“Які ж хлопчык не любіць хуткай язды,” — хочацца перафразаваць словы класіка, калі назіраеш, як юныя картынгісты праносяцца міма па трэку. Пах паленай рызіны, вецер у твар, адчуванне скорасці і еднасці з дарогай… Той, хто хоць раз ганяў на карце, не забудзе гэтага адчування ніколі. Напэўна, таму гэты напрамак тэхнічных відаў спорту не губляе сваёй актуальнасці дзесяцігоддзямі.
Упарты і апантаны
Штогод у нашай краіне праводзіцца мноства спаборніцтваў па картынгу як сярод юнакоў, так і сярод дарослых спартсменаў. Адну з наймацнейшых каманд у гэтым відзе спорту рыхтуе педагог дадатковай адукацыі Гродзенскага дзяржаўнага абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі Валерый Анатольевіч Шурпакоў. Яго выхаванцы ніколі не вяртаюцца са спаборніцтваў без медалёў ці кубкаў, а выпускнікі працуюць топавымі механікамі ў сусветна вядомых гоначных камандах.
“Гадоў з сямі я круціў гайкі ў майстэрні дзеда, які працаваў механікам. Пасля купіў кнігу з моднай на той момант назвай “Картынг”. І ў мяне пачаўся новы жыццёвы этап: бацькі якраз пераехалі ў Гродна, і я запісаўся ў гурток пры Доме піянераў (зараз Палац творчасці). Дагэтуль памятаю, што запісваўся ажно 173-м, а пасля мяне была яшчэ даволі вялікая чарга. Праз нейкі час нас засталося ўсяго двое самых упартых і апантаных. Першы раз мне дазволілі пасядзець (нават не праехаць!) у карце толькі праз год. Я ж дазваляю сваім выхаванцам сесці ў карт ужо праз месяц заняткаў. Ацаніце педагагічны прагрэс!” — усміхаецца педагог.
Валерый Анатольевіч Шурпакоў:
Я не гадую гоншчыкаў. Імі пасля становяцца тыя, хто гэтага пажадае. Я ж выхоўваю людзей са стрыжнем унутры. Усяляк матывую іх на тое, каб знайшлі сябе ў жыцці, а таксама вучу разумным і адэкватным паводзінам на дарозе, стрэсаўстойлівасці і ўменню пралічваць сітуацыю наперад.
Дарэчы, да мінулага года Валерый Анатольевіч працаваў у Палацы творчасці ў тандэме з тым самым педагогам, да якога калісьці прыйшоў юнаком, — Аляксандрам Уладзіміравічам Сідневым.
Тэхнічны атракцыён
Заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах пачынаюцца з тлумачэння тэхнікі бяспекі. Другі этап — тлумачэнне асноў таго, як працаваць з інструментам. “Даю зразумець выхаванцам, што адразу за руль не скочыш, трэба паступова да гэтага прыйсці, атрымаць глыбокую тэарэтычную падрыхтоўку. Раблю з іх у першую чаргу механікаў і толькі пасля — спартсменаў. З хлопцаў павінны атрымацца мужчыны, якія ўмеюць нешта рабіць сваімі рукамі, — перакананы трэнер. — Рыхтуючы машыны ў майстэрнях, тлумачу, як усё ўладкавана ў картах, праходзім асновы абслугоўвання машын і падрыхтоўкі іх да руху. Гэтыя веды трэба адпрацаваць да аўтаматызму. І толькі калі я бачу, што дзіця гэта засвоіла, садзімся ў машыну і пачынаем практыкаваць кіраванне картам.
Гэты пачатковы этап “уваходжання ў спорт” трэнер параўноўвае з атракцыёнам — спачатку прыходзяць шмат дзяцей, кожны лічыць, што гатовы адразу садзіцца ў карт і ехаць, але калі хлопцы разумеюць, што не ўсё так проста і хутка, некаторым становіцца нецікава, і дзеці патроху адсейваюцца. Зноў жа, застаюцца самыя ўпартыя і ўлюбёныя ў тэхніку.
