Два гады мы чакалі такой зімы — з маразамі, са снегам, з гурбамі. Для большасці дзяцей гэта магчымасць удосталь накатацца з гары, нагуляцца ў снежкі, паляпіць снегавікоў. А для навучэнцаў сярэдняй школы № 1 Ельска Гомельскай вобласці снег у першую чаргу нагода адправіцца ў лес вывучаць па слядах яго жыхароў. Тут дзейнічае клуб “Юныя аматары палявання і рыбалоўства”.
Паляванне праз аб’ектыў
“Вось сляды зайца. Бачыце, тут ён проста бег, а вось тут скідку зрабіў — значыць скочыў убок. А вунь там, бліжэй да хвойніку, ланцужком семяніла ліса. А калі пройдзем крыху наперад, хутчэй за ўсё зноў убачым сляды ад дробных капыцікаў казулі, — час ад часу спыняючыся і прыглядаючыся да слядоў на снезе, вядзе экскурсію для групы шасцікласнікаў Аляксандр Мікалаевіч Дзянісаў, кіраўнік клуба “Юныя аматары палявання і рыбалоўства”. Хоць снег выпаў не так даўно, са сваімі навучэнцамі ён ужо абышоў усю акругу, паказаў сляды лася, кабана, казулі. У нядзелю, калі настаўнік сам хадзіў па лесе, бачыў і аленяў. Толькі іх сляды ўжо засыпала снегам, і ён пакуль ніяк не можа на іх наткнуцца, каб паказаць дзецям, ды і ісці далекавата. А пазаўчора з сябрамі-паляўнічымі налічыў сляды шасці ваўкоў. Трэба пачакаць, калі госці адсюль сыдуць.
Пакуль дзеці наводзяць аб’ектывы сваіх камер на сляды на снезе і робяць сэлфі пад заснежанымі елкамі, Аляксандр Мікалаевіч расказвае: “У лес з дзецьмі мы ходзім не з ружжамі, а з фотаапаратамі, бо галоўная мэта палявання — не прынесці здабычу, а пабыць сам-насам з прыродай, вывучыць яе законы, правілы, сутыкнуцца са светам жывёл. Як бы ні дзіўна гучала, сутнасць палявання — беражліва адносіцца да прыроды. На практычных занятках мы вывучаем лясных птушак, назіраем за імі, вывучаем дзікіх жывёл, іх характары, жыццё. Дзеці павінны добра ведаць свой лес, знайсці дарогу дадому з кожнага яго куточка, таму мы абавязкова вучымся і арыентаванню. І, канечне, вучымся гатаваць на вогнішчы. Самае любімае ў дзяцей — сала, смажанае на ражне. Так у нас называюць бярозавую галінку, раздвоеную на канцы, каб сала падчас смажання не пракручвалася. Бо паляўнічы не паляўнічы, калі не ўмее развесці вогнішча (у тым ліку і пасля дажджу, калі ўсё вакол мокрае), падтрымліваць яго, не ўмее гатаваць на ім ежу”.
Цяпер, падчас пандэміі, калі многія аб’яднанні па інтарэсах сталі працаваць не на поўную сілу, з мінімальнай колькасцю дзяцей, дзейнасць гэтага клуба не прыпыняецца. Наадварот, марознае паветра ўмацоўвае здароўе, а некалькі кіламетраў па заснежаным лесе заменяць нават самую сур’ёзную трэніроўку. А для кіраўніка клуба і адначасова настаўніка фізічнай культуры і здароўя гэта аснова асноў. Калі плануецца прайсці большую адлегласць, то можна і на лыжах у паход адправіцца. Дарэчы, у настаўніка і дзяцей асаблівае стаўленне да лыж. На іх дзеці не толькі на занятках фізкультуры ходзяць, але і бяруць дадому на выхадныя, на канікулы. Так што можна на пакупцы лыж эканоміць: для дзяцей і школьных ніхто не шкадуе. На здароўе!
“Я расказваю падлеткам, што хоць паляванне было спрадвечна традыцыйным мужчынскім заняткам, усё ж сёння яно магчымасць не столькі пражытку, колькі з карысцю для сябе правесці час. Шмат разважаем мы і пра маральны аспект палявання, пра тое, ці мае права паляўнічы страляць у жывёл, нават у таго ж ваўка. Я расказваю дзецям, што за дзень воўку трэба з’есці ад 2 да 5 кг мяса, а гэта ад 12 да 30 казуль за год. І вось падумайце, кажу, каго вам больш шкада — аднаго ваўка ці 30 прыгажунь казуль?” — расказвае настаўнік.
