Тэрыторыя творчасці

Другі тыдзень верасня штогод ставіць перад прыемным выбарам тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак Беларусі. А каб прадаставіць ім гэты выбар, прапанаваць іх увазе шырокую палітру заняткаў па інтарэсах, актыўна працуюць тысячы педагогаў. Як задаволіць попыт нават самых пераборлівых навучэнцаў? Гэтае пытанне абмяркоўвалі на працягу тыдня і педагогі дадатковай адукацыі.

Навучэнцы Гродзенскага ДАПТДіМ.

Старт Рэспубліканскаму тыдню ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі быў дадзены ў Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Пачатку навучальнага года тут была прысвечана конкурсна-гульнявая праграма “#у_свеце_творчасці” і анлайн-квест-гульня “Творчы арт-старт”. На працягу тыдня працавалі некалькі метадычных выстаў і майстэрняў для педагогаў, ладзіліся вэбінары па арганізацыі вольнага часу навучэнцаў у шосты школьны дзень, мітап па правядзенні анлайн-экскурсій. 

У Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку на працягу тыдня праводзіліся разнастайныя экскурсіі, прафарыентацыйныя канферэнцыя і вэбінар, майстар-класы па стварэнні стэрэафотаздымкаў і “Рэтуш і маскі фатаграфіі”, па кіраванні матацыклам, аўтамадэлямі, беспілотнымі лятальнымі апаратамі і інш.

Насычана прайшоў тыдзень і ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і краязнаўства. Для ўсіх жадаючых тут прайшлі экскурсійна-адукацыйныя праграмы “Падарожжа ў экасвет” і “Гісторыя развіцця турызму ў Беларусі”, 

Тое, наколькі цікавым можа быць вывучэнне прыроды, паказалі лабараторны практыкум “Займальныя эксперыменты” і краязнаўчыя віктарыны. Практычныя веды па кіраванні аб’яднаннямі па інтарэсах, арганізацыі метадычнай і навукова-даследчай дзейнасці маладыя спецыялісты і вопытныя педагогі ўстаноў дадатковай адукацыі краіны атрымалі падчас рэспубліканскіх анлайн-семінараў. Падчас пасяджэння Каардынацыйнага савета па рэалізацыі адукацыйнага праекта “Зялёныя школы” статус “зялёная школа” былі прысвоены ўстановам адукацыі Беларусі.

Але галоўнымі героямі гэтага тыдня сталі самі дзеці. Менавіта для іх літаральна ў кожнай установе дадатковай адукацыі краіны праходзілі дні адкрытых дзвярэй. Увазе хлопчыкаў і дзяўчынак быў прадстаўлены ўвесь калейдаскоп творчасці, які раскруцілі для іх педагогі са сваімі навучэнцамі, каб кожны змог выбраць сабе занятак па душы.

А ўчора ўсе галоўныя падзеі тыдня перамясціліся ў маладзёжную сталіцу — Гродна. Гасцей вітаў Гродзенскі дзяржаўны абласны палац творчасці дзяцей і моладзі. Менавіта тут педагогаў краіны сабрала дыялогавая пляцоўка, дзе яны змаглі абмеркаваць асноўныя падыходы ў арганізацыі работы ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў новым навучальным годзе. Вельмі насычана і ярка прайшла прэзентацыя работы інтэрактыўных пляцовак па кірунках дзейнасці, якія прадставілі педагогі дадатковай адукацыі Гродзенскай вобласці. Так, тут расказалі пра ініцыятывы Маладзёжнага парламента пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў: “Стагоддзе”, “Мова краіны маёй”, SСЕINСЕSQUIZ, “ТІМ: тэрыторыя ініцыятыўнай моладзі”. Ініцыятыва Маладзёжнага парламента Навагрудскага раёна “Адраджэнне” накіравана на захаванне фальклорнай і гастранамічнай спадчыны раёна. Члены Лідскага раённага маладзёжнага парламента пахваліліся сваімі “сардэчнымі кнігамі”. Гэта рукапісныя ці надрукаваныя казачныя гісторыі на рускай, беларускай і англійскай мовах, якія юныя парламентарыі пішуць самі і афармляюць у выглядзе сувенірных кніг, ілюструючы іх уласнымі малюнкамі і аплікацыямі, а потым дораць лепшым першакласнікам устаноў адукацыі раёна. Шмат увагі тут удзяляюць асаблівым дзецям. Ім прысвечана і валанцёрская ініцыятыва Мастоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі для людзей з асаблівасцямі развіцця “Ліга добрых сэрцаў”. Ідэю далучыць да тэатральнай творчасці асаблівых маладых людзей ажыццявілі і навучэнцы Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа, якія прадставілі рэканструкцыю батлеечнай школы Міра пачатку ХХ стагоддзя. Сацыяльна значны аўтарскі праект “Казкі ад Алеся” навучэнцаў Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі таксама створаны для асаблівых дзяцей. Казачнымі героямі сталі фетравыя цацкі, якія ладзяць развіццёвыя гульні з хлопчыкамі і дзяўчынкамі. 

