Аквасвет сваімі рукамі

Апошнім часам акварыумістыкай стала цікавіцца даволі шмат дзяцей, бо імклівы рытм іх жыцця патрабуе хоць хвілінкі рэлаксу. Да таго ж сучасныя акварыумы прыгожыя, сёння можна знайсці любую, нават самую экзатычную рыбку і рэдкія водныя расліны. Але для навучэнцаў Віцебскага абласнога палаца дзяцей і моладзі нагодай для новага хобі становіцца пагружэнне ў падводны свет у кабінеце акварыумістыкі. 

Усім вядомы супакаяльны эфект ад назірання за плаўнымі рухамі рыбак, за ізумруднай зелянінай. У Віцебскім палацы гэтая асалода памнажаецца на восем — менавіта столькі тут акварыумаў аб’ёмам ад 250 да 500 літраў кожны. Кожны з іх стаў домам для рыбак з розных куткоў свету. Тут і вясёлыя гупі, і каляровыя малінэзіі, і жвавыя пецыліі і інш. Тут жа дэманструюць сваю важнасць некалькі відаў вусатых самоў, цешыць вока плямісты, як далмацінец, кларыус ангольскі. Цыхліды быццам надзелі паласатыя касцюмы, пераліваюцца перламутрам франты хронусы…

“У асноўным у нас прадстаўнікі сямейства цыхлід: яны не патрабавальныя да ўмоў утрымання, іх лягчэй даглядаць, і яны найбольш распаўсюджаныя сярод акварыумістаў. Але ёсць і экзатычныя рыбкі, — гаворыць кіраўнік кабінета і аб’яднання па інтарэсах “Акварыумістыка” Андрэй Іванавіч Ляснеўскі. — Дзяцей асабліва цікавяць нашы пірання і залатая рыбка. Мы развейваем міфы пра крыважэрнасць піранняў — далёка не на ўсіх рыб яна накінецца, ды і палову іх рацыёну складае раслінная ежа. А вось развейваць міф пра тое, што залатая рыбка выконвае жаданні, мы не спяшаемся. Павінна ж быць месца цуду, а выпрабаваць удачу кожны рады!”

Для педагога галоўнае — жаданне дзіцяці атрымаць такі акварыум, даглядаць яго. Тут важная і фінансавая падтрымка бацькоў: набыць толькі сам акварыум даволі дорага, не таннейшае і яго абсталяванне.

Псіхолагі раяць штодзень хаця б 15 хвілін назіраць за плаваннем рыбак, слухаць журчанне вады ў фільтры, каб зняць эмацыянальную напружанасць, назапашаную за дзень.

“Я кажу дзецям, што некаторых рыбак (напрыклад, гупі, пецылій ці тую ж залатую рыбку) можна завесці нават у 3-літровым слоіку, без спецыяльнага абсталявання ў ім. Яны змогуць там не толькі жыць, але і размнажацца. Пазней ужо можна і сапраўдны акварыум завесці”, — расказвае педагог пра магчымасць абысціся без значных фінансавых затрат.

Калі ўжо выпрабаванне слоікам прайшло і дзіця толькі больш загарэлася акварыумістыкай, пачынаецца самае цікавае — абсталяванне сапраўднага акварыума сваімі рукамі.

“Тут важна даць дзіцяці зразумець, што акварыум — гэта ўжо не слоік з вадой, а складаная біялагічная сістэма, дзе важна дасягнуць раўнавагі. А зрабіць гэта няпроста. Нават у вопытных акварыумістаў бываюць праблемы: хварэе ці гіне рыба, не прыжываюцца расліны. Пачынаем заняткі з вывучэння акварыума, яго абсталявання, вучымся яго запускаць. Сучасныя фільтры ідэальна ачышчаюць ваду, што ацэняць і рыбы, і расліны. З’явіліся тэрмарэгулятары, якія аўтаматычна выключаюцца і ўключаюцца, у продажы з’явілася электроннае рэле часу, якое можна запраграмаваць. Асабліва гэта важна для раслін — з наступленнем восені і зімы светлавы дзень скарачаецца і расліны пакутуюць. А яшчэ падахвочваюць да эксперыментаў ідэі афармлення з інтэрнэту — сёння можна такія акварыумы зрабіць, што сам сабе пазайздросціш! Потым пачынаецца знаёмства з воднымі жыхарамі. Гэта самая цікавая частка заняткаў, бо разнастайнасць рыбак моцна змянілася. Раней ва ўсіх зоамагазінах былі аднолькавыя рыбкі, а цяпер можна купіць любую, нават самую экзатычную рыбу. Гэта ж можна сказаць і пра расліны. Вучымся іх правільна саджаць, падбіраем для іх святло”, — тлумачыць Андрэй Іванавіч.

Пра тое, што педагог умее знайсці падыход да кожнага, гаворыць тое, што з кожным днём колькасць юных акварыумістаў павялічваецца. У многіх з іх ужо ёсць і свае акварыумы з чародкамі каляровых рыбак. І ўсе яны рады, што напрыканцы вучэбнага дня, калі яны прыходзяць дадому і здымаюць з плячэй рукзакі, маюць магчымасць прыгарнуцца да шкла і паназіраць за ціхім падводным светам.

Святлана НІКІФАРАВА.