Але як бы там ні было, пастраляць у дзяцей таксама ёсць магчымасць. У школе ёсць вынасны кабінет з мішэнямі і кулеўлоўлівальнікам, і Аляксандр Мікалаевіч час ад часу бярэ яго з сабой, каб даць дзецям павучыцца страляць па мішэнях. Заняткі ў такім мабільным ціры — лепшы бонус для кожнага яго падапечнага.
Клуб актыўна супрацоўнічае з Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў. Самы часты госць у школе — Сямён Уладзіміравіч Лізун, дырэктар раённай арганізацыйнай структуры гэтага таварыства (яго жонка, дарэчы, настаўнічае ў школе).
“На занятках у клубе мы разам з Аляксандрам Мікалаевічам, таксама членам нашага таварыства, расказваем дзецям пра жыццё лесу, пра раслінны свет, дзікіх жывёл: колькі іх у мясцовых лясах, якія з іх пераважаюць, а якіх становіцца менш, і таму іх трэба ахоўваць. Мы з дзецьмі вывучаем жыццё і паводзіны ваўкоў, баброў, ласёў і іншых жывёл. Калі атрымліваецца, я стараюся далучыцца да дзяцей і разам з імі схадзіць у лес”, — гаворыць Уладзімір Сямёнавіч і дадае, што таварыства мае такія секцыі па ўсёй Беларусі, у кожным структурным падраздзяленні.
Лавіся, рыбка, вялікая і маленькая!
Як толькі скончыцца зіма, растане лёд на вадаёмах, у кожнага ўдзельніка клуба каля парога будзе стаяць вуда (рыбалка ў палонцы для дзяцей пад забаронай). Аляксандр Мікалаевіч шкадуе, што даводзіцца абмяжоўваць колькасць дзяцей, бо ўсіх жадаючых ён не можа ўзяць: максімум за раз можа парыбачыць з паўтара дзясяткам дзяцей, а ахвочых куды больш (займаюцца ў яго падлеткі з 5 па 11 клас).
Пра тое, што немагчыма жыць сярод рэк і вадаёмаў і не рыбачыць, Аляксандр Мікалаевіч ведае па сабе.
“Я вырас з вудай. Адразу за маімі агародамі быў вадаём, і ў дзяцінстве менавіта там разам са сваім дзедам я праводзіў кожную вольную хвіліну. Да 20 гадоў не любіў ніякай рыбы, акрамя рачной: ляшча, шчупака, сома, судака. Рыбы рознай на Ельшчыне заўсёды было шмат. Не магу я жыць без рыбалкі і цяпер. Прыемна, што столькі дзяцей падзяляюць маё захапленне”, — расказвае настаўнік.
Захапленню рыбалкай у школе ўжо гадоў дзесяць. А пачалося яно з таго дня, як Аляксандр Мікалаевіч з удзельнікамі прышкольнага лагера выходзіў парыбачыць на суседні са школай вадаём. Яны гатовы былі з вудамі да вечара там сядзець.
“Канечне, гэта зацягвае, — з разуменнем зазначае настаўнік. — Так і ўзнікла ідэя арганізаваць аб’яднанне па інтарэсах для такіх жа аматараў рыбалкі. І ўсе гэтыя гады з вясны і да позняй восені па суботах мы з імі на вадаёмах. Вучымся надзімаць гумавую лодку, ставіць палатку, прывязваць кручкі, разбіраемся, як зроблены спінінг, вуда, донка, якія іх тыпы і віды бываюць, якія ёсць блешні і дзе і на якую глыбіню лепш іх закінуць. Для кожнай рыбы трэба рыхтаваць і адпаведную прынаду. Карпавыя любяць прынаду з кукурузнай мукі з дабаўленнем сланечнікавага жмыху і алею. Карась і плотка любяць вараныя ячныя крупы, асабліва калі да іх дадаць душыстага перчыку ці іншыя араматызатары. Мы і цеста самі гатуем, прыпраўляем яго ванілінам, эксперыментуем з меню”.
Дзевяцікласнік Андрэй Чырва ўсё, чаму навучыўся ў клубе, дэманструе тату падчас выездаў і на Ельшчыну, і на Мазыршчыну. “Пакуль мой рэкорд — сом на 9,5 кілаграма. Калі правільна падабраць прынаду, то добра бяруцца і плотка, акунь, шчупак, карась, лешч, падлешчыкі. Калі ўдаецца злавіць рыбу, то запякаем яе, варым юшку. У сям’і мама і тата кухараць”, — гаворыць юнак.
