Андрэй Новікаў — выдатны прыклад таго, як з уласнага захаплення нараджаецца прафесія. Ужо ў 15 гадоў у яго быў мапед, потым — матацыкл, пазней — яшчэ адзін. А цяпер у педагога — гурткі “Драйв-парк” і “Драйв-парк плюс”.
У парк не на пікнік
Калі Андрэй Яўгенавіч убачыў, што ў Маскве пачалі прадаваць дзіцячыя квадрацыклы і матацыклы, вырашыў набыць і сабе. Свае тры квадрацыклы і матацыкл ён здаваў у пракат, а калі бацькі пачалі цікавіцца, дзе можна навучыцца катацца, зразумеў: трэба адкрываць клуб. “Я думаў, як рэалізаваць сваю ідэю. Дырэктар мінскага ліцэя № 1 падказаў падысці ў Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Маяк”. Я прыйшоў, расказаў пра задуму і мне прапанавалі работу.
Асноўныя правілы на дарозе: трымай хуткасць, дыстанцыю і будзь уважлівы.
У 2015 годзе адкрыўся гурток, — прыгадвае педагог. — Спачатку было не вельмі зразумела, што рабіць. Мы з сынам арандавалі памяшканне каля парку Грэкавай і вырашылі катацца ў ім”.
Заняткі пачынаюцца з таго, што дзеці выкочваюць тэхніку, правяраюць колы, ланцугі, запраўляюць бензін, выстройваюцца ў шарэнгу і заводзяцца. Наперадзе першая перашкода — дарога. За ёй стаяць два рэгуліроўшчыкі: яны глядзяць, ці ёсць машыны, і падаюць знакі, калі можна ехаць, а калі — не. Першым едзе вядучы, з боку ад яго — замыкаючы і, як і рэгуліроўшчыкі, сочыць за дарогай. Чарговасць праезду вызначае Андрэй Яўгенавіч.
Ён разумее, хто гатовы ехаць спераду, каму лепш трымацца ззаду і арыентавацца на іншых.
Праз дарогу пачынаецца парк. Там дзеці зноў выстройваюцца ў шарэнгу, мяняюцца тэхнікай, калі трэба. Двое ці трое ідуць рэгуляваць рух. У парку педагог даўно пазначыў чатыры невялікія кругі, якія трэба праехаць. Яны злучаны паміж сабой, таму на шляху сустракаюцца скрыжаванні. Рух пачынае вядучы, за ім едуць астатнія, у канцы — замыкаючы. На скрыжаванні замыкаючы становіцца з боку ад вядучага і разам з рэгуліроўшчыкамі кантралюе праезд. Вадзіцель паказвае, паедзе налева або направа, а рэгуліроўшчык — ці можна туды ехаць. Гэта парк, таму перашкод сустракаецца шмат: людзі, веласіпедысты, часам нават аўтамабілісты. Калі выхаванцы праехалі чатыры кругі, адны мяняюць рэгуліроўшчыкаў, другія перасаджваюцца на новую тэхніку. Калі навык ваджэння ўдасканальваецца, дзеці на іншай пляцоўцы ездзяць паміж фішкамі. Зімой могуць кружыць паміж дрэвамі.
“У цэнтры праходзяць тэарэтычныя заняткі, дзе мы вывучаем правілы дарожнага руху па камп’ютарнай праграме, разборку, зборку машын і матацыклаў па развіццёвай праграме Car Mechanic Simulator, запамінаем, як кіраваць тэхнікай, бо на практыку трэба прыйсці падрыхтаванымі. Пытанні, якія ўзнікаюць падчас язды, разбіраем па меры паступлення. Напрыклад, спецыяльна не вывучаем будову рухавіка, але, калі з ім нешта здарыцца, будзем разбірацца”.
Тэхніка для любога
Заняткі для кожнай з трох груп праходзяць раз на тыдзень і доўжацца 1,5 гадзіны. Дзеці пастаянна мяняюцца, бо многія прыходзяць задаволіць сваю цікавасць, а для гэтага дастаткова адной ці некалькіх трэніровак. Касцяк складаюць 4—5 чалавек.
“Мы прымаем дзяцей з 5 гадоў, таму ў нас ёсць маленькі квадрацыкл: там аўтаматычная каробка перадач, на ім прасцей за ўсё вучыцца. Ёсць яшчэ два квадрацыклы падлеткавыя, яны з механічнай каробкай, і тры матацыклы. Навучанне заўсёды пачынаецца з квадрацыкла, ён як трэнажор. Дзеці могуць ехаць на невялікай хуткасці, звыкацца з газам і тормазам, — расказвае Андрэй Новікаў. — Калі з боку бачна, што ўсё добра, мы перасаджваем выхаванца ці выхаванку на іншы квадрацыкл. Ён па-іншаму заводзіцца, там трэба пераключаць перадачы, таму навучанне пачынаецца нанова. Калі дзеці хочуць і дастаюць нагамі, яны пераходзяць на матацыкл. Час ад часу мы ладзім невялікія экзамены, каб выхаванцы не забывалі, як які матацыкл і квадрацыкл працуюць”.
Усе члены мотаклуба маюць пэўны статус. “Навічок”, UNI — універсал, які ўмее ездзіць на ўсім, PRO — прафесіянал з унікальнымі здольнасцямі, напрыклад, можа нешта адрамантаваць, арганізаваць трэніроўку і г.д., SWAT — супер пераможца сярод падлеткаў. Апошні статус даецца, калі дзіця ведае ўсё, што і педагог.