“У майстэрні мы праводзім шмат часу. Фронт работ рыхтую для хлопцаў загадзя. Напрыклад, зараз мы разбіраем стары карт, ачышчаем, збіраем яго нанова. Гэта доўгі працэс, калупацца ў дэталях будзем, магчыма, каля паўгода. Я спецыяльна зацягваю працу, каб выхаванцы гуртка маглі папрацаваць рукамі, прашчупаць кожны вузел машыны, — расказвае Валерый Анатольевіч. — Калі дзеці бачаць, што ты давяраеш ім сур’ёзную справу, што табе патрэбна іх дапамога, яны цягнуцца да педагога. А калі дзіця бачыць яшчэ і канкрэтны вынік сваіх дзеянняў — перабраны ўласнымі рукамі карт заводзіцца і на ім можна праехацца — шчасцю няма меж. Таму яшчэ адна мэта заняткаў у майстэрні — навучыць дзяцей выконваць не маментальную работу, а статычную, каб да канчатковага выніку праходзіў некаторы прамежак часу. Толькі так у будучага спартсмена паяўляюцца вера ў сябе, засяроджанасць на справе, самастойнасць”.
Аляксей Лісоўскі, выхаванец Валерыя Шурпакова, трохразовы чэмпіён Беларусі па картынгу:
Я ў картынгу ўжо каля 6 гадоў, 4 з іх езджу на спаборніцтвы. Выкід адрэналіну, вялікія хуткасці, дух саперніцтва — гэта тое, што прываблівае мяне ў гэтай спартыўнай дысцыпліне. Адчуваю, што станаўлюся больш вынослівым, трэніруецца сіла волі, адчуваю еднасць з сям’ёй, якая вельмі падтрымлівае мяне. Трэнера вельмі паважаю за тое, што вучыць усё ўмець рабіць уласнымі рукамі. Згадзіцеся, гэта патрэбная жыццёвая опцыя.
Спорт гумавых мячыкаў
Педагог працуе з дзецьмі з 7 гадоў. Узрост ад сямі да дзесяці гадоў ён лічыць самым прадукцыйным для заняткаў картынгам.
“Я не разумею слова “талент”, — разважае педагог. — Навучыць можна абсалютна любое дзіця. Толькі для кагосьці патрэбна больш часу, каб уліцца ў працэс, а для кагосьці менш. Мы не шукаем таленавітых ці адораных, а дапамагаем развіваць тыя магчымасці чалавека, якія закладзены прыродай”.
Спартыўная каманда трэнера налічвае 10 гоншчыкаў. І прыблізна столькі ж спаборніцтваў рознага ўзроўню яны наведваюць на працягу сезона. Сярод іх першынство Беларусі па картынгу, спаборніцтвы ў рамках рэспубліканскай спартакіяды навучэнцаў па тэхнічных відах спорту “ТэхнаСпорт”, Кубак Беларусі і інш. У родны горад гродзенскія картынгісты без узнагарод не вяртаюцца. Звычайна не менш за палову гоншчыкаў Валерыя Анатольевіча ўзнімаюцца на “пераможную тумбачку”, як жартам называе трэнер п’едэстал гонару.
З 1 па 3 кастрычніка ў Мінскім раёне прайшлі рэспубліканскія спаборніцтвы па картынгу “Залатая восень”. Другім у напружанай барацьбе, саступіўшы саперніку ўсяго 0,03 секунды, стаў выхаванец Валерыя Анатольевіча Руслан Крыцкі.
Пакуль юны чэмпіён адточвае майстэрства на трэку, бацька дзевяцігадовага чэмпіёна расказвае, што калісьці сам марыў стаць картынгістам, але не задалося. Яго любоў да тэхнікі і нерэалізаваныя дзіцячыя мары ўвасобіў у жыццё сын. У картынг Руслана аддалі ў 7 гадоў. Хлопец займаецца ужо трэці год.
“Мне вельмі адгукнуліся паўжартаўлівыя словы трэнера, сказаныя падчас знаёмства: “Асноўная ідэя нашай тэхнічнай секцыі — зрабіць так, каб хлопчык адрозніваўся ад дзяўчынкі не толькі візуальна”. Нам было важна, каб сын не баяўся запэцкаць рукі, навучыўся круціць гайкі, разбірацца ў будове машыны, — расказвае бацька Руслана Аляксандр Станіслававіч. — Як бацьку мяне радуе, што ў сына з’явіліся новыя сябры і знаёмыя па ўсёй краіне і паміж імі няма нейкіх высакамерных адносін. На трасе гоншчыкі сапернічаюць, а пасля спаборніцтва пастаянна маюць зносіны. Часам даходзіць да смешнага: не магу знайсці сына на трэку, таму што ён сядзіць у машыне саперніка і пра штосьці захоплена яму расказвае”.
