Заняткі на любы густ

Як дзіцяці знайсці сабе справу па душы? Як выбраць паміж жывапісам і лепкай з гліны, паміж бацікам ці валеннем воўны? А можа, лепш аддаць перавагу стварэнню калекцый адзення ці прысвяціць сябе інтэр’ернаму дызайну? Ці нават асвоіць апрацоўку металу? Навучэнцы Самахвалавіцкай сярэдняй школы Мінскага раёна перад такім выбарам не стаяць. Яны ведаюць, што лепш завітаць на заняткі да Кацярыны Вітальеўны Шнэк і навучыцца адразу ўсяму пералічанаму і не толькі.

К.В.Шнэк і Уладзімір Аруцюнаў.

Эксперыменты з дэкорам

“На мой погляд, самае галоўнае —не адбіць у дзіцяці жадання тварыць, дазваляць яму эксперыментаваць і выбіраць кірунак заняткаў самастойна, а не развіваць яго згодна з праграмай, ісці за ім, а не весці за сабой, — тлумачыць сваю пазіцыю Кацярына Вітальеўна. — Я сама ў дзяцінстве і танцавала, і малявала, і ляпіла — захаплялася ўсім, чым толькі можна, таму па сабе ведаю, наколькі складана вылучыць для сябе нешта адно. Таму падтрымліваю гэта і ў сваіх навучэнцах”.

У школе ў педагога два аб’яднанні па інтарэсах — “Мастерята” і “Декорята”. У першым Кацярына Вітальеўна знаёміць хлопчыкаў і дзяўчынак з глінай, вучыць праз гэты матэрыял выказваць свае думкі, эмоцыі. На занятках у аб’яднанні “Декорята” аб’ядноўваюцца ўсе магчымыя віды дэкаратыўна-прыкладной творчасці, нетрадыцыйныя тэхнікі выяўленчага мастацтва, якія дапамагаюць рабіць наша жыццё і асяроддзе прыгажэйшым.

“Сёння вельмі шырокі выбар матэрыялаў, таму дзяцей складана нечым здзівіць. Мы спрабуем розныя варыянты, міксуем іх, — гаворыць Кацярына Вітальеўна. — Каб зацікавіць дзіця выяўленчым мастацтвам, пачынаю з простых тэхнік. Класічны нацюрморт і пейзаж малодшым дзецям маляваць вельмі нудна, таму з імі мы пачынаем з пальчыкавай тэхнікі, з малявання ватнымі палачкамі, адбіткамі і г.д. Нядаўна я прынесла воўну, каб з яе зваляць аксесуары для новай калекцыі адзення. Аксесуары мы зрабілі, але лямец не закінулі. Якраз цяпер у нас у самым разгары эксперыменты з валеннем — і з сухім, і з мокрым. Асабліва яго ўпадабалі дзяўчынкі 4—6-х класаў. З лямцу яны робяць сабе капелюшы, адзенне, рукавіцы, цацкі, сувеніры і інш.”.

Керамічныя роздумы

Арына Сагановіч.

Большасць юных дэкаратараў спрабуюц­ь сябе і ў лепцы. Гліна дапамагае ім не толькі развіваць маторыку рук, але і творча выказваць уласныя думкі на розныя тэмы. З выбарам тэм дапамагаюць вызначыцца разнастайныя тэматычныя конкурсы: “Прывітанне, свет!”, “Калядная зорка” і інш.

Напрыклад, у пятым класе шмат дзяцей раскрыліся на мінулагоднім конкурсе “Салют Перамогі — 75!”. Дзеці натхняліся на працу падчас сумеснага прагляду ваенных фільмаў, далейшага іх абмеркавання, падчас гутарак пра іх прадзядуль-ветэранаў, пра якіх дома ім расказалі бацькі, бабулі, дзядулі. Вынікам гэтага стала міні-выстава з цікавымі рэчамі — ад медалёў, якія дзеці ўручылі б героям вайны, да цэлых сюжэтаў з ваенных баталій. Сярод пераможцаў гэтага конкурсу была і 8-гадовая Арына Сагановіч.

“У мінулым годзе ў нас была проста небывалая колькасць узнагарод на розных конкурсах — і на абласным, і на рэспубліканскім узроўні. Адміністрацыя школы заў­сёды на лінейках узнагароджвае пераможцаў, пры ўсёй школе, з удзелам бацькоў, таму для дзяцей гонар быць у іх ліку. Магчыма, таму, калі аб’яўляецца конкурс, ідзе “вайна” за права ўдзелу ў ім”, — расказвае педагог.

У памочнікі і матыватары Кацярына Ві­тальеўна бярэ бацькоў сваіх навучэнцаў.

“Я прашу бацькоў не быць строгімі суддзямі і знайсці словы падтрымкі для свайго дзіцяці, калі яно робіць першыя поспехі, — гаворыць педагог. — А каб бацькі адчулі, наколькі іх маленькім дзецям складана, я практыкую дзіцячыя майстар-класы для баць­коў. Дзеці перадаюць сваё майстэрства сваім жа мамам і татам, вучац­ь іх таму, чаму навучыліся самі. Гэта стала пастаяннай практыкай: спачатку мамы надзяваюць фартухі і спрабуюць ляпіць, а ўжо потым прыводзяц­ь да мяне на гэтыя заняткі сваіх дзяцей”.

