Там, дзе цябе разумеюць

Пакуль адны бачаць у камп’ютарных гульнях пагрозу, другія выкарыстоўваюць іх, каб развіваць у дзецях лагічнае мысленне, мультызадачнасць, хуткасць рэакцыі і інш. Такім шляхам ідзе Максім Скарадзёнак, які ўжо чацвёрты год кіруе гуртком па кіберспорце ў Ваўкавыскім раённым цэнтры тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.

Сусветны ўзровень

“Калі я толькі прыйшоў у цэнтр, хацеў зрабіць гурток, які зацікавіў бы сучасных дзяцей. Кіберспорт зараз папулярны, таму спыніўся на ім. Тэма для мяне блізкая, бо падчас студэнцтва я сам шмат гуляў, быў у камандзе, з якой мы ўдзельнічалі ў аматарскіх спаборніцтвах. Выступалі па Dota 2 і Counter-Strike: Global Offensive — гэта дзве асноўныя сусветныя дысцыпліны”, — расказвае Максім Аляксандравіч. 

17 кастрычніка якраз заканчваецца дзясяты The International — самы буйны кіберспартыўны турнір па Dota 2. Штогод ён б’е свой жа рэкорд прызавога фонду. Кожны з 5 пераможцаў (столькі чалавек у камандзе) прывязе з турніру нават больш, чым сёлетні алімпійскі чэмпіён з Токіа. Максім Аляксандравіч спецыяльна правёў невялікае даследаванне і праверыў лічбы.

“Я сачу за спаборніцтвамі, таму што дзеці імі таксама цікавяцца, трэба быць у тэме. Мы абмяркоўваем выступленні, я расказваю пра каманды, пра тое, калі пройдзе чарговая трансляцыя, і г.д. У нас нават ёсць асобныя заняткі “У свеце кіберспорту”, дзе мы знаёмімся з турнірамі, месцамі іх правядзення, маштабамі, прызавымі фондамі і г.д. Магчыма, хтосьці з маіх выхаванцаў ва ўніверсітэце збярэ каманду і выйдзе на сусветны ўзровень. Гэта рэальна. У топе зараз трымаецца Расія, украінская каманда NAVI перамагла на першым The International”.

Dota 2 — гульня, у якой змагаюцца дзве каманды па 5 чалавек. Спачатку гулец выбірае героя, улічваючы тое, на якой пазіцыі ён будзе гуляць. У кожнага героя свае моцныя і слабыя бакі. Для перамогі каманда павінна знішчыць крэпасць ворага і абараніць сваю. На працягу матча герой можа атрымліваць ачкі вопыту, зарабляць золата, купляць і збіраць прадметы, якія ўзмацняюць яго ці даюць дадатковыя здольнасці.

Зараз у Максіма Аляксандравіча 4 групы дзяцей па 15 чалавек. Гэта вучні з 6 па 11 клас. Групы разбіты на падгрупы, кожная займаецца раз на тыдзень па 1,5 гадзіны. У якія гульні гуляюц­ь выхаванцы? Гэта шутары нак­шталт CS:GO (CS 1.6 ад 14 гадоў, Battlefield), сімулятары выжывання (Fortnite), стратэгіі (Warcraft, StarCraft), стратэгіі з дзеяннямі ў час Другой сусветнай вайны, дзе дзеці рэканструююць ваенныя аперацыі (“Бліцкрыг”, “Супрацьстаянне”), стратэгіі часоў крыжовых паходаў (Stronghold Crusader). Сярод названых няма CS:GO і Dota 2, бо камп’ютары ў цэнтры іх не пацягнуць.

У кожнай гульні — свой узроставы рэйтынг. З дапамогай спецыяльных кансольных каманд яго можна панізіць, тады з гульні выдаляцца ўсе сцэны гвалту і яна стане больш мульцяшнай.

“На занятках мы дзелімся на каманды, абмяркоўваем тактыку. Я даю заданні па пэўнай тактыцы, напрыклад, адзін абараняецца, другі атакуе, пры гэтым трэба выкарыстоўваць розныя спосабы і ўкласціся ў пэўны час. Ладзім пробныя лакальныя спаборніцтвы па стратэгіях, дзе выхаванцы гуляюць адзін на адзін без падказак. Я раблю турнірную сетку: пераможцы гуляюць з пераможцамі, прайграўшыя — з прайграўшымі”.

На восеньскіх, зімовых і вясенніх канікулах Максім Аляксандравіч праводзіць гарадскія спаборніцтвы. На іх прыхо­дзіць шмат жадаючых, у сярэднім — 16—17 каманд. Тыя, хто прайграў, адразу выбываюць, бо адна гульня доўжыцца каля гадзіны, і, калі пабудаваць паўнавартасную турнірную сетку, спаборніцтвы будуць ісці ўсе канікулы. Гуляюць у асноўным у CS 1.6. Педагог дамаўляецца з адміністрацыяй якой-небудзь школы наконт кабінета, бо ў цэнтры дзвюм камандам па 5 чалавек не хопіць камп’ютараў. Са стратэгіямі прасцей: там гуляюць адзін супраць аднаго.

У CounterStrike гуляюць дзве каманды. Матч складаецца з некалькіх раўндаў, камандам трэба або забіць усіх сапернікаў, або выканаць пэўныя заданні. Па даных сайта Steam Charts, больш за ўсё гульцоў адначасова знаходзіліся ў шутары ў красавіку 2020 года — 1,305 мільёна чалавек.

Хобі і развіццё

У гуртку дзецям больш за ўсё падабаецца атмасфера і тое, што яны знаходзяцца ў асяроддзі, дзе іх разумеюць і чуюць. З гульняў аддаюць перавагу стратэгіям, бо там трэба думаць. Шутары, хутчэй, для разнастайнасці.

“Большасць бацькоў хочуць засцерагчы дзяцей ад камп’ютарных гульняў, каб у іх не развівалася залежнасць. Палове з тых, хто да мяне запісаўся, забаранілі хадзіць у гурток. Некаторыя бацькі цікавяцца жанрамі гульняў, некаторыя пытаюцца, ці праходзяц­ь спаборніцтвы, каб дзіця не проста ха­дзіла на заняткі, а быў нейкі вынік. Цяжэй за ўсё бабулям і дзядулям змірыцца з такім захапленнем унукаў. Яны не разумеюць, як можна столькі часу праводзіць у нерэальным свеце, — кажа Максім Скара­дзёнак. — Я не стаўлю перад сабой мэту пераканаць бацькоў і думаю, што час гульні трэба абмяжоўваць. Можна дазволіць яе ў якасці ўзнагароджання, напрыклад, за добрую адзнаку ў школе”.

Акрамя таго, што гульні — гэта хобі, якое дазваляе дзіцяці расслабіцца, яны даюць яму шмат карыснага. Стратэгіі развіваюць лагічнае мысленне, уважлівасць і мультызадачнасць, бо там трэба займацца эканомікай, падтрымліваць рэйтынг і г.д. Шутары развіваюць хуткасць рэакцыі, уменні размяркоўваць ролі ў камандзе і дзейнічаць сумесна.

Максім Аляксандравіч пра будучыню гуртка думае з невялікай доляй песімізму. Па-першае, ёсць бацькі, якія забараняюць дзецям займацца, па-другое, сучасныя школьнікі прызвычаіліся да прыгожай карцінкі, а камп’ютары ў цэнтры яе не пацягнуць. Магчыма, калі больш людзей усвядоміць, якія маштабы набірае кібер­спорт, хутчэй штосьці зменіцца ў гэтым кірунку.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва М.А.Скарадзёнка.