Трэнажор для мозгу

Хуткасць, з якой шчоўкаюць гранямі кубікі Рубіка ў руках чалавека, — лепшы тэст на логіку, спрытнасць рук і матэматычны склад розуму. Пакуль афіцыйна спідкубінг не называюць відам спорту, але тое, што гэта відовішчнае мастацтва, бясспрэчна. Чым падкупляе кубізм і мільгаценне каляровых граняў? Разбіраемся разам з самімі куберамі.

Мастацтва ў кубе

Хаця напачатку спідкубінг амаль заўсёды спорт: калі ­ўзяць кубік Рубіка ў рукі ўпершыню і зразумець, што гэтая галаваломка табе не паддаецца, звычайна асвойваеш такую дысцыпліну, як кіданне кубіка. Ад злосці і прыкрасці. А калі змірацца з няўдачай не ў вашых правілах, вы будзеце кожны раз вяртацца да галаваломкі.

Сабраць кубік Рубіка без ведання спецыяльнага алгарытму цяжка — дадумацца да логікі зборкі можна, праўда, на гэта спатрэбіцца значна больш часу. А сапраўдныя эмоцыі разгараюцца якраз з іншай нагоды — шмат гадоў фанаты кубіка Рубіка спаборнічаюць у хуткасці зборкі, устанаўліваючы новыя і новыя рэкорды. Некалі недасягальнымі былі 9 секунд пры зборцы класічнага кубіка 3×3, потым — 7, бягучы сусветны рэкорд сёння складае 3,47 секунды (пакуль кітайца Ду Ушэнга не абагнаў нават спецыяльна распрацаваны камп’ютарны робат). Фіксуецца час на турнірах з дапамогай спецыяльных дыванкоў з датчыкамі і таймерам.

Аматары гульні знайшлі і так званы алгарытм бога, які дазваляе збіраць кубік Рубіка за мінімальную колькасць хадоў. Праграмісты і навукоўцы з розных краін вылічылі, што кожная канфігурацыя можа быць рэшана не больш чым за 20 хадоў. Але і гэтую лічбу куберы абнаўля­юць. Так, некалькі гадоў назад студэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзіслаў Ушакоў сабраў кубік 3×3 за 19 хадоў.

Майстар-клас ад Уладзіслава Камінскага па зборцы адной рукой.

Марыць пабіць гэтыя рэкорды і 12-гадовы Арцём Сянкевіч з Брэста, які ўжо трэці год не выпускае з рук кубік Рубіка, выпрабоўваючы сябе.

“Пачалося ўсё з таго, што мама купіла мне кубік 3×3, — расказвае хлопчык. — Я паспрабаваў — адразу нічога не атрымалася. Пайшоў на заняткі па ментальнай арыфметыцы і спідкубінгу — і праз пару тыдняў я яго сабраў. Але на гэтым спыняцца ўжо не хацелася. Сёння ў мяне 48 розных кубікаў. Пакуль у мяне цяжкасці выклікаюць толькі 7×7 і “гігамінкс”, але я ўпэўнены, што і іх асвою. У іх цяжкія формулы, а іх трэба ведаць на выдатна”.

Саніе Гурняк, мама 8-гадовага Цімафея з Мінска, падтрымлівае свайго сына, разам з ім ездзіць на чэмпіянаты: “Галаваломкі сталі значнай часткай жыцця для Цімафея і, чаму я асабліва рада, адцягнулі яго ўвагу ад гаджэтаў. Апошнія года паўтара яны патрэбны яму толькі каб разабраць новыя зборкі. Сыну падабаецца быць у цэнтры ўвагі — у яго рукзаку заўсёды ёсць пара-тройка кубікаў, і, дзе б ён ні быў: на перапынку ў школе, у чарзе, у транспарце, ён заўсёды круціць кубік. Народ здзіўляецца, бо ён яшчэ маленькі, але ў яго ўжо добра атрымліваецца. Мабыць, таму яму і прысудзілі “Прыз сімпатый гледачоў” на нядаўнім міжнародным анлайн-чэмпіянаце “Крэатыўны спідкубер”.