А каб дзеці маг­лі натхніцца на новыя ідэі, педагог разгарнула для іх насычаную экскурсійную дзейнасць. Разам яны наведваюць самыя розныя выставы — як дзіцячыя, так і прафесійныя. Толькі што вярнуліся з Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, у наступныя выхадныя паедуць у Рэспубліканскі цэнтр інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. Бываюць у вядомых майстроў. Так, за апошні час яны пабывалі на майстар-класах па роспісе талерак, ляпілі з гліны, рабілі фітагабелены, спрабавалі ткаць.

Даніла Чарнякевіч.

Іскрыстая справа

Ульяна Шнэк, 14-гадовая дачка Кацярыны Вітальеўны, у маміных гуртках з першага дня вучобы ў школе. Яна паспрабавала сябе ў розных тэхніках і ў некаторых дасягнула дастойных вынікаў, заваявала некалькі перамог на рэспубліканскіх конкурсах. Асабліва ўпадабала тэхніку скетчынгу. Палявыя валошкі і рамонкі ў яе атрымліваюцца цудоўна, але апошнім часам яе зацікавіў яшчэ і метал. Яе тата — рамеснік, ён прафесійна займаецца мастацкай апрацоўкай металу. Калі яна назірае за татавай работай, у галаве круцяцца розныя ідэі. Нагодай увасобіць іх у рэальнасць стала падрыхтоўка да конкурсу “Ратавальнікі вачыма дзяцей”, які праходзіў у мінулым годзе.

“Я падумала: раз конкурс такі брутальны — значыць, павінен быць брутальны матэрыял. Далёка па варыянты мы хадзіць не сталі, — расказвае Ульяна. — У думках мне ўяўляўся пажарны, які змагаецца з вогненным драконам. У таты ў гаражы шмат паліц з рознымі дэталямі, і я папрасілася ў яго там пагаспадарыць. Патрэбен мне грэбень для дракона — шукаю рэч, якая яго нагадвае. Так яго замяніў веласіпедны ланцуг. У ход пайшлі і гайкі, бляшанкі, дэталі ад старога аўтамабіля і г.д. Агонь, які вырываецца з пашчы дракона, мы з мамай выразалі з цэльнага кавалка металу. Балон, з якім ратавальнікі тушаць пажары, замянілі старым металічным ліхтарыкам”.

Увасобіць ідэі дачцэ дапамагае мама, а тэхнічным момантам яе вучыць тата.

“Працаваць з металам даволі складана. Я сама спрабавала варыць метал — гэта вельмі няпроста. Гэта падчас лепкі, калі нешта не атрымліваецца, можна зноў раскачац­ь гліну і перарабіць дэталь, а працуючы са зваркай, лёгка ўсё са­псаваць, напрапальваць дзірак. Але ва Ульяны гэтая справа ўжо атрымліваецца добра”, — расказвае Кацярына Вітальеўна.

Акрамя таго, для зваркі неабходны спецыяльнае памяшканне, форма, сам метал. У школе немагчыма арганізаваць такія заняткі, а вось дома ва Ульяны ёсць майстэрня, разам з мамай яна перашыла пад сябе зварачны касцюм (дзіцячых памераў у продажы няма). Калі яна пачынала першую работу для конкурсу, знаёмыя ўсміхаліся, маўляў, калі тата займаецца апрацоўкай металу, то пра якое аўтарства маленькай дзяўчынкі можна гаварыць? Таму мама на ўсякі выпадак здымала на відэа, як Ульяна стварае сваю работу — увесь працэс зваркі.

У выніку першая Ульяніна работа ў метале — пажарны, які змагаецца з драконам, — атрымала ў мінулым годзе 1-е месца на рэспубліканскім конкурсе “Ратавальнікі вачыма дзяцей”. Другая — “Будні будаўніка” — стала ўладальніцай дыплома II ступені на рэспубліканскім этапе конкурсу “АрхНавацыя-2020”. Цяпер дзяўчынка прадумвае канцэпцыю наступнай работы.

“Я ўлюбілася ў гэты матэрыял. Не думала, што так цікава з ім працавац­ь. Праўда, мне яшчэ шмат чаму трэба вучыцца. Так, не заўсёды атрымліваюцца роўныя швы: трэба больш практыкі. Хто іншы, можа, і не заўважыць гэтага, але я бачу. А вось з прапальваннем ужо праблем няма. Раней я не адчувала метал: калі зварвала тонкія лісты металу, магла прапаліць дзірку”.

Ва Ульяны няма стэрэатыпаў наконт выбранай справы: “Я ўжо стамілася слухаць ад знаёмых і сяброў, што зварка — не дзявочая справа і тым больш не дзіцячая. Я з гэтым не згодна. Калі мне гэта падабаецца — значыц­ь, гэта маё. Калі я бяру ў рукі зварачны апарат, надзяваю свой касцюм і маску, то адчуваю сябе ўпэўнена, як ніколі. Я дакладна ведаю, што я ўсё змагу, што ў мяне ўсё атрымаецца”.

Вынікам кожных выхадных, канікул становіцца новая работа. У яе таты ёсць яшчэ і кузня, але ён, ведаючы, наколькі падабаецца дачцэ метал, свядома не знаёміць яе з тонкасцямі кавальскай справы. Але не выключана, што некалі свае творчыя задумы яна захоча ўвасабляць і ў агні.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Кацярыны ШНЭК.