Аляксандр Станіслававіч, бацька гоншчыка Руслана Крыцкага:
Раней сын не ўмеў прайграваць. Вельмі цяжка ўспрымаў паражэнне ў любой гульні. Спорт зрабіў яго больш трывалым у эмоцыях, на трэку ён спакойны, дарослы, дасканала валодае сабой. Яшчэ мы вучым яго атрымліваць не толькі вынік, але і асалоду ад гонак.
Аўтаспорт — адзін з самых аварыйных. Бацька Руслана прызнаецца, што яго сын — акуратны гоншчык, які хутчэй саступіць, чым будзе нахабна прыціскаць саперніка і ствараць аварыйныя сітуацыі, але за два гады назіраў на карце шмат сутыкненняў і перавернутых картаў іншых хлопцаў. “Але дзеці як гумавыя мячыкі. Карт яго накрыў, паднялі, перавярнулі — руль пагнуты, калёсы амаль адвальваюцца, — а дзіцяці хоць бы што, заскоквае ў машыну і гатовы гнаць далей”, — здзіўляецца Аляксандр Станіслававіч.
Валерый Анатольевіч прыводзіць уласную статыстыку: “За маю трэнерскую гісторыю, а працую я ў картынгу з 1987 года, толькі некалькі разоў здараліся аварыі “з вынікамі”: адзін хлопец выбіў сабе зуб аб руль, другі зламаў палец падчас паездкі. На спаборніцтвах, нават калі карты б’юцца ці пераварочваюцца, дзеці выходзяць заўсёды цэлымі”.
Тата можа ўсё, што заўгодна
Картынг — дастаткова дарагі від спорту, калі выходзіць за рамкі заняткаў у секцыі. Машыны для спаборніцтваў закупляюць бацькі, прафесійную амуніцыю гоншчыка, паездкі на спаборніцтвы таксама аплачваюць яны. Таму калі дзіця вырашае займацца гэтым відам спорту, на яго поспех “працуе” ўся сям’я.
“Калі мамы, таты, бабулі і дзядулі падтрымліваюць — гэта максімальна станоўча ўздзейнічае на дзіця. Яно адчувае сваю адказнасць, разумее, што, калі з ім столькі працуюць, укладваюць столькі сіл і матэрыяльных сродкаў, схібіць няма ніводнага шансу. Дарэчы, як толькі з’яўляецца гэтая адказнасць, аўтаматычна падцягваюцца і іншыя жыццёвыя сферы, у першую чаргу адзнакі ў школе”, — гаворыць трэнер.
Бацькі суправаджаюць сваіх дзяцей на ўсіх спаборніцтвах. Таму амаль усе таты “працуюць” механікамі ў сваіх юных гоншчыкаў. Памяняць колы, выправіць руль, зняць матор, нават перабраць яго пад кіраўніцтвам трэнера — тата, як у вядомай дзіцячай песні, можа ўсё, што заўгодна.
“У гэтым відзе спорту асабліва радуе тое, што праводжу шмат часу з сынам, сумяшчаючы прыемнае з карысным. Я падстройваю рабочы графік пад выязныя трэніроўкі і спаборніцтвы сына. Дарэчы, на спаборніцтвах падтрымліваем Руслана ўсёй сям’ёй, час ад часу бяром нават галоўную балельшчыцу — яго трохгадовую сястру. Таму для нас гэта не толькі выпрабаванні, але яшчэ і прыгоды, якія разбаўляюць жыццёвую руціну, — расказвае бацька Руслана. — Беражліва збіраем фота і відэа з усіх паездак. Няважна, якую прафесію ў будучыні выбера сын. У дарослым узросце яму будзе прыемна праглядаць гэтыя сямейна-спартыўныя архівы”.
Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота з архіва герояў.