Часта юных матацыклістаў і квадрацыклістаў запрашаюць на паказальныя выступленні ў розных гарадах і краінах. Удзельнічаюць яны і ў спаборніцтвах па фігурным ваджэнні MotoGymkhana.
Каб адсочваць прагрэс выхаванцаў, Андрэй Яўгенавіч перыядычна ладзіць для іх унутраныя спаборніцтвы. Часцей за ўсё зімой, каб дзеці вучыліся плаўна тармазіць. Спаборніцтвы праходзяць так: у кожнага квадрацыкла і матацыкла на рулі замацавана пласцінка з пэўнай паслядоўнасцю лічбаў. Напрыклад, “1, 2, 4, 3” абазначае, што трэба спачатку праехаць першы круг, потым другі, чацвёрты і трэці. Гэта тыя ж кругі, дзе праходзяць трэніроўкі. На кожным скрыжаванні стаіць рэгуліроўшчык і сочыць, ці правільна ўдзельнік праехаў. Калі ўсё добра, рэгуліроўшчык ставіць птушачку, калі былі памылкі, дадае час. Хто першы праехаў па сваім маршруце, глушыць матацыкл ці квадрацыкл, садзіцца на свабодны (адзін заўсёды стаіць на старце) і едзе новую паслядоўнасць. Складанасць у тым, што выхаванец перасаджваецца на тэхніку з іншым кіраваннем, а да гэтага трэба прызвычаіцца.
На жыццёвым вопыце
У гуртку ёсць свае правілы, якіх усе павінны прытрымлівацца. Іх прыдумалі выхаванцы і педагогі, але не адразу. Як толькі адбывалася нейкая цікавая жыццёвая сітуацыя, спіс павялічваўся.
0. Не перабіваць старэйшых (ці тых, хто гаворыць).
1. Фірменнае адзенне — майка; бэйдж і вадзіцельскае пасведчанне. Адзенне апранаюць толькі на выступленнях ці падчас выезду, каб астатнія бачылі, адкуль гэтыя вадзіцелі. Дзякуючы бэйджу, усе ведаюць, як цябе завуць.
2. 5 мінут спазнення = 5 мінут стаіш рэгуліроўшчыкам.
3. Калі спазняешся, патэлефануй трэнеру ці напішы ў чат каманды ў Viber. “Быў у нас выпадак, калі пасля заняткаў дзіця пайшло дадому, 10 вечара — яго няма. Мне тэлефануе яго мама і пытаецца, дзе сын, а ён пайшоў 2 гадзіны назад. Я папрасіў не лаяць яго, калі вернецца, спытаць, дзе быў. Ён у 11 ночы прыйшоў і радасна маме сказаў: “Я са снегу горад будаваў!” Вось каб ніхто больш не хваляваўся, увялі такое правіла”.
4. Уступіць у групу клуба ва “УКантакце”, падпісацца на старонку ў Instagram. Дарэчы, сацыяльнымі сеткамі займаецца былы выхаванец Андрэя Яўгенавіча. Хлопчык пракаціўся ўсяго раз, але зразумеў, што гэта не яго. Затое яму падабаецца здымаць відэа, пісаць пасты, вось педагог і прапанаваў яму гэтым заняцца.
5. Сшытак і ручка, каб нешта запісаць і пры неабходнасці потым перачытаць.
6. Балаклава, бо яе часта забывалі на заняткі. Плюс зменнае адзенне.
7. Тэлефон з зарадкай 100% і грошы. “Тэлефон патрэбен, каб можна было да і пасля заняткаў звязацца з дзецьмі. Падчас трэніроўкі яны іх ставяць на вібрарэжым і кладуць на стол. Мы нават бацькам гаворым, што ў нас такое правіла і калі вы пазбавілі дзіця тэлефона, яно не прыходзіць на заняткі”.
8. Пропуск без уважлівай прычыны = 45 мінут стаіш рэгуліроўшчыкам.
9. Размовы не па тэме забаронены.
10. Праверка запісаў. Той, хто прапусціў заняткі, павінен даведацца, што на іх праходзілі.
11. За невыканне ўказанняў старэйшага групы (ён назначае, хто адчыняе браму, выкочвае тэхніку, правярае бензін, колы і г.д.), трэнера, рэгуліроўшчыка — 10 мінут стаіш рэгуліроўшчыкам. “Старэйшы групы стаіць менавіта на першым месцы, бо здаралася, калі ім было 8-гадовае дзіця, а 15-гадовыя не хацелі яго слухаць”.
12. Мы павінны не камандаваць, а рабіць. Як мы робім, так нас і капіруюць.
13. За гульні ў тэлефоне — 10 мінут стаіш рэгуліроўшчыкам. За гульні ў GTA, Minecraft, “Сіні кіт” — выключэнне з клуба.
14. За няўважлівыя адносіны адно да аднаго — 30 мінут стаіш рэгуліроўшчыкам.
15. Тры заўвагі — выключэнне з клуба.
16. Парушэнне кожнага пункта — гэта “касяк”. Адзін “касяк” — 10 балаў, 10 балаў — 10 мінут стаіш рэгуліроўшчыкам.
Самае цудоўнае ў гэтых правілах, што яны рухомыя. Дзеці і педагог могуць нешта дадаць ці выключыць, галоўнае — каб іншыя былі згодны.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва А.Я.Новікава.