Фітнес па-скандынаўску

Жыхары аграгарадка Верцялішкі, што ў Гродзенскім раёне, — выдатны прыклад натхнёных спортам аматараў здаровага ладу жыцця. Яны праводзяць вольны час на спартыўным корце, у конна-спартыўным клубе, а летам — на пляцоўцы для пляжнага валейбола. А апошнім часам тут набыла папулярнасць скандынаўская хадзьба. Галоўным яе ініцыятарам стаў Міхаіл Харытанюк, кіраўнік клуба аматараў скандынаўскай хадзьбы Nordic-start “Прагрэс-Верцялішкі”.

У многіх са скандынаўскай хадзьбой асацыіруецца хіба толькі пара жанчын-пенсіянерак з палкамі, якіх можна ўбачыць у парку. У Верцялішках жа першым пачаў хадзіць з палкамі Міхаіл Харытанюк. Потым ужо да яго далучыліся жанчыны. І хутка яны знайшлі паслядоўнікаў рознага полу і ўзросту.

“Яшчэ ў 2017 годзе мой сябар Анджэй Дзядзевіч (цяпер старшыня Федэрацыі скандынаўскай хадзьбы) паказаў, што гэта за штука такая — скандынаўская хадзьба. І з таго часу я яе прыхільнік”, — гаворыць Міхаіл Максімавіч.

“Скандынаўская хадзьба — самы бяспечны і неабходны ў час пандэміі занятак. Не трэба збірацца з камандай у спартзале. Свежае паветра, прырода, добры настрой — і наперад!”

З кожным днём з лёгкай падачы М.М.Харытанюка гэты від спорту набываў усё большую папулярнасць у раёне. Сталі падцягвацца нават мужчыны, якія спачатку скептычна адносіліся да гэтага віду спорту. Ды і дзеці, падлеткі прыйшлі да Міхаіла Максімавіча паспраба­ваць сябе ў гэтай справе. Усе яны ўвайшлі ў склад клуба Nordic-start “Прагрэс-Верцялішкі”, які быў створаны ў 2018 годзе. Ужо тады ў клубе было 45 чалавек ва ўзросце ад 10 гадоў, а самай старэйшай удзельніцы было 82 гады. Яны прымалі ўдзел у абласных спаборніцтвах, чэмпіянатах Беларусі, выязджалі за мяжу і на міжнародныя чэмпіянаты. Тады ж, у 2018 годзе, на чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь яны занялі 1-е агульнакаманднае месца сярод 28 каманд краіны. Абсалютным чэмпіёнам Беларусі па скандынаўскай хадзьбе стаў і іх трэнер Міхаіл Харытанюк. Яго навучэнцы-школьнікі ўжо ў першы год заняткаў таксама сталі чэмпіёнамі Беларусі ў сваіх узроставых катэгорыях. З надыходам пандэміі іх спаборніцкае жыццё прыціхла, буйныя спаборніцтвы пакуль не праводзяцца, але ж трэніроўкі верцялішкаўскія спартсмены працягваюць.

14-гадовы Яраслаў Шлюхціц, чэмпіён Беларусі па скандынаўскай хадзьбе, гаворыць: “Я займаюся скандынаўскай хадзьбой трэці год, і ўжо стала патрэбай узяць палкі і хаця б 2 разы на тыдзень прайсціся кіламетраў 5—10 па нашым аграгарадку. Пасля трэніровак першы час было цяжка нагамі паварушыць. Цяпер я прывык і стараюся павялічваць нагрузку. Асабліва цяжка пасля хадзьбы ўгору. Акрамя таго, для мяне гэта ­адзін са спосабаў барацьбы са стэрэатыпамі. Я займаюся яшчэ і народнымі танцамі, ужо шмат чуў, што гэта справа выключна для дзяўчат, таму пераканаць лю­дзей, што скандынаўская хадзьба — для ўсіх, было нават прасцей”.

Па словах трэнера, перавагі скандынаўскай хадзьбы перад іншымі відамі спорту лепш адчуць на сабе. Бо пакуль ты не возьмеш палкі і не пройдзеш з імі пару кіламетраў, то не паверыш, што гэта неймаверная фізічная нагрузка. “Пры звычайнай хадзьбе, бегу і нават яздзе на веласіпедзе задзейнічаны ўсяго толькі 30—40% мышцаў, а калі правільна займацца скандынаўскай хадзьбой, то будуць задзейнічаны да 95% мышцаў. Калі я запрашаў да нас на заняткі дзяўчат, якія кожную раніцу бегалі па Верцялішках, яны казалі: ­

“Ні за што! Мы ж яшчэ не старыя, каб хадзіць! Будзем бегаць”. А цяпер яны ўсе ходзяць. І нават у іх, натрэніраваных, пасля хадзьбы балелі рукі і ногі, што сведчыць пра эфектыўнасць заняткаў”, — расказвае Міхаіл Максімавіч.

Скандынаўская хадзьба стала часткай жыцця і навучэнцаў Верцялішкаўскай сярэдняй школы. Жансіяд Мусаева, настаўніца фізічнай культуры і здароўя, амаль тры гады назад сама ўзяла ў рукі палкі, каб падрыхтавацца да абласнога чэмпіянату.

“Для мяне як настаўніка фізічнай культуры і здароўя гэта знаходка. Супрацьпаказанняў практычна няма. Мы займаемся скандынаўскай хадзьбой не толькі з асноўнай, але і са спецыяльнай медыцынскай групай, нарміруючы нагрузку. Тыя, каму ўрокаў мала, займаюцца ў маім аб’яднанні па інтарэсах “Скандынаўская хадзьба”. Гэта навучэнцы 4—9 класаў”, — гаворыць Жансіяд Гасанаўна.

Святлана НІКІФАРАВА.