Плогінг — гэта міжнародная ініцыятыва, сутнасць якой заключаецца ў зборы смецця падчас прабежкі. Стартаваў рух у Швецыі ў 2016 годзе, да яго далучыліся больш за 40 краін, у тым ліку і Беларусь. Сярод актывістаў і навучэнцы Мокраўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці.
Плогінг для многіх новае слова, але ў вёсцы Мокрае яно вядома амаль кожнаму жыхару. Тут такія забегі ўжо сталі добрай традыцыяй, да іх далучаюцца і дзеці, і дарослыя.
Усё пачалося з таго, што намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце “зялёнай школы” Таццяна Асіпчук са сваімі навучэнцамі і іх бацькамі ў маі далучылася да буйнога плогінг-забегу ў Брэсце. Яго ініцыятарамі стала каманда Plogging Belarus — сумесны праект эколагаў і спартсменаў.
“Тады арганізатары нам растлумачылі не толькі правілы правядзення плогінг-забегаў, навучылі рабіць дыхальную гімнастыку перад прабежкай, але і расказалі ўсё пра абыходжанне з адходамі: пра асаблівасці збору смецця, пра яго сартаванне, пра тое, як выбіраць прадукты ў магазіне, якая бывае ўпакоўка. Нават праведзены пікнік стаў для нас наглядным прыкладам таго, як арганізаваць сваё жыццё амаль без адходаў: замест пластыкавых бутэлек і кубкаў — вада і сокі ў шкляных бутэлечках, якія потым пойдуць на перапрацоўку, замест пластыкавых талерак — драўляныя падносы, замест пакетаў — вязаныя авоські ці папяровыя пакеты і інш. Нам, педагогам, варта звяртаць на гэта ўвагу і прапаноўваць сваім навучэнцам фарміраваць у сабе гэтыя эказвычкі”, — расказвае Таццяна Асіпчук.
Той запал і прадуманая арганізацыя забегу натхнілі Таццяну Віктараўну праводзіць такія забегі ў сваёй установе ў шосты школьны дзень, у межах вёскі. Спачатку жадаючых было 10—12 чалавек, але на наступныя забегі ўжо выходзіла па 30—40 удзельнікаў. Летам педагог вырашыла працягнуць гэтую ідэю і адкрыла экалагічную змену ў загарадным летніку. Там яе навучэнцы знаёмілі сваіх равеснікаў з іншых школ раёна з плогінгам, каб тыя, вярнуўшыся дадому, перанялі эстафету “чыстых” забегаў.
“Раней мы таксама выходзілі на акцыі па прыбіранні сваёй вёскі, але гэта не тое. Падчас суботніка стаіць задача прыбраць тэрыторыю. Плогеры ж клапоцяцца і пра сваё здароўе, і пра “здароўе” прыроды. Тут важныя не столькі хуткасць, колькі бег па маршруце і якасць прыбірання. Калі ёсць азарт, то не хочацца прапусціць ніводнай абгорткі. І дарослыя перадаюць гэты азарт дзецям. Мы ўзважваем мяшкі са смеццем, абавязкова яго сартуем, і ўсё, што можна, адпраўляем на перапрацоўку.
Акрамя таго, мы вучым дарослых прыбіраць за сабой. Летам мы часта бывалі на возеры, праз якое праходзілі нашы маршруты. І там заўсёды было шмат смецця. Калі мы бачылі рыбакоў, дзеці прасілі іх не кідаць смецце. Яны тлумачылі ім шкоду ад пластыку ў возеры, а таксама раздавалі ім брашуркі пра клопат аб чысціні возера, каб там і надалей вадзілася рыба. Спадзяюся, хаця б некаторыя з рыбакоў пачулі дзяцей, а наступны раз яны ўжо самі данясуць сваё смецце да сметніцы”, — гаворыць педагог.
Мабыць, самы небяспечны момант для кожнага плогера — ўсведамленне таго, што смецця менш не становіцца. Не так проста знаходзіць кожны раз матывацыю, каб пасля чарговых выхадных абуваць красоўкі, браць пакет і зноў накіроўвацца ў парк. Аляксандр Беўз, ініцыятар плогінг-руху ў Беларусі, не адчайваецца: “На жаль, старэйшае пакаленне наўрад ці перавыхаваецца — мы гэта бачым па лакацыях у гарадах, дзе колькасць смецця не змяншаецца. Але для мяне самая вялікая матывацыя — тое, што з кожным днём паяўляецца ўсё больш і больш маладых прыхільнікаў плогінгу. Таму я дакладна магу сказаць, што новае пакаленне ўжо зусім па-іншаму, больш ашчадна будзе адносіцца да прыроды”.
Аляксандр Беўз, заснавальнік руху Plogging Belarus: “Першы забег мы арганізавалі 1 мая 2019 года ў Мінску. За гэты час было праведзена ўжо каля 20 забегаў у розных гарадах, сабрана больш за 5 тон смецця, з іх палова адпраўлена на перапрацоўку. Цяпер наша каманда арганізоўвае агульныя і карпаратыўныя забегі, спартыўнае арыентаванне, SUP-плогінг на вадзе, плогінг-туры па ўсёй Беларусі і іншыя актыўнасці, якія спалучаюцца са зборам смецця, як у Мінску, так і ў рэгіёнах. Да нас, дарослых, актыўна далучаюцца і дзеці. Асабліва папулярны гэты рух у старшакласнікаў і студэнтаў. А самыя натхнёныя — навучэнцы “зялёных школ”. Яны спачатку далучаюцца да нас, а потым пераймаюць гэтую эстафету і самі праводзяць у сябе плогінг-забегі”.
Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлена школай.