Сваімі знаходкамі і дасягненнямі падзяліліся педагогі і навучэнцы ўстаноў дадатковай адукацыі турысцка-краязнаўчага профілю. У прыватнасці, яны прадставілі ўвазе гасцей экскурсійна-пазнавальны праект “С миру по нитке”, турысцка-экскурсійны інтэрнэт-праект “Праз падарожжа да ведаў”, увазе гледачоў быў прадстаўлены фрагмент фестывалю музеяў устаноў адукацыі рэгіёна “Залатыя россыпы мінуўшчыны”. Пра сучасныя формы арганізацыі вольнага часу юных эколагаў калегам расказала Таццяна Іванаўна Гінч, дырэктар Гродзенскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі. Так, на сустрэчы быў прадстаўлены праект “Маладзёжная валанцёрская сетка: экалогія на пальцах” Мастоўскага РЦТДіМ. Інавацыйны падыход у фарміраванні прафесійных кампетэнцый навучэнцаў прадэманстраваў Лідскі РЦЭТіК. У прыватнасці, тут дзейнічае дзіцячы ветэрынарны адукацыйны цэнтр, навучэнцы якога прымяраюць на сябе новую прафесію на базе ветэрынарнага цэнтра “Кот Бегемот” пад кіраўніцтвам галоўнага ветэрынарнага ўрача педагога дадатковай адукацыі П.П.Жульпы. Сярэдняя школа № 12 Гродна падзялілася сваім бачаннем шляху да ўстойлівага развіцця, а прадстаўнікі Смаргонскага РЦТ ДіМ далі парады ахвочым заняцца экалагічным прадпрымальніцтвам. 

Тое, наколькі проста дзеці і падлеткі спраўляюцца з самымі тэхналагічнымі задачкамі, прадэманстравала секцыя “Юнацтва, навука, тэхніка: этапы прафесійнага станаўлення”. Тут жа былі прадстаўлены і самі распрацоўкі: мадэль рухавіка Стырлінга (дзеючая мадэль па энергазберажэнні — пераўтварэнні цеплавой энергіі ў электрычную), вучэбна-лабараторны стэнд “Тэльферы” (прызначаны для вывучэння і выканання лабараторных і практычных работ па прадметах і дысцыплінах “Электратэхнічныя матэрыялы”, “Інжынерная графіка” і г.д.) і інш.

Галоўнай тэмай, якую абмяркоўвалі сёння ўдзельнікі мерапрыемстваў у Гродне, было стварэнне адзінай адукацыйнай прасторы на аснове пераемнасці і інтэграцыі ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі, а таксама пасяджэнне Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Завяршыўся рэспубліканскі тыдзень святочным мерапрыемствам “Нас аб’ядноўвае ўсіх спорт, творчасць, поспех!”, а каб хапіла месца для дэманстрацыі ўсіх талентаў і творчых магчымасцей устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, на галоўнай плошчы горада — Савецкай — разгарнуўся “Горад юных майстроў”.

Святлана НІКІФАРАВА.