яны свядома падыходзяць да справы і разумеюць, што футбол — для іх. Тады трэнер стараецца, каб яны нагналі ўпушчаныя гады. Летась Віталь Уладзіміравіч пачаў займацца і з дашкольнікамі, некаторым з якіх нават не споўнілася 4 гадоў. Магчыма, падобныя трэніроўкі пакуль не надта сур’ёзныя, затое малым падабаюцца.

“Доўга ў мяне займаліся толькі хлопчыкі, але гадоў 5 назад пай­шла тэндэнцыя развіцця жаночага футбола ў краіне. Я сам не шукаў, але да мяне прыйшлі дзяўчынкі з вялікім жаданнем і з бляскам у вачах. Так я пачаў трэніраваць і хлопчыкаў, і дзяўчынак. Прыйшлося спасці­гаць новае ў псіхалагічным аспекце, каб адаптавацца да працы з выхаванкамі, — прыгадвае Віталь Арцёменка. — Фізічныя даныя звычайна лепшыя ў хлопчыкаў, але жаданне і ў іх, і ў дзяўчынак аднолькавае. Бацькі часам не разу­меюць такіх захапленняў дачок, але сумеснымі намаганнямі мы гэтую праблему вырашаем”.

Трэніроўкі пры добрым надвор’і праходзяць на вуліцы, пры дрэнным — у зале. Традыцыйна ёсць падрыхтоўчая, асноўная і заключная часткі трэніроўкі. Нагрузка вар’іруецца ў залежнасці ад таго, які ідзе тыднёвы цыкл і ці рыхтуюцца выхаванцы да спаборніцтваў. Часам праходзяць міксаваныя заняткі: на адным полі сустракаюцца дзяўчынкі і хлопчыкі. Пакуль яны маленькія, такі від дзейнасці ім падабаецца, складанасцей не ўзні­кае. Калі становяцца старэйшымі, то ўс прымаюць адно аднаго ўжо не проста як спартсменаў, і ў гэтым невялікая цяжкасць, але перагі­наць палку трэнер не дае. На пытанне, ці не баяцца дзеці мяча, ён адказаў, што калі страх і ёсць, то ў маленькіх дзяўчынак і толькі некалькі трэніровак. Віталь Уладзіміравіч сваім выхаванцам кажа, што мяч павінен стаць для іх больш блізкім сябрам, чым тэлефон. Праз некалькі заняткаў так і адбываецца. Старэйшыя дзяўчаты і хлопцы ўвогуле гуляюць не шкадуючы сябе, часам нават рызыкуючы атрымаць траўму.

“Ёсць некалькі пра­вілаў, якія я прашу выконваць падчас трэніровак. Першае — ніякіх дрэнных слоў, за гэта можна і паадціскацца ад падлогі, і ў планцы пас­таяць. Другое — забыць пра сваё “я” і ўключыць “мы”. Трэцяе — адкласці дрэнныя думкі, а калі не атрымліваецца, раска­заць іх мне. Дзеці даволі адкрытыя, і гэта добра: калі яны могуць падзяліцца са мной сваімі праблемамі, мне прасцей ім дапамагчы”.

У ДЮСШ не спрабуюць з кожнага дзіцяці выціснуць максімум, не гоняць да чэмпіёнскіх тытулаў. Усё адбываецца натуральна: дзе трэба, трэнеры заматы­вуюць і падштурхнуць. Вельмі важным момантам у зносінах з выхаванцамі Віталь Арцёменка лічыць пазатрэніровачныя сустрэчы. “Каб дзецям было цікава, арганізоўваем лагеры, асабліва яны любяць палатачныя, калі мы выязджаем на 9 дзён у спецыяльна абсталяванае месца, займаемся футболам, размаўляем ля вогнішча, арганізоўваем розныя гульні. Таксама ладзім выезды на веласіпедах, прагляды спартыўных фільмаў з наступным абмеркаваннем, матчавыя сустрэчы з бацькамі. Часам выязджаем на міжнародныя турніры. Былі на спаборніцтвах у Эстоніі і Польш­чы. Яны носяць неафіцыйны характар, але тым не менш там выступае шмат каманд, што дае вялікі вопыт. Адначасова гэта дае магчы­масць пазнаёміцца з новай краінай. Калі разглядаць дзявочы дзіцяча-юнацкі футбол, думаю, мы яшчэ на этапе развіцця. Пакуль нам складаней, чым іншым краінам, але канкурыраваць мы спрабуем”.

Акрамя гэтага, трэ­нер і яго выхаванцы — адданыя балельшчыкі. Яны любяць сабрацца разам, паглядзець важныя рэспублікан­скія і сусветныя матчы, аб­меркаваць іх і нешта ўзя ць для сябе. Праўда, тут хлопчыкі наперадзе, ім такое баўленне часу падабаецца больш, чым дзяўчынкам.

