Арт-тэрапія ў літаральным перакладзе з англійскай мовы азначае “лячэнне мастацтвам”. Людміла Федаровіч, педагог Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, ужо некалькі гадоў дасканала выкарыстоўвае ўвесь патэнцыял арт-тэрапіі, каб выяўляць і развіваць творчыя здольнасці ў дзяцей, дапамагаць лягчэй адаптавацца да школы першакласнікам і дарыць пасляўрочны рэлакс старэйшым дзецям.
Малююць усе!
“Дзеці да мяне прыходзяць рознага ўзросту, ажно да 16 гадоў, але асабліва папулярныя мае заняткі ў першакласнікаў. Школа для большасці з іх — стрэс, і я стараюся на сваіх занятках яго зняць. Таму і заняткі будую так, каб не ставіць дзіця ў вузкія рамкі. Гэта мае задумы — задачы на ўрок, дзіця ж пра іх нічога не ведае і павінна мець магчымасць выбраць тое, чым сёння будзе займацца”, — тлумачыць педагог.
Па яе словах, толькі з трэцяга года можна ладзіць групавыя заняткі, а першыя 2 гады працаваць толькі індывідуальна (дарэчы, яшчэ і бясплатна). “Большую частку дзяцей школа з яе мітуснёй і шумам стамляе, і ім хочацца спакою, адасобленасці. Гэта тычыцца як актыўных, тэмпераментных дзяцей, так і пасіўных, з павышанай трывожнасцю. Калі дзіця прыходзіць, садзіцца, падбірае колер падсветкі, пачынае расказваць, тварыць — усе праблемы і страхі засыпаюцца пяском. Калі побач іншыя, дзеці так не раскрываюцца, бо саромеюцца”, — расказвае Людміла Антонаўна.
Старэйшыя дзеці таксама з задавальненнем бавяць час з пяском. Гэта для іх нітачка ў дзяцінства, куды на пэўны час можна вярнуцца. “Яны не баяцца маляваць пяском. Калі няма адметнага мастацкага таленту, любую памылку можна лёгка выправіць, сыпануўшы зверху жменьку пяску. Важна не падганяць дзяцей пад нейкі стандарт — тут можна ўсё. Увогуле, я не стаўлю мэту выхаваць мастакоў. Мая задача — развіваць у дзяцей уяўленне. Няхай гэта будзе недакладны малюнак, але яго слоўная інтэрпрэтацыя для мяне важнейшая”, — расказвае педагог.
На пясочнае маляванне няма адбору дзяцей, бо, па меркаванні Людмілы Антонаўны, неабавязкова быць мастаком ці паспяховым у аб’яднаннях мастацкага профілю, каб тварыць на пясочным планшэце.
“Маляваць пяском намнога прасцей, чым пэндзлем і алоўкам. Хвалістую лінію правёў — ужо мора, правёў пальцам лінію — ужо карабель, паўкруг, зразумела, сонца. Трэба хутка намаляваць куст — прыклаў далоньку, згроб жменяй пясок — атрымаліся сапраўдныя гурбы. Сыпануў жменю пяску — гатова неба, некалькі адбіткаў пальцаў — і заззялі зоркі. Мая задача — паказаць, як проста намаляваць усё, што заўгодна. Галоўнае — зняць страх маляваць”, — адзначае Людміла Антонаўна.
Вобразы, створаныя з пяску, мімалётныя і непаўторныя, таму гурткоўцы найбольш удалыя работы фатаграфуюць і ствараюць фотагалерэю. У будучыні яны збіраюцца паспрабаваць ствараць мультфільмы, ужываючы тэхналогію малявання пяском.
Фантазія без шаблонаў
Спачатку педагог стараецца паказваць дзецям самыя простыя прыёмы: правёў па пяску яловай галінкай — елка ёсць, зрабіў паўкругі пальцам — ужо гатовы шарыкі. Гэта старэйшых дзяцей яна вучыць на гэтай жа ялінцы перадаваць цень, аб’ём, блікі на цацках, а малодшыя павінны ўсвядоміць, што тут можна маляваць усім: і далонькай, і пальцамі, і кулачком. Тым, хто баіцца памыліцца ці саромеецца, Людміла Антонаўна прапаноўвае дадатковыя інструменты: грабеньчыкі, кардонныя загатоўкі для малявання з краямі рознай формы і інш. Так увага дзіцяці адцягваецца на гэтыя прадметы і яно разнявольваецца. І галоўнае — калі памыліўся, усё лёгка выправіць.
“Увесь працэс у мяне пабудаваны на развіцці ўяўлення, фантазіі, бо ў дзяцей уяўленне часта шаблоннае: дастаткова паказаць яму штосьці, і яно міжволі паўтарае ўбачанае. Я ж толькі паказваю, якім чынам можна маляваць, — сюжэт дзіця прыдумвае само. Я паказваю, як рабіць адбітак далонню, — дзіця са сваіх адбіткаў зробіць цэлую карціну. Малюю лінію, насыпаю пясок. Пытаю: “Што ты бачыш?” І прапаноўваю дамаляваць. Кожны бачыць сваё і, зразумела, малюнкі атрымліваюцца кардынальна рознымі. Часам даю дзецям заданне прыдумаць сваю казку, а ўжо на занятках мы разам яе малюем. Дзеці прыходзяць на заняткі з замалёўкамі, з гатовым сюжэтам, але калі чытаюць казку, у іх узнікаюць новыя вобразы. Яны вучацца, як мяняць адзін прадмет на іншы, як “пераключаць” карцінкі. Калі дзіця не можа прыдумаць сваю казку, прапаноўваю ўспомніць, які верш вучылі ў школе, і разам ствараем да яго пясочную інтэрпрэтацыю. Восень? Можна пачаць з лісточка, з ветру, тут з’яўляецца дарожка з лістотай, і дзіцячыя крокі, і партфелі, і вожык з яблыкам на спіне і г.д. Часам і канца гэтай гісторыі не відаць”, — тлумачыць педагог.
Маляванне пяском носіць творчы характар. Дзеці прыдумляюць цэлую гісторыю. Пясочная тэрапія дапамагае развіваць у дзяцей памяць, увагу, прасторавае ўяўленне і фантазію, пераадольваць страх памылак, здымае стрэс, напружанне, павышае самаацэнку. Пясок дазваляе дзецям адчуць, што яны ў стане стварыць шмат розных рэчаў: партрэты, пейзажы, нацюрморты, жывёльны свет, абстракцыі і інш.
Па меркаванні Людмілы Антонаўны, у Беларусі пясочнае маляванне недаацэньваюць. І нават калі ўстановы дадатковай адукацыі вырашаюць купіць светлавыя сталы для заняткаў, то эканомяць на галоўным — на самім пяску.
“Для малявання на светлавых планшэтах падыходзіць толькі кварцавы пясок. Ён дробны-дробны, мяккі і прыемны навобмацак, не выклікае раздражнення на скуры. Калі я ездзіла па ўстановах дадатковай адукацыі, у якіх па маёй ініцыятыве былі закуплены светлавыя планшэты, то была непрыемна здзіўлена, убачыўшы на сталах звычайны жоўты пясок і падрапанае ім аргшкло планшэтаў. Засмучае і тое, што конкурсаў малюнкаў на пяску ў нас няма. Таму ў канцы верасня я буду праводзіць семінар у рэгіёне па пясочным маляванні і хачу прапанаваць вывесці яго для пачатку хаця б на абласны конкурс. Думаю, гэта паспрыяе развіццю кірунку ў цэлым”, — дзеліцца марамі педагог.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота з архіва Л.А.Федаровіч.