• Кубік Рубіка развівае дробную маторыку. Гэта дабратворна ўплывае на суставы рук, а таксама спрыяе станаўленню дыкцыі — за маўленне і маторыку адказвае адзін і той жа ўчастак галаўнога мозга.

• Кубік Рубіка трэніруе памяць. Пры зборцы неабходна пралічваць паслядоўнасць дзеянняў і запамінаць алгарытмы. Пачаткоўцы трымаюць у галаве каля васьмі камбінацый, прафесіяналы — да 200. Вершы і школьныя формулы пасля кубіка Рубіка — дробязі.

• Кубік Рубіка развівае логіку і рэакцыю. Падчас зборкі, асабліва на хуткасць, трэба літаральна за секунды вызначыцца са стратэгіяй і прыняць рашэнне.

• Кубік Рубіка павышае канцэнтрацыю ўвагі. Як любая лагічная задача, ён патрабуе ўседлівасці і засяроджанасці. Важныя якасці ў эпоху кліпавага мыслення.

• Зборка кубіка Рубіка знімае стрэс. Калі круціш нешта ў руках, міжволі супакойваешся. А зборка галаваломкі прыносіць задавальненне і павышае самаацэнку. З’яўляецца ўпэўненасць, што не бывае невырашальных задач.

Дарэчы, куберы абвярга­юць міф пра тое, быццам уменне запамінаць формулы зборкі гарантуе поспех на ўроках матэматыкі. Зусім не абавязкова. Хутчэй уменне рашаць любую, нават самую складаную галаваломку, знімае страх перад складанымі задачамі па той жа геаметрыі, а прасторавае мысленне дапамагае іх хутчэй рашаць. Але, зрэшты, добрая памяць неабходна і матэматыку, і філолагу.

Уладзіслаў Камінскі, студэнт БДУ, за больш як 8 гадоў практыкі збірае любы кубік за лічаныя секунды. На яго рахунку — шэраг перамог на міжнародных чэмпіянатах па спідкубінгу, у Кубку Беларусі, ён устанавіў некалькі нацыянальных рэкордаў у розных дысцыплінах.

З ліку галаваломак у сваёй калекцыі ён ужо збіўся, прычым сам ён купіў толькі пару штук. Дзясяткі астатніх — гэта прызы за перамогі на шматлікіх чэмпіянатах. Улічваючы, што кошт якаснай галаваломкі пачынаецца ад 60 і даходзіць да амаль 200 рублёў, гэта значная эканомія. Цяпер зборка кожнай з іх не выклікае ў юнака ніякіх цяжкасцей. Ён з лёгкасцю збірае іх і адной рукой, і з заплюшчанымі вачыма, і нават нагамі!

Хлопец прызнаецца, што рады такой папулярнасці спідкубінга і асабліва таму, што гэтае захапленне маладзее: “На маіх першых чэмпіянатах я, 12-гадовы, быў самы малодшы — астатнія ўдзельнікі былі значна старэйшыя. Сёння ж дзеці пачынаюць значна раней, таму і ў малодшых школьнікаў ужо добрыя вынікі”.

Зрэшты, гэтаму актыўна спрыяе і сам Уладзіслаў. Увесь першы курс ён афіцыйна працаваў педагогам у “Школе ментальнай арыфметыкі і спідкубінга “Эйнштэйнія” пры Федэрацыі спідкубінга. Там ён вучыў збіраць галаваломкі школьнікаў Мінска. Увогуле, гэта той кірунак, дзе мала афіцыйных аб’яднанняў па інтарэсах ва ўстановах адукацыі. У асноўным дзейнічае прынцып “роўны навучае роўнага” ці “вопытны вучыць навічка”. Сёння асабліва шмат такіх суполак у Мінску, Магілёве, Вілейцы, Барысаве.