“Я фатаграфую кожнага са злоўленай ім рыбай. Дзеці ладзяць спаборніцтвы — хто больш рыбы наловіць. Але адразу ўвесь улоў выпускаем на месцы ці ў штучны вадаём пры школе. Раней дзеці забіралі сваю рыбу дадому ці мы разам варылі з яе юшку, але цяпер моцна памяняліся ўмовы. Каб палавіць рыбу ў больш экалагічна спрыяльных умовах, чыстых вадаёмах, нам трэба выязджаць далей ад горада, а з гэтым ёсць цяжкасці: магу ехаць толькі з парай-тройкай дзяцей. А злоўленая ў межах горада рыба і згатаваная з яе страва могуць быць небяспечнымі для здароўя. Цяпер мы лішні раз перастрахоўваемся”, — расказвае пра нюансы рыбалоўства кіраўнік клуба.
Любяць дзеці не толькі лавіць рыбу. Не так даўно сумесна з Беларускім таварыствам паляўнічых і рыбаловаў яны выпусцілі 600 карасікаў, 800 шчупачкоў і 1000 з лішкам карпаў у Лінаўскае возера. Супрацоўнікі рыбгаса сачкамі накідвалі ў спецыяльныя ванначкі малькоў, а дзеці самі іх выпускалі. Непадалёк школы ёсць возера, замацаванае за таварыствам, і кожную вясну школьнікі разам з яго супрацоўнікамі праводзяць акцыю па ўборцы возера “Чысты вадаём”. У клубе ёсць і традыцыя — дзесяцікласнікам прадстаўнікі таварыства ўручаюць пасведчанні “Юны паляўнічы і рыбалоў”. Калі яны потым захочуць самі парыбачыць у вадаёмах, якія належаць таварыству, то кошт для іх будзе зніжаны ўдвая.
“У нас паўз Ельск працякаюць 4 рачулкі, дзе хапае рыбы (яны ўпадаюць у Прыпяць за 22 кіламетры ад Ельска). Ёсць у нас і вадаём Асалода, за 3 кіламетры ад Ельска — Лінаўскае вадасховішча (працягласцю кіламетры два), шмат рыбы водзіцца ў азёрах у Бабруйках — ад карпа да амура. Вось там, нават не згаворваючыся, і сустракаюцца з вудамі нашы выпускнікі”, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч.
Аляксандр Дубадзел, тата шасцікласніка Вячаслава, гаворыць: “У нашай сям’і рыбалоўства — агульнае захапленне. Дома ёсць лодка, выратавальныя камізэлькі на ўсіх членаў сям’і. Слава з маленства і спінінгуе, і вудзіць. А калі дарос да 5 класа, адразу запісаўся ў клуб. Дзіця прыходзіць з заняткаў, з рыбалкі настолькі шчаслівае, што не магу нарадавацца, гледзячы на яго. Я працую па графіку і не на кожных выхадных магу схадзіць з сынам на рыбалку, затое летам мы ўсёй сям’ёй — з жонкай, сынам і 7-гадовай дачкой — абавязкова на некалькі дзён выязджаем на Прыпяць. Гэта для нас лепшы адпачынак”.
На гэты год Вячаслаў падрыхтаваўся сур’ёзна: купіў спецыяльныя акуляры-“палароіды” для рыбалкі, раскладное крэсла, а на Новы год ад Дзеда Мароза атрымаў тое, што прасіў, — фірменны сачок для рыбы.
Карысць ад захаплення рыбалкай не баіцца пераацаніць і Зоя Уладзіміраўна Дражына, дырэктар сярэдняй школы № 1 Ельска: “Заняткі ў такім клубе — гэта фарміраванне нашага калектыву, занятасць дзяцей, беражлівыя адносіны да прыроды, пашырэнне кругагляду, уменне прыйсці на выручку тым, у каго не атрымліваецца прывязаць кручок, закінуць вуду. Акрамя таго, у клубе дзеці не толькі сакрэты рыбалоўства спазнаюць, але і вучацца падбіраць зручнае адзенне для рыбалкі і паходаў у зімовы лес, гатаваць перакус, вучацца правілам паводзін каля вады, вогнішча. Гэта тыя навыкі, якія ім абавязкова спатрэбяцца ў жыцці”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва школы.