Заўважыць і зацікавіць

Здольнасці дзяцей можна вызна­чыць па першых трэніроўках, упэўнены Віталь Арцёменка. Але часта бывае, што тыя, хто старанна займаецца, праз нейкі час даганяюць па сваіх здольнасцях тых, хто іх апярэдж­ваў, а з часам нават і пераганяюць. Гэта зале­жыць ад асабістых якасцей дзіцяці і яго жадання. “У мяне ўжо быў выпуск дзяўчат, некаторыя паступілі на спартыўныя спецыяльнасці, некаторыя — не, але боль­шасць працягвае гуляць у футбол ва ўніверсітэце. Тыя, хто прыходзіць да мяне, — гэта тыя, хто гатовы трэніравацца ў любое надвор’е, хто любіць рух, ісці наперад, займацца сабой”. Сярод выхаванцаў Віталя Уладзіміравіча ёсць дзяўчаты, якія станавіліся чэмпіёнкамі краіны ў сваім узросце, і хлопцы, якія былі ў складзе юнацкай зборнай Беларусі, цяпер яны высту­паюць за каманды першай лігі нацыянальнага чэмпіянату.

На жаль, на дзявочыя футбольныя матчы прыходзіць няшмат гледачоў. Падобнае можна назіраць і ў дарослым жаночым чэмпіянаце. Выхаванкі Смаргонскай ДЮСШ звычайна гуляюць на выездзе. Калі б сустрэчы праходзілі на роднай зямлі, то бацькі і блізкія дакладна прыйшлі б іх падтрымаць. Каб паказаць дзяўчынкам, што з мячом могуць справіцца ўсе, летась FIFA сумесна з Беларускай федэрацыяй футбола запусціла праект “Футбольная ліга дзяўчат”. Было створана 60 каманд па ўсёй краіне, спартсменкам дапамаглі з абмун­дзі­раваннем, мячамі. Матчы праходзілі ва ўсіх абласных гарадах і Мінску. Прыемна, што гэта зачапіла не толькі існуючыя каманды. Кожная дзяўчынка, якая праходзіла міма футбольнага поля і ўбачыла краем вока матч, пачала задумвацца над бязглуздасцю стэрэатыпаў адносна “мужчынскага” віду спорту, калі яшчэ сумнявалася ў гэтым.

“Раней дзяўчынак на футбольным полі было мала, цяпер іх сустракаеш часцей, — кажа Віталь Арцёменка. — Мы стараемся заў­важаць дзяцей, якія па сваім жаданні выходзяць на поле, прапануем ім прыйсці на трэніроўку. Вось нядаўна бачыў, як былы выхаванец нашай школы прывёў дачку, яна нават была ў футбольнай форме. Я падышоў, мы пагутарылі і папярэдне дамовіліся, што яе прывядуць у верасні на заняткі”. Бацькі не заўсёды бы­ваюць такімі згаворлівымі. Часам яны не разумеюць захаплення сваіх дачок (асабліва старэйшых), але пасля размовы з трэнерам не су­праць заняткаў. Насамрэч, гэта больш лагічна — не быць су­праць, бо падчас трэніровак дзіця вучыцца быць мэтанакіраваным, стрэсаўстойлівым, працаваць над сабой, пераадольваць фізічныя і псіхалагічныя перашкоды, станавіцца часткай каманды. І, канечне, гэта ідзе на ка­рысць арганізму. У школе не імкнуцца да ўзроў­ню спорту высокіх дасягненняў, таму выхаванцы не перапрацоўваюць.

“Гол! Мы любім футбол!”

Віталь Арцёменка гэтым летам паспрабаваў сябе ў якасці педагога-арганізатара. У лагеры Смаргонскай ДЮСШ “Змена” ён адказваў за спартыўна-выхаваўчыя мерапрыемствы. Сёлета па аб’ектыўных прычынах дзяцей прыйшло менш — усяго 22 чалавекі. Звычайна гэтую лічбу трэба памнажаць на чатыры.

“Наша асноўнае правіла — ні дня без футбола. Гэта не зна­чыць, што мы займаліся толькі ім, але футбол, гульні, звязаныя з мячом, павінны былі быць кожны дзень. Да абеду мы трэніраваліся. На працягу ўсяго лагера праходзіў чэмпіянат: мы стварылі некалькі каманд, якія гулялі паміж сабой па два кругі, зрабілі турнірную табліцу. Заняткі ў лагеры адрозніваліся ад тых, што праходзяць падчас навучальнага года. Дзеці не атрымлівалі вялікай нагрузкі, быў аблегчаны летні графік, каб яны адчулі, што адпачываюць. Мы імкнуліся стварыць больш эмацыянальных, гульнявых і спаборніцкіх момантаў”.

Пасля абеду выхаванцаў чакалі мерапрыемствы іншага характару. Напрыклад, у дзень знаёмстваў прайшла гульня “Даведайся, хто я з футбалістаў”. Дзень рэкордаў запомніўся конкурсам “Лепшы пенальтыст” і спаборніцтвамі па меткасці ў дартсе. У дзень малой радзімы выхаванцы паўдзельнічалі ў фотаконкурсе з аднайменнай назвай і віктарыне пра Смаргоншчыну, якая ім вельмі спадабалася. Віртуальная экскурсія па значных месцах краіны чакала ў дзень Беларусі.


“Я буду вельмі рады, калі дзеці, сыходзячы ад мяне, стануць у першую чаргу добрымі людзьмі. Калі пры гэтым яны яшчэ і будуць ня­дрэннымі футбалістамі — выдатна, але не гэта мая галоўная мэта. Думаць, што кожнае дзяця стане чэмпіёнам, крыху саманадзейна, а вось што стане добрым чалавекам, дастаткова рэальна”.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва В.У.Арцёменкі.