Справа ў часе

Міжнародныя чэмпіянаты па хуткаснай зборцы кубікаў прахо­дзяць ужо амаль 10 гадоў, а ў нашай краіне першы кубак BELARUS Nationals адбыўся ўпершыню ў 2019 годзе. Акрамя таго, у нас прайшлі яшчэ і 4 міжнародныя чэмпіянаты.

Кубіку Рубіка праз 3 гады споўніцца паўстагоддзя. Гэтую галаваломку запатэнтаваў Эрнё Рубік — скульптар і выкладчык архітэктуры, прафесар, які і цяпер жыве на радзіме, у Венгрыі. Цікава тое, што ў пачатку 80-х гадоў частку грошай ад рэалізацыі свайго вынаходства навуковец аддаў роднай дзяржаве на арганізацыю і дзейнасць спецыяльнага фонду па ўкараненні вынаходстваў. Сума на той момант складала каля 7 млн венгерскіх форынтаў. А ў створанай ім жа Венгерскай тэхнічнай акадэміі ён заснаваў Міжнародны фонд Рубіка для падтрымкі таленавітай моладзі.

Згодна з правіламі, перад спаборніцтвамі ўсе кубы перамешваюцца па алгарытме, згенераваным камп’ютарам з дапамогай спецыяльнай праграмы. Пры гэтым ва ўсіх удзельнікаў пачатковыя пазіцыі перамяшанага кубіка (скрамблы) павінны быць аднолькавымі. Пераможца вызначаецца не па выніку адзінкавай зборкі, а па сярэднім часе з 5 спроб, пры гэтым найлепшая і найгоршая спробы не ўлічваюцца, а вылічваецца сярэдняе з трох. Аднак у іншых дысцыплінах могуць выкарыстоўвацца і іншыя варыянты: сярэдняе з 3 (напрыклад, для куба 7×7), лепшае з 3 (зборка ўсляпую). Спаборніча­юць спідкуберы і ў зборцы кубіка Рубіка ўсляпую, а таксама адной рукой, пальцамі ног.

Акрамя традыцыйнага 6-каляровага выканання кубіка 3×3, існуюць і кубікі з гранямі ад 2 да 19 дэталей. Сустракаюцца і “гібрыды” — міксы некалькіх кубікаў, варыянты з тэтраэдрамі, закругленымі вугламі ці ўвогуле мудрагелістай формы. Куб 4×4 часта называюць майстар-кубам або рэваншам (ці помстай) Рубіка. Існуюць кубікі Рубіка для людзей з парушэннямі зроку, зборка якіх грунтуецца не на візуальным, а на тактыльным адчуванні паверхняў кубіка з розным рэльефам.

Ілья Цярэшка, старшыня Федэрацыі спідкубінга Беларусі: “Немагчыма сказаць дакладна, колькі ў нашай краіне спідкубераў, але па нашых суб’ектыўных падліках іх ад 3 да 5 тысяч. Іх сярэдні ўзрост 12–13 гадоў. Гэта на афіцыйныя спаборніцтвы збіраюцца па 200 чалавек, большая ж частка збіраецца пакруціць галаваломкі ў сваіх сяброўскіх суполках у школах, у кафэ”.

Для тых, хто не можа навучыцца збіраць кубік Рубіка, прыдумалі варыянт, дзе на ўсіх баках усе наклейкі аднаго колеру. Гэты жартоўны пазл называ­юць Dodo cube або Boob cube. Адной з апошніх мады­фікацый кубіка Рубіка з’яўляецца люстраны кубік Рубіка 3×3 з аднакаляровымі гранямі, але ў ім замест квадратаў — прамавугольнікі розных памераў. Папулярныя ў кубераў і “куб Фішэра”, “мегамінкс” і “гігамінкс”, “пірамідка Меферта”, “кубік-даміно”, “млын”, “прывід”, “наўтылус”, “скваер”, “пандора” і бясконцая коль­касць іншых. Такая разнастайнасць галаваломак найлепш матывуе кубераў не спыняцца на дасягнутым і кожны дзень ставіць перад сабой новыя і новыя мэты і абавязкова іх дасягаць.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара і з архіва Федэрацыі спідкубінга.