Выхаванне — працэс працяглы і патрабуе ад выхавальніка настойлівасці, паслядоўнасці і вялікага цярпення. Для кожнага дзіцячага калектыву неабходна выбіраць найбольш прыдатныя формы арганізацыі адукацыйнага працэсу. Менавіта таму ў арсенале педагога павінна быць вялікая колькасць прыёмаў. У малодшым школьным узросце значная перавага аддаецца гульні.
Гульнявая дзейнасць дапамагае дзіцяці ў нязмушанай атмасферы засвоіць нават самы складаны матэрыял. А калі даць магчымасць вучням праявіць фантазію, творчую ініцыятыву, ды яшчэ і ўбачыць прадукт сваёй працы — вынік гарантаваны. Мы пераўтварылі ў дыдактычную гульню знаёмства з тэмай “Беларускі народны арнамент”.
Азбука беларускага арнаменту вельмі вялікая. Часта, разглядаючы беларускія тканыя палотны, мы ўспрымаем карцінку цалкам і не бачым асобных элементаў. А нашы продкі ўкладвалі ў свае вырабы пэўны сэнс, лічылі абярэгам ад злых духаў, пасланнем здароўя і дабрабыту. Нацыянальны арнамент адрозніваў народ Беларусі ад іншых народаў, адлюстроўваў яго асаблівасці і ўласцівыя яму якасці. Сёння мы недастаткова ўвагі ўдзяляем гэтай тэме. Каб вырашаць гэтую праблему, прапаную выкарыстоўваць дыдактычныя гульні, якія ў большасці выпадкаў зроблены сваімі рукамі і з падручных матэрыялаў.
Так, у выніку творчай дзейнасці педагога і дзяцей з’явілася дыдактычная гульня “Збяры сімвалы”. На першы погляд гульня вельмі простая: яна заключаецца ў тым, што гульцам неабходна па чарзе запаўняць поле фішкамі, і, хто хутчэй выставіць тры фішкі ў рад, той перамог. Але самастойна робячы фішкі, дзеці і хутчэй запамінаюць абазначэнні сімвалаў беларускага арнаменту, і даюць другое жыццё рэчам. Другаснае выкарыстанне матэрыялаў фарміруе ў дзяцей экалагічную культуру — разуменне каштоўнасці прыроды, неабходнасці гуманных адносін да яе, імкненне захаваць навакольнае асяроддзе.
Выхоўваючы ў дзецях любоў да роднага краю, імкнуся развіваць такія важныя і патрэбныя якасці, як міласэрнасць, спагадлівасць, неабыякавасць да чужой бяды. Выбраны мной кірунак ужо зараз дае плён. Прасякнутыя цікавасцю да беларускіх сімвалаў-абярэгаў, дзеці прапанавалі падтрымліваць тых, каму вельмі неабходна дапамога. Так нарадзілася ідэя дарыць гульню “Збяры сімвалы” анкахворым дзецям. На фішках намаляваны сімвалы “жыццё” і “агонь”, якія з’яўляюцца пасланнем здароўя і сіл дзецям, якія змагаюцца за жыццё. Сістэматычная і мэтанакіраваная работа па патрыятычным выхаванні спрыяе духоўнаму станаўленню асобы, фарміраванню грамадзяніна і патрыёта, які ведае і любіць сваю Бацькаўшчыну, які ўмее берагчы і шанаваць тое, што мае, які неабыякавы і міласэрны.
Юлія НІКІЦЕНКА,
выхавальніца групы прадоўжанага дня сярэдняй школы № 1 Буда-Кашалёва.