Абласны этап конкурсу “Ратавальнік будучыні” знайшоў сваіх пераможцаў. У ім прынялі ўдзел навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй, дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Міншчыны ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. Мэтай праекта стала папулярызацыя прафесіі ратавальніка-пажарнага ў падрастаючага пакалення. А сродак для яе дасягнення — IT-тэхналогіі — быў выбраны невыпадкова. Ён прыйшоўся даспадобы ўсім хлопчыкам і дзяўчынкам, якіх цікавіць праграмаванне і робатабудаванне.
Конкурсныя мерапрыемствы праходзілі ў дыстанцыйным рэжыме: удзельнікі прадставілі відэаролікі з абаронай праектаў і спасылкі на работы, апублікаваныя ў інтэрнэце. Згодна з вынікамі ад кампетэнтнага журы, куды ўвайшлі прадстаўнікі Мінскага абласнога інстытута развіцця адукацыі, Цэнтра бяспекі жыццядзейнасці і ўзаемадзеяння з грамадскасцю абласнога ўпраўлення МНС, пераможцамі і прызёрамі абласнога этапу конкурсу сталі 30 навучэнцаў, якія атрымалі дыпломы і падарункі.
У намінацыі “Лепшы праграмны праект” (8—11 гадоў) пераможцам стаў Дзмітрый Каракін з Азярэчанскай сярэдняй школы Клецкага раёна.
У намінацыі “Лепшы праграмны праект” (12—15 гадоў) перамогу святкавалі Кацярына Міськевіч і Іван Кузняцоў, навучэнцы сярэдняй школы № 3 Нясвіжа.
У намінацыі “Ратавальнік будучыні” (8—11 гадоў) выйгралі Ганна Парамонава і Дзмітрый Стэльмах з гімназіі № 1 Дзяржынска, а ва ўзроставай катэгорыі 12—15 гадоў — Арцём Бладыка, Іван Бароўка і Максім Кубацкі, навучэнцы гімназіі-інтэрната Мядзела.
Самыя юныя ўдзельнікі былі адзначаны спецыяльнай намінацыяй. Імі сталі Цімафей Крэмез з Азерскай сярэдняй школы Уздзенскага раёна і навучэнцы Астрошыцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лагойскага раёна Марыя Халопіца і Макар Палоннікаў.
Лепшыя ў трох узроставых катэгорыях прадставяць Мінскую вобласць на рэспубліканскім конкурсе “Ратавальнік будучыні”.
Матэрыялы Дзмітрыя АРХІПЕНКІ.